Вы тут

Ірына Дарафеева: Я кахаю і шчаслівая


Яе пазнаеш заўсёды. Па яркім голасе на хвалі радыёстанцыі, па далікатнай усмешцы на афішах і па дзіўным міксе драйву і лірыкі на канцэртах. Злавіла сябе на думцы: заслужаная артыстка Беларусі Ірына Дарафеева, пэўна, ведае сакрэт вечнай маладосці!

Спявачка, актрыса, педагог... У кожным са сваіх амплуа паспяховая і запатрабаваная. Хто і што яе натхняе, што сагравае сэрца Ірыны Дарафеевай, калі згасаюць сафіты, мы спыталі ў яе падчас сустрэчы.


— Ірына, а якім быў для Вас мінулы год?

— Шмат усяго адбылося. Перыяд быў складаным, два гады пандэміі сталі часам творчага зацішша, без магчымасці рэалізаваць свае планы. Канцэртная дзейнасць была на паўзе, таму мы засяродзіліся на рабоце з аранжыроўшчыкамі, пісалі новыя песні, рэпеціравалі з музыкантамі. Я марыла аб гастролях і сустрэчах з гледачамі, рыхтавалася да свайго вялікага сольнага канцэрту ў Палацы Рэспублікі. З-за пандэміі ён пераносіўся, але, на шчасце, ужо ў сакавіку канцэрт адбыўся. Магчыма, тыя цяжкія часы і вымушаная паўза ў працы далі мне магчымасць шмат чаго ў сваім жыцці і творчасці пераасэнсаваць, прааналізаваць. Я зразумела, што хачу рабіць зусім новую праграму. Так з’явілася яркая па гучанні і пасыле песня «Усё пачынаецца з кахання». Так мы назвалі і нашу праграму-канцэрт. Тэлеканал АНТ зняў тэлеверсію, і яе можна ўбачыць не толькі па тэлебачанні, але і на ютуб-канале Ірыны Дарафеевай.

— Наколькі Вы сёння пераборлівыя ў выбары новага музычнага матэрыялу?

— Я абапіраюся на свой жыццёвы досвед і музычны густ. Бо ўжо шмат чаго праспявана і розныя тэмы ўзнімаліся на працягу творчага шляху. Нават вяртаючыся да старых песень, заўсёды імкнуся знайсці новае прачытанне. Няхай мы і гаворым, што ў музыцы толькі сем нот, але яны кожны раз здольныя гучаць па-іншаму. Так і з сюжэтамі. Яны могуць быць знаёмымі, але пры гэтым я расстаўляю іншыя акцэнты. Стараюся знаходзіць тое, што ўва мне адгукаецца, каб было цікава расказваць потым гэтыя гісторыі гледачу. Я рада, што некаторыя песні, якія выконвала шмат гадоў таму, і сёння гучаць свежа і актуальна. Мне пашанцавала супрацоўнічаць з вялікімі аўтарамі, кампазітарамі, музыкантамі — як у нашай краіне, так і з замежнымі прафесіяналамі. Працягваю шукаць сябе ў новых музычных стылях і кірунках, звяртаючыся да маладых аўтараў.

— Чаму складаней за ўсё адпавядаць у прафесіі артыста?

— Узросту (смяецца)! Яго важна не бачыць і не адчуваць, не адзяваць на сябе нейкія клішэ і штампы. У побыце і ў жыцці я абсалютна просты чалавек. У мяне няма фобіі, што на людзях я адна, а дома зусім іншая, маўляў, артыст не можа быць прыземленым, не іграць увесь час на публіку. Мне важна захаваць гармонію, сілы і энергію, каб пражываць жыццё так, як я яго адчуваю. Мусіць, гэта і дазваляе мне быць арганічнай у сваім узросце і заставацца маладой.

— За гэтыя амаль трыццаць гадоў на сцэне Ваш погляд на поспех мяняўся?

— Поспех я атаясамліваю са штодзённай працай і яе вынікам. Сутыкаешся з цяжкасцямі, з праблемамі, стратамі, няўдачамі — пераадольваеш іх і становішся вышэй за сябе ўчарашнюю. Поспех — гэта калі ў цябе ёсць жаданне рухацца наперад, ёсць ідэі, думкі, перспектывы і ёсць веданне, што на рэалізацыю планаў дастаткова сіл і магчымасцяў. Поспех не варта прыраўноўваць да папулярнасці, гэта розныя паняцці.

— А як у Вас складаюцца адносіны з грашыма?

— Я, між іншым, вучылася ў школе з фізіка-матэматычным ухілам! Але, шчыра кажучы, займацца фінансамі не люблю. Тут трэба, каб побач былі бухгалтар і юрыст (смяецца). Бо артыкулаў выдаткаў у артыста вельмі шмат: песні, касцюмы, запісы і да т. п. У творчасць трэба ўкладваць грошы.

А ў астатнім, вядома, я, як любая дзяўчына, люблю ўсякую прыгажосць. Не магу эканоміць на добрых прадуктах, бо лічу, што харчавацца трэба правільна і карысна, атрымліваючы эстэтычнае задавальненне. Лічу за лепшае насіць прыгожыя і камфортныя рэчы. Усё павінна быць па сэрцы і па розуме. Адным словам, каб рэалізоўваць свае жыццёвыя патрэбы і творчыя задачы, без грошай не абысціся!

— Ці здараецца Вам выгараць прафесійна і што дапамагае аднаўляць сілы?

— Бывае і такое. Тады я выбіраю цішыню і спакой. Аднавіць баланс мне дапамагаюць прырода, прагулкі, спорт, сон і чытанне нейкай глыбокай літаратуры. Усё гэта напаўняе і перазагружае мяне. Мне цікавая філасофія, чціва пра лёсы вялікіх людзей. Калі я паглыбляюся ў той час, аналізую ментальнасць тых пакаленняў, я кожны раз знаходжу пацвярджэнне сваім думкам аб тым, што ва ўсе вякі самае галоўнае для чалавека — сям’я, карані, усё тое, што дае нам сілы і магчымасць выстаяць пры любых абставінах.

— 2023 год — юбілейны ў Вашай творчай біяграфіі. Чым збіраецеся радаваць аўдыторыю?

— Ідэі ёсць. Нязменным застаецца маё жаданне рабіць вялікія канцэрты і, вядома, у суправаджэнні Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь. Мне здаецца, для гледачоў будзе прыемным сюрпрызам наша супрацоўніцтва з маскоўскім харэографам-пастаноўшчыкам Мікалаем Андросавым. Хочацца адзначыць свой творчы юбілей яскрава, каб гэта стала прыкметнай падзеяй у культурным жыцці краіны, падарункам для майго гледача. Спадзяюся, што гэта адбудзецца ў Віцебску на фестывалі «Славянскі базар» на сцэне Летняга амфітэатра.

— У кожнага аднойчы здараюцца перыяды, калі сяброўства, каханне і ў прынцыпе асяроддзе праходзяць нейкае выпрабаванне нашымі жыццёвымі бурамі ці поспехам. Ці знаёма Вам гэта і як такія часы перажываць?

— У сваім жыцці я перажывала страты, растанні, і гэта заўсёды балюча раніла. Але трэба памятаць, што часам проста варта даверыцца жыццю, лёсу, бо не заўсёды ўсё залежыць ад нас. Трэба ўмець бачыць святло ў канцы тунеля і глядзець на жыццё пазітыўна, старацца кожны дзень дарыць радасць, ствараць.

— А хто ведае ўсе сакрэты Ірыны Дарафеевай?

— Мне здаецца, што ў маім жыцці дастаткова шмат такіх людзей. Яны глыбока мяне адчуваюць, разумеюць, што ў мяне на душы. Пры гэтым я стараюся ніколі не афішаваць свае праблемы і не перакладваць іх на іншых людзей. Тваё жыццё — гэта твая адказнасць. Так мяне вучылі і выхоўвалі.

— У жаночую дружбу Вы верыце?

— Я веру ў чалавечую прыстойнасць, у добрыя адносіны і шчырасць. Калі адбываюцца спрэчкі з кімсьці, бяру паўзу, каб падумаць аб сітуацыі не на «гарачую» галаву. У жыцці немагчыма пазбегнуць крыўдаў, здрадаў, але мінае час, і я дарую таму, хто нанёс мне рану, і ніколі не трымаю зла. Мая парада: не варта спадзявацца на нейкае асаблівае стаўленне да сябе, гэта перашкаджае сяброўству. У кожнага з нас ёсць асабістая прастора, і туды без запрашэння лепш не ўваходзіць і не набліжаць да сябе не «сваіх» людзей!

— У адным з апошніх інтэрв’ю Вы падзяліліся, што нарэшце сустрэлі сваё першае і сапраўднае каханне. Што дазволіла Вам распазнаць свайго чалавека?

— Я так чакала кахання, марыла пра яго, што стамілася мучыць сябе гэтым чаканнем. У нейкі момант спынілася і спытала сябе: а што мне трэба і чаго не хапае ў жыцці? Я ўспомніла сябе юную, тую дзяўчынку, якая марыла аб сваім шчасці. І калі ў мяне атрымалася ўспомніць тую мару, я зразумела, чаго ж я чакаю. У мяне проста расплюшчыліся вочы: вось ён, мой чалавек. Аказалася, што ён з дзяцінства і ў часы юнацтва заўсёды быў у полі зроку. Гэта вельмі блізкі, родны чалавек, мая роднасная душа і падтрымка. Я, нарэшце, адчула моцнае плячо побач, зразумела, што магу быць проста жанчынай, а не байцом і спартсменам. Так што ніколі не позна знайсці сваё сапраўднае шчасце.

— Цяпер Вы гатовыя да сямейнага жыцця?

— Так. Для мяне мае бацькі — гэта прыклад ідэальных сямейных адносін. Яны ўжо шмат гадоў разам. Тата проста найлепшы сем’янін. Мама — самая клапатлівая, працавітая, добрая жанчына. Мае бацькі заўсёды былі разам, не размяжоўваючы сям’ю, творчасць, інтарэсы адно аднаго. Я расла ў атмасферы кахання, паразумення, клопату, падтрымкі. Таму менавіта пра такія адносіны з дзяцінства марыла і для сябе... Калі ёсць каханне, то ты зусім па-іншаму ўспрымаеш свет. Я вельмі змянілася пад уплывам гэтага пачуцця. Цяпер проста радуюся кожнаму імгненню свайго жыцця.

Бліц-апытанне:

  • Дараваць ці развітвацца? — Дараваць.
  • Хуткі поспех ці любоў гледача на гады? — Любоў свайго гледача.
  • Мяне кранае за жывое, калі... — Калі крыўдзяць маленькіх.
  • Учарашняй сабе я ўдзячная за... — За тое, што засталася ранейшай.
  • Каханне і адносіны для мяне немагчымыя без... — Павагі, сумленнасці і дабрыні.

Алена ДРАПКО

Фота з архіва Ірыны Дарафеевай

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.