Вы тут

Народны артыст Беларусі Антон Краўчанка: «Быць прынцам сумнавата»


Калі не ён прынц, дык хто ж тады? І я зараз маю на ўвазе не вобразы з балетаў, у якіх можна бачыць гэтага артыста. Сэнс, які жаночая палова чалавецтва ўкладае ў паняцце «прынц», у дадзеным выпадку падмацоўваецца яшчэ і беларускім менталітэтам, калі ўсе казкі можна ствараць самому. Прычым і ў жыцці, і на сцэне. І з беларускім хэпі-эндам: узнагародай за працавітасць. У мінулым ужо годзе званне народнага артыста Беларусі прысвоена Антону Краўчанку, артысту балета. Тое, што элітны від мастацтва папаўняе шэрагі народных, самога артыста не здзіўляе, таму што ён кожны дзень адчувае ўвагу прыхільнікаў балета, якіх у нас нямала, а ёсць тыя, хто ходзіць у Вялікі тэатр «на Краўчанку», і разумее, колькі працы стаіць за высокім званнем:


— Яно даецца па факце таго, што ўжо зроблена, — адзначае Антон. — Наша прафесія своеасаблівая, якая патрабуе вялікіх фізічных сіл і працавітасці, бо не проста так раней яе прадстаўнікі рана сыходзілі на пенсію. З гадамі адыходзяць сілы, здароўе, страчваецца форма, якая дае магчымасць працаваць. Гэта як спорт: трэба ўвесь час даказваць, што ты здольны выходзіць на сцэну і паказваць вынік. Я б сказаў, што прызнанне да мяне прыйшло даўно, а званне нашмат пазней. Безумоўна, гэта вельмі прыемна: я ўсё жыццё аддаў балету і гэтаму тэатру.

— Толькі адзін тэатр у кар'еры — як вам гэта ўдалося?

— Былі прапановы, але заўсёды ёсць момант выбару. Хтосьці з'язджае, выбірае грошы і выдатна сябе адчувае. Але кожны сам нясе адказнасць за свой выбар.

— Ваш выбар быў абумоўлены запатрабаванасцю?

— Хутчэй, так лёс распарадзіўся. Я нават не думаў, што прыйду ў гэты від дзейнасці. Сядзеў у школе за партай, і да нас прыйшлі нейкія людзі, мяне некуды адабралі, сказалі, калі і куды трэба прыйсці. Я прыйшоў, мяне зноў адабралі. Пасля я вучыўся, вучыўся, вучыўся і трапіў у наш тэатр — зноў адабралі. Чарада падзей, якія бываюць у жыцці кожнага чалавека.

— Далёка не кожны хлопчык, якога адабралі ў балет, прыйдзе і застанецца.

— Я прыходзіў у іншай краіне, якая «ў галіне балета была наперадзе планеты ўсёй». І тады балетная кар'ера давала шмат плюсоў. Адразу пасля заканчэння школы ў цябе была прафесія. Яна дазваляла мець магчымасць выязджаць за мяжу. Ранні выхад на пенсію, чаго зараз ужо няма. Потым часы змяніліся, і зараз нашмат больш выгадна аддаць свайго хлопчыка ў хакей напрыклад — там яшчэ больш плюсоў. Вось і ўзніклі праблемы з камплектаваннем балетных труп мужчынамі не толькі ў нас, але і ў Расійскай Федэрацыі. Праца цяжкая, каласальныя нагрузкі, супастаўныя з нагрузкамі шахцёраў. Але калі дзіцём паступаеш у балет, пра гэта не задумваешся, як і пра тое, што трэба будзе кожны дзень хадзіць у залу і гадзінамі займацца. Мая мама ў маладосці прафесійна займалася плаваннем, і заўсёды казала мне, што ў яе было па тры трэніроўкі на дзень: раніцай, днём і ўвечар. Гэтаксама і ў нас.

А потым, у свядомым узросце, больш задумваешся пра тое, як танцуеш, чым пра тое, што гэта работа, спалучаная з цяжкасцю. Ты ж не проста так прыйшоў — узяў вагу ці не ўзяў, як гэта бывае ў штангістаў, а ствараеш вобраз, нараджаеш танец, каханне.

— Ці бывала такое, калі вы бачылі ў нейкім героі сябе?

— Любы артыст прапускае ролю праз сябе. Таму адзін і той жа спектакль з рознымі выканаўцамі можа ўспрымацца па-рознаму. Напрыклад, я танцую Спартака так, як я яго бачу. Гэта маё ўспрыманне свету і чалавечага жыцця. Мусіць, добра, калі глядач можа ўбачыць розныя ўвасабленні. Але прафесіяналізм артыста яшчэ і ў тым, каб не капіраваць сябе ва ўсіх вобразах, калі і Рамэа, і Спартак або Атэла могуць атрымліваюцца аднолькавымі. Майстэрства ў тым, каб умець паказаць і злога, і закаханага, і мужнага чалавека. Каб былі розныя фарбы, трэба шукаць у кожным персанажы характэрныя менавіта для яго рысы. Калі я рыхтуюся да ролі, то разважаю: а як ён думаў, чым ён жыў? Якія тады былі часы? Што паўплывала на яго характар?

— Вам больш блізкія героі ці прынцы?

— Не, не прынцы. На мой погляд, быць прынцам сумнавата: паказваць, які ён далікатны і ранімы, як усё трагічна ў яго лёсе. Для мяне гэта адна фарба. А калі выконваеш Спартака ці князя Уладзіміра, то менш рамак, у якіх ты знаходзішся, таму персанаж атрымліваецца больш цікавым, нягледзячы на тое, што харэаграфія зададзена. Але нават калі трэба толькі правесці рукой, важна, як ты гэта робіш. Як дакрануўся да партнёркі? Якая пры гэтым будзе пастава твайго корпуса? Як ты на яе паглядзіш? Вось гэта артыст шукае сам. Альбо ты любіш, альбо ненавідзіш, альбо ўвасабляеш злыдня, альбо рамантычнага героя. Наш інструмент — цела, з яго дапамогай мы маем зносіны з гледачом і, змяняючы паставу корпуса, рук, ног, мяняем і характар свайго героя.

— Ці ёсць у вас перавагі па харэаграфіі? У тэатры ж розныя спектаклі — ад класікі да сучасных балетаў Елізар'ева.

— Сучасны танец у чыстым выглядзе — не зусім мая гісторыя, больш блізкае нешта сярэдняе паміж ім і класікай. Мне падабаецца рэпертуар нашага тэатра. Гэта адна з прычын, чаму я тут. Танцоўшчык жа выбірае не толькі зарплату, але і патэнцыял для раскрыцця. Як можна працаваць, няхай нават за вялікія грошы, але рабіць тое, што табе не падабаецца? Я станцаваў усе спектаклі Елізар'ева, і нават тыя, якія зараз не ідуць, можна сказаць, што на іх я вырас, памужнеў і ператварыўся ў сапраўднага артыста. Мне падабаецца, што ў іх ёсць звышзадача, як і ў спектаклях Траяна і некаторых іншых балетмайстраў, якія тут ставілі. Напрыклад, цудоўны балет «Ганна Карэніна» Вольгі Костэль. Трэба думаць, як раскрыць той ці іншы вобраз, каб глядач насіў яго з сабой і нейкі час працягваў разумова мець зносіны з героем. Калі я трапляю на добры спектакль у драматычным тэатры, я яшчэ некалькі дзён пракручваю ў свядомасці тое, што ўбачыў. Мне падаецца, што ёсць балетныя спектаклі, якія глядач таксама працягвае аналізаваць, калі ўжо знаходзіцца дома.

— А што больш цяжка танцаваць фізічна?

— Вядома, спектаклі з драматычным сюжэтам. Заўсёды лягчэй танцаваць без эмоцый і без глыбокіх вобразаў. Проста прыходзіць і адпрацоўваць неабходныя рухі. Напрыклад, прайсці «Спартак» без эмоцый у некалькі разоў лягчэй, чым з эмоцыямі. Я ў гэты спектакль уводзіў Дзяніса Шпака. Кажу яму: вось зараз будзе вельмі цяжка. Калі пасля першага акта я падышоў да сцэны, ён з цяжкасцю прашаптаў: «Я разумеў, аб чым вы папярэджвалі, але не думаў, што будзе настолькі цяжка». Калі ствараеш вобраз і робіш рухі ад сэрца, ад душы, жывеш сваім персанажам, аддаеш сябе цалкам, то сіл сыходзіць у разы больш. Але і гледачы гэта бачаць, адчуваюць і цэняць.

— Ці ўплывае на поспех ролі партнёрства? Ці ўлічваюцца пажаданні артыстаў, з кім танцаваць?

— Безумоўна! Добры партнёр (партнёрка) — залог поспеху. Бо разам любую справу рабіць лягчэй. Мне больш падабаецца танцаваць у пары, чым аднаму. І ніколі я не адмаўляўся і не выбіраў партнёрак. Лічу, што з рознымі партнёрамі можна раскрыць больш якасцяў у адным і тым жа персанажы. Ну і зноў жа — гэта праца. Ці мала якія ў жыцці адносіны з чалавекам, але ты павінен выйсці на сцэну і танцаваць так, як быццам вы кахаеце адно аднаго больш за жыццё.

— А як вы змаглі падзяліць работу і дом?

— Так, мы не працуем разам з жонкай. Яна таксама ў мастацтве — артыстка балета ў цырку. У нас па хвілінах разлічана, з кім і калі знаходзяцца дзеці, хто адводзіць, хто забірае. Хацелася б больш часу аддаваць ім. Мне падабаецца сядзець з дзецьмі, не раздражняе плач ці гучныя гульні. Шчыра кажучы, калі б узровень заробку быў вышэйшы у жонкі, я цалкам мог бы нават аформіць дэкрэт, тым больш што заканадаўства гэта дазваляе. У мяне ў гэтым сэнсе няма прадузятасці. У нас, на жаль, усяго адзін выхадны на тыдзень. Няма такога, каб можна было колькі заўгодна часу прысвяціць сям'і, дзецям. Па вечарах кожны дзень спектакль, а раніцай трэба ўставаць, бо дзяцей везці ў школу, у садок. Увечары, як гэта часта бывае ў тэатральных сем'ях, дзеці ў тэатры ці ў цырку глядзяць, як бацькі працуюць.

— А былі моманты, калі на нейкі час выбывалі са строю і гаварылі сабе: нарэшце ёсць магчымасць адпачыць?

— Так, калі ідзеш на бальнічны. З аднаго боку табе кепска, ты хварэеш, а з другога — думаеш, можа і добра што захварэў, хоць адпачну. У нас ва ўсіх ёсць свае прафесійныя захворванні. Часцей за ўсё яны паходзяць ад перагрузак. Нехта можа спыніцца, адпачыць і зберагчы сябе ад сур'ёзных траўмаў, а нехта спрабуе перажыць, перацярпець. У многіх такое бывае менавіта ў пачатку шляху, калі партыі сыплюцца як з рога дастатку. Рыхтуеш партыю за партыяй, пры гэтым ужо ідуць спектаклі з тваім удзелам, а паралельна рэпеціруеш прэм'еру.

— А паберагчы сябе, танцаваць не на поўную моц?

— Я ўсё спрабую навучыцца гэтаму. Ужо нібыта па ўзросце можна. Нават і па званні — усё зразумеюць. А вось не магу: трэба выкласціся, калі ўжо выйшаў на сцэну, бо глядач не вінаваты, што табе цяжка і, як кажуць, далёка не 18. Вось так 20 гадоў і праляцелі, як адно імгненне.

— Што для вас найлепшы адпачынак?

— Жонка кажа, што я не ўмею адпачываць. Няма такога, каб на рыбалку з'ездзіць ці яшчэ неяк адцягнуцца. Мне б проста паляжаць, ды не — заўсёды знаходжу сабе занятак. У артыстаў балета так мала выхадных у прынцыпе, што гэты адзіны дзень распланаваны з раніцы да вечара. А калі ён заканчваецца, аказваецца, што на палову спраў не хапіла часу.

— Пры гэтым вы нават дом здолелі пабудаваць сваімі рукамі.

— Калі б я мог сабе дазволіць наняць людзей, якія б гэта зрабілі, вядома, не займаўся б сам. Але мне было нескладана і часам, па маладосці, нават цікава. Плюс фінансавыя выдаткі былі расцягнутыя на гады, таму што будаваў у растэрміноўку, і я быў на 100% упэўнены ў якасці, паколькі ўсё рабіў сам і для сябе. Мне заўсёды падабалася прымаўка: не бойцеся рабіць нешта самі, памятайце, што аматар пабудаваў каўчэг, а прафесіяналы — «Тытанік».

— Вы атрымалі вышэйшую адукацыю ў галіне эканомікі, хаця лагічна было б атрымаць дыплом у сферы культуры...

— Навошта вучыцца таму, што я і так ведаю? Напрыклад, у нас ёсць спецыяльнасць «педагог рэпетытар». Але я ж яе і так разумею, ужо 10 гадоў гэтым займаюся. А марнаваць час дзеля дакумента сэнсу не бачу. Але мне заўсёды падабалася матэматыка. Цікавілі асновы эканомікі. І мне былі вельмі цікавыя прадметы, якія выкладалі ў Акадэміі кіравання. Нават паліталогія, самы сумны прадмет у школе, для мяне было адкрыццём, што яе ўвогуле можна так цікава выкладаць.

— Эканоміка — гэта, у прынцыпе, «бытавуха». А тэатр заўсёды недзе над ёй.

— Тэатр не існуе па-за жыццём, ён заўсёды пра яго. Мне цікава, як усё ў ім узаемадзейнічае. Я ўвогуле лічу, што эканоміку трэба выкладаць у школе. Кожны чалавек павінен ведаць асновы функцыянавання дзяржавы. Што перад ім заўсёды стаіць выбар, што вырабляць зараз — масла ці гарматы? І тады людзі будуць разумець, чаму адбываецца менавіта так, а не інакш.

Потым я вырашыў, што мне мала, і пайшоў вучыцца на міжнародныя адносіны і ў магістратуру — яшчэ больш паглыбіўся ў філасофію і паліталогію. І мне ўсё гэта было вельмі цікава яшчэ і дзякуючы цудоўным выкладчыкам у акадэміі. Пры гэтым танцаваў увечары спектаклі. Атрымлівалася ўсё паспяваць, кіраўніцтва ішло насустрач з больш зручным графікам.

— Што ж не бераглі сябе? Няўжо занадта высокая нагрузка не спалучана з пагрозамі траўматызму? І ці ёсць у артыстаў балета свая «тэхніка бяспекі»?

— Пакуль што мне шанцавала: не было занадта сур'ёзных траўмаў. Небяспечна, калі здараюцца парывы звязак, нават пераломы не такія страшныя: месяц у гіпсе — і парадак. А са звязкамі будзеш пакутаваць усё астатняе жыццё.

— Жыццё ў балеце — суцэльны шлях пераадоленняў. Гэта ў вас у характары, ці спецыяльна трэніруецеся?

— Кожны дзень, пачынаючы з пятага класа каледжа, пражываеш, пераступаючы праз сябе. І гэта працягваецца, пакуль ты не скончыш танцаваць. Прачынацца раніцай, прыходзіць на ўрок класічнага танца. Падлічыў, што, займаючыся адным толькі ўрокам класічнага танца штодзень, я аддаў цэлы год жыцця. А гэта патрэбна для таго, каб трымаць сябе ў форме.

Штодзённае пераступанне праз сябе, мабыць, адно з самых складаных, што ёсць у нашай прафесіі. Калі наперад ведаеш, як табе будзе цяжка, як ты будзеш паміраць на сцэне, вобразна гаворачы. Але ты ўсё роўна ідзеш і танцуеш, выкладваешся цалкам. І ўсё думаеш, як зрабіць лепш, як вышэй скокнуць, як ускладніць. Бо калі я магу і пакуль магу, то трэба зрабіць максімальна добра, максімальна складана, максімальна эфектна.

— Ці ёсць нейкая роля, якую вы б яшчэ вельмі хацелі станцаваць?

— У нашым тэатры я станцаваў практычна ўсё. Ніколі не прасіў роляў.

Ролі, якія мне падабаліся, я танцаваў усе. Знакавыя — Спартак, князь Уладзімір, Вітаўт, Хазэ, Адам, Зігфрыд, Шчаўкунчык, Альберт, Вронскі.

— Частку сваіх роляў вы перадаяце маладым артыстам. Як гэты момант даецца эмацыянальна?

— Я ж не буду танцаваць вечна... Разумею, што прыйдзе дзень, калі трэба будзе пайсці са сцэны. І трэба думаць пра гэта загадзя, перадаваць досвед маладым артыстам. Мне здаецца, што ім цікава. Як мне ў свой час было цікава працаваць з Юрыем Траянам, які быў бліскучым артыстам. Ён паказваў і расказваў, як лепш зрабіць, як працаваць над вобразам. Я ў яго шмат чаму навучыўся і не дабіўся б такіх поспехаў без яго падтрымкі. Заўсёды так адбываецца, але хтосьці павінен застацца і танцаваць рэпертуар.

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота з архіва героя і Вялікага тэатра Беларусі 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».