Вы тут

Ларыса Журавовіч пра калекцыю навагодніх цацак і дзіцячыя летуценні


Мы сядзім у майстэрні мастачкі, а вакол нас — сапраўднае царства навагодніх цацак. Шышкі, Дзяды Маразы, шкляныя пацеркі — нічога падобнага на тыя шары з яловай галінкай і банцікам, якімі сёння любяць упрыгожваць штучныя елкі. У дзяцінстве Ларысы штучных елак не было, бацька прывозіў з лесу вялікую, пад столь, елку, і падарожжа ў навагоднюю казку пачыналася...


Свой першы свядомы Новы год Ларыса адзначала ў 1969-м, калі ёй было 4 гады.

— Маці зрабіла мне карону і пашыла сукенку з марлі, — дэманструе яна фота тых гадоў. —Марлю крухмалілі, каб яна трымала форму. А карону майстравалі з кардона, ваты і абцягвалі таксама марляй. Зверху яна ўпрыгожвалася пацеркамі.

Ёсць у мастачкі невялічкая скрыня з самымі запаветнымі ёлачнымі цацкамі, якія суправаджалі яе ў дзяцінстве.

— Я дакладна ведаю, што іх купілі напярэдадні 1963 года, калі маёй сястры Але было ўсяго 1,5 годзіка, — удакладняе яна. — Бацькі тады жылі ў маленькай вёсачкі Сакалоўка каля Галоўчына, адтуль яны на грузатаксі паехалі ў Магілёў і купілі там ёлачныя цацкі.

З каробкі адзін за адным вымаюцца цацачныя дзяўчынка на металічнай прышчэпцы, голуб, сава, шышкі...

— Наогул, гэтых цацак дзяцінства была вялікая скрыня, але яны вельмі крохкія, асабліва шары, — кажа суразмоўніца. — Летам гэта навагодняя казка стаяла пад ложкам. Пра яе мы нават не ўспаміналі — шмат іншых было забаў. А перад Новым годам зноў вярталіся ў казачную атмасферу.

Ларыса дастае бліскучага кракадзіла з тонкага пластыку. Такіх, усміхаецца яна, тата купіў з запасам. Яны якраз уваходзілі ў моду.

А вунь з тым маленькім ліхтарыкам наогул звязана цёплая навагодняя гісторыя. Яго падарыла ў трэцім класе сяброўка Воля, з якой хадзілі разам у школу.

— Яна жыла з бабуляй у маленькім дамку, — усміхаецца сваім успамінам Ларыса. — У іх нават ёлка была маленькая з малюсенькімі цацкамі. Яна якраз зняла гэтую цацку з ёлкі і падарыла мне. Гэта вельмі ўразіла.

Самая вялікая ёлачная цацка — шкляны цяжкі шар, які нават не вешалі на ёлку, а клалі на падлогу побач з Дзедам Марозам, — на жаль, не захавалася.

— Гэты шар маці падарыла яе знаёмая Люба, — удакладняе суразмоўніца. — Ён быў вялізны, з вельмі тоўстага шкла, яго было цяжка трымаць адной рукой. Больш я такіх нідзе не бачыла. У нас потым было шмат розных шароў, але настолькі тонкіх і крохкіх, што яны часта біліся, і даводзілася купляць новыя. Той вялікі шар захоўваўся вельмі доўга, потым кудысьці знік.

Маленькай Ларысы ў дзяцінстве здавалася, што Новы год — гэта свята ёлкі. Маўляў, вось яна, прыгожая, прыязджае з лесу ў дом да людзей, яе прымаюць як дарагога госця, упрыгожваюць, захапляюцца. Ад яе паху нават галава кружылася.

— Я верыла, што ўсе гэтыя казачныя істоты, якімі мы ўпрыгожваем ёлку, дзесьці ў іншай рэальнасці існуюць, — дзеліцца мастачка. — І Новы год — магчымасць далучыцца да гэтага жыцця. Як ні дзіўна, але жадання ўбачыць Дзеда Мароза не было. Я ведала, што ён абавязкова схаваецца ад мяне. Для людзей гэты казачны свет закрыты. Проста ў пэўны час ён да нас прыбліжаецца. Мне падабалася адкрыць ноччу дзверы ў пакой, дзе стаіць ёлка, і назіраць, як мігцяць таямнічым святлом навагоднія цацкі і ціха падаюць на падлогу іголачкі.

Дарэчы, ёлку ўпрыгожвалі выключна дзеці — Ларыса і яе старэйшая сястра Ала. Бацькоўскія абавязкі зводзіліся да дастаўкі зялёнай прыгажуні з лесу і замацавання яе ў спецыяльным вядры з пяском. Часцей за ўсё сёстры прыбіралі ёлку 31 снежня. Яна стаяла ў зале ў цэнтры. Недахоп цацак замяняла вата, яе наогул шмат ішло на ёлку. Дзяўчынкі нанізвалі яе на нітку і развешвалі па ўсім пакоі. На вокны клеілі сняжынкі з паперы. Зала нагадвала зімовы лес, дзе няспынна ідзе снегапад.

Упрыгожвалі ёлку і цукеркамі, якія прыносілі з работы для дачок бацькі. А бабуля, якая перажыла вайну і наогул не бачыла навагодніх цацак, загортвала ў фольгу ад цукерак кавалачкі хлебнага мякішу, прывязвала нітачку і вешала на ёлку. Гэта былі самыя простыя цацкі, але зробленыя з любоўю. Нягледзячы на распаўсюджанае меркаванне, што савецкія дзеці верылі ў Дзеда Мароза, Ларыса Журавовіч і яе сястра ведалі, што цукеркі праз бацькоў ім перадае не казачны дзед, а прафсаюз. Іх у каробачцы было няшмат, і вельмі хацелася расцягнуць задавальненне. У якасці ёлачных упрыгажэнняў яны захоўваліся нядоўга. Хутка пасля Новага года знікалі шакаладныя цукеркі, услед за імі — карамелькі.

Сёння Дзеду Марозу якіх толькі заказаў не робяць: і айфоны, і планшэты.

— У савецкіх дзяцей такіх запытаў і блізка не было, — усміхаецца Ларыса. — Нам дастаткова было свята. А жаданні, калі пастарацца, самі выконваліся. Хацелася аднаго: каб блізкія былі здаровыя і шчаслівыя. Пра матэрыяльнае нават не марылі. Ведалі, якія ў бацькоў зарплаты і што на іх асабліва нічога не купіш. Цукеркі з мандарынамі былі самай вялікай радасцю. Мандарыны наогул бачылі вельмі рэдка. Памятаю, як аднойчы тата прывёз нам гэтую смакату, і мы з сястрой цэлы Новы год толькі іх і елі. Бо казалі: як сустрэнеш Новы год, такі ён і будзе. Хацелі ўвесь год есці мандарыны.

За навагодні стол сям'я садзілася а дзясятай гадзіне вечара. Праводзілі стары год, ласаваліся навагоднімі стравамі, якія рабіла маці разам з бабуляй, слухалі бой курантаў. Сёстры, калі падраслі, бегалі на ёлку да райвыканкама, каталіся з сябрамі з горкі. Новы год — гэта ж яшчэ і канікулы.
А Ларыса з чацвёртага класа жыла ў Мінску, вучылася на мастачку ў рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве імя І. Ахрэмчыка.

— Бацькі шмат працавалі і марылі пра больш лёгкі, як ім здавалася, лёс для дзяцей, — усміхаецца яна. — Я вучылася на мастачку, сястра — на музыканта. З дзяцінства нядрэнна малявала, і настаўніца параіла развіваць здольнасці. Калі да нас у школу прыехала камісія з мінскай установы, каб адабраць найбольш таленавітых дзяцей, я трапіла ў лік шчасліўчыкаў. У школе-інтэрнаце таксама адзначалі Новы год, але гэта было напярэдадні. А свята мы адзначалі выключна з сям'ёй.

Запомнілася, што ў больш дарослым узросце сямейнікі сталі абменьвацца невялічкімі падарункамі. Ларыса рабіла каробку з кардону, упрыгожвала яе зорачкамі з фольгі, клала туды падарунак і дарыла бацькам. Яны радаваліся як малыя.

Першы час ужо ў сваім вялікім доме Ларыса з мужам Вячаславам заўсёды ставілі высокую ёлку і прыбіралі яе старадаўнімі цацкамі. Прычым выключна савецкімі. Яны знаходзілі іх на блышыных рынках, у камісіёнках, на «Куфары» — інтэрнэт-пляцоўцы прыватных аб'яў. І Ларыса рабіла шмат адкрыццяў. Як мала ведала яна пра гэтыя цацкі ў дзяцінстве! Напрыклад, вось пра гэтыя незразумелыя формы з пацерак.

— Шкляныя пацеркі — гэта класіка, яны былі ў доме любой савецкай сям'і, — кажа яна. — Але для мяне было адкрыццём, што з іх можна было зрабіць так шмат незвычайных канструкцый. Глядзіце, якія прыгожыя, амаль касмічныя формы атрымліваюцца. Днямі не ўтрымалася, купіла яшчэ адну фігурку з гэтай серыі. На жаль, пакупка савецкіх цацак становіцца ўжо даволі дарагім задавальненнем. Калі цацка каштуе больш чым тры рублі, я не спяшаюся яе набываць. Так што не столькі калекцыянірую, колькі зрэдку сябе радую.

Пра мінулае нагадваюць шкляны піянерскі горн, круцёлка, нават касмічны спадарожнік. Асобны цыкл — садавіна-гародніна. У калекцыі ёсць грэцкі арэх, стручок гароху, морква ў шкле. З апошняга  сімпатычны мухамор і вялікая сунічка.

— Паступова сабралася калекцыя домікаў, снегавікоў, малечы на санках, — знаёміць яна са сваім скарбам. — Некаторыя цацкі — сапраўдныя творы мастацтва. Як вось гэты заварнік з вельмі тонкім носікам і маляўнічым роспісам на баку. Або вось гэты казачны дзед з невадам. Паглядзіце, якая ювелірная рэч, як выразна намаляваныя вочы і іншыя дробныя дэталі.

Ларыса вельмі перажывае, што мы хутка забыліся пра свае навагоднія сімвалы. Змянілі добрага дзядулю ў доўгім, у падлогу, кажуху на спартыўнага Санту Клауса. І пра песні свае забыліся. Мурлыкаем пад нос шараговае Jіngle Bells замест «У лесе нарадзілася елачка».

— Масавая амерыканская культура ўрываецца ў наша жыццё і ўсё забівае, — перажывае яна. — Хутка мы зусім забудземся і пра нашы цацкі, і пра песні, і пра традыцыі. Надзеў чырвоную шапачку, узяў бутэльку шампанскага — і ўся нагода. Страчваецца тайна свята, пераемнасці, усе святы становяцца падобныя адно на адно. Вы звярнулі ўвагу, што сёння на вуліцы амаль няма снегавікоў? У маім дзяцінстве іх рабілі ў кожным двары — сапраўдных — з морквай замест носа, старымі вёдрамі на галаве, мётламі. А яшчэ мы будавалі снежныя крэпасці. Весела было. Для мяне Новы год — па-ранейшаму ўнікальная магчымасць акунуцца ў іншую рэальнасць, нешта ўспомніць. І, як у дзяцінстве, дастаць старую каробку з навагоднімі цацкамі, адкрыць яе і паглыбіцца ў сузіранне. Адчуванне Новага года мацнейшае, чым само свята.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Бялынічы

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні магчымыя даволі няпростыя сітуацыі.

Здароўе

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.