Вы тут

Вырастуць зарплаты бюджэтнікаў, мінімалка і пенсіі. Мінпрацы пра навацыі 2023 года


З 1 студзеня 2023 года вырастуць зарплаты бюджэтнікаў, мінімалка, пенсіі і страхавы стаж, неабходны для назначэння працоўнай пенсіі па ўзросце, будзе новы памер сямейнага капіталу. Прадаўжаецца права пажылых і інвалідаў на пазачарговае лячэнне пасля COVID-19 у санаторыях Мінпрацы і сацабароны, удасканальваюцца механізмы забеспячэння грамадзян тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі. Аб навацыях у сферы сацыяльнай абароны, з якімі краіна сустрэне надыходзячы год, расказала міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч, паведамляе БелТА. 


Фота: БелТА.

Страхавы стаж, пенсійныя выплаты

Працоўныя пенсіі ў наступным годзе будуць павышацца ва ўвязцы з ростам зарплаты і ўзроўнем інфляцыі, але не менш за адзін раз у год. Сацыяльныя пенсіі, павышэнні, надбаўкі і даплаты да пенсій будуць пераразлічвацца штоквартальна (з 1 лютага, 1 мая, 1 жніўня і 1 лістапада) следам за ростам БПМ. На іх павышэнне ў надыходзячым годзе прадугледжана Br2,5 млрд, а ўсяго на выплату пенсій у 2023 годзе плануецца накіраваць Br18,8 млрд.

З 1 кастрычніка 2022 года пачала працаваць новая праграма дадатковых пенсійных накапленняў з фінансавай падтрымкай дзяржавы («тры плюс тры»). Ужо больш за 9 тыс. беларусаў сталі яе ўдзельнікамі. Новы, 2023 год, — выдатная магчымасць далучыцца да праграмы і сфарміраваць дадатковы пенсійны даход на старасць.

Штогод страхавы стаж (стаж работы з выплатай страхавых узносаў у ФСАН) павялічваецца на 6 месяцаў да дасягнення ў 2025 годзе 20 гадоў. З 1 студзеня 2023 года ён складзе 19 гадоў. Наяўнасць такога страхавога стажу абавязкова для назначэння працоўнай пенсіі па ўзросце і за выслугу гадоў. Жанчыны выходзяць на пенсію ва ўзросце 58 гадоў, мужчыны — 63 гады.

Мінімалка

З 1 студзеня 2023 года мінімальная зарплата ў Беларусі складзе Br554. У параўнанні са студзенем 2022 года яна павялічыцца на Br97, або на 21,2 працэнта.

Зарплата бюджэтнікаў

З Новага года вырасце заработная плата ў бюджэтных арганізацыях. Рост зарплат будзе забяспечаны павышэннем памеру базавай стаўкі, якая з 1 студзеня складзе Br228 (у параўнанні са снежнем вырасце на 7,5 працэнта, у параўнанні са студзенем 2022 г. — на 10,1 працэнта). Паколькі да базавай стаўкі прывязаны іншыя стымулюючыя і кампенсуючыя выплаты, то іх памеры з 1 студзеня таксама павялічацца.

Як і ў 2022-м, базавая стаўка ў 2023 годзе будзе расці ў некалькі этапаў. У адпаведнасці з параметрамі сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі ў наступным годзе плануецца павелічэнне сярэднегадавога значэння базавай стаўкі на 10 працэнтаў.

Акрамя таго, павялічваюцца памеры галіновых стымулюючых выплат асобным катэгорыям работнікаў. На гэтыя мэты з бюджэту будзе накіравана больш за Br900 млн, з іх Br350 млн — гэта дадатковыя расходы адносна 2022 года.

Падтрымка пасля COVID-19

У 2023 годзе пажылыя і інваліды прадоўжаць праходзіць пазачарговае санаторна-курортнае аздараўленне пасля COVID-19 у санаторыях Мінпрацы і сацабароны. Такое права непрацуючыя ветэраны працы і інваліды, якія перанеслі пнеўманію, асацыяваную з COVID-19, атрымалі з ліпеня 2020 года. Гэтай магчымасцю ўжо скарысталіся больш за 5,3 тыс. пажылых і інвалідаў.

У 2023 годзе ў цэлым на аздараўленне пажылых грамадзян і інвалідаў у санаторыях Мінпрацы і сацабароны запланавана больш за Br16 млн.

Сямейны капітал

На выплату сямейнага капіталу ў наступным годзе плануецца накіраваць каля Br430 млн.

Памер сямейнага капіталу падлягае штогадовай індэксацыі з нарастаючым падрахункам на велічыню індэкса спажывецкіх цэн за папярэдні год. Новы памер сямейнага капіталу, дзеючы з 1 студзеня 2023 года, будзе размешчаны на афіцыйным сайце Мінпрацы і сацабароны да 31 студзеня 2023 года.

У Беларусі налічваецца ўжо каля 121 тыс. шматдзетных сем’яў.

Дзіцячыя дапамогі

У 2023 годзе на выплату дапамог па мацярынству і сямейных дапамог плануецца накіраваць Br3,2 млрд, з іх Br2 млрд — на выплату дапамог па доглядзе дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў.

У прыватнасці, дапамога па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў у сярэднім выплачваецца на 228 тыс. дзяцей. Яе памер пераразлічваецца два разы на год (з 1 лютага і 1 жніўня) у сувязі з ростам сярэдняй заработнай платы работнікаў у краіне.

Штоквартальна (з 1 лютага, 1 мая, 1 жніўня і 1 лістапада) падлягаюць пераразліку і дапамогі, што вылічваюцца ад бюджэту пражытачнага мінімуму: аднаразовая дапамога пры нараджэнні дзяцей (10 БПМ і 14 БПМ); аднаразовая дапамога жанчынам, якія сталі на ўлік у арганізацыях аховы здароўя да 12 тыдняў цяжарнасці (100 працэнтаў БПМ); дапамога на дзяцей ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў у перыяд выхавання дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў (50 працэнтаў БПМ); дапамога на дзяцей старэйшых за 3 гады з асобных катэгорый сем’яў (70 працэнтаў БПМ і 50 працэнтаў БПМ); дапамога па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў (100 працэнтаў БПМ, 120 працэнтаў БПМ) і інш.

У студзені 2023 года аднаразовая дапамога ў сувязі з нараджэннем першага дзіцяці складзе амаль Br3,4 тыс., другога і наступных — амаль Br4,8 тыс.

Дапамогі выплачваюцца на 405 тыс. дзяцей, або кожнае чацвёртае дзіця краіны.

Сацыяльная абарона

У 2023 годзе на фінансаванне ўстаноў сацыяльнага абслугоўвання, а гэта 146 тэрытарыяльных цэнтраў сацабслугоўвання насельніцтва і 92 дамы-інтэрнаты, плануецца накіраваць амаль Br500 млн. Розныя віды сацыяльных паслуг ва ўстановах сацыяльнага абслугоўвання атрымліваюць больш за 155 тыс. пажылых людзей і інвалідаў.

Яшчэ каля Br133 млн прадугледжана на фінансаванне сістэмы дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі. Размова ідзе аб аказанні матэрыяльнай падтрымкі малазабяспечаным і ў цяжкай жыццёвай сітуацыі сем’ям і грамадзянам.

З 2022 года штогод выплачваецца матэрыяльная дапамога да свята 9 Мая ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і асобам, якія пацярпелі ад наступстваў вайны. У надыходзячым годзе на такія мэты запланавана каля Br10 млн.

Сродкі сацыяльнай рэабілітацыі

У новым годзе на забеспячэнне тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі будзе накіравана больш як Br60 млн. Такія сродкі штогод атрымліваюць амаль 200 тыс. чалавек.

З 6 студзеня інваліды змогуць самастойна набываць 10 найменняў сродкаў рэабілітацыі, а затраты будуць кампенсавацца дзяржавай. У асноўным гэта датычыцца тыфлатэхнічных сродкаў, прызначаных для інвалідаў з парушэннямі зроку і слыху. Таксама гэта супрацьпролежневыя матрацы і дапаможныя прыстасаванні для адзявання, прыёму і гатавання ежы, задавальнення бытавых і іншых патрэб.

Пры гэтым для грамадзян, якія не жадаюць самастойна набываць сродкі рэабілітацыі, захоўваецца права атрымаць іх у органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне.

Акрамя таго, пашыраецца пералік катэгорый інвалідаў, якія маюць права на забеспячэнне сродкамі рэабілітацыі бясплатна або на льготных умовах.

Сацыяльная рэабілітацыя і абілітацыя

З 2023 года ўдасканальваецца механізм сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў. Такія падраздзяленні могуць адкрывацца на базе дамоў-інтэрнатаў. У іх інваліды змогуць праходзіць курс сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі да 1 месяца ў каляндарным годзе.

Уводзіцца паслуга персанальнага асістэнта, якая будзе комплексна ўлічваць індывідуальныя запатрабаванні чалавека з інваліднасцю. Паслугу будуць прадастаўляць у аб’ёме ад 20 да 60 гадзін у месяц.

Даступнае асяроддзе

Са студзеня 2023 года ўступяць у сілу правілы забеспячэння даступнасці для інвалідаў аб’ектаў сацыяльнай, транспартнай і вытворчай інфраструктуры, транспартных сродкаў і аказваемых паслуг. Гэтыя правілы замацоўваюць адзіныя падыходы да стварэння даступнай прасторы.

Колькасць даступных аб’ектаў для інвалідаў і фізічна аслабленых асоб у наступным годзе плануецца павялічыць на 1587. Такім чынам, у 2023 годзе даступнымі стануць больш за 27 тыс. аб’ектаў.

Прадоўжыцца работа па інфарматызацыі працэсаў аказання сацыяльнай падтрымкі інвалідам. З верасня 2023 года пачне працаваць база даных сацыяльнай падтрымкі і рэабілітацыі інвалідаў. Аналіз яе даных дасць магчымасць весці маніторынг аб’ёму сацыяльнай падтрымкі, якая прадастаўляецца канкрэтнаму інваліду, забяспечваць яе адраснасць і комплекснасць.

У 2023 годзе пачнецца работа па стварэнні аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы па ўліку даступнасці аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры. Звесткі аб даступных аб’ектах з сістэмы будуць размяшчацца анлайн на публічнай кадастравай карце, якая будзе даступна грамадзянам у сетцы інтэрнэту (https://map.nca.by). Сістэма пачне працаваць з 1 студзеня 2025 года.

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».