Вы тут

На дзяржпраграмы Магілёўскай вобласці ў 2023 годзе накіруюць 1,3 млрд рублёў


Гэтую лічбу агучыў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка на сустрэчы з актывам вобласці, сенатарамі, дэпутатамі і прадстаўнікамі грамадскіх арганізацый. Фінансаванне праектаў рэгіянальнай праграмы сёлета павялічылася ў 4 разы ў параўнанні з мінулым годам. І трэба вельмі прадумана і эфектыўна расходаваць грашовыя сродкі, падкрэсліў ён.


Стаўка робіцца на забеспячэнне сацыяльнай стабільнасці і рост дабрабыту насельніцтва.

— Яшчэ на шостым Усебеларускім народным сходзе Прэзідэнт краіны вызначыў кірункі нашага развіцця на пяцігодку — шчаслівая сям’я, моцныя рэгіёны, інтэлектуальнае асяроддзе, — адзначыў Анатоль Ісачанка. — У рэгіянальнай палітыцы прыярытэтнымі з’яўляюцца жыллё, камфортнае асяроддзе, дарогі. 

Ключавая роля ўдзяляецца будаўнічаму комплексу. У рамках рэалізацыі інвестпраграмы трэба вырашаць пытанні будаўніцтва жылля, інжынерна-транспартнай інфраструктуры. У вобласці 65 тысяч грамадзян маюць патрэбу ў паляпшэнні свайго жыллёвага становішча. Болей чым 500 шматдзетных сямей будуць забяспечаны сёлета камфортным жыллём. Запланавана пабудаваць 38 тысяч квадратных метраў арэнднага жылля. Разглядаецца пытанне будаўніцтва болей чым 500 кватэр для ваенаслужачых. Будаўніцтва ўсіх шматкватэрных дамоў будзе ажыццяўляцца ў энергаэфектыўным выкананні. Асаблівая ўвага надаецца тэме індывідуальнага жылля. У вобласці болей чым 5 тысяч грамадзян, жадаючых пабудаваць свой дом.

Не менш важным з’яўляецца пытанне будаўніцтва дарог. На гэтыя мэты сёлета прадугледжана каля 180 мільёнаў рублёў, плануецца адрамантаваць 166 кіламетраў дарог. У чацвёртым квартале плануецца распачаць работы па будаўніцтве чатырохпалоснай магістралі ад Магілёва да Чэрыкава. Працягваецца рэканструкцыя мастоў праз Сож у Чэрыкаве і Беразіну ў Бабруйску. У планах пачаць праектныя работы па рамонце яшчэ шасці мастоў у Магілёве, Бабруйску і Чавусах. 

Камфортнае жыццё немагчыма ўявіць без якаснай вады. У наступным годзе ў вобласці будуць пабудаваныя 13 станцый абезжалезвання. Запланаваныя работы па будаўніцтву і рэканструкцыі на ачышчальных збудаваннях у Магілёве, Мсціславе, Бабруйскім раёне. 

Не менш вострае пытанне  другасныя адходы. Працягнецца будаўніцтва смеццеперапрацоўчага завода ў Бабруйску, плануецца будаўніцтва яшчэ аднаго — у Магілёўскім раёне. 

Шмат увагі надаецца развіццю Магілёва і Бабруйска.

— Сёлета будзе прадоўжана работа па будаўніцтве магістралі ад вуліцы Якубоўскага да вуліцы Каралёва ў Магілёве, — паведаміў Анатоль Ісачанка. — У мікрараёне Стасава-Грышана пабудуем дзіцячы садок на 240 месцаў. Вядуцца праектныя работы па будаўніцтве дзіцячых садкоў у мікрараёнах Спадарожнік-2, Казіміраўка, Саломенка-2 і іншых.

Губернатар таксама падзяліўся планамі наконт магілёўскага прадпрыемства «Строммашына», якое на працягу апошніх гадоў знаходзіцца ў рэжыме санацыі. Частка вытворчых магутнасцей прадпрыемства перададзена пад кіраванне Беларускага аўтамабільнага завода. Астатнія плошчы, якія знаходзяцца ў самым цэнтры горада, плануецца аддаць пад будаўніцтва жылля і сацыяльных аб’ектаў.

У планах таксама будаўніцтва новага корпуса экстраннай хірургіі ў Магілёве, рэабілітацыйнага корпуса дзіцячай абласной бальніцы. Дзевяць мільёнаў выдзяляецца на добраўпарадкаванне Грэбянёўскага, або, як яго яшчэ называюць у Магілёве, Святога возера, пытанне па якому падымалася гараджанамі на працягу некалькіх гадоў. Гэта адно з папулярных месцаў летняга адпачынку ў Магілёве. Плануецца прывесці яго ў належны стан за тры гады. Але ёсць спадзяванні, што праект ажыццявіцца хутчэй. 

Адным з грандыёзных аб’ектаў можа стаць будучы Музей воінскай славы Магілёўскай вобласці, будаўніцтва якога пачнецца сёлета па ініцыятыве грамадскіх арганізацый у раёне мемарыяльнага комплексу ў Буйнічах.

Не менш маштабныя планы наконт Бабруйска. Сёлета тут запланавана праектаванне і пачатак будаўніцтва новага хірургічнага корпуса Бабруйскай гарадской бальніцы. А ў мікрараёне Кісялевічы будзе ўзведзены дзіцячы садок на 240 месцаў. Запланавана таксама праектаванне Вяслярнай базы і ФАКа.

— Вялікая ўвага надаецца здароўю чалавека, — падкрэсліў выступоўца. — Сёлета будзе рэканструяваная бальніца ў Чэрыкаве, а ў першым квартале распачата будаўніцтва паліклінікі ў Крычаве. Даследчыкі падлічылі, што кожны рубель, укладзены ў спорт, дазваляе зэканоміць дзесяць на медыцыне. Прынята рашэнне на працягу трох гадоў пабудаваць у раёнах вобласці не менш чым 4 басейны. 

Жамчужына Магілёўшчыны — палацава-паркавы комплекс у аграгарадку Жылічы Кіраўскага раёна. Сёлета будуць уведзены 2-я і 3-я чэргі гэтага аб’екта. Таксама працягнуцца работы па аднаўленні гістарычнай пабудовы XII-XIV стагоддзяў на тэрыторыі Замкавай гары ў Мсціславе.
Індыкатар спраў эканомікі рэгіёна — прамысловы комплекс.

— Летась цэлы шэраг прадпрыемстваў павялічыў аб’ёмы вытворчасці, — рэзюмаваў Анатоль Ісачанка. — Сёння стаіць задача нарасціць аб’ёмы не меней чым на 5 %.

Мэта гэтага года — аднавіць устойлівую дынаміку росту інвестыцый, каб прыдаць значны імпульс эканоміцы. Найважнейшая задача — рэалізацыя інвестпраектаў у межах даручэнняў Прэзідэнта  «адзін раён — адзін праект». Асноўныя стратэгічныя накірункі развіцця ўсяго прамысловага комплексу — імпартазамяшчэнне, павелічэнне ўзроўню лакацыі вытворчасцей, фарміраванне і развіццё тэхналагічных ланцужкоў на базе мясцовых сыравінных рэсурсаў, уключэнне ў кааперацыйныя ланцужкі прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнесу.

Вялікія задачы стаяць перад сельскай гаспадаркай — яна забяспечвае высокі працэнт паступлення валюты. Кіраўнік вобласці арыентаваў на ўдасканаленне работы па атрыманні трывалай кармавой базы, рэканструкцыю комплексаў і будаўніцтва новых МТК, стварэнне інтэграцыйных структур. Ён агучыў ідэю вытворчасці на мясцовым узроўні тушонкі, паставіў задачы па развіцці рыбаводства. Ёсць планы на базе Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках стварыць рыбны матачнік і атрымліваць ікру. 

Анатоль Ісачанка заклікаў працаваць сумленна, а за невыкананне паказчыкаў і «прасяданне» раёнаў адказ нараўне са старшынямі выканаўчай улады павінны несці і дэпутаты.

— Сёння самы лепшы час для работы, — падсумаваў ён сваё выступленне. — Ёсць сродкі, тэхналогіі, сыравіна. Новы час патрабуе новых падыходаў. Такі механізм работы з’яўляецца лепшым адказам на сённяшнія выклікі.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».