Вы тут

Рэктары: Урыўкі з новай кнігі (працяг)


За ўніверсітэт рэктар Шаршуноў узяўся грунтоўна. Вызначыў галоўныя кірункі навуковых даследаванняў, па-свойму структураваў вучэбны працэс, удумліва расставіў кіраўніцкія кадры, наладзіў дзелавыя стасункі з прадпрыемствамі-заказчыкамі, рамонтнымі работамі стварыў утульнае асяроддзе знутры вучэбных карпусоў і зрабіў іх яркімі і прывабнымі звонку. Гэтыя здольнасці рэктара рашаць маштабныя задачы не засталіся без увагі. Мясцовае кіраўніцтва вырашыла яго «падгрузіць» і задачамі добраўпарадкавання гарадской гаспадаркі, у прыватнасці ўзяць у інфраструктуру гібеючы і непрыбытковы рэстаран «Ясень». Маўляў, навука, пакажыце, ці здольныя вы на практыцы вырашаць праблемы арганізацыі грамадскага харчавання. Вячаслаў Аляксеевіч катэгарычна ад гэтай прапановы адмовіўся, матывуючы тым, што ўніверсітэт — навучальная ўстанова, а не трэст сталовых і рэстаранаў. Я яго безагаворачна падтрымаў, хаця гарадскому кіраўніцтву наша з ім пазіцыя па гэтым пытанні не спадабалася.


Але мы з ім таксама выходзілі з эканамічнымі праектамі на кіраўніцтва вобласці. Ва ўніверсітэце харчавання склалася аўтарытэтная навуковая школа члена-карэспандэнта НАН, доктара тэхнічных навук, прафесара Зоі Васільеўны Васіленкі па распрацоўцы харчовых вытворчасцяў. Аднойчы мы з Вячаславам Аляксеевічам зайшлі да яе ў лабараторыю, і яна прапанавала нам паспытаць маркоўны і гарбузны сокі, прыгатаваныя па яе арыгінальных тэхналогіях. Мы ў адзін голас сказалі:

— Вельмі смачна! І мы ведаем, наколькі яны карысныя!

Зоя Васільеўна працягвае свой даклад:

— Мы паказвалі гэтыя напіткі на прадуктовай выстаўцы ў Арабскіх Эміратах. Да нашага стэнда падышлі два шэйхі, прадэгуставалі і адзін, і другі сок. Запыталіся, колькі яго ў нас. Мы сказалі — 20 літраў. Яны ўсміхнуліся і патлумачылі, што гатовыя адразу закупіць 20... чыгуначных цыстэрнаў! І гэта толькі для пачатку.

Я ўвогуле гэтай ідэяй маштабнай вытворчасці гароднінных сокаў адразу загарэўся. Думаў пры гэтым, як дапамагчы маім землякам максімальна загрузіць вытворчыя магутнасці Быхаўскага гародніннасушыльнага завода. Рэктар Шаршуноў падтрымліваў усе разумныя ініцыятывы вучоных свайго ўніверсітэта, таму з ідэяй укаранення тэхналогій вытворчасці сокаў у прамысловых аб’ёмах мы з ім пайшлі да губернатара Магілёўскай вобласці. Барыс Васільевіч Батура задумаўся — гэта ж трэба адводзіць пад вырошчванне гародніны велізарныя плошчы добрых земляў, закупляць спецыяльныя гатункі морквы і гарбузоў, мець спецыяльную тэхніку для апрацоўкі пасеянага і збору ўраджаю, абсталяваць заводы сучаснымі лініямі па перапрацоўцы гародніны, шукаць рынкі продажу... Не ведаю, прадаём мы цяпер цыстэрнамі маркоўны сок у Арабскія Эміраты ці не, але ў крамах Беларусі яго дастаткова. Вырабляюць падобныя сокі на Маларыцкім кансервавагародніннасушыльным камбінаце, і яны вельмі смачныя.

Кожны раз у мой прыезд да Вячаслава Аляксеевіча мы з ім сустракаліся са студэнцкім актывам універсітэта. Я бачыў, з якой павагай студэнты ставяцца да свайго рэктара. Стасункі з маладымі людзьмі ў нас атрымліваліся адкрытыя, даверлівыя і для абодвух бакоў надзвычай карысныя.

Палітычную загартоўку рэктар Шаршуноў атрымаў яшчэ як дэпутат Вярхоўнага Савета 13-га склікання. Я не адзін раз назіраў, як на сустрэчы з рэктарамі да яго падыходзіў Прэзідэнт і яны ўдвух нешта абмяркоўвалі. Як рэктара БСГА, дэпутата Вярхоўнага Савета і Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, рэктара ўніверсітэта харчавання Вячаслава Аляксеевіча ведалі і паважалі многія людзі, па ўсёй краіне, не толькі на Магілёўшчыне. Таму ў 2007 годзе яго выбралі старшынёю «Белай Русі» Магілёўскай вобласці. І мы з ім пачалі бачыцца яшчэ часцей. Ён сфарміраваў дзейсную каманду грамадскіх актывістаў, і іх праца на палітычным полі краіны была заўважная і рэзультатыўная, сам Вячаслаў Аляксеевіч на выбарах у 2015 годзе быў даверанай асобай Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі.

З рэктарам Шаршуновым мы маглі і не сысціся ў меркаваннях. Вячаслаў Аляксеевіч — прамы і сумленны чалавек. Калі бачыў, што, з яго пункту гледжання, прымаюцца сумніўныя, а то і няправільныя рашэнні — гаварыў пра гэта адкрыта і не звяртаў увагі на асобы. Але часцей за ўсё ён быў правым. Таму я заўсёды цярпліва яго слухаў, стараўся не спрачацца, а абдумаць яго пярэчанні і думкі. Да гэтага часу перажываю, што не заўсёды ішоў насустрач прапановам Шаршунова, бо сярод рэктараў ён фігура ўнікальная — паспяхова кіраваў дзвюма ВНУ, адна з якіх у нашай краіне старэйшая, а другая — складанейшая.

Прафесар Шаршуноў быў рэктарам універсітэта харчавання да 2017 года. Цяпер універсітэт узначальвае ўжо яго выпускнік, кандыдат тэхнічных навук, дацэнт Максім Аляксандравіч Кіркор. Вячаслаў Аляксеевіч выкладае — у яго і дагэтуль ёсць чаму павучыцца.

Беларуска-Расійскі ўніверсітэт (раней Магілёўскі машынабудаўнічы інстытут, ММІ, ці проста «машынка») — ВНУ ў нашай краіне адносна маладая. Яна была заснавана ў 1961 годзе і развівалася літаральна на нашых вачах. Вучэбны корпус «машынкі» і студэнцкія інтэрнаты размяшчаліся непадалёку ад педінстытута, там вучыліся нашы землякі, аднакласнікі, сябры, мы хадзілі адзін да аднаго ў госці, дапамагалі ім займацца фізікай і матэматыкай, а яны нам — чарчэннем, сапернічалі паміж сабою на спартыўных спаборніцтвах, таму са студэнцкіх гадоў ведалі па прозвішчах і па звычках многіх выкладчыкаў ММІ. Ведалі, і хто ў іх рэктар. Нягледзячы на гэта, так атрымалася, што ўсіх рэктараў да прафесара Сазонава з тых часін і па сёння я ведаў толькі па прозвішчы, асабіста з імі ніколі не сустракаўся. Але павага да іх мне непасрэдна перадалася ад сяброў і калег.

Першым рэктарам ММІ быў Аляксандр Аляксеевіч Барысаў. Ён і заклаў аснову інстытута — абсталяваў вучэбны корпус, наладзіў там вучэбны працэс, пабудаваў два інтэрнаты. Выпускнік Маскоўскага вышэйшага тэхнічнага вучылішча імя Баўмана, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, ён з 1947 да 1961 года працаваў дырэктарам Магілёўскага машынабудаўнічага тэхнікума, і яго вопыт быў якраз дарэчы для станаўлення тэхнічнай ВНУ. Не ведаю, як выкладчыкі і супрацоўнікі, студэнты, а вучыліся ў «машынцы» ў асноўным хлопцы, свайго рэктара абагаўлялі. Ён сам чытаў ім начартальную геаметрыю, чарчэнне і, калі трэба крэйдай на дошцы зрабіць штрыхоўку, гэты працэс ён аб’яўляў з паўзай:

— А цяпер мы гэта сячэнне заштры...

І пасля паўзы працягваў:

— Не, не! Крэйдай, крэйдай!

Прыйшоў час, калі рэктарамі сталі прызначаць кандыдатаў і дактароў навук. Пасля Барысава ММІ ўзначальвалі кандыдат тэхнічных навук, прафесар Сяргей Міхайлавіч Бялоў, кандыдат тэхнічных навук, дацэнт Віталь Іванавіч Халзакоў, доктар тэхнічных навук, прафесар Віктар Іванавіч Ходыраў. У 1998 годзе пасаду рэктара ММІ прапаноўвалі і мне, тады першаму прарэктару Магілёўскага ўніверсітэта імя А. А. Куляшова. Я адмовіўся, матывуючы гэта перш за ўсё тым, што не інжынер. Прапанаваў на гэтую пасаду выпускніка ММІ, свайго студэнцкага сябра, дэкана будаўнічага факультэта, кандыдата тэхнічных навук, дацэнта Ігара Сяргеевіча Сазонава. Але пры гэтым сказаў яму, што рэктар павінен быць доктарам навук.

З Ігарам Сазонавым мы былі ў адной студэнцкай, пасля аспіранцкай, а затым і выкладчыцкай кампаніі. Ён ажаніўся з маёй аднакурсніцай Алай Усцінавай, а мы пасля разам з ёю працавалі на кафедры алгебры і геаметрыі, з часам яна ўзначаліла эканамічны факультэт у нашым універсітэце. Ігар — вучоны-інжынер, і мне было вельмі цікава назіраць за гэтай катэгорыяй даследчыкаў.

Акадэмік П. Л. Капіца неяк сказаў, што навука павінна быць вясёлай, захапляльнай і простай. І такім самым — вучоны. Болей за ўсё такіх вучоных я бачыў сярод тэхнароў. Яны нейкія прыземленыя — не пасуюць перад цяжкасцямі, паломкамі, нягодамі надвор’я, добра трымаюць удар начальства і заўсёды нешта вынаходзяць. Ігар Сазонаў, на мой погляд, —тыповы іх прадстаўнік, і нам з ім заўсёды цікава і лёгка.

Маладой выкладчыцкай кампаніяй мы па выхадных хадзілі ў паходы, з начлегамі. Палаткі заўсёды ставіў і складваў Ігар.

Аднойчы жонкі адправілі нас з дзецьмі ў піянерскі лагер пад Новарасійскам. Начальнік лагера ўладкаваў нас на працу: мяне — фізруком, а Ігара... бібліятэкарам. Ну, хто летам на моры ходзіць у бібліятэку?! Таму Сазонаў дапамагаў мне. Што мы толькі з ім для дзяцей не прыдумвалі: дзень бегуна, дзень скакуна, дзень плыўца, дзень барацьбіта, паходы ў горы, спаборніцтвы па ўсіх відах спорту паміж атрадамі, забаўляльныя спартыўныя гульні. Але няўрымслівы Ігар знайшоў у лагерным інвентарным хламе ружжо для падводнага палявання, і па вечарах мы з ім з пірса білі рыбу. А пасля на беразе гатавалі рыбную юшку. Пах, які браў у палон, разыходзіўся па ўсім чарнаморскім узбярэжжы, выстаяць перад ім было немагчыма, і на яго сыходзіліся людзі з усіх найбліжэйшых ваколіц. На гэтым беразе мы з Ігарам былі самымі папулярнымі.

У сярэдзіне васьмідзясятых нас захапілі лецішчы. Пабудавалі сабе домік і Сазонавы. Але калі ўсе дачнікі кінуліся ў агароды, то Ігар, у адрозненне ад іх, завёў пчол. Вуллі размясціў на гарышчы, вытрымаў усе прэтэнзіі суседзяў, што іх гэтыя насякомыя будуць джаліць, але і гэты эксперымент у яго атрымаўся.

Прыйшоў час, калі і мы, выкладчыкі ВНУ, змаглі набываць асабістыя аўтамабілі. Усе куплялі патрыманыя іншамаркі. Сазонаў купіў старую «Волгу», «дваццацьчацвёрку». Сам давёў яе да розуму і пачаў раз’язджаць на ёй па Магілёве. Якія толькі грошы яму за яе не прапаноўвалі — не паддаўся, ездзіць на гэтай машыне і дагэтуль.

Даследаваў і вынаходзіў прычапныя прылады для шырокіх сеялак. Патрэба ў такіх агрэгатах была на стэпавых прасторах, не ў Беларусі. Таму Ігар лятаў на выпрабавальныя палігоны ў Сярэднюю Азію. Мы бачылі і ў чарцяжах, і на свае вочы ўсе яго крукі і ўтулкі, ён дапякаў нас пытаннямі па іх матэматычных мадэлях, але ўзамен прывозіў неверагодна казачныя дыні.

Пераклаў з рускай мовы Кастусь ЛАДУЦЬКА

Працяг будзе 6 студзеня

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.