Вы тут

Арына Сабаленка заваявала першы тытул у новым сезоне


 У традыцыйным аглядзе «Звязды» расказваем важныя спартыўныя навіны.


Фота: БелТА.

Гераіня тыдня. Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка стала пераможцай турніру ў аўстралійскай Адэлаідзе з прызавым фондам $826 тыс. Гэта яе першы тытул у новым годзе і адзінаццаты ў кар'еры. У вырашальным матчы аўстралійскага турніру першая ракетка Беларусі перамагла чэшку Лінду Наскову — 6:3, 7:6 (7:4).

З перамогай Арыну павіншаваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. «На радасць шматлікіх прыхільнікаў з Беларусі і з усяго свету ты дабілася гэтай перамогі, паказаўшы на корце выдатную гульню, жалезную вытрымку і самавалоданне. Упэўнены, нас чакае яркі сезон, у якім ты зможаш пакарыць самыя высокія вяршыні сусветнага тэніса», — гаворыцца ў віншаванні. Кіраўнік дзяржавы пажадаў спартсменцы моцнага здароўя, шчасця і ўдачы.

Пасля перамогі ў Адэлаідзе Арына Сабаленка захавала пятую пазіцыю ў рэйтынгу WTA. У яе актыве 4340 ачкоў. Вікторыя Азаранка, якая дайшла да чвэрцьфіналу, знаходзіцца на 25-м месцы (1597 ачкоў), Аляксандра Сасновіч займае 38-ю пазіцыю (1231).

У рэйтынгу Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў лепшы з беларусаў Ілья Івашка займае 72-е месца, набраўшы 705 балаў, Ягор Герасімаў на 367-й пазіцыі (128).

Турнір тыдня. На канькабежным стадыёне «Мінск-Арэны» прайшоў Адкрыты чэмпіянат краіны па спрынтарскім шматбор'і. У жанчын першай да фінішу прыбегла Ганна Дамарацкая, на другім месцы Таццяна Міхайлава, на трэцім — Яўгенія Вараб'ёва. У спаборніцтвах мужчын пераможцам стаў Ігнат Галавацюк, на другой прыступцы п'едэстала Віктар Рудэнка, на трэцяй — Антон Бранкоўскі.

Страты тыдня. З жыцця пайшоў Аляксандр Наваковіч, чалавек, які ўнёс вялікі ўклад у развіццё беларускага канькабежнага спорту. Аляксандр Мікалаевіч быў суддзёй вышэйшай нацыянальнай і міжнароднай катэгорый, старшым трэнерам нацыянальнай каманды па канькабежным спорце.

Таксама на 88-м годзе жыцця не стала ганаровага старшыні Асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футбола» Яўгена Шунтава. Ён быў першым кіраўніком галоўнай футбольнай арганізацыі Рэспублікі Беларусь адразу пасля яе заснавання ў 1989 годзе і займаў гэтую пасаду на працягу дзесяці гадоў. Падчас яго кіравання Беларуская федэрацыя футбола ўвайшла ў склад ФІФА і УЕФА, а наша зборная ўпершыню прыняла ўдзел у кваліфікацыях чэмпіянатаў свету і Еўропы.

Каманда тыдня. Бабруйскі «Дынама-Шыннік» прадоўжыў пераможную серыю ў рэгулярным чэмпіянаце Маладзёжнай хакейнай лігі да васьмі матчаў. У нядзелю ў паўторным паядынку з «Сахалінскімі акуламі» беларускія хакеісты аказаліся мацнейшымі. Вынік сустрэчы — 3:2. «Дынама-Шыннік» мае ў сваім актыве 53 балы і размяшчаецца на 2-й пазіцыі «Сярэбранага» дывізіёна на Захадзе, а таксама на 5-м месцы агульнай табліцы канферэнцыі. Гасцявая серыя бабруйчан працягнецца 11 і 12 студзеня матчамі супраць «Амурскіх тыграў».

Форвард бабруйскага «Дынама-Шынніка» Мацвей Ладуцька названы лепшым навічком Захаду па выніках чацвёртага месяца рэгулярнага чэмпіянату МХЛ. 17-гадовы нападаючы згуляў у дзевяці матчах, у якіх зарабіў 10 дзейсных балаў (4+6). Таксама Мацвей Ладуцька выканаў 8 сілавых прыёмаў, здзейсніў 6 адбораў і нанёс 15 кідкоў. Раней лепшым трэнерам 17-га тыдня чэмпіянату МХЛ, на думку балельшчыкаў, быў прызнаны настаўнік «Дынама-Шынніка» Андрэй Міхалёў. У перыяд з 22 снежня па 4 студзеня беларускі клуб атрымаў 6 перамог у 6 матчах і замацаваўся на 2-й пазіцыі ў дывізіёне.

Паражэнне тыдня. Беларускія гандбалісты двойчы пацярпелі паражэнне ад расіян у таварыскіх матчах у Маскве. Першую гульню беларусы прайгралі з вынікам 23:28. У другім матчы ўступілі 25:28.

Валерыя СЦЯЦКО 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі. 

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.