Вы тут

Як сустрэць Новы год у адзіноце і не ўпасці ў дэпрэсію?


Кажуць, адзіноту любяць паэты і іншыя служыцелі муз. Яшчэ больш, як пісаў класік, яны любяць пагаварыць у добрай кампаніі аб сваёй любові да адзіноты. Зрэшты, у ХХІ стагоддзі перавагу адзіноце перад шумнымі вечарынкамі аддаюць прадстаўнікі свету ІT — то-бок ужо тыя, хто бліжэй не да «лірыкаў», а да «фізікаў»...


Але ўсё гэта — стэрэатыпы. На самай справе сапраўдных аматараў бавіць час сам-насам — раз-два і аблічыўся. Тым больш у такое вясёлае і шумнае свята, якім у нашай традыцыі з'яўляецца Новы год. Нават самы перакананы мізантроп і стапрацэнтны інтраверт для сустрэчы Новага года, хутчэй за ўсё, будзе шукаць сабе кампанію. Але жыццё ўносіць карэктывы, і іншы раз абставіны складваюцца так, што даводзіцца падымаць келіх пад бой гадзінніка ў навагоднюю ноч у адзіноце. Як стварыць свята для сябе любімага і не сапсаваць сабе святочны настрой?

Не, 300 грамаў «Аліўе» з найбліжэйшай кулінарыі, бутэлька шампанскага і навагодняя праграма па тэлевізары тут — дрэнная дапамога і верны шлях да маркоты. Новы год — свята, а значыць, свята трэба сабе і зладзіць. Бюджэт такога «свята для сябе» можа складаць як круглую, так і зусім сціплую суму. Няважна, што на стале. Сутнасць у тым, што, калі ўжо вам выпала — па сваёй волі або па волі лёсу — сустракаць Новы год у адзіноце — чаму б не ператварыць мінусы ў плюсы? А для гэтага перш за ўсё...

Падніміце сабе настрой

Спрэчкі няма, перспектыва самотнага Новага года выглядае сумна і пазітыву не дадае. Ну, а калі зірнуць на сітуацыю з іншага боку? Існуе прыкмета «Як сустрэнеш Новы год — так яго і правядзеш». Але чаму мы акцэнтуем увагу менавіта на аспекце «правяду год у адзіноце»? Можа быць, варта засяродзіцца на іншай грані сітуацыі — на гармоніі і яднанні з сабой? На магчымасці лепш зразумець сябе (а гэта, калі верыць трэнінгам асабістай эфектыўнасці, шлях да дасягнення жыццёвага і прафесійнага поспеху)? На душэўным спакоі, які не пакіне вас наступныя 365 дзён?

І яшчэ адно пытанне: задумайцеся, чаму перспектыва Новага года ў адзіноце здаецца вам непрывабнай. Магчыма, справа — у грамадскім меркаванні. У вас няма чаго адказаць калегам на пытанне: «А дзе ты будзеш святкаваць?» і прызнацца ў адсутнасці кампаніі на навагоднюю ноч, калі вакол толькі і размоў — хто і дзе будзе «адзначаць». Але давайце шчыра: падрыхтоўка да Новага года — той яшчэ забег. Купля прадуктаў, прадумванне меню і забаў, гатоўка ўсіх гэтых салат і рулетаў, прыбіранне, святочнае адзенне для сябе і хатніх... Усё гэта адымае столькі сіл і часу, што, уласна, да дванаццаці ночы той, хто бярэ на сябе клопаты (звычайна жанчына), — як выціснуты лімон. Не кажучы ўжо пра раніцу 1 студзеня пасля «бурнай сустрэчы»... Магчымасць пазбегнуць усяго гэтага, адпачыць ад мітусні і моцных эмоцый, спакойна падумаць аб жаданнях і планах на будучы год і знайсці час для сябе выпадае нячаста — так, можа быць, гэта не падстава для смутку, а падарунак лёсу?

Дарэчы, аб унутранай гармоніі...

...Якая, згодна з прыкметай, павінна застацца з вамі на ўвесь год. Прывядзіце ў норму ўнутраны стан яшчэ напярэдадні свята. Напрыклад, ці даўно вы ў дарослым жыцці рабілі падарунак... менавіта сабе? Дык станьце Дзедам Марозам для сябе любімага (любімай). Падарыце сабе тое, аб чым даўно марылі. Дапамогуць, напрыклад, анлайн-пакупкі: перад Новым годам інтэрнэт-крамы радуюць зніжкамі — карыстайцеся момантам. Павандруйце па прасторах інтэрнэту і падумайце, чаго б вам хацелася. Не абмяжоўвайце фантазію — папесціце сябе! А можна выйсці з дома і акунуцца ў святочную навагоднюю мітусню на людных упрыгожаных вуліцах, палюбавацца на вітрыны крам. Важна выбраць для падарунка сабе не тое «што трэба», а тое, пра што марыцца, — як у дзяцінстве. Спытайце сябе сумленна: што ж гэта такое можа быць? І не трэба спасылацца на недахоп матэрыяльных рэсурсаў. Вельмі часта на паверку аказваецца, што дарагі, статусны «падарунак сабе» — не больш чым жаданне адпавядаць стэрэатыпам і чужым чаканням, а тое, чаго сапраўды хочацца, каштуе нядорага або ўвогуле практычна нічога не каштуе — толькі ўдумлівага намагання, каб зразумець сябе і ажыццявіць задуманае. Пра што гаворка? Ну, скажам, пра даўняе жаданне пабываць у нейкім значным менавіта для вас месцы (напрыклад, дзе прайшло дзяцінства або дзе вы былі шчаслівыя ў юнацтве і куды ўсе гэтыя гады ніяк не атрымлівалася даехаць) — дык купіце туды білет! На Новы год будуць выхадныя, і можна запланаваць гэты індывідуальны тур. Дарэчы, калі такое знакавае для вас месца досыць далёка, можна запланаваць тур туды якраз на навагоднюю ноч — з тым, каб прыехаць раніцай 1 студзеня. Сустрэча Новага года ў дарозе — нядрэнная ідэя. У цягніку ці аўтобусе можна пагутарыць з такімі ж, як вы, падарожнікамі. А значыць, з'яўляецца шанц завязаць у тым ліку і доўгатэрміновую дружбу (а можа, хто ведае, і рамантычныя адносіны?). Акрамя таго, меню вагонаў-рэстаранаў у навагоднюю ноч значна пашыраецца, а ў некаторых цягніках пасажыраў могуць віншаваць нават Дзед Мароз і Снягурка.

Вольны час — сапраўдны падарунак у сучасным мітуслівым рытме жыцця. Калі ён у вас раптам з'явіўся — правядзіце з карысцю... для сябе. Часам дастаткова проста паляжаць у цёплай ванне з духмянай пенай або травамі, якая супакойвае або дорыць бадзёрасць. Узняць жыццёвы тонус прыгожай палавінкі дапаможа наведванне салона прыгажосці, цырульні, spa — законная нагода павольна пагартаць стужку Іnstagram (але на гэты час — ніякіх навін або аналітыкі!) ці модныя часопісы, пагаварыць ні пра што з майстрам або выпадковай суразмоўніцай у суседнім крэсле. То-бок заняцца тым, на што звычайна ў сучаснай жанчыны проста не хапае часу.

Заплануйце на другую палову 31 снежня паход у тэатр, на выставу, на канцэрт — такіх мерапрыемстваў цяпер з лішкам. Ну або... у бібліятэку — чаму б і не? Магу паспрачацца, большасць сталых людзей ужо забылася, як гэта. Успомніць студэнцкія гады, пабыць ва ўтульнай цішыні і спакойна пагартаць любімыя кнігі ў чытальнай зале — гэта дорыць супакаенне і пазітыў. Галоўнае, чаго нельга рабіць, сустракаючы Новы год у адзіноце, — крыўдзіцца на ўвесь свет і аналізаваць, чаму менавіта вы засталіся адны ў гэтае свята. Новы год — не лепшы час для самаедства і пакут. Проста парадуйцеся, што прыйшоў чарговы год, які абавязкова прынясе шмат добрага.

А яшчэ псіхолагі (няхай будуць блаславёны гэтыя масавікі-забаўнікі для дарослых — на ўсё ў іх ёсць «эфектыўная методыка»!) раяць перад Новым годам складаць спіс асабістых дасягненняў і здзяйсненняў. Правядзіце калькуляцыю сваіх перамог і поспехаў. Быць прадузятымі і неаб'ектыўнымі не забараняецца. А вось няўдачы пакінем без увагі — няхай яны адыдуць у нябыт разам з годам, які сыходзіць!

Сёе-тое зрабіць усё ж прыйдзецца...

Калі святочную ноч вы вырашылі правесці «пад дахам дома свайго», не варта цалкам адмаўляцца ад навагодніх клопатаў і падрыхтоўкі. Навагодняя атмасфера абавязковая! Упрыгожце ёлку і кватэру, прыгатуйце святочны стол для сябе. Зрабіце менавіта тыя стравы, якія вы любіце. І знайдзіце ў гэтым плюсы. Ну хоць бы такі: вам не прыйдзецца гатаваць некалькі відаў «Аліўе», таму што «свякроў любіць у гэтым салаце свежыя агуркі замест салёных, Машанька нават не дакранецца, калі ў салаце ёсць цыбуля, а дзядзя Вася — прыхільнік класічнага рэцэпта». Пры тым, што самі вы «Аліўе» трываць не можаце... Дык прыгатуйце тое, што даспадобы вам! Не хочаце гатаваць? Замоўце ежу ў рэстаране з дастаўкай — на аднаго гэта выйдзе не занадта дорага. Толькі зрабіце замову загадзя, каб не атрымалася накладак.

Святочны ўбор і парадная прычоска ў гэты Новы Год вам не патрэбныя. Падыдзе нават піжама — бо свята толькі для вас. Але няхай яна будзе прыгожай. Стары зашмальцаваны халат — не варыянт. Падабацца сабе ў святочную ноч — гэта, зноў жа, абавязкова.


Чым заняцца ў навагоднюю ноч?

  • Ну, напрыклад, планаваннем. Загадайце жаданні, выпішыце іх на аркуш паперы, пераўтварыце ў рэальныя мэты — і складзіце спіс таго, чаго хочаце дамагчыся ў наступным годзе і якія крокі для гэтага трэба зрабіць. У канцы года можна будзе дастаць гэты спіс і паглядзець, чаго ўдалося дасягнуць.
  • Пагутарыць з сябрамі і знаёмымі анлайн. У наша высокатэхналагічнае стагоддзе неабавязкова заставацца ў адзіноце, нават калі вы «адзін дома». Сустрэць Новы год разам з сяброўкай, якая знаходзіцца за сотні кіламетраў ад вас, чокаючыся шампанскім «праз экран» ноўтбука або смартфона, — нядрэнны варыянт. Двое — ужо кампанія! А яшчэ ў сетцы можна адшукаць групы для тых, хто праводзіць гэты Новы год адзін. «Адзіночкі» кааперыруюцца як анлайн, так часам і ў афлайн — на форуме абмяркоўваецца месца збору. Калі кампанія на віртуальным этапе падалася вам вартай для вашай прысутнасці — чаму б не падтрымаць «авантуру»? Хоць, вядома, значная доля асцярожнасці тут не перашкодзіць — але ж наш артыкул для дарослых, разумных людзей.
  • Паглядзець любімыя фільмы. Напрыклад старыя камедыі.
  • Заняцца навагоднімі варожбамі (гэта, дарэчы, вельмі весела!).
  • Пайсці гуляць. Напрыклад, адправіцца на галоўную плошчу вашага населенага пункта. Ва ўсіх гарадах пройдуць святочныя гулянні, і, цалкам магчыма, сумна вам там не будзе нават без сяброў і сям'і.
  • Варыянт для дзейных: зрабіць нарэшце тое, да чаго ўвесь год не даходзілі рукі. Разабраць лоджыю або антрэсолі, перабраць старыя фатаграфіі або пачысціць паштовую скрыню, перапоўненую электроннымі лістамі — ды ці мала спраў назапасілася ў доме! Дзіўны выбар для навагодняй ночы? Затое ўвесь год вы потым будзеце казаць сабе «дзякуй».
  • Проста выспацца. Так-так, якраз у такую незвычайную, адзіную на ўвесь год ноч! Недахоп сну — адна з праблем сучаснага свету, адсюль і кардыялагічныя хваробы, і прыкметы ранняга старэння. Так што ўзбіваем падушку, накрываемся цёплай коўдрачкай і спім колькі душы заўгодна! А раніцай прачынаемся ў выдатным настроі.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Натурпрадукт у спадчыну

Натурпрадукт у спадчыну

Як Якуб Колас атрымліваў па два ўраджаі з адной градкі, і што з «даўно забытага старога» актуальна на хвалі цікавасці да эказемляробства.

Экалогія

Змяненні клімату: прычыны і перспектывы

Змяненні клімату: прычыны і перспектывы

Заклікаюць скарачаць выкіды CO2 аж да нулявых паказчыкаў, укараняць зялёныя тэхналогіі.

Грамадства

«Абяцаюць вялікія грошы і меры канспірацыі, але ўсе закладчыкі затрымліваюцца»

«Абяцаюць вялікія грошы і меры канспірацыі, але ўсе закладчыкі затрымліваюцца»

Праваахоўнікі расказалі, як маладых людзей вярбуюць для распаўсюджвання наркотыкаў і чым гэта звычайна заканчваецца.

Грамадства

У Беларусі прайшоў Адзіны дзень галасавання

У Беларусі прайшоў Адзіны дзень галасавання

Аб тым, як праходзіць Адзіны дзень галасавання, — у паведамленнях нашых карэспандэнтаў.