Вы тут

Трыкатажная сукенка: цёпла і практычна. Якія мадэлі ў трэндзе гэтай зімой?


Трыкатаж — гэта заўсёды модна: мяняецца толькі крой і дэталі, а сама сукенка застаецца вечнай класікай. Галоўны плюс трыкатажу — нязмушанасць, камфорт і ўніверсальнасць. Даўно развеяны стэрэатып аб тым, што трыкатажная сукенка — нешта сумнае, і яе носяць выключна на працу. Насамрэч яна можа стаць асновай і для дзелавых, і для рамантычных вобразаў. Якія мадэлі ў трэндзе гэтай зімой?


Модныя дызайнеры прапануюць шырокі выбар практычных і элегантных сукенак з трыкатажу. Кожная жанчына можа знайсці мадэль на свой густ. Трэба толькі ўлічваць асаблівасці фігуры і памятаць, што на розных жанчынах адна і тая ж мадэль глядзіцца па-рознаму.

Дэталь, якая інтрыгуе

Па-ранейшаму актуальныя мадэлі з арыгінальнымі выразамі на плячах, грудзях, спіне. Невялікі далікатны выраз не дазволіць вам адчуць холад, затое стане дэталлю моднага вобразу, якая інтрыгуе. Перавага такога ўбору ў тым, што з паўсядзённага ён ператвараецца ў вячэрні, варта толькі змяніць класічныя боты на модныя з прынтам, надзець доўгія завушніцы і каралі.

Сукенка з адкрытым дэкальтэ — гэта вытанчана і стыльна. У сёлетнім сезоне папулярныя дэкальтэ ў форме кроплі, асіметрычнае дэкальтэ. І класічны круглы выраз моднымі дызайнерамі не забыты. Адмысловы варыянт — сукенкі з глыбокім выразам на спіне. Яны звычайна доўгія і прызначаны для ўрачыстых выпадкаў.

Па-ранейшаму ў модзе асіметрыя — модныя куцюр’е прапануюць варыянты з выразам на адным плячы. Такія мадэлі глядзяцца далікатна і па-жаноцку. Па сцвярджэнні стылістаў, сукенкі з асіметрыяй могуць дапамагчы схаваць недахопы фігуры. Сукенкі з бакавымі разрэзамі таксама ў трэндзе, як і сукенкі з запахам.

Лаканізм сілуэта, багацце акцэнтаў

Простая трыкатажная сукенка з падкрэсленай лініяй стану сярэдняй даўжыні — базавая рэч, чый лаканізм дазваляе камбінаваць яе з чым заўгодна, ствараць паўсядзённыя і святочныя вобразы. Ёсць дзе разгуляцца фантазіі: модны жакет, шалік ці хустка, боты ці берцы — тыя дэталі, якія нададуць вобразу «разынку».

Новы пік папулярнасці перажываюць доўгія трыкатажныя сукенкі. Модныя акцэнты — карункі, стыльныя гузікі ў радок, валаны, фальбоны ў нечаканых месцах. Вельмі вытанчана і элегантна глядзіцца трэнд сезона — сукенка з высокай манжэтай і аб’ёмным вышэй локця рукавом. Такая сукенка можа мець высокую гарлавіну — прыдатны варыянт для марознай зімы.

Сукенкі міні таксама не забытыя моднымі дызайнерамі. Мадэль, якая нагадвае доўгі світэр, па-ранейшаму ў трэндзе. Сёння шырока прадстаўлены як дзёрзкія, так і спакойныя мадэлі, як сілуэты па фігуры, так і аверсайз — выбірайце на свой густ. Нюанс у тым, што экстрэмальна модныя варыянты маюць самы просты крой.

Колер без межаў

Няма ніякіх абмежаванняў у палітры адценняў модных сукенак. Актуальныя як яркія «электрычныя», так і пастэльныя расфарбоўкі. Чырвоны, бірузовы, гарчычны, аранжавы, зялёны, фіялетавы — для яркіх вобразаў. Шакаладны, шэры, бэжавы — для прыхільніц спакойных адценняў. Мадэль можа быць упрыгожана геаметрычным прынтам, анімалістычнай расфарбоўкай, клеткай, «ялінкай» ці вязанымі косамі.

Калі не хочацца падкрэсліваць стан

У гэтым выпадку пазбягайце аблеглых сілуэтаў, такіх як сукенка-футарал. Для дзяўчат «у целе» ідэальныя варыянты — сукенка-трапецыя, сукенка-туніка, а таксама сукенка-світэр у стылі «аверсайз». Гэтыя мадэлі схаваюць недахопы фігуры дзякуючы складкам, якія мякка спадаюць. Магчыма, таму мадэлі «аверсайз» надоўга занялі месца сярод трэндаў жаночага адзення.

Агата СЛАВІНА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У Беларусі імкнуцца далучыць медыятараў да спраў «цяжкіх» непаўналетніх

У Беларусі імкнуцца далучыць медыятараў да спраў «цяжкіх» непаўналетніх

«Мы плануем навучыць аднаўленчым медыятыўным практыкам 20 чалавек з розных устаноў».

Грамадства

Ці можна вылечыць аўтызм?

Ці можна вылечыць аўтызм?

«Важны момант, што яўныя сімптомы аўтызму ёсць, але бацькі не жадаюць заўважаць іх».

Калейдаскоп

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.