У традыцыйным аглядзе «Звязды» расказваем самыя цікавыя навіны.
Гульня тыдня. Хакей. Мінскае «Дынама» перапыніла серыю паражэнняў у рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі. У першым матчы 2023 года «зубры» на выездзе сустрэліся з хабараўскім «Амурам». Вынік — 4:1. Шайбы ў вароты саперніка закінулі Павел Варфаламееў, Нік Мерклі, Раман Гарбуноў і Раян Спунер. Папярэдняя перамога «Дынама-Мінск» была 2 снежня. Мінчане па-ранейшаму на 9-м месцы ў Заходняй канферэнцыі КХЛ, але адставанне ад зоны плей-оф скарацілася да аднаго ачка. Наступны матч выязной серыі хакеісты «Дынама-Мінск» правядуць у чацвер супраць «Адмірала» ва Уладзівастоку.
З перамогі пачалі год і яшчэ адны дынамаўскія хакеісты. Бабруйскі «Дынама-Шыннік» працягвае сваё выступленне ў чэмпіянаце Маладзёжнай хакейнай лігі. Першым сапернікам хакеістаў у новым годзе стаў «Тайфун», які прадстаўляе Прыморскі край РФ. Вынік сустрэчы — 5:4 на карысць беларусаў. У бабруйскай камандзе адзначыліся Ягор Борыкаў і Данііл Сатышвілі, які аформіў дубль, Кірыл Грышкоў і Яўген Бурак.
Дзякуючы серыі з пяці перамог запар «Дынама-Шыннік» замацаваўся ў зоне плей-оф МХЛ: беларусы з 47 ачкамі ідуць 2-мі ў «Сярэбраным» дывізіёне Захаду і 6-мі ў агульнай табліцы канферэнцыі.
Адметная падзея і ў салігорскім «Шахцёры». Нападаючы клуба Аляксандр Жыдкіх правёў тысячны матч у рэгулярных чэмпіянатах Беларусі. Юбілейную гульню нападаючы з Наваполацка правёў супраць «Дынама-Маладзечна», якая скончылася перамогай салігарчан з лікам 3:0. Аляксандр Жыдкіх — першы гулец у гісторыі беларускага хакея, які правёў 1000 матчаў у рэгулярных чэмпіянатах краіны. Форвард іграе на топ-узроўні з 2000 года, на працягу кар’еры Жыдкіх выступаў за «Віцебск», «Юнацтва», «Юніёр», «Хімік», «Керамін», «Гомель», «Нёман» і «Шахцёр». Нападаючы з’яўляецца 4-разовым чэмпіёнам Беларусі. Таксама хакеісту належаць званні лепшага бамбардзіра, снайпера і асістэнта ў гісторыі беларускай экстралігі. За 1000 матчаў у рэгулярных чэмпіянатах краіны Жыдкіх зарабіў 741 дзейсны бал — ні адзін іншы гулец не набіраў больш за 700 ачкоў у эліце беларускага хакея.
Каманда тыдня. Баскетбалісты «Мінска» 14-ы раз сталі ўладальнікамі Кубка Беларусі. На пляцоўцы магілёўскага спарткомплексу «Алімпіец» у вырашальным паядынку 26-га кубкавага розыгрышу мінчане перамаглі «Гродна-93» з вынікам 77:63.
Бронзавым прызёрам стаў «Барысфен», які перамог у матчы за трэцяе месца «Рубон» з лікам 75:66.
Медалі тыдня. Беларускія канькабежцы заваявалі дзевяць медалёў на чэмпіянаце Расіі. На рахунку нашай каманды пяць залатых медалёў, адна сярэбраная і тры бронзавыя. Трохразовай пераможцай турніру стала Марына Зуева, якая паказала лепшыя вынікі на дыстанцыях 3000 м і 5000 м, а таксама ў мас-старце. Беларускія квартэты сталі пераможцамі ў жаночым і мужчынскім камандным спрынце. Бронзавыя прызёры турніру: Ганна Дамарацкая (500 метраў) і Віктар Рудэнка (1000 метраў). Бронзу заваявала і беларуская каманда ў гонцы пераследу. Мужчыны ў гэтай дысцыпліне сталі сярэбранымі прызёрамі.
Аб’ява тыдня. Больш за 70 міжнародных спартыўных мерапрыемстваў пройдзе ў Беларусі ў 2023 годзе. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў ад 27 снежня 2022 года нумар 921. У пералік мерапрыемстваў уключаны міжнародныя спаборніцтвы па баскетболе Palova Snowball 3×3, 52-і міжнародны турнір па вольнай барацьбе на прызы трохразовага алімпійскага чэмпіёна па вольнай барацьбе Аляксандра Мядзведзя, міжнародныя спаборніцтвы па веласіпедным спорце на трэку «Гран-пры Мінска» і Мінскі міжнародны паўмарафон.
Таксама ў спіс увайшлі міжнародны турнір па таэквандо ITF «Адкрыты Кубак Садружнасці Незалежных Дзяржаў — Кубак свету», міжнародны турнір па хакеі з шайбай сярод юнакоў 2008–2012 гадоў нараджэння 2023 World Selects Invitational AAA Boys, міжнародны шахматны турнір «Мінск-2023».
Валерыя СЦЯЦКО
«Залатая падаплёка крылаў... »
АВЕН. На гэтым тыдні магчымыя даволі няпростыя сітуацыі.
Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.