Напярэдадні Новага года традыцыйна спецыяльнымі прэміямі Прэзідэнта Беларусі адзначаны дзеячы культуры і мастацтва. Адным з лаўрэатаў стаў калектыў Гомельскага палацава-паркавага ансамбля. Так на самым высокім узроўні ацэнены ўклад дзяржаўнай гісторыка-культурнай установы ў развіццё музейнай справы і рэалізацыю выставачных праектаў па захаванні гістарычнай памяці беларускага народа.
Візітная картка Гомельшчыны, папулярны турыстычны брэнд, які ўваходзіць у пяцёрку найлепшых музеяў краіны — усё гэта пра Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, які мае статус найвышэйшай гісторыка-культурнай каштоўнасці сусветнага значэння. Штогод яго наведваюць звыш 300 тысяч чалавек.
За мінулы год праведзена больш як дзве тысячы экскурсій і без малога тры сотні культурна-асветніцкіх мерапрыемстваў, арганізавана звыш паўсотні выстаў. Вынікамі плённай работы калектыву падзялілася намеснік генеральнага дырэктара, дырэктар музея дзяржаўнай гісторыка-культурнай ўстановы «Гомельскі палацава-паркавы ансамбль» Аксана Торапава:
— Навукова-даследчая работа супрацоўнікаў нашай установы нацэлена на вывучэнне гісторыі Гомельшчыны, асаблівасцяў матэрыяльнай і духоўнай культуры яе насельніцтва. Важны кірунак дзейнасці нашага калектыву — работа па патрыятычным выхаванні маладога пакалення і захаванні гістарычнай памяці. Летась працягнуў сваю дзейнасць выставачны праект «Перамаглі разам. Франтавыя лісты як пасланне з мінулага», які стаў вынікам плённай працы галоўнага захавальніка музея Таццяны Шоды па гранце Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2020 годзе.
Выстава экспанавалася ў дзяржаўных музеях, установах і арганізацыях Гомеля і Гомельскай вобласці. На аснове праекта падрыхтаваны цыкл лекцый «Сіла ў праўдзе. Ведаць, каб памятаць», які паспяхова чытаецца ва ўстановах абласнога цэнтра. Дзейнасць галоўнага захавальніка музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля Таццяны Шоды таксама
была адзначана перамогай у абласным конкурсе «Жанчына года — 2021» у намінацыі «Ганарымся і памятаем».
У Год гістарычнай памяці Гомельскі палацава-паркавы ансамбль арганізаваў выставы, прысвечаныя генацыду беларускага народа на Гомельшчыне падчас Вялікай Айчыннай вайны. Так нарадзіўся ўнікальны мабільны выставачны праект «Бывайце, людзі... Факты аб злачынствах нацыстаў у акупаваным Гомелі». У Год гістарычнай памяці яго ўбачылі ва ўсіх кутках рэгіёна.
— Падчас падрыхтоўкі праекта была праведзена карпатлівая работа з гістарычнымі крыніцамі, упершыню ўведзены ў навуковы абарот шэраг новых матэрыялаў. У красавіку мінулага года арганізатары выставы былі ўзнагароджаны ганаровымі граматамі і падзякай Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта, — нагадала Аксана Торапава. — Праект «Бывайце, людзі... Факты аб злачынствах нацыстаў у акупаваным Гомелі» экспанаваўся ў дзяржаўных музеях Гомельскай вобласці, установах і арганізацыях Гомеля.
Яшчэ адным знакавым патрыятычным праектам Гомельскага палацава-паркавага ансамбля стала выстава «Мы не рабы! Лёсы остарбайтараў у фотадакументах, лістах і ўспамінах». У аснову экспазіцыі ляглі асабістыя справы жыхароў Гомельскай вобласці, якія былі вывезены на прымусовыя работы ў Германію. Выстава стала першай дэманстрацыяй такога кшталту дакументаў.
— Абодва знакавыя для Гомельшчыны праекты Года гістарычнай памяці падрыхтаваны дзякуючы сумеснай рабоце з пракуратурай Гомельскай вобласці, Дзяржаўным архівам Гомельскай вобласці і Дзяржаўным архівам грамадскіх аб'яднанняў Гомельскай вобласці, абласной універсальнай бібліятэкай імя Леніна, абласным музеем ваеннай славы і Гомельскім дзяржаўным універсітэтам імя Ф. Скарыны, — адзначыла суразмоўца. — Для гэтых праектаў падрыхтаваныя тэматычныя каталогі. Яны з'явіліся на свет дзякуючы фінансавай падтрымцы прадпрыемстваў нашага рэгіёна — «Гомельводаканала» і «СветлагорскХімвалакна».
У красавіку мінулага года Гомельскі палацава-паркавы ансамбль быў занесены на Рэспубліканскую дошку пашаны, а па выніках работы за 2021 год у намінацыі «Лепшая турыстычная арганізацыя горада Гомеля» занесены на Дошку пашаны горада Гомеля.
— Да 880-годдзя Гомеля супрацоўнікамі таксама былі падрыхтаваны праекты «Старэй за 1142» — выстава, заснаваная на матэрыялах археалагічных даследаванняў старажытнага Гомеля і «Вандроўка ў прасторы і часе» — выстава дакументаў і фотаздымкаў, якія адлюстроўваюць развіццё горада ў розныя гістарычныя перыяды, — дадала дырэктар музея.
Рознабаковая актыўная дзейнасць Гомельскага палацава-паркавага ансамбля па захаванні і папулярызацыі нацыянальнай культурнай спадчыны, выхаванні ў моладзі пачуцця патрыятызму, дачынення да гісторыі і культуры свайго народа знаходзіць годную ацэнку з боку грамадскасці, а цяпер адзначана і на самым высокім дзяржаўным узроўні, адзначыла дырэктар музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля Аксана Торапава:
— Узнагарода такога высокага ўзроўню — гэта ацэнка прафесіяналізму цэлай каманды людзей. Яны з вялікім сэрцам падышлі да адлюстравання вельмі трапяткой, трагічнай тэмы, дасканала паглыбіліся самі ў гэты матэрыял і змаглі ўздзейнічаць, ускалыхнуць эмацыянальна вялікую колькасць жыхароў Гомельшчыны і не толькі.
Год гістарычнай памяці, безумоўна, натхніў многіх супрацоўнікаў музейнай справы рэгіёна асабіста паглыбіцца ў даследаванне матэрыялаў гісторыі ваеннага часу. Гэта работа вылілася ў грунтоўныя і ўнікальныя праекты.
— Гранта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь цяпер удастоены кіраўнік аддзела археалогіі і аховы гісторыка-культурнай спадчыны Гомельскага палацава-паркавага ансамбля Юрый Панкоў, — падзялілася дырэктар музея. — Гэта гонар для нашага калектыву. Варта адзначыць, што грант дапаможа рэалізаваць ужо сёлета чарговы выставачны фотадакументальны праект «Скрадзенае дзяцінства». Гэта лагічны працяг тых праектаў, якія мы ажыццявілі ў Год гістарычнай памяці. «Скрадзенае дзяцінства» распавядзе пра лёс дзяцей Гомельшчыны, якія засталіся на акупаванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Праект ізноў-такі будзе цалкам заснаваны на дакументальных сведчаннях, архіўных матэрыялах, матэрыялах з музейных фондаў і прыватных калекцый. Тэма вельмі трапяткая, эмацыянальна абвостраная, трагічная, але аб ёй вельмі важна гаварыць, яе вельмі важна ведаць.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
«Пакупнікам прапануюць прадукцыю ад розных вытворцаў».
Закуліссе адкрытага сэрца.
Век жыві — век вучыся.
Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.