Якія мы, беларусы? Свой адмысловы адказ на гэтае пытанне могуць даць сацыёлагі, пісьменнікі, фалькларысты... Але ж можна і самім прыглядацца да людзей, да канкрэтных жыццёвых сітуацый і наноў «адкрываць» найлепшыя нашы рысы: прыветлівасць, разважлівасць, працавітасць, прыхільнасць да сямейных каштоўнасцяў, любоў да роднай зямлі.
У сям'і маёй сяброўкі — госці: прыехаў стрыечнік мужа, ажно з Сібіры. Сустрэчы рады ўсе — гаспадар, гаспадыня, двое іхніх дзяцей, а найболей — той сібірскі беларус. Тут, на радзіме сваіх бацькоў і дзядоў, ён быў толькі аднойчы, у маленстве. Таму цяпер, у сталым узросце, яго цікавіць усё: людзі, парадкі, стравы, прырода, звычкі...
Беларускі бок, вядома ж, стараецца дагадзіць: гаспадыня частуе адмысловымі стравамі, гаспадар возіць сваяка да іншай радні.
Перапоўнены пачуццямі сібірак не хавае свайго захаплення:
— Я, вядома ж, чуў, што беларусы людзі гасцінныя, але каб настолькі... Ніколі не забуду, як мяне тут прымалі!..
Па ўсім відаць: раней, да гэтага прыезду, Беларусь для яго была бацькаўшчынай бацькоў, цяпер, падобна, яго самога.
Мікалаеўне ўжо за восемдзесят: шмат гадоў, цягам якіх хапіла ўсяго — і горкага, і салодкага, а найболей — працы. Змалку асірацеўшы, яна рана ўсвядоміла, што разлічваць можа толькі на сябе. І таму — куды б ні трапіла, дзе б ні жыла — заўжды сумленна і шмат працавала.
...Не сядзела склаўшы рукі нават пасля выхаду на пенсію: трымала дом, а ўжо на дачы, дык і наогул стварылі з мужам сапраўдны рай.
Два гады таму яе Пятровіча не стала, і ўдаву — як падмянілі: няма больш ні ранейшага спрыту, ні здароўя. Дактары забараняюць цяжкае падымаць, нахіляцца... «А мне б на дачу, — ледзь не плача жанчына. — Я б там кожны грудок зямлі ў руках перацерла, кожную раслінку дагледзела б і, далібог, паправілася б!»
...Хочацца ў гэта верыць, бо яна ж, відаць, і сапраўды гаючая — сіла роднай зямлі.
Некалі гэта радзіна была вялікай і дружнай: усе разам з ахвотай з'язджаліся на розныя святы, на дапамогу адно аднаму... Цяпер, на жаль, збіраюцца на пахаванні: у лепшы свет спакваля сыходзяць старэйшыя. Вось і дзядзькі Івана не стала — вялікага працаўніка, сумленнага чалавека.
Пра яго за жалобным сталом гаварылі і хораша, і шмат...
У цёткі Ганькі на ўсе прамовы (а найбольш на пранікнёную Валіну) свая, адмысловая рэакцыя:
— Валечка, я ж таксама ўжо збіраюся... Усё падрыхтавала... Дык ты ўжо, як памру, і пра мяне што харошае скажы, каб людзі слязу пусцілі!..
На першы погляд, дзіўнае пажаданне. На другі — «паміраць збірайся, а жыта сей», то-бок думай, якую памяць па сабе пакінеш, якія словы прагучаць наўздагон.
Пра нашу славутую памяркоўнасць напісана і сказана шмат. Але, напэўна, нідзе яна не праяўляецца ярчэй, чым у грамадскім транспарце. «Людцы, ці ж мы не славяне? Давайце пацяснімся крыху, каб усе зайшлі!» — гэты «патрыятычны» вокліч у нашым прыгарадным аўтобусе гучаў вечарам. «Панаядаюцца бліноў — не размінуцца!» — жартаваў хтосьці раніцай.
І не марна: у перапоўненым, здавалася б, аўтобусе знаходзілася месца і для новых пасажыраў, і для аб'ёмных клункаў... Ніхто ніколі не сварыўся, бо кожны разумеў: ехаць трэба ўсім.
Такі ўжо ў нас характар.
Ірына МАТУСЕВІЧ
Дзяржынскі раён
Аб тым, што недзе здарыўся пажар, што пацярпелі, а то і загінулі ў агні людзі, цяпер, на жаль, паведамляюць часта. Мая мама тады кожны раз перажывае, кажа, што злодзей, хоць вуглы за сабой пакідае, а вось агонь — той нічога. І гэта ў яе не проста словы, гэта перажытае і незабытае.
Першы раз мама ад пажару пацярпела ў гады вайны, калі фашысты спалілі амаль палову вёскі. Другі — калі суседскія дзеці, пагуляўшы з запалкамі, падпалілі нашу новую, толькі што збудаваную хату.
Быў і трэці пажар.
...Тым цёмным восеньскім вечарам мяне і малодшага брата мама ўкладвала спаць і раптам моцна загаласіла, рынулася з хаты. Гарэў наш хлеў. Тата кінуўся ратаваць скаціну, мама — крычаць, склікаць людзей, цягаць ваду з калодзежа ды ліць яе на агонь.
Хутка на дапамогу ім з вёдрамі ды баграмі сталі збягацца вяскоўцы, аднак вогнішча шалела ўсё больш і больш. Гарэла сена, яго — уся зіма наперадзе — бацькі назапасілі шмат, таму справіцца з полымем было немагчыма.
Для таго каб агонь не перакінуўся на хату, вяскоўцы ўжо яе палівалі вадой...
А нарэшце, калі сена ўжо згарэла і небяспека як быццам мінула, усе — і яны, і мы, малыя, праз вакно, праз слёзы моўчкі глядзелі на тое, што засталося ад вялікай будыніны.
...Назаўтра ні нашы веснічкі, ні дзверы ў хату амаль не зачыняліся: людзі прыходзілі каб падтрымаць і разважыць, каб прапанаваць дапамогу, мужчыны прыносілі сена для ўратаванай кароўкі і нашых авечак.
Аднак шмат яго прынесці не мог ніхто, бо ў кожнага ж свая скаціна, а зіма пакуль нават не пачыналася...
Авечак тады забраў адзін з нашых сваякоў, карову ў свой хлеў паставіў татаў брат...
Да сёння ў памяці і абоз: мужчыны з суседняй вёскі едуць па сена ў калгаснае гумно для калгасных кароў. Згледзеўшы гэта, мама тут жа апранаецца і садзіцца ля акна — чакае. Зараз падводы будуць ехаць назад, і з кожнай, на хвільку прыпыніўшыся, фурман, рызыкуючы атрымаць наганяй, скіне для нашай рагулі хоць колькі ахапачкаў сена.
Яго — каб, крый бог, не падвесці людзей — мама старалася тут жа знасіць, схаваць у прыбудоўцы ад хцівых вачэй. На дапамогу ёй часцяком прыбягалі суседкі.
...Я часта ўспамінаю сваю вёску, сваіх аднавяскоўцаў: успамінаю з цеплынёй і шчырай павагай, з удзячнасцю за тое, што ў цяжкую хвіліну яны ўмелі аб'яднацца. Каб дапамагчы.
Ірына САЛАТА
г. Гродна
Сёння няшмат хто помніць, што некалі, у мінулым стагоддзі, зарплату выдавалі так званымі наяўнымі, праз акенцы кас.
На цагляным заводзе гэту работу даверылі ўчарашняй школьніцы Каці. Не паступіўшы ў інстытут, яна не захацела сядзець на шыі ў бацькоў — пайшла працаваць.
Не сакрэт, што самымі цяжкімі ў яе былі два дні — зарплаты і авансу, а ў астатнія — вольны час з'яўляўся. «Ты ж глядзі, не сядзі там — нечаму вучыся, прасі работу», — падказвалі ёй бацькі. Каця слухалася і нейкія заданні бухгалтараў выканаць магла, але ж потым... «На, перапішы вось гэтыя дакументы, — аднаго разу папрасіла галоўная бухгалтарка, уручыўшы дзяўчыне папку з паперамі. — Толькі ж будзь уважлівай!»
Не звярнуўшы ўвагі на смяшок калег, Каця тут жа ўзялася за справу.
...Толькі праз шмат гадоў, скончыўшы ВНУ і атрымаўшы прафесію бухгалтара, яна зразумела, чаму тады смяяліся жанчыны: разам з той папкай ёй давалі звычайную «пустышку», каб не сядзела склаўшы рукі, каб не перашкаджала іншым, каб прывыкала працаваць.
Нездарма ж людзі кажуць: «Пасееш прывычку — пажнеш характар».
Аляксандр МАТОШКА
Расонскі раён
У пачатку 60-ых дзядзька Уладзя быў яшчэ проста Уладзікам, у школу хадзіў і адтуль, на жаль, часцяком вяртаўся засмучаным.
Бацька, згледзеўшы гэта, заўжды казаў:
— Ну давай, паказвай дзённік.
Малы хоць-нехаць даставаў яго з партфеля, разгортваў на патрэбнай старонцы. У той раз там красавалася вялікая тлустая двойка.
— Ізноў? Сынок, ну што ж ты?.. Два балы па матэматыцы яшчэ можна зразумець (прадмет табе дрэнна даецца), але ж каб па спевах... За што? — стаў дапытвацца бацька. — Ты ж гарлапаніш на ўсё сяло! Ты ж не фальшывіш, як быццам?
— Дык настаўніца хацела праверыць, — пачаў расказваць малы. — Усіх па чарзе выклікала да дошкі, каб спявалі ёй «Взвейтесь кострами, синие ночи...» А я ў гэтай песні словы забыўся — заспяваў падобную: «Вялік святы нам дзень настаў»...
Бацька, пачуўшы гэта, хіба ўздыхнуў: у тыя атэістычныя часы двойка за падобныя спевы была яшчэ боскім пакараннем.
А. НАВАСЕЛЬСКАЯ
Мінскі раён
Даўно не сустракала ў газеце рубрыкі «Накіпела». Можна падумаць, што цяпер градус панізіўся, што людзей нічога не абурае — нават сітуацыя з цэнамі! Іх жа — ну сапраўды, калі верыць тэлевізару, і адсочваюць, і трымаюць пад кантролем, і ўверх не «пушчаюць», а як прыгледзішся, дык раслі яны і растуць, прычым самым бессаромным чынам.
Здавалася б, усё проста: ёсць сістэма метрычных мер. Адпаведна, і пры вытворчасці, і пры пастаўках-закупках усё ўлічваецца ў кілаграмах, тонах, літрах, дэкалітрах. Значыць, акурат таксама, калі я правільна разумею, і прадавацца павінна?
Аж не: ледзь не ўсё цяпер фасуецца і разліваецца па 710, 730, 780, 810, 830, 870, 930, 980 грамаў. Брусочак масла на маёй памяці заўсёды важыў 200 грамаў, потым стаў 180, цяпер — 160 (а цана пры гэтым — лічы — ранейшая!). Тое ж самае адбываецца з крупамі, з хлебам, з малаком, нават з півам. У бутэльцы з ім ужо не два літры (за тую ж цану), а на сто грамаў меней. Вытворца, мусіць, вырашыў, што вось такога дробнага недаліву пакупнікі не заўважаць, а яму — ды ў маштабах вытворчасці — прыбытак будзе...
І ніякіх, напэўна, думак аб тым, што гэта падман, прычым не дробны, а ў «асабліва буйных памерах», падман, якога чамусьці ніхто не бачыць. І якога, магчыма, не было б, калі б заставаліся ранейшыя правілы фасоўкі...
Праўда, апошнім часам вытворцаў прымусілі пісаць на цэнніках цану менавіта за іх, за кілаграмы, але ж дробненька-дробненька... Хоць ты ў краму з лупай хадзі!
А з іншага боку — вопыт прымусу ёсць. Дык можа, прымяніць яго ў адносінах да фасоўкі і хоць такім чынам спыніць неабгрунтаваны рост цэн — такі здзеклівы ў адносінах да пакупніка і гэтакі непрыстойны з боку вытворцаў.
...Нехта можа запярэчыць мне, сказаць, што ў святле апошніх падзей ім таксама цяжка, што без росту цэн — ну ніяк!
Калі гэта і сапраўды, калі іншага выйсця няма, то — што зробіш? — я асабіста згодна: няхай тыя цэны растуць, але ж празрыста, абгрунтавана, без гэтых недаліваў і недаважак: няхай у пакеце, як некалі, будзе кілаграм грэчкі, у пачку — 200 грамаў масла і г. д. А то ж алею ў бутэльцы нядаўна з крамы прынесла ўжо не літр, а 980 грамаў. За тыя ж грошы. Як гэта назваць? Па мне — падман.
...Пэўныя органы просяць паведамляць пра іх, пра непарадкі з цэнамі. Таму і паведамляю.
С. ВАРАНОВІЧ
г. Мінск
У лясніцтвах ужо тыдзень кіпіць работа.
«Адно немагчыма без другога».
Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.