Вы тут

«А з пазалочанай паперкі глядзяць панадныя цукеркі...»


Зімовыя святы... Ці не таму яны так хвалююць душу, што на фоне сцюжы і доўгіх начэй ярчэй вабіць агмень любові і прыязнасці? А той агмень яшчэ цяплейшы ад падарункаў, бо як жа без іх на Каляды і Новы год?


У творах беларускіх пісьменнікаў падарункі, якія героі атрымліваюць на Новы год і Каляды, зусім невыпадковыя, часам радуюць, часам — не, затое заўсёды прымушаюць чытача задумацца... Зрэшты, каляднае апавяданне — дужа папулярны жанр, мэта якога — расчуліць. У 1909 годзе расійскі сатырык Оршэр нават надрукаваў інструкцыю па стварэнні каляднага аповеду: «Усякі чалавек, які мае рукі, двухгрыўнавы на паперу, пяро і чарніла і не мае таленту, можа напісаць каляднае апавяданне. Трэба толькі прытрымлівацца вядомай сістэмы і цвёрда памятаць наступныя правілы: 1) без парасяці, гусака, ёлкі і добрага чалавека калядны аповед несапраўдны; 2) словы «яслі», «зорка» і «каханне» павінны паўтарацца не менш чым дзесяць, але і не больш чым дзве-тры тысячы разоў; 3) звон, замілаванне і раскаянне павінны знаходзіцца ў канцы апавядання, а не ў пачатку яго. Усё астатняе не мае значэння».

У беларускім кантэксце правілы мяняюцца... Цікава, калі паспрабаваць вылучыць складнікі класічнага беларускага аповеду пра зімовыя святы, што атрымаецца? Неяк малавата хэпі-эндаў, затое шмат апісанняў вёскі ўзімку: печка, куцця, салома пад абрусам... Каханне — так, ёсць... А яшчэ ўлюбёная тэма — старая маці і яе сын у горадзе.

Давайце пагартаем беларускую класіку і паглядзім, якія падарункі атрымлівалі на зімовыя святы персанажы.

Пятнаццаць зайцаў і сушаныя грыбы

Найлепей народныя святы апісваў, відаць, Якуб Колас — у яго паэме «Новая зямля» шмат адметных эпізодаў, у тым ліку пра Каляды... Праўда, з падарункамі ў сялянскай сям'і небагата: хіба дзядзька Антось наважыцца крадма ссячы ў панскім лесе для дзяцей елачку:

Ці ж ён звярэдзіцца, сагрэшыць,

Калі малых дзяцей пацешыць

І іх ялінкай пад Куццю

Хоць раз забавіць у жыццю,

Калі забавіць толькі зможа?

Ялінка ў хаце так прыгожа!

І колькі радасці і ўцехі!

На ёй валоскія арэхі,

А з пазалочанай паперкі

Глядзяць панадныя цукеркі;

І больш на ёй няма нічога,

Ды хіба ж дзецям трэба многа?

Даволі з іх і той прынады —

Яны давольны, яны рады.

Вось у паноў іншыя запыты. У апавяданні Якуба Коласа «Калядны вечар» ляснік Тарас едзе гасцінцам у горад, забраць з семінарыі на святы сына Паўлюка. Ну і яшчэ задача: «У палукашку ў санях ляжала штук пятнаццаць зайцаў, рыба, сушаныя грыбы. Гэта — гасцінец на Куццю замкавым панам ад пана ляснічага».

Сямейныя Тараса, між тым, рыхтуюць падарункі Паўлюку, якім ганарацца: «Дзядзька Андрэй зрабіў яму прыгожую шафку для кніг і прыбіў яе каля сцяны, дзе спаў Паўлюк. Маці паклапацілася напхаць мяккі сяннік і прыгатаваць чыстую пасцель. Старэйшы сын, Алесь, расстараўся другую стрэльбу, каб пайсці з Паўлюком на зайцаў. А Пятрусь і Міхась вывучылі ўвесь буквар, бо Паўлюк дакляраваў ім за гэта кніжак з малюнкамі». Вось толькі не атрымаецца тыя падарункі ўручыць: не прыедзе Паўлюк, затрыманы за крамолу.

Кісет з цукеркамі

У аўтабіяграфічнай аповесці Максіма Гарэцкага «На імперыялістычнай вайне» герой пасля ранення апынаецца ў шпіталі. Там жа сустракае і Новы год.

«Зялёная пахучая хвойка ад самага рання стаіць у зале, ды яе не прыбіраюць, бо яна не ёсць дазволена, хоць і не ёсць забаронена нейкім цыркулярам духоўнага ведамства, як звычай, пераняты ад немцаў. Сёстры бегаюць з кісетамі, падобнымі да тых, што ў іх носяць мужыкі табаку і прылады курыць: крэсіва, смолку і трут. Кісеты сцягнуты шнуркамі, у іх уторкнуты невялічкія хваёвыя лапкі, і бакі вабліва распіраюцца.

Як толькі я выкалдыбаў на сваіх трох скрыпучых кастылях з палаты ў залу, дык і мне сястрычка Пудра паднесла кісецік. І я браў яго, аглядаючы фальшыва-безуважна, а з праўдзіваю цікавасцю да таго, што ў ім ёсць, і дзякаваў для прылікі.

Пакруціўшыся ў зале, я незабавам закульгаў у сваю блізу пустую пасля апошняй эвакуацыі палату. І сеў сабе на сваё ложка, хоць і балела троху нага, калі сядзеў. І адчыніў кісет. Наверсе ляжала кніжачка запісваць, а ніжэй — яблык, салодкія асушачкі, цукеркі і арэхі.

Як заядлы смакунец, зараз узяўся есці. Еў-еў, і ўсё карцела есці. І думаў: «У мяне такая благая натура, што як бачу ля сябе салодкае, дык ніяк не ўцерплю, пакуль не з'ем усяго чыста».

І так праходзіў той дурны святочны вечар: у пустых размовах і ў паяданні салодкага і запіванні вадою».

Герой, чалавек рэфлексіўны, папсаваў сабе задавальненне: пачаў перажываць, «што не кожны можа дастаць сёння кісет такі, як гэты, што на пазіцыях сцюдзёна, што край наш бедны, край наш цёмны — хвойнік, мох ды верасок». Пакрыўдзіў медсястру Пудру, адмовіўшыся запісаць у падораным нататніку яе прозвішча... А яшчэ небарака не мог дачакацца, калі ж тая кабета кіне свае заляцанні ды сыдзе з палаты: жывот ад з'едзеных прысмакаў разбалеўся!

Прыезд дачкі

Аповесць Сяргея Грахоўскага «Такія сінія снягі» таксама аўтабіяграфічная... Паэт у 1930-х быў рэпрэсіраваны, прайшоў лагеры... У 1947-м з яго знялі судзімасць, у 1949-м зноў арыштавалі... Ён быў асуджаны на высылку ў Новасібірскай вобласці, але дазволілі працаваць настаўнікам.

Герой працуе ў сельскай школе разам з жонкай, таксама настаўніцай, рыхтуе з вучнямі навагодні спектакль... І чакае найвялікшага падарунка: да іх прывязуць малую дачку Алю, якая засталася ў Беларусі.

«Пад Новы, 1951 год у клуб сышлося ледзь не ўсё сяло. Дзеці ўвялі ў вушы бацькам, што будзе нешта незвычайнае з іх удзелам, і паваліў народ. Пасярэдзіне стаяла вялікая прыбраная ёлка, са школы прынеслі батарэйны прыёмнік, і ён грымеў на поўную магутнасць...

І вось нарэшце дачакаліся. Спецыяльна для Сібіры куранты прабілі поўнач. Расчыніліся дзверы, і ў белых воблаках пары паказаліся тры конскія галавы — накрытыя папонамі белыя стаеннікі ўвезлі ў клуб сані, а на іх стаяў у чырвоным адзенні, усыпаным зіхатлівымі зоркамі, Дзед Мароз і ўся ў белым, з каронаю на галаве Снягурачка. Белабароды і чырванашчокі Дзед Мароз гучна сказаў вершаванае прывітанне і даручыў Снягурачцы запаліць ёлку. Яна ўключыла падвешаныя на галінкі, сабраныя з усяго сяла электрычныя ліхтарыкі. З'явіўся былінны рыцар у блішчастым шаломе, круціўся і падскокваў доўгабароды Чарнамор, вакол ёлкі заскакалі зайцы, лісы, а калі ўваліўся калматы мядзведзь, малыя паднялі лямант. У футры, цалкам знятым з мядзведзя, скакаў і куляўся сямікласнік Міша Іваноў. Маскі ўцягвалі ў карагод вучняў і дарослых, спявалі песні і частушкі, дэкламавалі вершы і байкі. Такога свята Біяза яшчэ ніколі не бачыла».

Не ўсе настаўнікі падзяляюць радасць ад поспеху пастаноўкі: нейкі там «ссыльны контрык» хоча іх прынізіць сваёй актыўнасцю... Але галоўнае — ноччу прывезлі Алю! Праз бураны, па замеценых дарогах, змучаную, сонную... Вось яно — сапраўднае шчасце!

Шаль, кофтачка і прымірэнне

У рамане Івана Шамякіна «Сэрца на далоні» ёсць такі персанаж — Сямён Гукан, старшыня гарсавета, кар'ерыст і бюракрат. Якраз перад Новым годам Гукан даведваецца, што яго павінны зняць з пасады. Нарэшце ён згадвае пра сямейныя каштоўнасці.

«Убачыўшы людзей з пакупкамі, ён успомніў, як жонка сказала дні два назад нібыта жартам, а магчыма, і з крыўдай:

«Даўно ты, Сеня, падарункаў мне ніякіх не рабіў. Падараваў бы што-небудзь да Новага года».

Сямёну Парфёнавічу раптам захацелася быць добрым, і ён пайшоў ва ўнівермаг».

Вось толькі што падарыць жонцы — не ведае, бо нават не ўяўляе яе патрэб і густаў. Жанчына-таваравед спрабуе дапамагчы:

«— Колькі год вашай жонцы?

Ён уздыхнуў:

— Пенсіённы век.

У чароўных вачах тавараведкі скокнулі чорцікі:

— Ёсць цудоўныя шалі. Ёсць венгерскія кофтачкі.

Гукану хацелася спытаць: «А на прылаўках яны ў вас ёсць?» Але не спытаў, цяпер яму ўсё адно.

— Давайце шаль. Давайце кофтачку.

— Вось гэта муж! — аднагалосна ўхвалілі ўсе тры жанчыны, якія прысутнічалі ў кабінеце, хоць на саміх іх былі найлепшыя імпартныя кофтачкі, такія, якіх яго жонка бадай што ніколі не насіла. Пра гэта ён не падумаў. Пацешыўся пахвалой: што б там ні здарылася, а ён такі добры чалавек быў і ёсць».

Якога б высокага меркавання пра сябе ні быў гэты персанаж, чытач ведае, як мала ў ім дабрыні. І наўрад заменіць шаль і кофтачка ягонай жонцы сардэчныя зносіны… Вось падарунак, які зрабілі двое другіх персанажаў, доктар Яраш і ягоная дачка Галіна, на Новы год сваёй дачцэ Наташы — куды больш істотны.

«Наташа ціха адчыніла дзверы (у кожнага з іх свой ключ, бо выходзілі з дому і прыходзілі яны ў розны час), ціха палажыла канькі, ведаючы, што маці не любіць, калі стукаюць, а ў апошні час маці вельмі нервовая. І раптам паверх занавескі на шкляных дзвярах дзяўчынка ўбачыла, што маці і бацька сядзяць за сталом і... чокаюцца келіхамі. Памірыліся!

Ёй гэта найлепшы навагодні падарунак».

Хустка з чырвонымі ружамі

У апавяданні Вячаслава Адамчыка «Сон у калядную ноч» галоўная гераіня, вясковая кабета Стэфаніда, увесь сэнс жыцця бачыць у сыне — ён вылюднеў, працуе ў горадзе... Праўда, прыязджае нячаста. На дварэ — неспакойныя 1990-я. Рознае плявузгаюць людзі пра тое, як сын Стэфаніды зарабляе грошы, нейкія «баксы». Але вось сын прыехаў...

«— Як заработкі там? — Стэфаніда ўспомніла пра тыя баксы, але не сказала гэтага.

— Лімон маю, — ён схапіўся з-за стала да свае зеленаватае сумкі з рознымі пацеркамі, бляшкамі, нашыўкамі і шмаргануў з вострым свіргатаннем машынкай, дастаў адтуль ясна-малінавы з пухкай ангорскай воўны світар і чорную шарсцяную хустку з чырвонымі ружамі. — Во, табе прывёз.

— Вой, ці мне старой насіць гэты маліновы свэтар. — Яна адхіліла яго руку. — Да смерці гатуюся. А калі ёсць у цябе якая дзяўчына, то падары ёй».

Але менавіта ў той падоранай хустцы Стэфаніда, зусім як гераіня апавядання Змітрака Бядулі «На Каляды к сыну», выпраўляецца ў горад, шукаць сына — бо на Каляды прысніўся ёй трывожны сон з белым голубам...

Розныя падарункі атрымліваюць літаратурныя персанажы. Розныя падарункі атрымліваем зімовымі святамі і мы... Няхай жа гэта будзе тое, што радуе, падоранае ад шчырага сэрца — няхай нематэрыяльнае.

Шчаслівых зімовых святаў і надзей!

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?

Паразмаўлялі з урачом-эпідэміёлагам Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Алінай Емашовай.