Вы тут

Дадатковыя магчымасці для ўсвядомленага выбару прафесіі


Кіраўніком краіны зацверджана новая рэдакцыя Правіл прыёму асоб для атрымання вышэйшай адукацыі.


— Усе навелы ў парадку адбору прэтэндэнтаў на студэнцкі білет абумоўлены духам часу і тымі працэсамі, што адбываюцца ў эканоміцы і ў сістэме адукацыі. У новых правілах створана шмат дадатковых магчымасцяў для тых, хто насамрэч усвядомлена выбірае і спецыяльнасць, і ВНУ, збіраецца стаць запатрабаваным спецыялістам і прафесійна расці, — лічыць начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Каспяровіч. — Гэта і новыя асаблівыя падыходы да мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў, якая, па сутнасці, з'яўляецца найбольш эфектыўнай формай заказу кадраў.

Змяняецца і сама этапнасць правядзення ўступнай кампаніі. Фактычна яна ўжо стартавала з правядзення ўнутрыўніверсітэцкіх алімпіяд у рэгіянальных ВНУ. У сакавіку вызначацца іх пераможцы, якія датэрмінова становяцца студэнтамі, хоць наперадзе іх яшчэ чакаюць цэнтралізаваныя экзамены на выхадзе са школы. Гэтыя экзамены з'яўляюцца формай выніковай атэстацыі, таму яны застаюцца абавязковымі для ўсіх, акрамя пераможцаў рэспубліканскіх алімпіяд па вучэбных прадметах.

— Цэнтралізаваны экзамен — гэта ў першую чаргу выпускны экзамен, вынікі якога ўлічваюцца пры выстаўленні выніковай адзнакі ў атэстат аб агульнай сярэдняй адукацыі, — тлумачыць начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына Каржова. — Ад цэнтралізаванага экзамену ў 11 класе вызваляюцца толькі пераможцы рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Па тым прадмеце, па якім чалавек стаў пераможцам, яму выстаўляецца 10 балаў, па другім прадмеце — гадавая адзнака.

А пераможцы трэцяга (абласнога) этапу рэспубліканскай алімпіяды вызваляюцца ад ЦЭ па тым прадмеце, па якім навучэнец стаў пераможцам. Па гэтым прадмеце яму выстаўляецца 10 балаў.

Ірына Каржова ўпэўнена, што аб'яднанне выпускных і ўступных іспытаў у ВНУ істотна змяншае нагрузку на выпускнікоў, якім яшчэ год таму даводзілася здаваць чатыры экзамены на выхадзе са школы плюс тры або чатыры ЦТ. Прычым, калі ў школе яны пісалі пераказ ці кантрольную работу, цяпер адбылася ўніфікацыя форм экзаменацыйных выпрабаванняў. І ЦЭ, і ЦТ здаюцца ў тэставай форме, што істотна спрашчае падрыхтоўку.

Да таго ж новая мадэль дазваляе забяспечыць больш матываваны выбар будучай прафесіі, бо яшчэ на этапе, які прадмет выбраць на ЦЭ, адзінаццацікласнікі вызначаюцца з далейшай траекторыяй навучання пасля атрымання школьнага атэстата.

Ірына Каржова звярнула ўвагу, што пры выбары вучэбнага прадмета для здачы ЦЭ не мае значэння, з'яўляецца ён першым або другім прадметам профільнага іспыту пры паступленні ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Усё гэта накіравана на стварэнне максімальна камфортных умоў для будучых абітурыентаў.

Дарэчы, і пераможцы рэспубліканскіх алімпіяд цяпер змогуць паступаць без экзаменаў на спецыяльнасці, дзе прадмет, па якім яны перамаглі, з'яўляецца першым або другім профільным (а раней яны маглі арыентавацца толькі на першы профільны прадмет).

Плануецца, што ў 2023 годзе цэнтралізаваны экзамен будуць здаваць 54 тысячы чалавек: з іх каля 53 тысяч — гэта адзінаццацікласнікі і крыху больш за 1 тысячу здадуць яго ў парадку экстэрнату.

28 студзеня ў краіне пройдзе рэпетыцыйны цэнтралізаваны экзамен, у якім прымуць удзел усе выпускнікі школ Беларусі. Для гэтых мэт будуць задзейнічаны 144 пункты. Такія пункты былі вызначаны абсалютна ва ўсіх раёнах.

— Наша задача — паглядзець гатоўнасць да правядзення ЦЭ і выправіць тыя арганізацыйныя тонкасці і нюансы, якія нельга ўбачыць, працуючы з дакументамі, — патлумачыла Ірына Каржова. — Рэпетыцыйны ЦЭ будзе праходзіць у строгай адпаведнасці з інструкцыяй аб яго правядзенні. На яго ўжо адбылася рэгістрацыя выпускнікоў. 28 студзеня будзе арганізавана дастаўка адзінаццацікласнікаў у пункты ЦЭ. Калі гэта сельская школа, то будзе арганізаваны падвоз, гэта значыць, што органы ўпраўлення адукацыі змогуць змадэляваць арганізацыю падвозу навучэнцаў. Калі размова ідзе аб вялікіх населеных пунктах, такіх як Мінск, або пра абласныя цэнтры, там трэба будзе прадугледзець павелічэнне грамадскага транспарту ў гэты час, каб будучыя абітурыенты змаглі пад'ехаць да пунктаў ЦЭ. На саміх жа пунктах будзе арганізаваны прапускны рэжым і рассадка па аўдыторыях.

Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў рыхтуе валізы, якія будуць дастаўляцца ў пункты правядзення цэнтралізаванага экзамену. Усё гэта мы плануем адпрацаваць 28 студзеня.

У тэстах не будуць выкарыстоўвацца заданні павышанага пятага ўзроўню складанасці. Тэсты сфарміраваныя на аснове заданняў базавага ўзроўню асваення праграм па вучэбных прадметах. Як паказала практыка, заданні чатырох узроўняў складанасці паспяхова спраўляюцца з задачай ранжыравання прэтэндэнтаў на студэнцкі білет.

Наступны этап прыёмнай кампаніі — рэгістрацыя на ЦТ, якая будзе праходзіць з 10 мая да 1 чэрвеня.

Асноўныя даты правядзення цэнтралізаваных экзаменаў — 14 мая (па рускай або беларускай мове) і 21 мая (прадмет на выбар). Адзінаццацікласнікі павінны вызначыцца з навучальным прадметам, які яны будуць здаваць на ЦЭ, да 1 сакавіка. Такім чынам, канчатковы выбар неабходна зрабіць у лютым.

Галоўная адметнасць ЦЭ — яго вынікі афармляюцца сертыфікатам, як і вынікі цэнтралізаванага тэсціравання. Ацэньваюцца яны па стабальнай шкале, затым пераводзяцца ў 10-бальную, і сярэдняе арыфметычнае гадавой адзнакі і вынікаў ЦЭ выстаўляецца ў атэстат, а сам сертыфікат залічваецца пры паступленні ва ўстанову вышэйшай адукацыі. Сертыфікаты ЦЭ, як і сертыфікаты ЦТ, будуць дзейнічаць два гады.

Напрыканцы мая — у пачатку чэрвеня ў ВНУ пройдзе адбор на навучанне на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. Абітурыенты, акрамя пакета дакументаў, павінны будуць прадставіць у прыёмную камісію ВНУ дагавор, заключаны з патэнцыяльным заказчыкам кадраў. Конкурсны адбор будзе адбывацца на аснове сумы балаў, атрыманых падчас вуснага іспыту ў ВНУ і сярэдняга бала дакумента аб адукацыі. Прозвішчы залічаных стануць вядомыя 12—13 чэрвеня.

Далей абітурыентаў чакае цэнтралізаванае тэсціраванне. Выпускнікі школ 2023 года маюць права здаць на ЦТ у гэтым годзе толькі адзін прадмет.

Прыёмныя камісіі ВНУ арыенціровачна распачнуць прыём дакументаў у абітурыентаў 18—20 ліпеня і канчаткова завершаць яго на ўсе формы атрымання вышэйшай адукацыі 10 жніўня.

Цэнтралізаваныя экзамены можна здаваць у асноўныя тэрміны і ў рэзервовыя дні. Рэзервовыя экзамены будуць арганізаваны некалькі разоў — у маі, ліпені (гэтыя даты супадуць з рэзервовымі днямі ЦТ), а таксама ў жніўні. Тыя, хто здасць цэнтралізаваныя экзамены ў асноўныя тэрміны, у рэзервовыя дні ў маі або ў ліпені, захоўваюць магчымасць паступлення ў ВНУ, яны паспяваюць падаць дакументы ў прыёмную камісію для ўдзелу ў конкурсе. Тыя ж, хто будзе здаваць ЦЭ ў жніўні, змогуць працягнуць навучанне ва ўстановах прафесійнай адукацыі.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».