Вы тут

85 гадоў Алегу Аляксеевічу Ждану. Пісьменніку з Вялікай Літары


Цяжка сказаць, ці заўважаць гэту дату ў розных календарах, наўрад ці ў навінах медыя будзе пазначана яна адпаведным радком. Алег Аляксеевіч ад гэтага нічога не згубіць і нічога не знойдзе. Але ёсць упэўненасць, што яго добра ведае чытач, які шукае сапраўдную літаратуру. 


Кнігі апошніх гадоў празаіка, які піша ў асноўным на рускай мове, але выдаецца і па-беларуску, у перакладзе сяброў-паплечнікаў, — і для дарослага, і для юнага чытача. Алег Ждан, які надрукаваў сваё першае апавяданне ў «Литературной России» некалькі дзесяцігоддзяў таму, піша пра жыццё. Пра тое жыццё, якое знаёма і чытачам, але ўмела, па-майстэрску расказвае  пра перакананні чалавека, яго сутнасць, пра маральныя прынцыпы, пра здраду і сумненні, пра вернасць і таварыскасць, пра сяброўства і падман...

З напісанага Алегам Аляксеевічам можна скласці добры, ёмісты, паўнавартасны збор твораў. Зразумела, у некалькіх тамах. Але зараз зборы твораў калі і выдаюцца, то хіба што класікаў. Але мне верыцца, што будзе і збор твораў Алега Аляксеевіча Ждана. Верыцца таму, што ёсць перакананасць, што зробленае на такім высокім мастацкім узроўні, напісанае шчыра і праўдзіва, адшліфаванае згодна з урокам майстэрства, атрыманым пры чытанні добрай класічнай літаратуры, у размовах і сустрэчах з вялікімі папярэднікамі, гэта і ёсць нацыянальны здабытак.

Алегу Аляксеевічу ў многім узысці на прыступкі яго сённяшніх вышынь дапамаглі выпрабаванні жыццём, прафесіямі, якія ён засвойваў падчас вандровак па Савецкім Саюзе. Найперш — выпрабаванні рабочымі прафесіямі, рабочым жыццём. Кар'ера пісьменніка на Мінскім трактарным складвалася, напрыклад, наступным чынам: абрубшчык, грузчык, выбівальшчык, наждачнік, начальнік змены... Не кожнаму дадзена прайсці па такіх часам і вельмі крутых лесвіцах. А яшчэ ж раней былі ў біяграфіі Алега Ждана і Карагандзінскі металургічны камбінат, і Прыташкенцкая геафізічная партыя, і Брацкі лесапрамысловы комплекс...

Першыя кнігі Алега Ждана выйшлі ў 1970-х — «В гостях и дома», «Знакомый». Пазней — «Черты и лица», «По обе стороны проходной», «Самостоятельная жизнь»... Большасць з тых кніг пабачылі свет у маскоўскіх выдавецтвах. Алегам Жданам напісаны і сцэнарыі двух мастацкіх кінафільмаў. Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Якуба Коласа ў Віцебску паставіў п'есу «Салгалі Богу, салгалі». Шмат сіл і часу пісьменнік аддаў і перакладчыцкай дзейнасці. З апошняга згадваюцца пераклады прозы пісьменнікаў  Алеся Бадака, Анатоля Казлова, Андрэя Федарэнкі... Дзякуючы майстэрству перакладчыка творы гэтых і іншых аўтараў прачыталі шырэй і ў нас, і ў Расіі. Бо пасля развалу Савецкага Саюза ў Маскве, іншых расійскіх гарадах мала хто звяртае перакладчыцкую ўвагу на беларускую прозу і паэзію. Ужо няма тых легендарных майстроў — Валянціны Шчадрыной, Якава Хелемскага, Іны Сяргеевай, Дзмітрыя Кавалёва, Міхаіла Гарбачова, Арсенія Астроўскага, Мікалая Браўна, Усевалада Раждзественскага... Руплівая, старанная работа Ждана як перакладчыка дазволіла многім беларусам надрукавацца ў «Роман-газете», «Нашем современнике», «Дружбе народов», «Иностранной литературе», «Литературной газете»... А яшчэ пераклады, зробленыя Алегам Жданам, дазволілі да прозы шэрагу сучасных беларускіх аўтараў звярнуцца перакладчыкам на іншыя мовы — таджыкскую, туркменскую, узбекскую, на мовы народаў Расіі. Праз добрую рускую мову Алега Ждана проза некаторых беларускіх пісьменнікаў захапіла іншых, прыцягнула да сябе ўвагу больш шырокага кола.

У 2019 годзе за кнігу прозы «Геній» Алег Аляксеевіч Ждан адзначаны Нацыянальнай літаратурнай прэміяй Беларусі. Гэта шчырая ацэнка аўтарытэтнага журы, экспертаў таленту, мастацкай, пісьменніцкай пазіцыі аднаго з самых вядучых сучасных празаікаў Беларусі. З кагорты тых, чые зборы твораў усё ж трэба выдаваць!..

З юбілеем, дарагі Алег Аляксеевіч!.. Чакаем вашых новых кніг!.. Яны ніколі не залежваюцца ні ў кнігарнях, ні на паліцах бібліятэк. А што можа быць для пісьменніка даражэй за гэта?!. Асабліва ў час, калі папяровая кніга карыстаецца меншым попытам, чым яшчэ тры-чатыры дзесяцігоддзі назад.

Кастусь ЛЕШНІЦА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні магчымыя даволі няпростыя сітуацыі.

Здароўе

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.