Вы тут

Ваенна-патрыятычны клуб «Рысь» атрымаў прэмію «За духоўнае адраджэнне»


Сярод лаўрэатаў прэміі «За духоўнае адраджэнне» — ваенна-патрыятычны клуб «Рысь» вайсковай часці 3214 унутраных войскаў МУС. Такога высокага прызнання клуб удастоены за актыўную дзейнасць па ваенна-патрыятычным выхаванні падлеткаў. Усяго ва ўнутраных войсках Міністэрства ўнутраных спраў дзейнічае 17 ваенна-патрыятычных клубаў, якія функцыянуюць на тэрыторыі злучэнняў і воінскіх часцей. «Рысь» — першапраходзец: клуб быў створаны 3 кастрычніка 2021 года. На цяперашні момант яго выхаванцамі з'яўляюцца больш як 160 хлопчыкаў і дзяўчынак, якія вучацца абараняць Радзіму і быць патрыётамі.


Кіраўнік ваенна-патрыятычнага клуба «Рысь» маёр унутраных войскаў Руслан ШЫГ разам з жывым сімвалам і клуба, і вайсковай часці.

Карэспандэнты «Звязды» аднымі з першых павіншавалі кіраўніцтва і выхаванцаў клуба з прысуджэннем прэміі «За духоўнае адраджэнне». Вядома, мы не маглі не спытаць, ці чакалі такой высокай ацэнкі людзі, якія сваёй штодзённай працай уносяць важкі уклад у ваенна-патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення.

— Не скажу, што прысуджэнне прэміі было нечаканасцю: мы да гэтага імкнуліся, — адзначыў кіраўнік ваенна-патрыятычнага клуба «Рысь», маёр унутраных войскаў Руслан Шыг. — Вельмі прыемна, што кіраўнік дзяржавы ацаніў нашу работу па ваенна-патрыятычным выхаванні. У далейшым будзем удасканальвацца, не падвядзём! Будзем рабіць яшчэ больш, яшчэ лепш!

Руслан Шыг — першы і адзіны кіраўнік ваенна-патрыятычнага клуба. «Рысь» ствараўся на яго вачах. Ніякіх цяжкасцяў, па яго словах, не ўзнікала нават на першапачатковым этапе. «На працягу 20 гадоў вайсковая часць 3214 працуе з моладдзю ў плане грамадзянска-патрыятычнага выхавання, — удакладніў маёр унутраных войскаў. — Вопыт быў. Таму мы ведалі, чым зацікавіць школьнікаў. Толькі кінулі кліч па школах Першамайскага раёна, адгукнуліся першыя 80 чалавек. Затым спрацавала «сарафаннае радыё». Дзеці бачылі фотаздымкі адно аднаго ў сацыяльных сетках, цікавіліся, прыходзілі і запісваліся. Так вельмі хутка клуб разросся, колькасць яго выхаванцаў павялічылася ў два разы».

Ваенна-патрыятычны клуб «Рысь» наведваюць дзеці з 9 да 17 гадоў. Зразумела, што хлопцаў тут больш — цяга да армейскага жыцця ў іх больш развіта, чым у дзяўчат. Аднак і іх у клубе нямала. Дзяўчаты прыходзяць сюды матываваныя: большасць у далейшым плануе звязаць сваё жыццё са службай Радзіме. У «Рысь» яны, як правіла, ідуць, каб пазнаёміцца з ладам армейскага жыцця.

— Мы не ўтойваем, што сваіх выхаванцаў арыентуем на паступленне ў ВНУ ваеннага профілю, — заўважае Руслан Шыг. — І гэта працуе: нашы першыя выпускнікі ўжо з'яўляюцца курсантамі факультэта ўнутраных войскаў Ваеннай акадэміі.

У цяперашні час сумесна з Міністэрствам адукацыі разглядваецца пытанне аб ўнясенні дапаўненняў у пункт 26 Правілаў прыёму асоб для атрымання агульнай вышэйшай і спецыяльнай вышэйшай адукацыі, зацверджаных Указам Прэзідэнта № 23. Гаворка ідзе аб ільготах выхаванцам ваенна-патрыятычных клубаў пры паступленні ў ваенныя вышэйшыя навучальныя ўстановы. Сёння такімі прывілеямі выхаванцы карыстаюцца пры паступленні ў Спецыялізаваны ліцэй МУС, сувораўскае і кадэцкія вучылішчы.

Заняткі ў ваенна-патрыятычным клубе «Рысь» праходзяць двойчы на тыдзень. Па дзве гадзіны ў будні дзень, па чатыры — у выхадны. Праграма настолькі разнастайная, што сумаваць падлеткам не даводзіцца. Падчас цыкла прадметаў «Я і мая Айчына» яны больш глыбока вывучаюць гісторыю роднага краю. З цікавасцю дзеці засвойваюць і прадметы пачатковай ваеннай падрыхтоўкі: агнявую, медыцынскую і агульнафізічную падрыхтоўку, рукапашны бой, ваенную тапаграфію, асновы бяспечнай жыццядзейнасці.

— Трапляючы ў армейскае асяроддзе, хлопцы і дзяўчаты становяцца больш дысцыплінаваныя, мэтанакіраваныя, — звяртае ўвагу кіраўнік ваенна-патрыятычнага клуба «Рысь». — Пашыраецца іх кола інтарэсаў, дзеці становяцца больш самазанятымі, самастойнымі. Гэта адзначаем не толькі мы, а і іх бацькі. Павысіўся ў выхаванцаў і ўзровень школьнай адукацыі. У перыяд заняткаў у клубе ўсе дзеці, за рэдкім выключэннем, паднялі свой сярэдні бал. Адным словам, змяненні толькі пазітыўныя.

Сімвалам клуба, як і вайсковай часці 3214, з'яўляецца рысь. І не выдуманая, а самая што ні ёсць сапраўдная. Іх тут нават дзве — Фенікс і Фіёна. На пастаяннае месца жыхарства на тэрыторыю вайсковай часці жывёлы «пераехалі» не з дзікай прыроды, а са спецыяльных гадавальнікаў. Да прыезду незвычайных «жыхароў» тут рыхтаваліся: вывучалі ўмовы пражывання іх у заапарку і стварылі аналагічны вальер. Рацыён харчавання, вітаміны рысі атрымліваюць у поўным аб'ёме. «Як у заапарку, — заўважае Руслан. — Нават лепш!»

Вераніка КАНЮТА

Фота з архіва героя публікацыі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».