Вы тут

Храмы маёй радзімы. Царква св. благаверных Пятра і Фяўроніі г. Пінск


Бывае, кальне ў сэрцы дакор, калі зразумееш, што нешта згубіў, кудысьці спазніўся, штосьці прамінуў, і якраз гэтага так не хапала доўгія гады. І калі раптам тое нешта знаходзіш, то перажываеш бурлівую радасць сустрэчы...


Такую моцную радасць перажыла і я, калі ўпершыню пераступіла вароты храма-шатра, названага ў гонар святых благаверных князёў мурамскіх Пятра і Фяўроніі. Чуткі аб тым, што на ўзлеску каля горада Пінска, у новым мікрараёне «Вясёлкавы», пачалося будаўніцтва яшчэ адной царквы, мяне толькі радавалі. Але наведаць новабудоўлю не ўяўляла цікавасці: яна не адзіная ў горадзе. Я ў той час была прыхаджанкай Свята-Варварынскай царквы і была ўпэўнена, што ёй не здраджу. Толькі жыццё непрадказальнае. Памянялася маё месца жыхарства, храм-шацёр аказаўся бліжэй. Пра яго даўно ішлі захапляльныя водгукі. Дзеля цікавасці я вырашыла, што ў найбліжэйшы выхадны наведаю храм. І чым бліжэй падыходзіла, тым выразней бачыла такое нязвыклае для храма відовішча, і накрывала гарачая хваля здзіўлення і захаплення. У сэрцы запёк дакор, што я спазнілася. І спазнілася, як высветлілася, на чатыры з паловай гады.

Пачатак гісторыі

Былы выпускнік Мінскай духоўнай семінарыі Аляксандр Аляксандравіч Сыцэвіч ужо шосты год служыў дыяканам у епархіі Уваскрасення Славушчага каля Уладыкі Пінскага і Лунінецкага Стэфана. Аднойчы, у 2013 годзе, Уладыка прапанаваў Аляксандру зарэгістраваць сваю абшчыну, назначыў старшынёй прыходскага савета. І, акрылены прызначэннем, наваяўлены старшыня заняўся зборам дакументацыі для ўзвядзення храма, у якім у хуткім часе атрымаў пасаду настаяцеля. Доўга шукалася месца, пакуль тагачасны архітэктар не прапанавала заняць край узлеску каля новага мікрараёна «Вясёлкавы», які хутка рос. Нязручным выбранае месца не падалося, хоць і было завалена смеццем. Наадварот, спадабалася, бо ў эрудзіраванага бацюшкі адразу пачалі нараджацца далёкабягучыя, смелыя планы наконт упарадкавання тэрыторыі. І 20 мая 2014 года, у дзень памяці з'яўлення іконы Божай Маці «Жыровіцкая», была нацягнута палатка, а на другі дзень, 21 мая, на свята Іаана Багаслова, узнеслася да неба першая літургія. Гэтая дата стала днём адліку існавання новага храма.

Працяг гісторыі

Дзякуючы распачатым службам і ахвяраванням прыхаджан мала-памалу папаўнялася царкоўная казна. І ва ўсім малітоўна звяртаючыся да ласкі Бога і просячы бласлаўлення Уладыкі, настаяцель Аляксандр стаў актыўна дзейнічаць. Цікавая ідэя шатра нарадзілася ў бацюшкі падчас паездак. Праўда, з назвай храма на той момант не вызначыліся: Уладыка прапаноўваў — Святатроіцкі, але людзі прасілі святых заступнікаў сям'і — Пятра і Фяўроніі: у новыя кватэры засяляліся маладыя сем'і, дзе лад і згода — самае галоўнае. На тым і пагадзіліся.

Летам 2018 года адбылося ўрачыстае адкрыццё варкаўт-пляцоўкі — месца для заняткаў на турніках для ўсіх, хто любіць спорт; насыпана высокая горка для катання зімой на лядзянках. Пляцоўка ніколі не пустуе. Яе выкарыстоўваюць для правядзення гульняў і спаборніцтваў на Святкі ўзімку, летам ладзяцца канцэрты, пастаўленыя як сваімі сіламі, так і запрошанымі гасцямі. Па божым промысле летам 2017 года быў пакладзены пачатак добрай традыцыі. У дзень Святой Тройцы — свята нараджэння праваслаўнай царквы на зямлі — упершыню ў гісторыі духавенства Беларусі быў праведзены Траецкі баль, наладжаны сіламі навучэнцаў і ўсіх ахвотных. На вялікую пляцоўку пад адкрытым небам выйшлі неверагодна прыгожыя пары, і загучала бессмяротная музыка Шапэна, Чайкоўскага, Штрауса, Гендэля.

Самога бацюшку Аляксандра хлапчанём прывяла ў храм яго мама, прыхаджанка Свята-Варварынскай царквы, Святлана Казіміраўна. І, ад якога часу сябе памятае, ён заўжды наведваў царкву. З васьмігадовага ўзросту Саша пачаў прыслужваць каля бацюшкі. Гэта і прадвызначыла яго лёс: без служэння Богу не ўяўляў будучыні. А каб абараніць свой выбар ад кпінаў равеснікаў — запісаўся ў секцыю рукапашнага бою. Ці не адсюль з'явіліся спартыўныя пляцоўкі дзецям? Яшчэ студэнтам Аляксандр ажаніўся. Яго абранніцай стала прыгожая дзяўчына Ганна, студэнтка рэгенцкага вучылішча. Сябравалі яны са школьных гадоў, абое ўраджэнцы Пінска. Сёння ў сям'і Сыцэвічаў шасцёра дзяцей.

Завяршэнне гісторыі

Насычаным на падзеі аказаўся 2018 год. Пры храме святых благаверных князёў упершыню на тэрыторыі Пінскай епархіі адбыўся V Усебеларускі злёт праваслаўнай моладзі за здаровы лад жыцця. Чатырохдзённая праграма з начлегам каля кастра і спевамі пад гітару падарыла моладзі пачуццё еднасці. Па словах настаяцеля, правядзенне злётаў падлеткам толькі на карысць, бо бачыш, як многія збянтэжана і, магчыма, упершыню ў жыцці спрабуюць скласці пальцы рукі ў трохперсце і паднесці да лба.

Карэктывы, на жаль, нечакана ўнёс 2020 год, перацягнуў цяжар і ў наступны, 2021-ы. Запаланіў ковід, прымусіў прыстасоўвацца да новых абставін: былі адменены ўсе масавыя мерапрыемствы.

Кожны чалавек усё сваё жыццё спадзяецца на божую літасць — дапамогай тым, хто меў патрэбу ў спачуванні і суперажыванні. У храме-шатры былі праведзены дабрачынныя кірмашы «Дапамога пінскім медыкам». Міма не прайшоў ніхто: хто аказаў грашовую дапамогу, а хто забяспечыў патрэбным матэрыялам. І год таму пад скляпеннямі храма спантанна створаны рукадзельніцамі і майстрыхамі клуб «Прыхаджаначка»: заўзята, на хаду асвойвалі новую прафесію швачкі. Выкройвалі і шылі са спанбонду ахоўныя касцюмы. Заставаліся нават у начную змену. І з красавіка да чэрвеня 2020 года ў гарадскія бальніцы і паліклінікі было перададзена 115 літраў антысептыку, больш за 150 камбінезонаў, 82 халаты, 4 тысячы масак, бахілы, шапачкі, нарукаўнікі. Частка сабраных грошай на дабрачынным кірмашы «Пабудуем храм разам» была перададзена пінскім медыкам.

Хай пандэмія прыціхла, клуб «Прыхаджаначкі» яшчэ больш згуртаваўся, развівае сваю дзейнасць у розных напрамках.

Адбыўся і чаканы, урэшце, выязны падлеткавы VІІІ з'езд «Праваслаўная моладзь за здаровы лад жыцця» ў горадзе Століне. З апошняй дэкады студзеня 2022 года ў прыходзе храма знаходзіліся святыні з Грузіі: абразы і мошчы святых прападобных Гаўрыіла Самтаўрыйскага і Серафіма Сароўскага, а таксама каўчэг з часціцамі мантыі і скуфы прападобнага Гаўрыіла Ургэбадзэ.

Пабудаваць дом — адзін са складнікаў чалавечага шчасця. «Узвёўшы найлепшую з пабудоў — храм Божы, людзі пакінуць пра сябе вечную памяць на зямлі!» — так сцвярджаюць мудрыя старцы.

Даўно выношвалася і выспявала задумка аб пабудове новага малога храма святых благаверных князёў мурамскіх Пятра і Фяўроніі, з якой пазней падзяліўся айцец Аляксандр. Яго з паразуменнем падтрымалі прыхаджане. І з гэтай нагоды праводзіўся дабрачынны кірмаш з продажам выпечкі на пачатак збору сродкаў на праектны каштарыс пад будаўніцтва. Нават падчас пандэміі нераўнадушныя прыхаджане не пажадалі чакаць лепшых часоў, неслі паслушэнства, збіраючы сродкі не толькі ў горадзе і сваім раёне, але і па суседніх. І ў лютым 2021 года адбылася прэзентацыя праекта новага храма. Закупілі метал на купал, за работу ўзяліся майстры.

У ноч з 21 на 22 чэрвеня 2022 года, у Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, моладзь Пінскай епархіі збіралася на акцыю «Дарогамі памяці». Злёт пачаўся з экскурсіі ў этнаграфічны музей у вёску Бабровічы Івацэвіцкага благачыння. Там з нецярпеннем шосты год запар чакаў сустрэчы з моладдзю пісьменнік, краязнаўца і этнограф Веніямін Мікалаевіч Бычкоўскі, ураджэнец Уфы, які ў сярэдзіне 90-х пасяліўся ў Бабровічах. І, вывучыўшы гісторыю палескага краю, стварыў на сваёй сядзібе этнаграфічны музей, храм-помнік святой Параскевы Пятніцы. У храме на мармуровай дошцы 1280 імёнаў бязвінна забітых жыхароў чатырох вёсак. Звінелі званы храма-помніка, своеасаблівай «свечкай памяці» стала супольная малітва за літургіяй, якую ўзначаліў кіраўнік маладзёжнага аддзела Пінскай епархіі, настаяцель храма святых благаверных князёў Пятра і Фяўроніі іерэй Аляксандр Сыцэвіч. На сумеснай малітве прысутнічала больш за сто чалавек з Баранавіцкага, Ляхавіцкага і Пінскага благачынняў. Да ўдзельнікаў злёту сваім спевам далучыліся і студэнты Мінскай духоўнай семінарыі. У пропаведзі айцец Аляксандр адзначыў, што сумесная малітва і зносіны дапамагаюць развіваць пачуццё любові да Бога, роднага краю і адзін да аднаго.

А што ў будучыні?

21 мая 2022 года адзначалася васьмігоддзе ад першай праведзенай службы храма.

У чароўным лясным асяроддзі плануецца ўзвесці храм святых благаверных князёў мурамскіх Пятра і Фяўроніі. І ўсе цяперашнія намеры і намаганні прыбліжаюць да жаданай мары. А ва ўпадабаным прыхаджанамі храме-шатры застануцца мошчы блажэннай Матроны.

З вялікім нецярпеннем чакаюць прыхаджане (і не толькі яны) аднаўлення Траецкага балю, канцэртаў на летняй пляцоўцы. І шмат чаго яшчэ з таго, што падкажа само жыццё. Хочацца верыць, што 2023 год дасць старт у апраўданне людскім спадзяванням.

Закончыць свой аповед хочацца словамі архімандрыта Рафаіла (Карэліна): «Не аддзяляйцеся ад храма, які б негатыў не ўбачыце ў людзях, наведвальніках царквы і нават служачых у ёй. Усё гэта абалонка, а сутнасць Царквы — жыватворная, нябачная сіла Госпада, без якой няма ні вечнага ўратавання, ні супакою душы на зямлі»...

Галіна ЛАЗІЦКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».