Вы тут

Лечым гаймарыт без памылак. Ці варта грэць і як прамываць?


Захварэць на гаймарыт можа кожны, але ў асноўную групу рызыкі ўваходзяць людзі, якія ўвесь час прастуджваюцца, пакутуюць ад хранічнага насмарку, маюць парушэнні імунітэту або няправільнае развіццё анатамічных структур поласці носа.

Гаймарыт — гэта запаленне слізістай абалонкі верхнясківічных прыдатачных пазух носа. У працэс запалення могуць уцягвацца адна або абедзве гаймаравы пазухі. Даволі часта гаймарыт пачынаецца пасля працяглага насмарку ці прастуды, якія былі не да канца далечаны. Як своечасова заўважыць гаймарыт і вылечыць яго? Што прыводзіць да хранічнай формы? І ці можна пры гаймарыце грэць нос? Пра гэта размаўляем з отарыналарынголагам 11-й гарадской паліклінікі Мінска Дар'яй ЧФАС.


— Дар'я Алегаўна, як адрозніць гаймарыт ад звычайнага насмарку? Якія відавочныя сімптомы гаймарыту?

— Гаймарыт суправаджаецца галаўным болем, пачуццём распірання ў праекцыі верхнясківічных пазух (пацыент гэта адчувае ў шчоках), пачуццём ціску ў пераноссі, верхніх зубах, дыскамфортам пры нахіле галавы наперад, слізіста-гнойных выдзяленнях з носа, павышэннем тэмпературы цела, сцяканнем гною па задняй сценцы глоткі.

— Што прыводзіць да гаймарыту? Захварэць можа кожны ці ёсць пэўныя групы рызыкі?

— Часцей за ўсё гаймарыт узнікае як ускладненне прастудных інфекцыйных захворванняў, такіх як грып і ВРВІ. Спрыяць узнікненню і развіццю гаймарыту могуць паніжаны імунітэт, асаблівасці будовы насавых хадоў (напрыклад, скрыўленая насавая перагародка), схільнасць да алергічнага насмарку, павышаная адчувальнасць вегета-сасудзістай сістэмы да раздражняльнікаў — так званы вазаматорны рыніт.

— Ці праўда што маладыя людзі хварэюць часцей, чым пажылыя?

— Да гаймарыту схільныя людзі абсалютна розных узростаў.

— Як лечыцца гаймарыт і ці абавязкова прымаць антыбіётыкі?

— Для лячэння гаймарыту неабходны прыём антыбіётыкаў, антыгістамінных прэпаратаў, сасудазвужальных кропель для зняцця ацёку слізістай носа, прэпарату для разрэджвання гною ў пазухах (сінупрэт, АЦЦ), а таксама прамыванне гаймаравых пазух (апаратнае прамыванне з выкарыстаннем адмоўнага ціску «Зязюля») і прамыванне носа солевым растворам. А пры неэфектыўнасці медыкаментознага лячэння робіцца пракол гаймаравай пазухі.

— Што важна ведаць, каб захворванне не перайшло ў хранічную форму?

— Да хранічнага гаймарыту могуць прыводзіць захворванні зубоў верхняй сківіцы, грыбковае паражэнне верхнясківічнай пазухі (грыбковае цела, або міцэтома), дабраякасныя і злаякасныя пухліны. Пухліна перашкаджае адтоку слізі, а яе клеткі выпрацоўваюць рэчывы, якія выклікаюць запаленне ў навакольных тканках. Таксама да хранічнага гаймарыту вядуць інфекцыі, алергіі, анамаліі будовы поласці носа і каляносавых пазух.

— Пры лячэнні гаймарыту ці можна прыкладваць цяпло, дыхаць над цёплай парай?

— Пры лячэнні гаймарыту нельга грэць нос і каляносавыя пазухі, бо цеплыня толькі ўзмоцніць ацёчнасць. Нельга наведваць лазні і сауны.

— Якая прафілактыка гаймарыту?

— Яна накіравана на ўмацаванне агульнага імунітэту. Для гэтага варта займацца спортам і іншымі відамі фізічнай актыўнасці, апранацца па надвор'і, часцей бываць на свежым паветры. Таксама старайцеся збалансавана харчавацца, адмовіцца ад шкодных звычак. Важна своечасова лячыць прастудныя захворванні і хранічныя хваробы насаглоткі, сачыць за здароўем поласці рота і наведваць стаматолага ў прафілактычных мэтах.

Пры наяўнасці скрыўленай насавой перагародкі, якая замінае нармальнай цыркуляцыі паветра праз нос, рэкамендуецца зрабіць аперацыю па яе выпраўленні. Пры схільнасці да алергій трэба пазбягаць кантакту з алергенам і прымаць аператыўныя меры для ўхілення алергічнага рыніту, а таксама старацца пазбягаць стрэсаў, якія зніжаюць ахоўныя сілы арганізма.

Алена КРАВЕЦ 

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як ідзе галасаванне ў самым маладым раёне сталіцы?

Як ідзе галасаванне ў самым маладым раёне сталіцы?

«Абавязак кожнага беларуса — прагаласаваць за сваю будучыню».

Эканоміка

Эксперт: «Выкананне прагнозных паказчыкаў — задача складаная, але рэальная»

Эксперт: «Выкананне прагнозных паказчыкаў — задача складаная, але рэальная»

Мы змаглі пераадолець наступствы заходняга санкцыйнага ціску.

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.