Прэзідэнт уручыў прэміі «За духоўнае адраджэнне», спецыяльныя прэміі дзеячам культуры і мастацтва, спецыяльныя прэміі «Беларускі спартыўны Алімп».
Адпаведныя ўказы кіраўнік дзяржавы падпісаў 30 снежня. За актыўную дзейнасць у гуманітарнай сферы, якая садзейнічае захаванню і прымнажэнню нацыянальнага культурнага набытку, выхаванню ў моладзі любові да Айчыны, умацаванню духоўных каштоўнасцяў і ідэй міласэрнасці, па выніках 2022 года прысуджана чатыры прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне». За выдатныя дасягненні ў сферы музычнага, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, музейнай справы, народнай і аматарскай мастацкай творчасці, навучання і выхавання творчай моладзі, якія атрымалі грамадскае прызнанне, прысуджаны 10 спецыяльных прэмій Прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва. За актыўную дзейнасць па папулярызацыі фізічнай культуры і спорту, развіццю фізкультурна-спартыўных традыцый, якія садзейнічаюць фарміраванню гарманічнай асобы, спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Беларускі спартыўны Алімп» па выніках 2022 года прысуджана Антону Смольскаму, Анастасіі Пракапенцы і Віктару Байкову.
Пачынаючы цырымонію ўзнагароджання лаўрэатаў прэмій, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што гэты вечар з’яўляецца працягам самага светлага, самага сямейнага і прыгожага свята Раства. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што прэміі, якія штогод уручаюцца ў гэтыя зімовыя дні, — даніна спрадвечным традыцыям, якія звязваюць эпохі і пакаленні, даніна духоўнай сіле беларусаў — мудрых, працавітых, якія любяць родную зямлю і шануюць продкаў.
«Больш за чвэрць стагоддзя таму мы ўшаноўвалі першых лаўрэатаў прэміі „За духоўнае адраджэнне“, — нагадаў беларускі лідар. — Тады мы нават падумаць не маглі, з якімі выклікамі сутыкнемся ў барацьбе за сваю духоўнасць, за сваю гістарычную спадчыну і за свой лад. І не ўяўлялі, як актуальная будзе традыцыя ўзнагароджваць людзей, што прысвяцілі сябе высакароднай справе — захаванню нашых духоўных вытокаў».
Але, па словах кіраўніка дзяржавы, мы заўсёды ведалі, а сёння асабліва востра ўсведамляем, што ўсе створаныя беларускім народам матэрыяльныя і нематэрыяльныя каштоўнасці — гэта і ёсць тыя скрэпы, на якіх зараджалася і развівалася нацыянальная дзяржаўнасць. «Яны — у працах першых асветнікаў беларускай зямлі, у пабудаваных нашымі дойлідамі храмах, палацах і музеях, у шэдэўрах музыкі, жывапісу, паэзіі і прозы, створаных нашымі таленавітымі суайчыннікамі. — адзначыў Прэзідэнт. — Яны — у подзвігах народа-пераможца, які падарыў нам мір, незалежнасць, само права жыць. Народа-працаўніка, які адрадзіў апаленую агнём вайны родную зямлю. Мы бачым іх у праваслаўі, якое больш за тысячу гадоў таму аб’яднала славян у старажытную дзяржаву, навучыла міласэрнасці, міралюбнасці і любові да бліжняга».
Па словах Аляксандра Лукашэнкі, сёння мы разумеем, што нацыянальныя культуры і традыцыі нельга падагнаць пад адзіны стандарт, што свет цудоўны ў сваёй разнастайнасці. «І не проста разумеем, а пацвярджаем гісторыяй сваёй дзяржавы, дзе больш за сотню гадоў людзі розных веравызнанняў і этнічнага паходжання жывуць у згодзе, робячы нас усіх духоўна багацейшымі, — перакананы кіраўнік дзяржавы. — А дзе згода і павага — там і мір».
«Мы таксама аддаём сабе справаздачу ў тым, што наш прыклад — гэта рэальны выклік праекту глабальнай уніфікацыі пад ультрамодныя каштоўнасці і так званыя трэнды, навязаныя ўсяму свету, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Разумеем, што за гэтай культурнай экспансіяй — як яе яшчэ называюць, „мяккай“ — ідуць зусім не мяккія, я б нават сказаў, вельмі жорсткія для незалежных дзяржаў наступствы: страта дзяржаўнасці і суверэнітэту, страта сябе як народа».
Таму, па словах беларускага лідара, трэба памятаць, што ад таго, як мы беражом чысціню роднай мовы, якія святы і сімвалы ўпускаем у свой дом, залежыць будучыня нашых дзяцей. «Калі жадаем, каб яны жылі на сваёй зямлі свабодна і незалежна, як мы, то павінны ў першую чаргу навучыць адрозніваць родныя традыцыі ад чужародных, — перакананы ён. — Таму штогадовая цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў прэмій года перш за ўсё — гэта знак прызнання ўсіх, хто працуе на гуманітарнай і культурнай ніве, хто захоўвае нашы духоўныя вытокі. Без перабольшання, у пытаннях забеспячэння нацыянальнай бяспекі Беларусі ваша роля таксама з’яўляецца вядучай».
Да лаўрэатаў прэмій кіраўнік дзяржавы звярнуўся на беларускай мове. «Вашы творчыя дасягненні — гэта жыватворная крыніца, якая напаўняе скарбніцу нацыянальнай культуры, — акцэнтаваў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Я добра ведаю: усё, што вы робіце, — гэта не дзеля ўзнагарод ці матэрыяльнага прыбытку. Ваш прафесійны, жыццёвы шлях абраны вашым сэрцам. А таму вы, як ніхто іншы, вартыя высокага прызнання і глыбокай павагі людзей. Сваімі духоўнымі, творчымі і прафесійнымі дасягненнямі вы ствараеце будучыню нашай Беларусі. Шчыра ганаруся вамі і ад усёй душы ўдзячны за вашу працу».
Кажучы пра лаўрэатаў, Прэзідэнт назваў іх апантанымі сваёй справай людзьмі, якія ўласным прыкладам усталёўваюць ідэалы міласэрнасці і дабрыні ў сучасным грамадстве, выхоўваюць патрыётамі падрастаючае пакаленне, перадаюць яму вялікую шчырую любоў да роднай зямлі. Па словах кіраўніка дзяржавы, рэалізуючы сацыяльна значныя культурныя і адукацыйныя праекты, яны дапамагаюць зберагчы гістарычную праўду і спрадвечную спадчыну нашага народа.
«Прэміяй „Беларускі спартыўны Алімп“ адзначаюць тых, хто падняўся на вяршыню спартыўнага майстэрства, пацвердзіў свой найвышэйшы клас медалямі на найважнейшых спаборніцтвах, хто прысвяціў сваё жыццё выхаванню атлетаў і атрымлівае высокія вынікі сваёй працы, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Паважаныя лаўрэаты! Мне вельмі прыемна павіншаваць вас з такімі высокімі ўзнагародамі. Няхай гэтыя прэміі стануць не толькі яскравым вынікам мінулага года, але і стымулам для новых дасягненняў і перамог у імя росквіту любімай Беларусі. У гэты ўрачысты момант я жадаю вам міра, дабра, здароўя, новых поспехаў на карысць роднай краіны, творчых знаходак і спартыўных перамог у новым, 2023 годзе».
За значны ўклад у выхаванне любові да Айчыны, даследаванні гісторыка-культурнай спадчыны, выпуск навуковага энцыклапедычнага выдання «Гарады і вёскі Беларусі» высокай узнагароды ўдастоены калектыў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук. Як расказаў дырэктар цэнтра Аляксандр Лакотка, 20-томнік гісторыі гарадоў і вёсак Беларусі ствараўся амаль 40 гадоў. Грунтоўнаму даследаванню, па яго словах, папярэднічала шматгадовая праца ў экспедыцыях, якія праходзілі ў розных рэгіёнах Беларусі, а таксама даследчая і скрупулёзная праца ў архівах, музеях розных гарадоў і нават краін. «У энцыклапедычным выданні прадстаўлена гісторыя многіх паселішчаў, а іх тут каля 24 тысяч, — заўважыў Аляксандр Лакотка. — Тут і геаграфія, і сацыяльна-гістарычная старонка любой вёскі ці сяла, тут і Героі Савецкага Саюза, і прадстаўнікі працоўнага гераізму, і мясцовыя знакамітасці, і вядомыя артысты, вучоныя, мастакі. Больш за шэсць тысяч артыкулаў прысвечана героям і ахвярам Вялікай Айчыннай вайны, каля 16 тысяч артыкулаў — помнікам археалогіі, каля 1,5 тысячы — помнікам архітэктуры і палаца-паркавага мастацтва. Адноўлены гістарычныя звесткі па многіх вёсках і мястэчках, якія ўпамінаюцца з 15 — 16 стагоддзя, раскрываецца інфраструктура гэтых паселішчаў і дарог, якая існуе і сёння».
Высокай узнагароды ўдастоены і аўтарскі калектыў у складзе Васіля Баранчука, дырэктара Духоўна-асветніцкага цэнтра прыхода храма ў гонар прападобнапакутніцы вялікай княгіні Елісаветы ў Бабруйску, і настаяцеля парафіі гэтага храма протаіерэя Віктара Толаха за вялікі ўклад ва ўмацаванне духоўных каштоўнасцяў, культурнае і маральнае выхаванне дзяцей і моладзі. «Гэта радасць і пачуццё высокай адказнасці, — менавіта так Віктар Толах вызначыў свае першыя эмоцыі пасля таго, як даведаўся аб прысуджэнні прэміі. — Любая ўзнагарода — гэта як аванс. Ты атрымаў аванс — і павінен працаваць яшчэ з большай аддачай». Па словах святара, поспех любой краіны залежыць ад таго, як у ёй пастаўлена адукацыя. «Усю сваю ўвагу мы павінны ўдзяліць у першую чаргу сферы духоўнай адукацыі, бо разам з веданнем прадметаў маленькага чалавечка трэба навучыць любіць, радавацца, быць сапраўдным грамадзянінам», — перакананы ён.
Сярод лаўрэатаў прэміі — Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа. Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне ўдастоена гэтай узнагароды за актыўную дзейнасць у гуманітарнай сферы, значны ўклад у аказанне дабрачыннай дапамогі і развіццё валанцёрскага руху. Як паведаміў генеральны сакратар Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў, усе свае 101 год арганізацыя ішла да гэтай узнагароды. Кажучы пра валанцёрскі рух Беларускага Чырвонага Крыжа, генеральны сакратар заўважыў, што міграцыйны крызіс, які ў нас быў на беларуска-польскай і беларуска-ўкраінскай граніцах, паказаў, што ў Беларускага Чырвонага Крыжа не 16 тысяч валанцёраў, а значна больш «Практычна ўся Беларусь з’яўлялася тады валанцёрам, кожны беларус аддаваў часцінку сябе: людзі прыносілі нам і прадукты, і адзенне, — узгадаў тыя падзеі Дзмітрый Шаўцоў. — Мы адчувалі гэтую дапамогу, якая нас зараджала. Мы разумелі, што за намі — уся Беларусь».
За актыўную дзейнасць па ваенна-патрыятычным выхаванні падлеткаў прэміяй адзначаны заслугі ваенна-патрыятычнага клуба «Рысь» вайсковай часці 3214 унутраных войскаў МУС. Як падзяліўся камандзір вайсковай часці 3214 Дзмітрый Мікша, ваенна-патрыятычны клуб існуе крыху больш за год, але ўжо карыстаецца вялікай папулярнасцю ў хлопчыкаў і дзяўчат. «Хочацца выказаць падзяку Прэзідэнту Беларусі, Аляксандру Рыгоравічу, за тую высокую ацэнку, якая дадзеная нашай карпатлівай працы па грамадзянскім і ваенна-патрыятычным выхаванні нашай моладзі, — заўважыў ён. — Час паказаў, што мы рухаемся ў правільным кірунку. І сёння толькі ва ўнутраных войсках створана 18 такіх клубаў. Такія клубы ствараюцца і ва Узброеных Сілах, і ў пагранічных войсках. Гэта сведчыць аб тым, што гэта патрэбна. Самае галоўнае для нас, што дзеці з жаданнем ідуць у гэты клуб. Мы іх не толькі выхоўваем, даём пэўныя веды. Самае галоўнае, мы разам з бацькамі іх вучым па-сапраўднаму любіць сваю Радзіму — Рэспубліку Беларусь. І гэта ў нас добра атрымліваецца».
Вераніка КАНЮТА
Фота: БелТА
Карэспандэнты «Звязды» разам з супрацоўнікамі ДАІ паназіралі, як мінчане карыстаюцца сродкамі персанальнай мабільнасці.
Як работнікі МАЗа рыхтуюцца да выпрабаванняў у пустыні.
Яго шлях — сведчанне таго, што подзвіг, ахвяраванне, Айчына — не пустыя словы.