Вы тут

Як даглядаць пакаёвыя расліны зімой?


Вядома, кожны вазон унікальны і правілы догляду ў зімовы перыяд кожнага з іх розны, але праблемы, з якімі мы сутыкаемся ў перыяд ацяпляльнага сезона, часта аднолькавыя, паспрабуем з імі разабрацца і знайсці шляхі іх вырашэння.


Ні для каго не сакрэт, што адной з галоўных праблем зімовага перыяду з'яўляецца недахоп сонечных прамянёў. А асабліва гэтая праблема востра стаіць для святлалюбных раслін, якім недастаткова зімовага святладня.

Практычна ўсе расліны рэагуюць на недахоп святла аднолькава, іх афарбоўка бляднее, міжвузеллі выцягваюцца, а рост запавольваецца. Пры першых прыкметах дэфіцыту сонечных прамянёў варта пераставіць кветку ближэй да акна ці паставіць побач з кветкай дадатковую крыніцу святла.

З надыходам зімы, акрамя недахопу сонечных прамянёў, расліны пакутуюць ад нізкай вільготнасці ў кватэры, а прычына перасушанага паветра — батарэі і каларыферы. Дапамагчы раслінам перажыць гэты перыяд дапаможа ўвільгатняльнік паветра. Другая карысная прылада, якая дапаможа павысіць вільготнасць паветра ў кватэры, гэта пульверызатар. Ранішнія і вячэрнія апырскванні дапамагаюць раслінам перажыць ацяпляльны сезон, як кажуць, без страт.

Самы просты, але не менш дзейсны метад барацьбы з залішняй сухасцю паветра — паддоны з вадой, у якіх насыпаны керамзіт і мох. Такое напаўненне, залітае вадой, дапаможа расліне не перасушыць карані. Большасць раслін у зімовы перыяд пераходзяць у стан спакою і не патрабуюць вялікай колькасці вады пры паліве, таму яе варта значна паменшыць. Гэта парада сапраўды актуальная, калі вашы кветкі жывуць у неацяпляльным (або слаба ацяпляльным) зімовым садзе, дзе летам сярэдняя тэмпература 25 градусаў, а зімой — 10—15 °C. Калі ж кашпо з кветкамі стаяць у звычайнай кватэры з цэнтральным ацяпленнем, у паліве яны маюць патрэбу не радзей, чым у цёплую пару года. А калі расліны жывуць на падаконніках або зблізку радыятараў, паіць іх узімку прыйдзецца нават часцей.

Правільней за ўсё арыентавацца не на тэмпературу паветра ці сезон, а на стан грунту: большасць кветак рэкамендуецца паліваць, калі верхні пласт глебы папрасыхае на 2-3 см. Паліваць расліны нельга халоднай вадой, аптымальнай будзе вада пакаёвай тэмпературы.

Вельмі важна разумець, якая фаза — актыўнага росту ці адпачынку — прыпадае на зіму ў расліны. Адны віды «засынаюць» у верасні — кастрычніку і прачынаюцца ў сакавіку. Другія — наадварот. Большасць пакаёвых кветак у зімовы перыяд адпачываюць і набіраюцца сіл для новага вясновага цвіцення, таму не маюць патрэбы ў вялікай колькасці ўгнаенняў. Нельга ўдабраць у перыяд спакою. Калі кветка не расце і не цвіце, падкормліваць яе як мінімум няма сэнсу, як максімум — шкодна. У фазу росту кветкі падкормліваюць раз на 2-3 тыдні, у фазу цвіцення — раз на 7-10 дзён. Калі рабіць гэта часцей, можна спаліць карані і дабіцца зваротнага эфекту: не ўмацаваць і падтрымаць, а забіць свае расліны. Зімой падкормку лепш за ўсё скараціць да аднаго разу на месяц ці ж спыніць наогул. Нават для тых раслін, якія маюць патрэбу ў падкорме, частату ўнясення угнаенняў лепш паменшыць як мінімум удвая.

Свежае паветра неабходна і людзям, і кветкам, таму вокны часта пакідаюць на праветрыванне, вось толькі ўлетку тэмпература ў памяшканні і на вуліцы практычна аднолькавая, а ўзімку ледзяны струмень паветра з акна можа стаць фатальным для любой расліны.

У любым выпадку трэба паспрабаваць, каб у памяшканні, дзе знаходзяцца кветкі, паветра было свежае, але тэмпература не ніжэйшая за 15 градусаў.

З надыходам зімы варта прыбраць пакаёвыя расліны з халодных балконаў і неацяпляных лоджый, а таксама адставіць вазоны далей ад вокнаў, калі з іх дзьме халоднае паветра ці яны змерзлі. Уся справа ў тым, што вільгаць у грунце астуджаецца і карэнішча больш паддаецца разнастайным хваробам. Таксама лепш прыбраць расліны ад каларыфераў і батарэй, яны занадта гарачыя.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні магчымыя даволі няпростыя сітуацыі.

Здароўе

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.