Вы тут

Дэпутат Людміла Ніжэвіч — аб прыярытэтах бюджэтнай палітыкі сёлета


 Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў у другім чытанні разгледзелі законапраект «Аб рэспубліканскім бюджэце на 2023 год». Асноўны фінансавы дакумент краіны на дзясятай сесіі адобрылі і члены Савета Рэспублікі. У цэлым расходы рэспубліканскага бюджэту на будучы год запланаваны ў аб'ёме 36,5 млрд рублёў, даходы — у 33,4 млрд рублёў. За гэтымі лічбамі — канкрэтныя праекты, накіраваныя на падтрымку нацыянальнай эканомікі, павышэнне дабрабыту грамадзян.


Фота: БелТА.

— Людміла Іванаўна, рэспубліканскі бюджэт на 2023 год сфарміраваны і ўжо адобраны парламентарыямі. Раскажыце, калі ласка, якая работа папярэднічала прадстаўленню асноўнага фінансавага дакумента краіны ў ніжняй палаце парламента?

— Законапраект «Аб рэспубліканскім бюджэце на 2023 год», унесены ў Палату прадстаўнікоў Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь 24 лістапада, прайшоў тры чытанні: нулявое (з удзелам прэм'ер-міністра), першае і другое. Праект закона быў прыняты парламентарыямі 20 снежня 2022 года. Гэтаму папярэднічалі пашыранае пасяджэнне Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах пры непасрэдным удзеле міністра фінансаў і яго намеснікаў, намеснікаў міністра па падатках і зборах, першага намесніка міністра працы і сацыяльнай абароны насельніцтва, пасяджэнні з зацікаўленымі дзяржорганамі. Аднак удзел дэпутатаў у падрыхтоўцы праекта бюджэту не абмяжоўваецца сценамі парламента і такімі сціслымі тэрмінамі. На працягу ўсяго каляндарнага года дэпутаты, члены нашай камісіі, удзельнічаюць у рабоце кансультатыўнага савета па карэкціроўцы Падатковага кодэкса, з'яўляюцца членамі міжведамаснай рабочай групы па распрацоўцы прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця і бюджэту, разглядаюць гэтыя пытанні на пасяджэннях прэзідыума Савета Міністраў. На працягу года ў адрас Міністэрства фінансаў, Міністэрства па падатках і зборах дэпутатамі накіроўваюцца з улікам практыкі прымянення і пытанняў, якія падымаюцца на месцах, прапановы па ўдасканаленні падатковага і бюджэтнага заканадаўства, шэраг з якіх знайшоў сваё адлюстраванне ў законах, прынятых летась. Штогод намі праводзяцца выязныя мерапрыемствы з удзелам спецыялістаў профільных міністэрстваў па вывучэнні практыкі прымянення дзеючага заканадаўства, разглядаюцца праблемныя пытанні фарміравання і выкарыстання мясцовых бюджэтаў. У 2022 годзе такі семінар быў праведзены на базе Уздзенскага раёна Мінскай вобласці.

— З чаго будуць фарміравацца даходы бюджэту?

— У 2023 годзе даходы кансалідаванага бюджэту ў цэлым прагназуюцца ў суме 57,2 млрд рублёў (24,2 % да ВУП). Даходы рэспубліканскага бюджэту 2023 года плануюцца ў памеры 33,4 млрд рублёў (14,1 % да ВУП) і ў параўнанні з ацэнкай паступленняў 2022 года павялічацца на 6,6 млрд рублёў (24,6 %). Даходы рэспубліканскага бюджэту ўключаюць: падатковыя даходы, з якіх найбольшая ўдзельная вага — 60 % — займае падатак на дабаўленую вартасць, акцызы, падатак на прыбытак, непадатковыя даходы, бязвыплатныя паступленні. У склад даходаў рэспубліканскага бюджэту ўключаны таксама даходы дзяржаўных мэтавых бюджэтных фондаў.

— На што ў асноўным будуць накіраваны расходы?

— Расходы кансалідаванага бюджэту на 2023 год плануюцца ў суме 60,7 млрд рублёў, або 114,2 % да ацэнкі бягучага года, рэспубліканскага бюджэту — у суме 36,5 млрд рублёў, або 109,9 % да чаканага выканання 2022 года. Расходы кансалідаванага бюджэту на 2023 год на фінансаванне сацыяльнай сферы вызначаны ў памеры 27,2 млрд рублёў, або з ростам да чаканага выканання 2022 года на 17,7 %. З іх 10,4 млрд рублёў плануецца выдаткаваць на ахову здароўя, 10,3 млрд рублёў — на адукацыю. У эканамічнай структуры кансалідаванага бюджэту выдаткі на аплату працы (з узносамі) і пенсіі вайскоўцам складаюць 38,6 %. Фонд аплаты працы работнікаў бюджэтных арганізацый (з узносамі) у кансалідаваным бюджэце запланаваны ў суме 15,6 млрд рублёў, з ростам на 2,3 млрд рублёў. Законапраектам «Аб рэспубліканскім бюджэце на 2023 год» прадугледжана перадаць трансферты бюджэту дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва на агульную суму 1,9 млрд рублёў, мясцовым бюджэтам — у агульнай суме 7,6 млрд рублёў. На фінансаванне будаўніцтва жылля з дзяржаўнай падтрымкай плануецца накіраваць больш за 1,6 млрд рублёў, на выплату «сямейнага капіталу» — 429,4 млн рублёў. Расходы на аказанне дзяржаўнай падтрымкі па сістэмных рашэннях (падтрымка экспарту і забеспячэнне ўнутранага рынку сучаснай тэхнікай і абсталяваннем) прадугледжаны ў памеры 1,1 млрд рублёў. На фінансаванне Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы запланавана накіраваць 806,3 млн рублёў. Расходы рэспубліканскага дарожнага фонду — ажыццявіць у памеры 1017,1 млн рублёў.

— Атрымліваецца, расходы бюджэту-2023 перавышаюць даходы. За кошт чаго будзе пакрывацца дэфіцыт?

— Дэфіцыт (перавышэнне расходаў над даходамі) рэспубліканскага бюджэту складзе 3 173,8 млн рублёў. Яго плануецца прафінансаваць за кошт астаткаў сродкаў рэспубліканскага бюджэту, знешніх дзяржаўных пазык, прыцягнення запазычанняў на ўнутраным рынку.

— Нягледзячы на санкцыйны ціск, бюджэт захаваў сацыяльную накіраванасць...

— У функцыянальнай структуры выдаткі кансалідаванага бюджэту прадстаўлены наступным чынам: ахова здароўя — 17 %, адукацыя — 16,9 %, сацыяльная палітыка — 7,9 %, фізічная культура, спорт, культура і сродкі масавай інфармацыі — 2,9 %. Такім чынам, выдаткі на сацыяльную сферу складуць каля 45 % сродкаў кансалідаванага бюджэту. Разам з тым, будзе прадоўжана рэалізацыя мерапрыемстваў па павышэнні заработнай платы работнікам бюджэтных арганізацый, працягнецца фінансавая дапамога дзяржавы маладым і шматдзетным сем'ям у пагашэнні запазычанасці па льготных крэдытах, кампенсацыя працэнтаў па крэдытах, выдадзеных на будаўніцтва жылля маючым патрэбу грамадзянам і шматдзетным сем'ям, прадугледжаны сродкі на развіццё інжынерна-транспартнай, энергетычнай інфраструктуры. У рамках рэалізацыі мерапрыемстваў па пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС запланаваны ў рэспубліканскім бюджэце сродкі на санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне грамадзян пацярпелых тэрыторый. Працягнецца праграма аказання дапамогі сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей: у кансалідаваным бюджэце на гэтыя мэты прадугледжана 430,8 млн рублёў, з іх на фарміраванне сямейнага капіталу — 429,4 млн рублёў, што на 13 % вышэй, чым у 2022 годзе. Прадугледжаны цэнтралізаваны закуп спецыяльнага аўтатранспарта з наступнай перадачай абласным і Мінскаму гарадскому выканаўчым камітэтам для навучальных устаноў, устаноў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, аўтамабіляў хуткай медыцынскай дапамогі.

З улікам нарматываў патрэбнасці ў адукацыі прадугледжаны сродкі на выплату стыпендый вучням, утрыманне і развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы, неабходнай для забеспячэння навучальнага працэсу і бяспечнай эксплуатацыі будынкаў. Бюджэтная палітыка ў галіне аховы здароўя будзе накіравана на фарміраванне сучаснай аховы здароўя, якая сумяшчае эфектыўную дзейнасць, рэалізацыю дзяржаўных гарантый шляхам павышэння даступнасці і якасці медыцынскай дапамогі насельніцтву.

— Прадугледжана, што ў работнікаў бюджэтных арганізацый павысіцца заработная плата. Дзякуючы чаму гэта будзе магчыма?

— Рост аплаты працы будзе забяспечаны за кошт павелічэння базавай стаўкі на 10 %, павышэння асобным катэгорыям работнікаў бюджэтнай сферы стымулюючых выплат у адпаведнасці з прынятай Праграмай дзейнасці ўрада да 2025 года на 55 %. Акрамя таго, праектам закона прадугледжана стварэнне дадатковага рэзервовага фонду Прэзідэнта ў памеры Br394 млн, сродкі якога пры выкананні прагнозных паказчыкаў у першую чаргу будуць накіроўвацца на павышэнне аплаты працы. Аналагічныя фонды рэкамендуецца стварыць у мясцовых бюджэтах. Гэтыя меры дадуць магчымасць забяспечыць сярэднямесячную заработную плату работнікам бюджэтнай сферы ў памеры 1454 рублёў, або 75 % ад заработнай платы па краіне.

— Адна з асаблівасцяў рэспубліканскага бюджэту 2023 года — новыя субвенцыі. Якія сферы змогуць на іх разлічваць?

— З 2023 года ў рэспубліканскім бюджэце ўводзіцца новы від субвенцый, накіраваных на падтрымку сельскай гаспадаркі. Гэта сродкі на закупку мінеральных угнаенняў, правядзенне культуртэхнічных мерапрыемстваў, набыццё меліярацыйнай і іншай сельскагаспадарчай тэхнікі неплацежаздольным сельскагаспадарчым арганізацыям. Усяго на гэтыя мэты мяркуецца накіраваць 190 млн рублёў сродкаў рэспубліканскага бюджэту. 50 млн рублёў плануецца перадаць у выглядзе субвенцый абласцям на бягучы рамонт вулічна-дарожнай сеткі населеных пунктаў. Акрамя таго, на фінансаванне грамадзянскіх ініцыятыў прадугледжана накіраваць 700 тысяч рублёў: па 100 тысяч рублёў кожнай вобласці і Мінску.

Вераніка КАНЮТА 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».