Вы тут

Каманда «Доктар Хаусс» з Магілёва стала чэмпіёнам Вышэйшай лігі КВЗ-2022


«На сцэне каманда з Беларусі. Ну, Беларусь, Беларусь...» і шматтысячная зала замірае ў чаканні новага працягу, які ёміста апісвае ўсе стэрэатыпы аб краіне. Гэтыя вітальныя словы хлопцаў з Магілёва на працягу чатырох гадоў прыцягвалі да экранаў прыхільнікаў гульні па ўсім свеце. І не таму, што беларусы на расійскай сцэне КВЗ — з’ява рэдкая, а таму, што чатыры хлопцы ў дзелавых касцюмах умеюць рабіць «коратка і смешна» лепш за астатніх.

Шлях даўжынёй у 14 гадоў, два мільёны рублёў і асабісты педагог па вакале — у інтэрв’ю з капітанам каманды «Доктар Хаусс» Паўлам Малахавым.​


— Паша, з вашай камандай я пазнаёмілася яшчэ ў 2019-м, вы ўжо былі ў Прэм’е-лізе, але гулялі на сцэне ліцэя БДУ. Як удавалася сумяшчаць тэлевізійную гульню і наш, беларускі КВЗ?

— Мы паставілі перад сабой задачу гуляць адначасова і ў нас, каб быць у форме. Для нас заўсёды важна быць у тонусе.

— Каманда «Доктар Хаусс» пачала свой шлях яшчэ ў далёкім 2008 годзе, утваралася як школьная каманда. І назву абралі ў гонар папулярнага тады серыяла, дадаўшы другую «с» на канцы, як фішку. На сцэне вас чацвёра, зараз усе ўдзельнікі каманды жывуць у Магілёве?

— На сённяшні дзень у Магілёве нас засталося двое: я і Саша Снапкоўскі. Сяргей Мурашка з Жодзіна, Гардзей Яршоў родам з Гомеля, зараз жыве ў Мінску. «Доктар Хаусс» сёння — гэта ўжо зборная Беларусі, таму што ў нашай камандзе ёсць прадстаўнікі ўсіх абласцей. 

— Чаму вы выбралі для сябе дзелавы стыль? Зараз каманды, як правіла, спрабуюць вылучыцца яркімі і запамінальнымі касцюмамі, а вы строга ў чорна-белым?

— Таму што ў Магілёве каляровае трэба заслужыць (усміхаецца). На самай справе, у КВЗ новыя каманды прыходзяць па падабенстве: ўлюбляюцца ў стыль і падачу ўжо знакамітых зборных, спрабуюць знайсці нешта падобнае або вывастрыць сваё. Мы пачыналі ў нулявых, тады разрывала каманда «Максімум», дзелавы стыль з экрана глядзеўся клёва. Тады, у прынцыпе, была мода на пінжакі, да іх мы праз столькі гадоў і дараслі. Пачыналі гуляць у майках, потым з’явіліся кардзіганы. Да Прэм’ер-лігі сабралі грошай і купілі прыгожыя пінжакі, а ў вышку ўвайшлі ўжо ў адзіным стылі, касцюмамi. Праўда, тры гады (адсылка на адарваны цэннік у фінальным прывітанні). Гэта калі разважаць аб форме, а калі аб стылі, то гэта своеасаблівы парадокс: гаварыць з сур’ёзным тварам аб несур’ёзных рэчах. І самае галоўнае — мы ніколі не спрабавалі выдаваць сябе за тых, кім мы не з’яўляемся. Ствараць вобразы паводле падабенства, грунтуючыся на факце, што людзі заўсёды будуць смяяцца з тых, кім не хацелі б стаць, — самы просты ход, а заставацца сабой, як бы дзіўна нi гучала, заўсёды складаней. Гэтым мы ганарымся. 

— Вы ўвайшлі ў гісторыю не толькі планеты КВЗ, але і нашай краіны. За апошні 21 год беларусы ўпершыню сталі чэмпіёнамі Вышэйшай лігі, за апошнія 17 гадоў толькі вы прывезлі дадому малога КіВіНа ў залатым. Якія адчуванні?

— Вялікая радасць. Але пакуль да канца яна не адчуваецца, я думаю, што ўсведамленне перамогі прыйдзе праз пару гадоў, калі мы зробім нешта значнае для нашага, беларускага КВЗ. Галоўная задача цяпер перад намі заключаецца ў гэтым. Мы сышлі з КВЗ, у сезон больш не пойдзем, будзем удзельнічаць у фестывалях, праз некалькі гадоў, магчыма, сыдзем назусім. Але галоўнае, што ў нас ёсць перспектыўныя беларускія каманды, якія мы пакінем пасля сябе. Чэмпіёны — гэта не проста медалі, яны павінны пасля сябе нешта пакінуць, каб увайсці ў гісторыю заслужана. КВЗ — гэта вялікі сацыяльны ліфт, які даў мне многае ў жыцці: каханне, прафесію, за гэта я ўдзячны гульні. Чэмпіёнства— гэта не толькі высокі паказчык асобаснага росту, але і вялікая рызыка. Ставіш на кон усё: час, сілы, а атрымаецца ці не — гэтага загадзя не ведае ніхто. Мы паставілі — у нас атрымалася.

— Стаць чэмпіёнамі Вышэйшай лігі — мара, якая суправаджала каманду 14 гадоў?

— Не, не ўсе каманды гуляюць дзеля перамогі. Многія прыходзяць у гульню кайфаваць, сябраваць, знаёміцца — гэта проста стыль жыцця, як і ў нас. Мы нават у 2020-м годзе не спадзяваліся на чэмпіёнства, гэта доўгі шлях. Спачатку былі гарадскія лігі, потым паездзілі па гарадах Беларусі, вырашылі паспрабаваць сябе ў прафесійным КВЗ. Адчувалі, што ёсць сілы крочыць далей і крочылі, былі і ўзлёты, і падзенні. З кожным сезонам сіл, вопыту і рэсурсаў станавілася больше. Толькі ў 2022-м мы адчулі, што можам пазмагацца за золата. А моцным матыватарам стаў фінал 2021 года (тады «Доктар Хаусс» узяў бронзу), калі ты стаіш на сцэне і разумееш, што да запаветнага тытула рукой падаць. У нас атрымлівалася выйграваць усе гульні сезона-2022, ішлі ўпэўненымі крокамі, таму перамога ў фінале была апраўданым вынікам нялёгкага шляху даўжынёю ў год. 

— Было крыўдна падзяліць чэмпіёнства з камандай «Іменi мяне»?

— Добрае пытанне, пад дых. Я прыхільнік думкі, што чэмпіён павінен быць адзін, але «Іменi мяне» — моцная зборная, якая на працягу двух гадоў у вышцы годна сябе паказвала. Я рады за іх, як за каманду, але калі прадставіцца магчымасць правесці матч-рэванш, мы расставім кропкі над і канчаткова (усміхаецца).

— На экране гледачы бачаць прыгожую карцінку, вашы ўсмешкі і нязгасную энергію. Але напраўду, за паўтарагадзінным эфірам хаваюцца напружаныя месяцы падрыхтоўкі, стрэс і стомленасць. Якімі былі гэтыя чатыры гады ў эфіры для каманды?

— КВЗ за кулісамі— гэта вялікая праца, штодзённы мазгавы штурм: як рассмяшыць, што прыдумаць новага, як прайсці далей. Гэта вялікі стрэс і не менш вялікая адказнасць. Гуляць на тэлебачанні цяжка. 

— Калі б фінал быў іншым, вы бы ўсё роўна скончылі свой шлях у КВЗ?

— Так, трэба ўмець сыходзіць своечасова. У нашай фінальнай песні ёсць радкі «у гэтую гульню трэба гуляць, пакуль ёсць, што сказаць». Напэўна, мы сказалі ўсё, што хацелі. Стаяць на сцэне зараз не прыносіць такога задавальнення, як раней, цяпер прыносіць радасць развіццё і папулярызацыя нашага, беларускага КВЗ. Спакойна і ўтульна мы адчуваем сябе ў Нацыянальнай мастацкай лізе, такія плануем ствараць па ўсёй Беларусі. Зараз цікава займацца маладымі камандамі, перадаваць ім свой вопыт. 

— Стыль каманды «коратка і смешна» — гэта часцяком мініяцюры з палітычным падтэкстам. Але, варта падкрэсліць, што вы заўсёды рабілі гэта тонка, глыбока, без абразы. Як у Беларусі паставіліся да такой сатыры?

— Мы каманда з Беларусі, ну, Беларусь, Беларусь ... Гэта мы выгналі ўсіх з Савецкага Саюза, а самі засталіся ў ім жыць (усміхаецца). Ад удзельнікаў з іншых краін публіка заўсёды чакае іх мясцовых навін. Чаму палітыка? Гумар будуецца на адлюстраванні таго, што адбываецца вакол, так атрымалася, што гэтыя гады ў сусветнай стужцы навін былі нашы палітычныя пытанні, якія абыйсці было нельга. КВЗ — гэта інстытут грамадскага меркавання, гледачы заўсёды чакаюць ад каманд рэгіянальнага гумару. У сваіх выступах мы ніколі не выказвалі публіцы ўласныя высновы наконт тых ці іншых сітуацый, толькі паказвалі падзеі праз прызму гумару. Ніякіх прэтэнзій наконт нумароў дома да нас не паступала.

— Хто піша жарты і мініяцюры? Як увогуле адбываецца працэс зборкі выступу?

— Наша каманда складаецца з 8 чалавек: чацвёра нас на сцэне, адміністратар і тры штатныя аўтары. Так склалася ў калектыве, што кожны з нас — самастойны аўтар, мы па адным напрацоўваем матэрыял, а потым збіраемся разам. Дарэчы, у чэмпіёнскі год з хлопцамі разам мы збіраліся ў...Маскве. Перад гульнёй звычайна дзён за 20 прыязджалі ў сталіцу і пачыналі збіраць усе жарты ў адзінае цэлае. За гэты час рэпецiравалі, адпрацоўвалі, шукалі неабходны рэквізіт. У Маскве ёсць дзяўчынка-рэквізітар, якая займаецца падборам патрэбных нам дэкарацый і касцюмаў. У нас звычайна рэквізіту няшмат, але на адным з хатніх заданняў, дзе мы паказвалі беларускі «Тытанік», на сцэне быў макет камбайна. У нумары пра «Славянскі базар» патрабаваліся гітара, гармонік, барабан, культыватар (сінтэзатар) — у сэнсе таксама дарагі. Усё гэта мы не везлі з сабой з Магілёва. 

— У адным з выступленняў вы сказалі «мы можам сысці ў закат, можам у світанак, можам у абед. Нам усё роўна, мы беспрацоўныя». Але ўсё-ткі, хто па прафесіі ты і хлопцы?

— Я звязаны з будаўніцтвам, атрымаў і вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці «сацыёлаг», але не прапрацаваў ім ні дня. Саша Снапкоўскі жыве ў Маскве, працуе ў будаўнічай кампаніі. Гардзей займаецца КВЗ, як і я зараз. Сяргей-вакаліст, таксама займаецца гульнёй. Наш адміністратар Аляксей Чыстоў — намеснік дырэктара санаторыя ў Гомелі, дырэктар Міжнароднай лігі КВЗ у Мінску. Антон Лапышаў займаецца музыкай, наш аўтар Дзіма Шутаў ўжо даўно з’яўляецца аўтарам Камедзі Клаба. 

— Часта каманды запрашаюць у свае нумары зорак. З вамі выступалi Аляксей Крывеня («Руская дарога»), Таццяна Шытава (афіцыйны голас Алісы), а на фінальным прывітанні — лепшае, што ёсць у Беларусі, — саліст ансамбля «Сябры» Анатоль Ярмоленка. Наколькі цяжка было дамовіцца з зоркамі і на якіх умовах?

— Не заўсёды за ўдзел знакамітых людзей трэба плаціць. Лёша Крывеня — сябар нашай каманды, адзін раз мы выступалі на адной сцэне, а ўвесь астатні час ён быў з намі на сувязі. Дапамагаў парадай, падказваў. Таццяна Шытава таксама дапамагала нам у фінале бясплатна. Кай Метаў выступаў за ганарар. Мы ніколі да фіналу не пачыналі сваё выступленне з зорак, як гэта распаўсюджана ў КВЗ. Апошняя гульня — час здзіўляць, таму мы запрасілі нацыянальную беларускую зорку Анатоля Ярмоленку, ён знайшоў час і пагадзіўся дапамагчы. Па-братэрску, па-беларуску. Тым больш, у зале Вышэйшай лігі яго ведалі, патрэбны эффект разрыву быў дасягнуты. 

— КВЗ-дарагая гульня, як і ўсе тэлевізійныя прадукты. Хто фінансава падтрымлівае «Доктар Хаусс»? 

— Гэта належыць не толькі да гульні: усё, што вы бачыце на экранах — дорага. Зараз тэлевізійнае творчае аб’яднанне «Аляксандр Маслякоў і кампанія» (АМіК) вылучае камандам грошы, каб удзельнікі больш упэўнена сябе адчувалі. Пераможцы яшчэ атрымліваюць прызавы фонд. Мы, дарэчы, у гэтым сезоне выйгралі 1/8, 1/4, 1/2 і фінал — за чатыры гульні «Доктар Хаусс» атрымаў 2 мільёны 100 тысяч расійскіх рублёў. Сума, пазначаная на велізарнай карце, якую бачаць тэлегледачы, рэальная. Выйгрыш пайшоў на далейшае развіццё каманды. Нас падтрымлівае і наш спонсар «Беларуськалій». 

— Першапачаткова вы не пазіцыянавалі сябе, як каманда спевакоў, але ўсё бліжэй да фіналу сталі раскрываць свае вакальныя здольнасці, чым прыемна здзівілі гледачоў. У чым сакрэт?

— У КВЗ трэба не толькі быць смешным, але і ўмець танчыць, спяваць, знаходзіць нестандартныя формы. Адным словам, быць канкурэнтаздольным. Таму мы вучыліся спяваць, у нас быў спецыяльны педагог па вакале. Чацвёра здаровых хлопцаў вучыліся спяваць амаль у 30 гадоў — гульня гэта штодзённая праца над сабой, чэмпіёнамі выпадкова не становяцца. 

— Наколькі вырасла ваша група падтрымкі ў параўнанні з 2019 годам, калі вы толькі з’явіліся на экранах?

— Побач заўсёды былі людзі, якім падабаецца «Доктар Хаусс». Складана сказаць пра рост фан-сектара, але (не хачу выхваляцца) ён у нас вялікі. Дзякуй вялікі ўсім, хто падтрымліваў нас, верыў і хварэў за нас. Пасля перамогі камандзе прыйшло вельмі шмат віншаванняў, як і пасля кожнай гульні. Ёсць людзі, якія ад’ездзілі з намі практычна ўсе гульні Вышэйшай лігі, мая дзяўчына асабіста падтрымлівала мяне ў зале на кожным этапе сезона. Блізкія і родныя кожнага ўдзельніка ДХ хварэлі за нас, дапамагалі маральна і фізічна, за што кожнаму, паўтаруся, вялікі дзякуй. У нашай групе падтрымкі не толькі беларусы, але і расіяне. Адзін мужчына з Казані ездзіў у Маскву практычна на кожную гульню — гэта зараджае і нас.

— Галоўнае пытанне, якое цікавіць усіх тых, хто палюбіў чатырох хлопцаў з Магілёва за гэтыя гады, што будзе далей?

— У першую чаргу, усе сілы цяпер мы накіроўваем на развіццё беларускага КВЗ. Я вяду гульні НХЛ, рэдагую і журу маладыя каманды. «Доктар Хаусс» з радасцю калясіць з канцэртамі, выступае на карпаратывах у нас і ў Расіі. Пасля чэмпіёнства камандзе паступіла шмат прапаноў наконт працягу творчага шляху. Адно магу сказаць дакладна: на экранах вы ўбачыце нас яшчэ не раз. Не развітваемся!

Размаўляла Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота з асабістага архіва каманды.

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.