Вы тут

Пайшоў з жыцця легендарны футбаліст Пеле


Апошнія месяцы 2022 года ў сусветным спорце былі прысвечаныя футболу. У лістападзе-снежні ўсе сачылі за чэмпіянатам свету, радаваліся перамозе Аргенціны, падводзілі вынікі сапраўды незабыўнага мундыялю. А праз некалькі тыдняў эмоцыі змяніліся на супрацьлеглыя: спартыўная супольнасць развітваецца з выдатным футбалістам Пеле, які памёр 29 снежня на 83-м годзе жыцця. Прычынай смерці стаў рак тоўстай кішкі, ад якога футбаліст пакутваў з 2021 года. У лістападзе 2022 года ў разгар чэмпіянату свету Пеле шпіталізавалі. Абвастрыліся нырачная і сардэчная недастатковасць, стан моцна пагоршыўся на фоне перанесенага ковіда. Перастала дзейнічаць і хіміятэрапія. Дактары на працягу снежня аказвалі Пеле толькі паліятыўную дапамогу, каб справіцца з сімптомамі, але не маглі змагацца з самім ракам. Гэты матч Пеле праіграў... Яго называюць каралём футбола. І гэта не прыгожая метафара, дасягненні бразільскага гульца сапраўды неверагодныя. 


Поўнае імя футбаліста — Эдсан Арантыс ду Насіменту. Хлопчыка назвалі ў гонар вядомага вучонага Томаса Эдысана. Ён нарадзіўся 23 кастрычніка 1940 года. Бацька, былы футбаліст, стаў першым настаўнікам сына і перадаў яму некаторыя сакрэты спартыўнага майстэрства. У сем гадоў Пеле пачаў выступаць за мясцовую дзіцячую каманду, дзе ўжо вылучаўся сваёй гульнёй. Каманду трэніраваў былы гулец зборнай Бразіліі Вальдэмар дэ Брыто. Менавіта ён адкрыў для хлопчыка шлях у вялікі футбол. Настаўнік арганізаваў 15-гадоваму Пеле прагляд у клубе «Сантас», які ў будучым стаў сусветна вядомым. 

Шлях да спартыўных вяршынь не быў лёгкім. Будучы кароль футбола вырас у беднасці ў Баўра ў штаце Сан-Паўлу. Ён зарабляў дадатковыя грошы, працуючы афіцыянтам у кавярнях. Ён не мог дазволіць сабе нармальны трэніровачны працэс і звычайна гуляў са шкарпэткай, набітай газетай і перавязанай ніткай.

7 ліпеня 1957 года зборная Бразіліі гуляла супраць Аргенціны на знакамітым бразільскім стадыёне «Маракана». У другім тайме Пеле выйшаў на замену і... забіў гол! Яму было ўсяго 16, і па сёння ён застаецца самым маладым аўтарам гола ў гісторыі зборнай Бразіліі. Праўда, першую гульню бразільцы прайгралі з лікам 1:2. Але праз тры дні яны зноў сустрэліся з супернікамі. Ізноў Пеле забіў. У той жа дзень ён заваяваў свой першы тытул са зборнай — бразільцы перамаглі 2:0. Журналісты адразу назвалі Пеле новай падзеяй Бразіліі і сцвярджалі, што яго трэба браць на чэмпіянат свету — 1958. Трэнер Сільвіо Пірыла і не супраціўляўся. Так Пеле адправіўся на свой першы чэмпіянат свету. Свой першы і адразу пераможны гол на планетарным першынстве ён забіў у плэй-офф у матчы супраць Уэльса. Тады яму было ўсяго 17 год і 239 дзён. Пеле да гэтага часу самы малады аўтар гола на ЧС. У фінале супраць Швецыі Пеле аформіў дубль. Бразілія перамагла 5:2, а Пеле стаў чэмпіёнам свету першы раз.

На чэмпіянат свету — 1962 Пеле ехаў у статусе галоўнага футбаліста свету. У першым жа матчы супраць Мексікі Пеле забіў гол. Але ў другой гульні супраць Чэхаславакіі атрымаў траўму. На тым першынстве Пеле правёў усяго два матчы. Але зборная Бразіліі нават без свайго лідара змагла заваяваць другое чэмпіёнства. 

На чэмпіянаце свету — 1966 бразільцы, зразумела, зноў былі фаварытамі. У першым матчы Пеле забіў са штрафнога Балгарыі, але атрымаў траўму. З-за яе Пеле прапусціў другі тур. Але ў трэцім туры ўжо вярнуўся, у гульні за выхад з групы з партугальцамі бразільцы прайгралі 1:3. Гэта было адзінае паражэнне Пеле на чэмпіянатах свету. На эмоцыях кароль футбола нават завяршыў кар’еру ў зборнай — не хацеў больш гуляць на ЧС.

Але ў 1970-м яго пераканалі, і Пеле адправіўся на свой чацвёрты чэмпіянат свету. Для 30-гадовага бразільца гэта стаў развітальны мундыяль. Ён жа стаў і лепшым. Пеле быў прызнаны лепшым гульцом турніру: 4 галы, 6 асістаў — выніковыя дзеянні абсалютна ў кожным матчы. Пасля фінальнай гульні, дзе перамагла Бразілія, Пеле насілі на руках. 

Пасля гэтага Пеле скончыў кар’еру ў зборнай. Кароль правёў два развітальныя матчы — адзін у Сан-Паўлу супраць Аўстрыі, другі на «Маракане» супраць Югаславіі. Праводзіць вялікага сабралася 135 тысяч чалавек.

Пеле стаў першым і пакуль адзіным у гісторыі футбола трохразовым чэмпіёнам свету. Акрамя таго, за сваю кар’еру ён забіў рэкордную колькасць галоў — 1283 мячы. Да 2020 года ён трымаў рэкорд галоў за адзін клуб — за «Сантас» Пеле забіў 643 мячы. Яго дасягненне пераўзышоў Месі, які ў гульнях за «Барселону» забіў 644 мячы.

Пеле — лепшы футбаліст XX стагоддзя па версіі футбольнай камісіі ФІФА. Па версіі часопіса World Soccer займае першае месца сярод лепшых гульцоў XX стагоддзя. Такога ж меркавання прытрымліваюцца часопісы France Football і Guerin Sportivo. 

«Да Пеле № 10 быў проста лічбай. Калісьці я прачытаў такія словы. Але гэты выдатны выраз няпоўны. Я б сказаў, што да Пеле футбол быў проста спортам. Пеле змяніў усё. Ён ператварыў футбол у мастацтва і ў забаўку. Ён даў голас бедным, цёмнаскурым. І, што асабліва важна, ён паказаў усім Бразілію. Статус футбола і Бразіліі вырас дзякуючы каралю. Ён сышоў, але яго магія застаецца. Пеле вечны». — развітаўся з каралём футбола сучасны бразільскі футбаліст Неймар. 

Такія людзі, як Пеле, робяць спорт з’явай, якой натхняюцца мільёны людзей ва ўсім свеце. Яго прыклад — арыенцір для футбалістаў кожнай краіны. Куміры сыходзяць, але іх спадчына і вопыт застаюцца. І гэта вельмі каштоўна. 

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.