Вы тут

Рэктары: Урыўкі з новай кнігі (працяг)


Доктарскую дысертацыю Ігар Сяргеевіч абараніў па праблемах дынамікі колавых машын. Стварыў у сваёй ВНУ навуковую школу, і цяпер ужо пад яго кіраўніцтвам пішуцца і абараняюцца кандыдацкія і доктарскія дысертацыі.


Вось такі ўдумлівы, настойлівы, ініцыятыўны рэктар прыйшоўся ў тыя часіны для «машынкі» як ніколі дарэчы. Трэба было адкрываць новыя спецыяльнасці, у рыначных умовах вызначаць патрэбы прамысловасці ў тэхнічных спецыялістах, умацоўваць матэрыяльную базу ўніверсітэта. Нейкі перыяд часу мы з прафесарам Сазонавым былі рэктарамі. Раіліся, выручалі адзін аднаго, спрачаліся. Я, напрыклад, шчыра выказаў яму непаразуменне адкрыцця ў «машынцы» спецыяльнасці «камерцыйная дзейнасць». Навошта яна ў тэхнічнай ВНУ?!

Але ў выпадку небяспекі мы з рэктарам Сазонавым станавіліся плячо да пляча! Напрыклад, калі губернатар Барыс Васільевіч Батура вырашыў даручыць мне добраўпарадкаваць ўсю вуліцу Касманаўтаў, даўжынёю 6 кіламетраў, а Сазонаву — усю плошчу Леніна. У вас, маўляў, ёсць пазабюджэтныя грошы, вось і прывядзіце ў належны выгляд прылеглую да вашых ВНУ гарадскую тэрыторыю. Так, грошы, вядома, ёсць, але гэта бацькоўская аплата за навучанне ва ўніверсітэце іх дзяцей. Мы не можам выдаткоўваць іх на гарадскую камунальную гаспадарку. Барыс Васільевіч губернатар валявы, аднаму супрацьстаяць яму цяжка. А вось удвух з сябрам можна свае пазіцыі і ўтрымаць.

На пачатку 2000-х кіраўніцтва Расійскай Федэрацыі вырашыла ўмацоўваць свае ўплывы ў былых савецкіх рэспубліках, у тым ліку і адкрыццём у іх сумесных універсітэтаў — Расійска-Армянскага, Расійска-Азербайджанскага і іншых. Галоўнай задачай работы такіх універсітэтаў было распаўсюджванне, умацаванне, вывучэнне рускай мовы. Для гэтага ўрадам Расіі выдаваліся немалыя сродкі. Зразумела, што для такіх мэтаў болей падыходзіў ужо дзеючы ўніверсітэт, лепей класічны ці былы педінстытут. Ён працягвае рыхтаваць нацыянальныя кадры, але і вырашае задачы ўмацавання сувязяў з Расіяй у галіне адукацыі. У Беларусі для гэтых мэтаў выбралі Магілёўскі ўніверсітэт імя А. А. Куляшова, дзе я быў рэктарам. Давялося моцна задумацца! У Беларусі руская мова мае дзяржаўны статус, на ёй усе свабодна гавораць, ва ўніверсітэтах, каледжах, у палове школ навучанне ідзе на гэтай мове. Нам няма неабходнасці ствараць універсітэт для ўмацавання рускай мовы. Майму ўніверсітэту амаль сто гадоў, ён стаў пазнавальны ва ўсім свеце дзякуючы сваім навуковым школам і знакамітым выпускнікам, яго закончыў першы Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. І я адмовіўся ад яго перайменавання ў Расійска-Беларускі ўніверсітэт.

«Машынка» ж, на той час Магілёўскі тэхнічны ўніверсітэт, працягвала рыхтаваць інжынерныя кадры не толькі для Беларусі, але і для прылеглых расійскіх рэгіёнаў — Бранскай, Смаленскай, Пскоўскай і іншых абласцей. І рэктар Сазонаў, разлічваючы ў такім разе на фінансаванне расійскім урадам падрыхтоўкі кадраў для сваёй краіны, прапанаваў зрабіць Беларуска-Расійскім свой універсітэт. Так магілёўская «машынка» і стала Беларуска-Расійскім ўніверсітэтам (БРУ).

Заўважу, што, як у народзе кажуць, абяцаных грошай тры гады чакаюць. І расійскія бюджэтныя сродкі выдзяляліся БРУ, але для гэтага патрэбны былі настойлівасць і аўтарытэт рэктара ўніверсітэта. У Маскве ён павінен быў бываць даволі часта. Але я ж ужо адзначаў, што вучоныя-тэхнары не толькі ўмеюць трымаць удар, але і ва ўсім знаходзяць жывую зацікаўленасць. Ігар Сяргеевіч выкарыстоўваў паездкі ў Маскву яшчэ і для ўсталявання навуковых сувязяў з расійскімі ВНУ, вывучэння іх вопыту арганізацыі вучэбнага працэсу, набыцця неабходнага ўніверсітэту абсталявання. Яго рашэнне пра выбар для «машынкі» статуса Беларуска-Расійскага ўніверсітэта аказалася стратэгічна правільным.

Яшчэ ад папярэдняга рэктара прафесар Сазонаў атрымаў у спадчыну даўгабуд. Побач з галоўным вучэбным корпусам пачалі ўзводзіць шматпавярховы новы. У ім універсітэт меў надзвычайную патрэбу. У асноўным корпусе ўжо было цесна, ды і час прыйшоў для яго капітальнага рамонту. А куды ў такім выпадку пераносіць заняткі? Гэта незавершанае будаўніцтва стала галаўным болем і для рэктара Сазонава, і для міністра Радзькова. Даху на будынку яшчэ не было, узведзеныя сцены разбураліся і пакрываліся расліннасцю, і гэта ў цэнтры горада. Губернатар пагражаў усё знесці і пабудаваць на гэтым месцы жылы дом. Мы з рэктарам разумеем, што вучэбны корпус для ўніверсітэта нам будаваць усё роўна давядзецца, але тады ўжо за ўскраінай горада. А грошай на будаўніцтва ніхто не дае — ні рэспубліка, ні вобласць, ні тым болей Расія. Працягваем настойліва прасіць паўсюль. І дамагліся ж! Можаце самі паглядзець на гэтага прыгажуна — вучэбны корпус, ён побач з плошчай Леніна. Рэктар Сазонаў умеў дабівацца задуманага.

Ігар Сяргеевіч працаваў рэктарам БРУ з 1998 па 2018 год. Цяпер універсітэтам кіруе таксама яго выпускнік, доктар тэхнічных навук, прафесар Міхаіл Яўгенавіч Лусцянкоў. Я з ім знаёмы і таму ведаю, што мой блізкі сябра рэктар Сазонаў падрыхтаваў сабе годную замену.

На ўрадлівых магілёўскіх землях была заснавана першая ў Беларусі вышэйшая навучальная ўстанова — Горацкая сельскагаспадарчая акадэмія. З часам зямлю пачалі апрацоўваць тэхнікай, спатрэбіліся інжынеры для маштабнай прамысловай вытворчасці. Таму ў Магілёве адкрылі машынабудаўнічы інстытут. А пасля навучыліся вырошчваць такія ўраджаі, што з’явілася вострая неабходнасць у іх аб’ёмнай тэхналагічнай перапрацоўцы. Спецыялістаў для гэтага стаў рыхтаваць Магілёўскі тэхналагічны інстытут. Але ж ва ўсіх людзей, дзе б яны ні працавалі — на зямлі, у прамысловасці, на хлебазаводзе, ёсць дзеці і іх трэба вучыць. Таму ў Магілёве болей як сто гадоў дзейнічае педагагічны інстытут, цяпер Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. А. Куляшова, у свой час адзін з лепшых педінстытутаў Савецкага Саюза. Яго таксама ўзначальвалі годныя кіраўнікі, і пра некаторых з іх я расказаў на самым пачатку гэтай кнігі.

... У мяне не было мэты расказаць пра кожнага з рэктараў усіх ВНУ Беларусі. Мне хацелася ўвогуле вывучыць, зразумець прызначэнне ў грамадстве чалавека, які займае гэту пасаду. Якімі асабістымі якасцямі павінен валодаць прэтэндэнт на такую работу, якія задачы яму трэба будзе вырашаць, як увогуле фарміруецца будучы кіраўнік ВНУ? Дзеля гэтага аналізу я выбраў тых рэктараў, з якімі разам давялося працаваць, каго я ведаў асабіста ці пра каго чуў шмат добрага. У Беларусі многім ВНУ ўжо болей за сто гадоў, там змянілася шмат рэктараў. Пра некаторых з іх цяжка знайсці нават мінімальныя звесткі — па нашай краіне пракаціліся навальнічныя рэвалюцыі, сусветныя і грамадзянскія войны, не абышла нас і хваля рэпрэсій у трыццатыя гады. Рэктар — фігура палітычная, грамадская, з усіх бакоў прыкметная — заўсёды на першым плане, таму яны знікалі ў віхуры рэвалюцыйных пераўтварэнняў, гінулі на вайне, паміралі ў турэмных засценках. Цяпер, пры жаданні, можна ўсё ж такі знайсці хаця б крупінку інфармацыі пра кожнага з іх. Я, дарэчы, заўважыў, што ўсе пошукавыя праграмы ў інтэрнэце да рэктараў адносяцца з павагай — даюць пра іх нямала цікавай інфармацыі.

Расказваў я пра рэктараў грамадзянскіх ВНУ, але ў Беларусі ёсць і вышэйшыя навучальныя ўстановы так званых сілавых структур — Ваенная акадэмія, Акадэмія МУС, Інстытут нацыянальнай бяспекі, Інстытут пагранічнай службы, Універсітэт грамадзянскай абароны МНС і іншыя. Вучэбны працэс у гэтых установах пабудаваны па ваенным узоры, і кіраўніка там называюць не рэктарам, а начальнікам. І хаця многіх начальнікаў вышэйшых навучальных устаноў я ведаў асабіста, аналізаваць іх работу не стаў. Па-першае, там прысутнічае элемент сакрэтнасці, па-другое, іх служба адрозніваецца сваёй спецыфікай нават паміж імі, па-трэцяе, я не адчуваю іх работу так, як дзейнасць рэктараў грамадзянскіх ВНУ.

Мне хацелася расказаць перш за ўсё пра рэктараў беларускіх ВНУ, хаця я быў добра знаёмы і з некаторымі рэктарамі іншых краін. Напрыклад, вельмі даражу дружбай з рэктарам Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. В. Ламаносава акадэмікам Віктарам Антонавічам Садоўнічым. У свой час мы з ім падпісвалі Мемарандум аб супрацоўніцтве паміж МДУ і Міністэрствам адукацыі Беларусі, і мы ўсе мелі задавальненне кантактаваць з яго камандай — прарэктарамі, дэканамі. Мне асабіста было цікава, як Віктар Антонавіч пашыраў вучэбныя плошчы, для чаго пабудаваў новую бібліятэку, як ён падтрымліваў ва ўніверсітэце фундаментальныя даследаванні. Ён ад нас нічога не ўтойваў.

З рэктарам Расійскага ўніверсітэта дружбы народаў Уладзімірам Міхайлавічам Філіпавым я пазнаёміўся як з міністрам адукацыі і навукі Расіі. Як бачыце, і там існуе практыка прызначэння міністраў з рэктараў. Я яму ўдзячны за змястоўную і шчырую размову пра праблемы і перспектывы развіцця адукацыі ў Расіі. Мы ж такія падобныя...

Рэктар Новачаркаскага політэхнічнага інстытута Валянцін Яфімавіч Шукшуноў здолеў аб’яднаць усіх рэктараў былога Савецкага Саюза ў Акадэмію вышэйшай школы. Як жа карысна было нам пакантактаваць, паслухаць адзін аднаго і вучоных, якіх Валянцін Яфімавіч запрашаў для нас з вядучых універсітэтаў свету. Пры гэтым практыкаваў суровыя формы творчай і навуковай работы — вывозіў усіх на загарадную базу Расійскай акадэміі навук, далей ад маскоўскіх спакус, зачыняў на ключ і прапаноўваў максімальна насычаную праграму канферэнцый і семінараў.

Памятаю да гэтага часу ў падрабязнасцях прагулку ў 1986 годзе па цэнтральнай вуліцы Грознага з рэктарам Чачэна-Інгушскага дзяржаўнага ўніверсітэта Віктарам Абрамавічам Кан-Калікам. Мы гаварылі пра развіццё даследаванняў у галіне псіхалогіі і падрыхтоўкі для гэтага спецыялістаў у ВНУ СССР. У яго трагічны лёс — быў украдзены ў 1991 годзе і загінуў ад рук нявысветленых асоб. Гэта яшчэ раз пацвярджае той факт, што рэктар — фігура ў грамадстве прыкметная.

З рэктарамі заходніх ВНУ мне таксама даводзілася і кантактаваць, і працаваць. Але гэта іншы ўклад жыцця ВНУ, іншыя формы і метады кіравання ўніверсітэтам, якія прыкметна адрозніваюцца ад нашай ментальнасці.

Расказваючы пра рэктараў, я разважаў пра гісторыю развіцця і перспектывы вышэйшай адукацыі ў нашай краіне, яе структуру, геаграфію, спецыфікацыю. Падобна, у гэтых пытаннях патрэбна яшчэ грунтоўная рэарганізацыя. Цяпер кожная ВНУ стараецца адкрыць у сябе як мага болей прывабных для моладзі спецыяльнасцяў, істотна не прадумваючы пры гэтым іх кадравае забеспячэнне, адпаведную вучэбную базу, наступнае працаўладкаванне выпускнікоў. Наборы на спецыяльнасці ў выніку драбнеюць, лекцыі даводзіцца чытаць для 10-15 чалавек (а мы ў свой час чыталі для 200), увогуле становіцца цяжэй забяспечыць якасную падрыхтоўку спецыялістаў. Мяркую, непазбежна ўзбуйненне ўніверсітэтаў, магчымая болей жорсткая іх спецыялізацыя. Такія праблемы ў гісторыі развіцця вышэйшай адукацыі ўзнікаюць пастаянна, і не трэба іх баяцца. Трэба думаць, як комплексна іх вырашаць.

На жаль, страчана прывабнасць фундаментальных навук — матэматыкі, фізікі. На адпаведныя спецыяльнасці хранічны недабор ва ўніверсітэтах, у тым ліку і на фізіка-матэматычныя факультэты педагагічных універсітэтаў. У краіне набірае сілу рыначная эканоміка, усе жадаюць зарабіць адразу і многа. Лічыцца, што на гэта здольныя праграмісты, юрысты, эканамісты, але ж ніяк не настаўнікі фізікі, матэматыкі. А навучанне гэтым дысцыплінам у школе і ВНУ — гэта гарантаванне нацыянальнай бяспекі!

Бізнес забірае сабе ўніверсітэцкіх выкладчыкаў, разумныя людзі патрэбны і там. Таму бывае цяжка ўгаварыць здольнага студэнта паступіць у аспірантуру і заняцца дысертацыйным даследаваннем. Ёсць занепакоенасць і за якасць падрыхтоўкі кваліфікаваных выкладчыкаў для ўніверсітэтаў — кандыдатаў і дактароў навук. Раней гэты працэс ахопліваў велізарную краіну, і гэта забяспечвала рознабаковасць і глыбіню навуковых даследаванняў, у горане якіх нараджаліся высакакласныя педагогі ВНУ. Цяпер мы валодаем толькі навуковым патэнцыялам нашай краіны. На мой погляд, для канкурэнцыі з універсітэтамі іншых краін яго можа і не хапаць.

Істотна даводзіцца перабудоўваць і вучэбны працэс. Мы ў свой час толькі пачалі распрацоўваць дыстанцыйныя нормы навучання, а ва ўмовах пандэміі дзесьці давялося цалкам на іх і пераходзіць. Сыходзяць вучэбныя дапаможнікі на папяровых носьбітах. Назаўсёды? Ці патрэбны студэнту пры рабоце з камп’ютарам пасрэднік-педагог? Гэтыя пытанні ўжо патрабуюць адказаў.

У гэтай кнізе мой расповед у асноўным пра рэктараў майго пакалення. Але мы ўжо сутыкнуліся з праблемай, што пакуль студэнт вучыцца, на вытворчасці можа некалькі разоў, пры гэтым прынцыпова, змяніцца тэхналогія. Дык чаму яго вучыць? Амерыканцы прыдумалі бакалаўрыят, дзе даюць толькі базавую профільную падрыхтоўку, а ўжо «даводзяць» спецыяліста непасрэдна на вытворчасці, задзейнічаўшы менавіта існуючую ў гэты час тэхналогію. Болей грунтоўную падрыхтоўку яны аднеслі для магістратуры. Мы разумеем гэтыя падыходы, у многім нават перайшлі на двухступеньчатую вышэйшую адукацыю, але такая перабудова павінна быць комплекснай і ахопліваць не толькі ВНУ, але і ўсю вытворчасць. А можа, тут ужо патрэбны новыя рашэнні?

Зразумела, аддаўшы руль кіравання ва ўніверсітэтах нашым пераемнікам, мы за імі назіраем. Яны на нашых вачах набываюць вопыт — становяцца палітыкамі, буйнымі вучонымі, аўтарытэтнымі педагогамі, руплівымі гаспадарнікамі. Цяпер ужо яны — рэктары, і нам ні ў чым не саступаюць. Нават недзе пераўзыходзяць, напрыклад у выкарыстанні сучасных камунікацыйных тэхналогій, іх прымяненні ў вучэбным працэсе. Але і нечым ад нас адрозніваюцца. У прыватнасці, прыкметна ўхіляюцца ад стасункаў з людзьмі — калі патрабуецца з некім размова, то запрашаюць падначаленага персанальна да сябе ў кабінет, а не ідуць на кафедру, не збіраюць нараду ці сход. Думаю, наступствы якраз іх захаплення сучаснымі сродкамі навучання — усё ж можна прагаварыць і вырашыць дыстанцыйна, у рэжыме анлайн і ў групавым чаце. А рэжым работы ва ўмовах пандэміі нават патрабуе гэтага. А мне і цяпер бачыцца, што ўніверсітэт у аснове сваёй патрабуе інтэнсіўных стасункаў паміж людзьмі. У розных формах, ад студэнта да рэктара.

Рэктары ў многім вызначаюць перспектывы развіцця вышэйшай адукацыі ў краіне, персанальна адказваюць за яго якасць. Упэўнены, што сучасныя кіраўнікі ВНУ справяцца з гэтымі задачамі. У нас тут добрыя традыцыі, а менавіта імі і моцны любы ўніверсітэт.

Я расказаў пра ўніверсітэты, увогуле пра вышэйшую адукацыю ў краіне, праз гісторыі пра людзей, пра рэктараў. Яны ўсе розныя — са сваімі характарамі і памкненнямі. Гэтыя якасці кожны чалавек бачыць у іншага па-рознаму, са свайго пункту гледжання. Я пісаў пра сваіх калег так, як сам іх успрымаў. Некаму з іх гэта можа і не спадабацца, у такім выпадку прашу мне прабачыць. Пра людзей увогуле пісаць вельмі складана. Але мне хацелася распавесці шырокаму колу чытачоў пра гэтую кагорту вучоных, педагогаў, кіраўнікоў. Пра рэктараў, якія ў многім забяспечваюць развіццё нашага грамадства.

Пераклаў з рускай мовы Кастусь ЛАДУЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.