Вы тут

Новы «Стоўнхэндж», ачыстка балотных лугоў, будаўніцтва егіпецкіх пірамід


Выяўлены новы «Стоўнхэндж» узростам 7,5 тысячы гадоў

Археолагі знайшлі старажытны комплекс са стаячымі камянямі накшталт Стоўнхэнджа на паўднёвым захадзе Іспаніі. Знаходка была зроблена на ўчастку, які збіраліся расчысціць пад вырошчванне авакада, паведаміў партал Lіve Scіence.


«Падобныя вертыкальна ўстаноўленыя маналіты ў Еўропе называюць словам «менгір», утвораным, як мяркуецца, ад кельцкага слова «камень». Комплекс, які складаецца з некалькіх тысяч асобных камянёў, размясціўся на плошчы каля 600 гектараў на вяршыні і па баках невялікага ўзгорка», — гаворыцца ў публікацыі.

Адзначаецца, што некаторыя з найболей вялікіх камянёў стаяць асобна. Іншыя ўтвараюць сабой колы, лінейныя рады і іншыя складаныя структуры. Акрамя таго, шэраг камянёў утварае крытыя грабніцы, вядомыя як дальмены, а таксама іншыя рытуальныя збудаванні. Іх дакладнае прызначэнне трэба будзе высветліць вучоным.

Па здагадках археолагаў, частка збудаванняў магла прызначацца для пахавання мёртвых. Аднак якія-небудзь чалавечыя астанкі на месцы комплексу не знойдзены. Навукоўцы дапускаюць, што косткі маглі цалкам спарахнець з-за вельмі высокай кіслотнасці глебы ў гэтай мясцовасці.


Знойдзены спосаб ачысткі балотных лугоў ад радыяцыі

Расійскія навукоўцы вынайшлі эфектыўныя метады ачысткі балотных паш ад радыеактыўнага бруду. Пра гэта распавялі «РІА Навіны» ў Міністэрстве навукі і вышэйшай адукацыі РФ.

Метады распрацоўвалі супрацоўнікі падведамаснага Мінадукнавукі Расіі Інстытута геахіміі і аналітычнай хіміі імя Вярнадскага сумесна з Усерасійскім навукова-даследчым інстытутам радыялогіі і аграэкалогіі.

Эксперты вывучылі асаблівасці размеркавання радыеактыўнага цэзію-137 чарнобыльскага паходжання ў глебах пашаў Навазыбкаўскага раёна Бранскай вобласці. У ходзе даследаванняў яны выявілі, што значная частка гэтага ізатопа да цяперашняга часу знаходзіцца ў верхніх пластах глеб, не пранікаючы глыбей.

«На аснове вынікаў даследавання мы прапанавалі аграмеліярацыйныя мерапрыемствы, накіраваныя на ўзмацненне мінералізацыі арганічнага азоту. Гэта прывядзе да ўзмацнення вертыкальнай міграцыі радыёцэзію і паскарэння працэсаў ачышчэння ад радыёнукліду верхніх коранеабітальных пластоў», — патлумачыла старшы навуковы супрацоўнік лабараторыі геахіміі вугляроду Інстытута геахіміі і арганічнай хіміі імя Вярнадскага Ірына Канаплёва.

Аўтары работы прапанавалі ўвільгатняць сухія тарфянікі, уносіць у кіслотныя глебы вапнавыя, а таксама азотныя ўгнаенні ў выглядзе соляў амонію і рэчываў, якія падаўляюць нітрыфікацыю.


Від гіганцкіх вадзяных лілей «хаваўся» навідавоку

Новая расліна з'яўляецца сусветным рэкардсменам па велічыні гарлачыка з лісцем шырынёй больш за тры метры. Навуковыя супрацоўнікі Каралеўскіх батанічных садоў у К'ю (Лондан, Вялікабрытанія) выявілі новы від гіганцкай вадзяной лілеі. Аб гэтым піша ВВС.

Характэрна, што велізарная расліна хавалася навідавоку каля 177 гадоў — яна захоўвалася ў архівах батанічнага саду і расла ў шэрагу водных калекцый, але была памылкова ідэнтыфікавана як іншы від. Цяпер падрабязнае навуковае даследаванне паказала, што гэта новы від.

Новы від лілеі атрымаў назву Vіctorіa bolіvіana — у гонар Балівіі, дзе яна расце ў адзіным вадаёме ў частцы рачной сістэмы Амазонкі.

Садоўнік Карлас Магдалена, адзін з вядучых сусветных экспертаў па вадзяных лілеях, даўно падазраваў, што гэтая расліна адрозніваецца ад двух іншых вядомых гіганцкіх відаў, Vіctorіa amazonіca і Vіctorіa cruzіana. Таму навукоўцы з Балівіі падарылі К'ю насенне.

«Гэта азначала, што мы зможам вырошчваць яго разам з двума іншымі відамі ў сапраўды такіх жа ўмовах. Як толькі мы гэта зрабілі, змаглі вельмі выразна ўбачыць, што кожная асобная частка расліны была зусім іншай», — растлумачыў батанік.


Гадаванцы разумеюць, калі вы звяртаецеся да іх

Французскія навукоўцы высветлілі, што хатнія коткі не толькі пазнаюць голас гаспадара, але і разумеюць, калі ён звяртаецца менавіта да іх. Даследчыкі зрабілі выснову, што размовы пра незалежнасць катоў — гэта міф, насамрэч яны фарміруюць трывалыя сацыяльныя сувязі з людзьмі.

Падчас эксперымента коткам давалі праслухаць запісы галасоў як іх гаспадароў, так і незнаёмых людзей. Пры гэтым у адным выпадку гаспадар камунікаваў з іншымі людзьмі, а ў іншым — непасрэдна з коткай. Тое ж самае тычыцца і незнаёмцаў. Аказалася, што коткі актыўней за ўсё рэагуюць (у іх пашыраюцца зрэнкі, а вушы паварочваюцца ў бок крыніцы гуку), калі да іх звяртаецца гаспадар. На словы незнаёмцаў яны не зважаюць у любым выпадку. Калі гаспадар размаўляе з іншым чалавекам, актыўнасць ёсць, але менш выяўленая, чым у выпадку зносін з гадаванцам.

У даследаванні ўдзельнічала 16 катоў. Пры гэтым выразна выказвалі зацікаўленасць у гаспадару дзесяць з іх. Выбарка невялікая, ды і рэакцыя была не ва ўсіх гадаванцаў. Тым не менш навукоўцы сваім даследаваннем задаволены і паабяцалі яго прадоўжыць.


Раскрыта адна з загадак будаўніцтва егіпецкіх пірамід

Згодна з новым даследаваннем, цяпер перасохлы рукаў Ніла дапамог пабудаваць егіпецкія піраміды. Навукоўцы пацвердзілі даўнюю тэорыю аб тым, што старажытным егіпцянам удалося пабудаваць масіўныя піраміды Гізы тысячы гадоў таму дзякуючы воднай стыхіі. Пра гэта сведчаць новыя звесткі, атрыманыя ў выніку даследаванняў, праведзеных навукоўцамі з універсітэта Экс-Марсель, піша CNN.

У прыватнасці, пры дапамозе даных палеаэколагаў навукоўцы змаглі ўзнавіць, як магла выглядаць рака Ніл у Егіпце на працягу апошніх 8000 гадоў.

Яны вызначылі, што будаўнікі пірамід, верагодна, скарысталіся «цяпер неіснуючым» рукавом ракі Ніл для перавозкі будаўнічых матэрыялаў. У прыватнасці, ранейшыя водныя ландшафты і больш высокія ўзроўні рэк каля 4500 гадоў таму садзейнічалі будаўніцтву комплексу пірамід Гізы.

Так, Вялікая піраміда Гізы, таксама вядомая як Піраміда Хеопса, вышынёй каля 230 метраў, была пабудавана ў 2600 годзе да н. э. Яна складаецца з 2,3 мільёна каменных блокаў агульнай масай 5,75 мільёна тон.

Навукоўцы даўно меркавалі, што старажытныя егіпцяне, верагодна, выкарыстоўвалі былыя часткі Ніла для перамяшчэння тон вапняку і граніту, неабходных для будаўніцтва гіганцкіх збудаванняў. Цяперашнія водныя шляхі Ніла сышлі занадта далёка ад месца пірамід, каб іх можна было выкарыстоўваць.

Гэта тлумачэнне, вядомае як гіпотэза «комплексу рачнога порта», сцвярджае, што старажытныя егіпецкія інжынеры праклалі невялікі канал ад піраміды да рукава Ніла ўздоўж заходняга краю поймы ракі і паглыбілі басейны да дна ракі. Па словах даследчыкаў, штогадовыя паводкавыя воды функцыянавалі як гідраўлічны пад'ёмнік, дазваляючы ім перамяшчаць масіўныя каменныя блокі на будаўнічую пляцоўку.

Аднак, па словах даследчыкаў, да гэтага часу ў навукоўцаў не было дакладнага разумення таго, якія менавіта ландшафты былі задзейнічаны. Выкарыстоўваючы камбінацыю метадаў для рэканструкцыі старажытнай поймы Ніла, даследчая група выявіла, што егіпецкія інжынеры маглі скарыстацца цяпер перасохлым рукавом Ніла Хуфу для перавозкі будаўнічых матэрыялаў на месца пірамід Гізы.

Свежыя звесткі паказалі, што раён Хуфу квітнеў у першай палове перыяду Старажытнага царства Егіпта, прыкладна з 2700 да 2200 года да нашай эры, калі, верагодна, і адбылося будаўніцтва трох асноўных пірамід: падчас кіравання фараонаў Хеопса, Хэфрэна і Менкаура ў рукаве ўсё яшчэ быў дастаткова высокі ўзровень вады, каб старажытныя інжынеры маглі перамяшчаць вялізныя каменныя блокі і будаваць велічныя піраміды.

Сяргей СТАРЫНАЎ

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».