Вы тут

У прыярытэце — дзіцячы чытач


Якія кніжныя навінкі пабачаць свет у бліжэйшы час у Выдавецкім доме «Звязда»? Адказ на гэтае пытанне, відавочна, важны для чытача і пакупніка, як, дарэчы, і для саміх аўтараў. А сёння, як правіла, калі параўноўваць з ранейшымі, савецкімі, дзесяцігоддзямі, у кнігарнях не знойдзеш тэматычных перспектыўных планаў ніводнага выдавецтва. Таму важны характар і носіць анансіраваная інфармацыя пра кніжныя навінкі. 


У лютым — на пачатку сакавіка 2023 года Выдавецкі дом «Звязда» прапануе некалькі выданняў, праца над падрыхтоўкай якіх ідзе ў кніжнай групе выдавецтва поўным ходам. Будзе завершана выданне серыі кніг доктара біялагічных навук Анатоля Тарасавіча Федарука «Старинные усадьбы Гродненщины». У апошнім томе — расповяд пра сядзібы Смаргонскага і Шчучынскага раёнаў Гродзенскай вобласці. Параўнальна нядаўна ў «Звяздзе» выйшаў том, прысвечаны Свіслацкаму і Слонімскаму раёнам. Ён ужо займеў увагу чытачоў. Амаль палова тыража за некалькі месяцаў рэалізавана. Але яшчэ кнігу можна набыць у кнігарнях ААТ «Белкніга» і мінскай краме «Акадэмкніга» па адрасе: праспект Незалежнасці, 72. Найперш хацелася б параіць кнігі дасведчанага спецыяліста ў галіне сядзібна-паркавага мастацтва настаўнікам гісторыі, краязнаўцам, ды і настаўнікам геаграфіі і біялогіі таксама. Гартаючы старонкі выданняў, вы дакладна адчуеце жаданне наведаць старадаўнія сядзібы Гродзеншчыны. 

Юнаму чытачу прапануе зборнік апавяданняў вядомы пісьменнік Валерый Кастручын «Чудо-ягода». Творы вопытнага мастака слова вылучаюцца назіральнасцю, у асноўным прысвечаны прыродзе, адносінам чалавека з лесам, рэкамі і азёрамі, жывёльным светам. Піша Валерый Кастручын рэльефна, з любоўю да навакольнага асяроддзя, з трывогай за лёс прыроды. Чытаеш яго апавяданні — і згадваеш кнігі Уладзіміра Дубоўкі, Янкі Маўра, Віталія Біянкі, Віталя Вольскага, Георгія Скрабіцкага, Міхаіла Прышвіна, іншых рускіх і беларускіх пісьменнікаў-прыродазнаўцаў. 

Ірыну Карнаухаву таксама палюбіў юны чытач Беларусі. У апошнія гады выйшла некалькі яе кніг, дзе рэчаіснасць спалучаецца з казачнымі прыгодамі юных герояў. Так яно адбываецца і ў кнізе, напісанай у жанры фэнтэзі, «Дверной дом». Яна ў хуткім часе пабачыць свет. Зборнік казак «Суп з чарапахі» прапануе самым маленькім чытачам вядомы беларускі пісьменнік Сяргей Давідовіч. 

Падрыхтавана да друку і кніга тапанімічных казак Генадзя Аўласенкі «Як сем сыноў лесніка чорта перахітрылі». Празаік з Чэрвеня фактычна адкрыў гэты жанр — тапанімічная казка. І новы зборнік — не першая яго кніга ў гэтым накірунку. 

Вырашылі ў «Звяздзе» па просьбе бібліятэкараў і школьнага настаўніцтва перавыдаць добра вядомую кнігу Леаніда Прокшы — «Незвычайныя прыгоды хлопчыка Бульбінкі». Гэтая аповесць-казка добра вядомая розным пакаленням беларускіх хлопчыкаў і дзяўчынак. 

У бліжэйшых кнігавыдавецкіх планах «Звязды» — новыя кнігі Таццяны Дземідовіч, Валянціны Быстрымовіч, Марыны Помаз-Лайковай, Міхася Пазнякова. 

Пабачыць свет у лютым і раман Людмілы Рублеўскай «Авантуры Пранціша Вырвіча, маршалка менскага», якім пісьменніца завяршае свой гістарычны цыкл. Раней у «Звяздзе» пабачылі свет шэсць кніг з серыі твораў пра Пранціша Вырвіча. 

Прыемнага чытання! 

Сяргей ШЫЧКО

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.