Вы тут

Лукашэнка: Усё буду рабіць, каб наша Беларусь жыла ў міры і згодзе


Свята Раства Хрыстова Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэў у манастырскім комплексе Свята-Елісавецінскага жаночага манастыра, вядомага сваёй духоўнай і грамадскай дзейнасцю. Манастырскі комплекс уключае ў сябе пяць храмаў. Аляксандр Лукашэнка запаліў калядную свечку ў храме ў імя свяціцеля Іаана Шанхайскага і Сан-Францыскага. Ён пабудаваны ў стылі старажытнарускага драўлянага дойлідства XVII стагоддзя па тэхналогіі канадскай рубкі (злучэнне бервяна ці бруса ў кутах зруба). І гэта самы высокі драўляны храм у Еўропе. 


На святочную службу ў храм прыйшло мноства людзей розных узростаў: і малыя, і вялікія. На парозе храма кіраўніка дзяржавы сустрэлі дзеці, якія павіншавалі яго са святам. У адказ Прэзідэнт падарыў малым традыцыйныя калядныя прысмакі, якія, па яго словах, сёння можна. Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуўся да прыхаджан, сказаўшы ім тры важныя рэчы, 

«Я ад усёй душы хачу ўсіх вас павіншаваць з гэтым добрым і светлым святам у жыцці кожнага чалавека, не толькі праваслаўнага чалавека. І праваслаўе — толькі падстава для ўсіх свецкіх, для ўсіх грамадзян Беларусі праваслаўнага, каталіцкага веравызнання, мусульман — для ўсяго свету нагода адзначыць гэта светлае свята. Гэта сапраўды светлае свята. Для нас, праваслаўных людзей гэта дзень асаблівы і свята асаблівае. Ад шчырага сэрца хачу павіншаваць вас з гэтым святам. І пажадаць вам самае галоўнае — здароўя. Як я жартам кажу, » усё астатняе мы купім". Здароўе не купіш. Я жадаю вам божага блаславення і моцнага-моцнага здароўя«, — сказаў Прэзідэнт. Асаблівыя пажаданні ён накіраваў сем’ям, дзе растуць дзеці. Кіраўнік дзяржавы пажадаў, каб дзеці прыносілі радасць сваім бацькам. «Калі дзіця ўсміхаецца, значыць, наша грамадства здаровае», — нагадаў свае словы Прэзідэнт. 

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў святарам. Іх больш за тры тысячы — тых, якія служаць беларускаму народу, якія шануюць гэтыя светлыя святы. Па словах кіраўніка дзяржавы, яны робяць вялікую працу. Асабліва ў цяперашні час, пасля памятнага 2020 года, калі людзі шмат што ўсвядомілі.

«Мы павінны зрабіць крок насустрач»

«У гэты няпросты час, калі па перыметры нашай мірнай спакойнай Беларусі так неспакойна, нашы святары, робячы вялікую працу, выхоўваюць сапраўдных патрыётаў нашай Айчыны. Нарэшце многія нашы людзі пачалі разумець, што яны нідзе не патрэбны, акрамя сваёй зямлі. Нават і тыя, хто ўцёк з Беларусі, сёння тысячамі звяртаюцца да нас, каб іх вярнулі назад на Радзіму», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, нікога не выганялі з Беларусі. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што гэта такая ж іх зямля, як і наша. 
«Настаў час, калі мы, прадстаўнікі ўлады, я як кіраўнік дзяржавы, вы, святары, наша грамадства павінны зрабіць крок насустрач гэтым людзям, якія ў свой час ці то звар’яцеўшы, ці то на нейкі час страціўшы арыенціры, памыліліся. Будзе па-нашаму, па праваслаўнаму, калі гэты крок насустрач зробім». Прэзідэнт заўважыў, што парушальнікі закона павінны адказаць за свае ўчынкі. Але «я ўпэўнены што сярод тых, хто ўцёк і тых, хто жыве ў нас, ёсць людзі, якія глыбока раскаяліся, якія зразумелі, што памыліліся, яны не павінны быць выкінутыя на абочыну», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што нельга ствараць кропкі напружання ў нашым грамадстве. У нас іх і так хапае, асабліва вакол нашай Беларусі. 

Год будзе не горшым

«Дай бог нам вытрымаць гэты мірны спакойны лад, які быў летась. Гавораць, 2023 год павінен быць абавязкова лепшы. Шчыра, я ўжо думаю аб тым, каб ён быў хаця б такі ж, як 2022-і. Мы яго пражылі ў міры, у згодзе, у цяпле, гэта вельмі важна зараз, гледзячы вакол. У гэтым плане гэты год павінен быць не горшым. Мы будзем мець умовы для таго, каб жыць і працаваць нармальна, хто хоча, і ў цяпле, і ў святле», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён заўважыў, што ўсё зроблена для таго, каб ён быў лепшы. «А яшчэ будзе спакайней нам, калі мы самі не будзем ствараць напружання ў нашым грамадстве. Не дай бог, калі гэта здарыцца, як у нашай брацкай Украіне, іншых дзяржавах, дзе стваралася напруга майданамі і іншымі, а потым грамадзянская вайна, а потым самая сапраўдная гарачая бойня. Хто б мог падумаць, што мы, славяне, некалі будзем ваяваць адзін супраць аднаго», — дадаў ён. 

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ўсё пачынаецца з малога. Таму трэба рабіць крокі для таго, каб разбураць пункты супрацьстаяння ў нашым грамадстве: «Яшчэ раз падкрэсліваю: і ўлада, мы да гэтага гатовыя, і духавенства і вы проста спакойна ў гэты светлы дзень, ды і ў іншыя дні, (наперадзе ў нас яшчэ Вялікдзень, увогуле самы светлы і радасны дзень), каб мы падумалі і прыйшлі да правільнага рашэння гэтых пытанняў, якія мы павінны вырашыць, не пакідаючы іх нашым дзецям. Наша пакаленне павінна вырашыць тыя пытанні, якія павінны вырашыць мы. Мы зробім адпаведныя крокі, каб наша Беларусь была мірнай і спакойнай, каб мы не глядзелі коса адзін на аднаго».

Прэзідэнт падзякаваў манахіням і настаяцельніцы Свята-Елісавенцінскага манастыра. Па яго словах, яны масштабна, як ніякая іншая абіцель, узяліся за працу, каб унесці свой уклад у росквіт нашага грамадства. Яны займаюцца выхаваннем дзяцей, дапамагаюць людзям, якія трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю або страцілі арыенціры. У манастыры рэгулярна праводзяцца дабрачынныя акцыі. «Дзякуй вам вялікі. Гэта дабро вернецца», — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

«Мы павінны працягваць руку дапамогі»

«Нядаўна вас пакрытыкавалі нашы беглыя, якім там грошы праплачваюць на Захадзе, што вы здзейснілі нейкую акцыю, што вы дапамаглі людзям, якія маюць у гэтым патрэбу, на фронце. Вы робіце правільна.

Не зважайце на дзясятак праплачаных людзей. Мы не толькі дапамагаем нашым рускім братам, я гэтага ніколі не хаваў і ўчарашні мой візіт да нашых братоў-вайскоўцаў сведчыць, што мы падтрымліваем нашых братоў. Але мы не забываемся пра ўкраінцаў. Каля дзесяці тысяч уцекачоў ад вайны летась знайшлі пастаяннае месца жыхарства і прытулак у нашай краіне. Мы павінны працягваць руку дапамогі, калі мы на гэта здольныя кожнаму хто, у ёй мае патрэбу», — сказаў Прэзідэнт. Ён яшчэ раз падзякаваў манахіням за іх высакародныя справы. 

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што кожны год пачынаецца са светлага свята Раства: «Жадаю вам дабра і міру. Хачу вас запэўніць, што я асабіста як Галоўнакамандуючы і як кіраўнік дзяржавы буду рабіць усё для таго, каб наша Беларусь жыла ў міры і згодзе. Усё буду рабіць, каб вы ў цяпле і спакоі праводзілі свае дні ў сям’і і памяталі пра тое вялікае і каштоўнае імя якому — мір».

«Будзем імкнуцца прытрымлівацца божага блаславення»

Прэзідэнт падарыў Свята-Елісавенціскаму манастыру ікону «Святая Тройца». Гэта спіс з іконы, напісанай прападобным Андрэем Рублёвым у ХV стагоддзі. Ікону называюць «багаслоўем у фарбах», паколькі ў ёй сімвалічнымі прыёмамі выказана хрысціянскае вучэнне аб Святой Тройцы. 

«Сапраўды гэтыя святыя дні заклікаюць нас да таго, каб мы пастараліся, прытрымліваючыся прыкладу Збавіцеля, які ўзлёг у яслях у вяртэпе, праяўляць любоў, спачуванне, жаданне ўсіх прыняць і аб’яднаць. У гэтым напрамку з боку царквы мы пастараемся зрабіць усё магчымае, само наша служэнне да гэтага абавязвае. І будзем імкнуцца прытрымлівацца божага дабраславення, прыкладу выратавальніка свету, падтрымліваць адзін аднаго і прыносіць добры плён на карысць нашай дарагой Айчыны і няхай іншыя краіны гэтак жа далучаюцца і аб’ядноўваюцца ў гэтым служэнні людзям, богу і свайму народу», — сказаў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. Ён перадаў Прэзідэнту ікону Маці Божай «Міласцівая» («Кікская»), якая выканана ў іканаакладной майстэрні Свята-Елісавецінскага жаночага манастыра. Вядомыя шматлікія выпадкі Божай дапамогі па малітвах перад гэтай іконай. А таксама Прэзідэнту падарылі карціну мастака Глеба Отчыка «Развітанне з праваслаўным падзвіжнікам зямлі Беларускай». Карціна прысвечана Мітрапаліту Філарэту, першаму Патрыяршаму Экзарху ўсяе Беларусі, Герою Беларусі, які пайшоў з жыцця ў 2021 годзе. Аляксандр Лукашэнка неаднаразова падкрэсліваў свае цёплыя шчырыя адносіны да Уладыкі Філарэта. Таму, па словах мітрапаліта Веніяміна, гэта карціна павінна быць у Прэзідэнта. «У Палацы Незалежнасці, каб усе людзі прыходзілі і бачылі», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».