Вы тут

«Цяпер прынята жадаць адно аднаму міру»


Яшчэ адзін год за плячыма. Пражылі мы яго па-рознаму, але з новым годам усе звязваюць спадзяванні на лепшае, і да святаў рыхтуюцца амаль усе аднолькава: пішуць віншаванкі, праўда, цяпер спрэс электронныя, наведваюць гандлёвыя цэнтры, набываюць падарункі ды прадукты да святочнага стала. Наўкола — святочныя ёлкі з народнымі гуляннямі, пачастункамі, ёлачныя кірмашы. Гэта ў гарадах. А ў невялікіх, асабліва аддаленых, вёсках людзі таксама паціху рыхтуюцца да свят, хоць знешне гэта і не асабліва прыкметна.


Карэспандэнт газеты накіравалася ў вёскі Арэхаўскага сельсавета Маларыцкага раёна, каб распытаць насельнікаў, як яны пражылі гэты год, чаго чакаюць ад новага. Мае героі жывуць на паўднёвым захадзе Брэсцкай вобласці, за тры, чатыры, пяць кіламетраў ад граніцы з Украінай. Як дасціпна пажартавала адна з жыхарак: «Мяжа ў нас у крокавай даступнасці».

Сямейная рада ў правадную нядзелю

Валянціна Пархамук.

Першай, з кім давялося сустрэцца ў Арэхаве, стала 70-гадовая Валянціна Пархамук. Яе жыццёвая гісторыя ў нечым тыповая, а ў нечым адметная для гэтых мясцін. Нарадзілася жанчына непадалёку ад Арэхава, на хутары з цікавай назвай Луста.

— Тады многія жылі на хутарах, такіх як наш. Луста налічвала ўсяго восем двароў. З дзяцінства памятаю прыгожыя мясціны, вясну, жоўтую лотаць за хатай, — згадвае Валянціна Харытонаўна. — У маіх бацькоў было дзесяць дзяцей, я самая меншая. У хаце нас жыло 16 чалавек, старэйшыя браты мелі жонак і дзяцей. А ў канцы 1950-х гадоў, як мне падышоў час у школу ісці, хутары сталі звозіць у вёскі, была такая кампанія. Сям'я рушыла на новае месца, а тут яшчэ ў мамы здароўе пахіснулася. Бацькам прапанавалі адправіць мяне ў школу-інтэрнат у Жабінку. Там я і вучылася, потым школа-інтэрнат адкрылася ў Маларыце, мяне перавялі. А ў старшыя класы хадзіла ў Арэхава. Дзе б я ні вучылася, у мяне заўсёды цеплілася мара стаць настаўніцай, можа, таму, што ўсё жыццё шанцавала на добрых педагогаў. Пасля школы паступіла на завочнае аддзяленне Брэсцкага педінстытута, бо вучыць мяне на стацыянары ў сям'і не было магчымасці. І адразу пайшла працаваць у суседнюю школу старэйшай піянерважатай. Праз год на такую ж пасаду прыйшла ў сваю школу і засталася тут на доўгія сорак гадоў: спачатку працавала важатай, потым — настаўніцай пачатковых класаў, а з 1991 года — дырэктарам школы. Працаваць тады было няпроста, але цікава, у школе вучылася больш за 300 дзяцей. Наша школа праводзіла эксперыментальныя мерапрыемствы саюзнага ўзроўню. Напрыклад, у 1990 годзе на прыкладзе нашай школы разглядалася магчымасць навучання дзяцей з шасцігадовага ўзросту, потым праходзіў саюзны семінар па названай тэме. Арэхаўская школа тады была адной з прыкметных у Маларыцкім раёне, тут вялася навуковая работа, распрацоўваліся метадычныя рэкамендацыі, у многім, вядома, дзякуючы майму папярэдніку Валерыю Жэгалаву. Ну і мы таксама стараліся трымаць марку. У Арэхаве прайшлі найлепшыя гады, тут пабудавалі з мужам дом, выгадавалі дваіх дзяцей. Тры гады ўжо, як засталася адна. Але дзеці жывуць побач. Дачка працуе настаўніцай беларускай мовы ў школе роднай вёскі. Сын з сям'ёй таксама блізка жыве.

На Новы год Валянціна Харытонаўна адна дакладна не застанецца. Расказала, што сустракаюць свята альбо ў яе, альбо ў каго з дзяцей. А самае яе запаветнае жаданне — каб гэтай вясной было як раней. Па даўняй сямейнай традыцыі ў правадную нядзелю, праз тыдзень пасля Вялікадня, у яе доме збіраюцца не толькі дзеці з унукамі, але і сёстры, пляменнікі з іх дзецьмі. Разам ідуць у царкву, наведваюць магілы, успамінаюць сваякоў. Гаспадыня да гэтага дня гатуе багаты стол і абавязкова свой фірмовы пачастунак — марынаваную рыбу. Гэта чыста арэхаўская страва, тутэйшыя гаспадыні ведаюць яе ад бабуль і матуль. Побач Арэхаўскае возера, у якім спрадвеку вадзіліся сомікі, іх і марынуюць, часцей да святочнага стала. Хто каштаваў, кажуць, смаката.

— Хачу, каб усе сабраліся ў мяне на правадную нядзелю, каб усе былі здаровыя, расказалі за сталом пра сямейныя справы, пра новыя дасягненні. Так будзе, калі будзе мір пад нашымі нябёсамі. Гэта цяпер галоўнае, гэта асноўнае пажаданне ўсім на навагоднія святы, — гаворыць настаўніца-пенсіянерка.

Кветкавая плантацыя на падворку

Мікалай і Надзея Капанькі.

За тры кіламетры ад Арэхава, у Зеляніцы, ужо больш за 60 гадоў жывуць разам Мікалай Міхайлавіч і Надзея Васільеўна Капанькі. Іх дом з вясны да позняй восені выдзяляецца мноствам кветак. Гаспадыня іх любіць і разводзіць, не азіраючыся на гады, а ёй ужо споўніўся 81. Гаспадар, на чатыры гады старэйшы, часам нават пабурчыць, маўляў, навошта яны табе, — столькі работы каля іх. А потым, калі ўсё заквітнее, сядзе побач з жонкай, палюбуецца і пагодзіцца: як усё ж прыгожа!

Мікалай Капанька нарадзіўся ў Зеляніцы і ўсё жыццё пражыў тут. Бацька загінуў на вайне. Маці засталася з трыма дзецьмі, пра адукацыю гаворка не вялася — трэба было дапамагаць маці па гаспадарцы. У 11 гадоў стаў пастушком калгасных авечак, у статку налічвалася 162 галавы. «За сезон работы атрымаў 37 кілаграмаў збожжа. За працадзень тады давалі 100 грамаў збожжа», — кажа гаспадар. Мікалай Міхайлавіч любіць дакладныя лічбы і даты, памяць у яго выдатная. А працаўнік ён — на ўсю акругу. У арміі атрымаў спецыяльнасць вадзіцеля, многія гады шчыраваў у калгасе шафёрам, за работу мае дзяржаўныя адзнакі — ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, медаль «За працоўную доблесць».

Надзея Васільеўна таксама мае медаль за працу. Каб калгасным паляводам уручалі медалі — вялікая рэдкасць. За поспехі ў вырошчванні лёну, буракоў, бульбы Надзею Капаньку таксама ў свой час прадставілі да высокай дзяржаўнай адзнакі. Аказваецца, працавітасць — гэта ў іх сямейнае. Акрамя калгаснай работы, заўсёды вялі сваю немалую падсобную гаспадарку, трымалі кароў, свіней, птаства, апрацоўвалі вялікі агарод. Траіх дзяцей выгадавалі. На пенсіі таксама ніколі не сядзелі без справы.

Як і многія на Маларытчыне, доўга сеялі грэчку на ўласных сотках. Надзея Васільеўна пякла знакамітыя грачанікі, ці, па-тутэйшаму, бабку. Усяго некалькі гадоў таму пакінула гэтыя кулінарныя эксперыменты — хіба пад асаблівую нагоду можа спячы.

— Муж цяпер часцяком хварэе, але ж без гаспадаркі, без клопатаў мы не можам, — расказвае Надзея Васільеўна. — Ну як у вёсцы жыць без агарода? Дзеці цяпер дапамагаюць. Двое ў Брэсце жывуць, адзін бліжэй, у суседняй вёсцы. А з хатнімі справамі, з курамі, качкамі, сама спраўляюся. Яды на дзень прыгатую: і сабе, і катам хопіць. Гадуем тут цэлую каціную ферму. Так ужо выйшла. Хата наша стаіць на рагу вёскі, пры самай дарозе. А мясціны ў нас грыбныя: вось некаторыя гараджане едуць у лес па грыбы ды і выпусцяць з машыны кацяня, якое іхнім дзецям надакучыла. Не магу, каб не падкарміць таго няшчаснага ката. Раз пакорміш — ён нікуды не пойдзе, застаецца. Вось так і назбіралася пяцёра катоў розных парод — усе жывуць тут, каля ног круцяцца, і нам весялей.

— Аўтакрама два разы на тыдзень прыходзіць, бальніца ўчастковая побач, заўсёды можна прайсці курс кропельніц, падправіць здароўе, — разважае гаспадыня. — Дзеці прыязджаюць. Калі трэба што ў горадзе купіць, то прывязуць, карацей, усё ў нас ёсць. Хачу, каб і ў новым годзе так было: прыязджалі дзеці, працавалі крамы і школы, мы сустракалі ўнукаў і цвілі мае кветкі. Я ўжо цяпер прадумваю, дзе што пасаджу, у якім парадку будуць мае кветачкі зацвітаць. А для гэтага трэба, каб быў мір. Ведаеце, у нас часам чуваць, як на тым баку мяжы нешта бухае, спадзяюся, што гэта не ваенныя дзеянні, а нейкія манеўры. Хоць бы хутчэй гэта ўсё завяршылася і зноў стала ціха і спакойна.

Урокі былой школьнай настаўніцы

Наталля Грышына.

Наталля Грышына працуе майстрам участка па здабычы мелу. За тры кіламетры ад Арэхава размешчана вядомае радовішча мелу. Там і шчыруюць Наталля Сцяпанаўна разам з мужам. Як пажартавала сама Наталля, яна шматдзетная бабуля. У свае 50 гадоў жанчына мае ажно шэсць унукаў. Што і казаць — своеасаблівы рэкорд.

— Для мяне ў жыцці галоўнае — сям'я, — гаворыць суразмоўніца. — Калі ўсё добра ў сем'ях сыноў, значыць, і ў нас усё выдатна. Я сама вырасла ў шматдзетнай сям'і, мае браты, сястра жывуць недалёка. Мы часта сустракаемся, падтрымліваем адно аднаго, усе сямейныя святы праводзім разам. У гэтым годзе, напрыклад, святкавалі маё 50-годдзе, 55-годдзе мужа, 30-годдзе сына. Год у цэлым для нас быў добры, плённы. Усе працуюць, вучацца — што яшчэ трэба?

Як высветлілася, Наталля Грышына актыўная ўдзельніца фальклорнага калектыву «Вераніца», які працуе пры Арэхаўскім Доме культуры, прыгожа спявае. А выступаюць яны на розных мерапрыемствах, фестывалях, святах. Песню Наталля любіць з дзяцінства.

— Вось і цяпер мы рыхтуемся да святочных выступленняў, — гаворыць Наталля. — Каляды — усімі любімае свята, людзі жадаюць адно аднаму здароўя, дабрабыту, а цяпер яшчэ абавязкова міру. Апошнім часам з мужам часта згадваем нашу школьную настаўніцу гісторыі Ніну Барысаўну Барысюк. Яна казала: «Галоўнае, дзеці, — гэта мір на зямлі». А мы тады думалі, што мір — нешта абавязковае, што і так нам дадзена ад нараджэння. Сёння вось жыццё прымусіла па-новаму ўсвядоміць тыя словы і цаніць мір як найвышэйшую каштоўнасць. У нас жа ўсё ёсць: жыллё, работа, сем'і. У нас цудоўная вёска, прырода падарыла маляўнічае возера, ёсць паляўнічая база, куды ў сезон прыязджае нямала гасцей, у нас ягадныя і грыбныя мясціны. Хочацца, каб усё гэта радавала, служыла людзям пад мірным небам. Гэта і ёсць маё навагодняе пажаданне.

Святлана Вітаноўская, старшыня Арэхаўскага сельскага Савета:

— Арэхаўскі сельсавет складаецца з шасці вёсак, самы аддалены ў раёне, мы жывём на краі раёна і вобласці. Але дэпрэсіўным наша Арэхава ні ў якім разе называць нельга. У нас даволі развітая інфраструктура: маюцца школа, садок, установы аховы здароўя, развіты гандаль, плённа працуе Дом культуры. На нас звяртае ўвагу бізнес, знайшліся інвестары, гатовыя ствараць у вёсцы вытворчасць і, адпаведна, рабочыя месцы. Што асабліва важна, добрая дарога звязвае з райцэнтрам. Я сама родам адсюль і вельмі хачу, каб наша вёска жыла, развівалася, а яе жыхары былі шчаслівыя. Не магу не пагадзіцца з нашымі суразмоўнікамі, што галоўнае зараз — мір і здароўе, а работа, магчымасці, сацыяльная падтрымка — усё гэта ў нас ёсць.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Цяльцоў гэты тыдзень будзе напоўнены справамі і клопатамі, звязанымі са сваякамі ці дзецьмі. 

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».