Вы тут

Лячыць хелікабактар і правільна харчавацца. Як папярэдзіць хваробы органаў стрававання


Няма на зямлі ніводнага чалавека, які хоць раз у жыцці не адчуў боль у жываце. Чаму ён баліць? Не адну старонку зойме пералік гэтых прычын. І часам нават спецыялісту не заўсёды лёгка вызначыць пры першай сустрэчы, з-за чаго ўзніклі болі ў яго пацыента. Лідарамі сярод хвароб стрававальнай сістэмы з'яўляюцца запаленні стрававода (эзафагіт), страўніка (гастрыт), печані (гепатыт), падстраўнікавай залозы (панкрэатыт), жоўцевага пузыра (халецыстыт), тонкай, тоўстай і прамой кішак (энтэрыт, каліт і практыт). Аказваецца, многіх хвароб можна пазбегнуць. Якіх правілаў дастаткова для гэтага прытрымлівацца? Ці існуе алергія на глютэн? Ці можна заразіцца гастрытам і ці ставяць такі дыягназ без глытання зонда? Як на страваванне ўплывае стрэс? З якімі сімптомамі да ўрача варта звяртацца неадкладна? Пра гэта і іншае расказалі спецыялісты.


Фактары рызыкі: няправільнае харчаванне, некаторыя лекі, алкаголь...

— Захворванні органаў стрававання характарызуюцца вялікай распаўсюджанасцю і шырокім спектрам паталогій. Гэта абумоўлена мноствам фактараў, што выклікаюць захворванні. А таксама значнымі асаблівасцямі розных аддзелаў стрававальнай сістэмы, кожны з якіх мае сваё асяроддзе і свае фактары рызыкі, — расказвае прафесар кафедры агульнай урачэбнай практыкі з курсам герыятрыі БелМАПА Наталля Сілівончык.

Адны захворванні, як правіла, функцыянальныя, сустракаюцца даволі часта. Найперш гэта гастраэзафагеальная рэфлюксная хвароба (яна развіваецца з прычыны закіду (рэфлюксу) у стрававод са страўніка салянай кіслаты або дуадэнальнага змесціва (жоўці і сакрэту падстраўнікавай залозы). А таксама язвы і эрозіі страўніка і дванаццаціперснай кішкі. Іншыя захворванні — як правіла, спадчынныя, аўтаімунныя, — рэгіструюцца даволі рэдка.

Распаўсюджанасць у нашай краіне захворванняў органаў стрававання ў разліку на 100 тысяч чалавек наступная: у дзяцей яна складае 7 600, у падлеткаў — 9 500, у дарослых крыху больш за 8 тысяч, у пажылых — 10,5 тысячы. Сярод прычын смяротнасці гастраэнтэралагічныя хваробы стаяць на чацвёртым месцы. А значыць, маюць невялікі працэнт, але гэта цяжкія захворванні, у асноўным цырозы печані і іх ускладненні.

Трэба адзначыць, што сённяшнія метады візуалізацыі, лабараторнай дыягностыкі дазваляюць лепш дыягнаставаць захворванні, якія раней не выяўляліся, і, адпаведна, лепш падбіраць метады лячэння.

А многія захворванні ўвогуле можна папярэдзіць. Для гэтага патрабуецца здаровае і рэгулярнае харчаванне, акрамя таго, варта пазбягаць рызыкоўных палавых паводзін (як фактару перадачы парэнтэральных вірусных гепатытаў), прыёму некаторых лекаў, перш за ўсё аспірыну і нестэроідных супрацьзапаленчых сродкаў, а таксама сродкаў для нарошчвання мышачнай масы. Небяспеку тоіць і алкаголь, які з'яўляецца фактарам рызыкі захворванняў печані і падстраўнікавай залозы. Каб працэс стрававання ішоў правільна, важна прытрымлівацца рэжыму працы і адпачынку, добра спаць.

Алкаголь не найлепшым чынам уплывае на страўнік і асабліва печань. Пры працяглым яго ўжыванні наступствы могуць быць самыя сумныя.

— Кантынгент шпіталізаваных апошнім часам змяніўся, — адзначае дацэнт 2-й кафедры ўнутраных хвароб БДМУ, кандыдат медыцынскіх навук Валянціна Курчанкова. — Яны паступаюць у асноўным па хуткай дапамозе, з цяжкімі хваробамі. Часта гэта печань з трансфармацыяй у цыроз. Назіраецца значнае амаладжэнне пацыентаў, якія пайшлі па гэтым шляху. Дзеля справядлівасці адзначу, што цяпер моладзь вядзе больш здаровы лад жыцця, не ўжываючы алкаголь. Але тыя, хто да нас трапляе, маюць ужо комплекс хвароб у 30 гадоў і нават раней. Пасля таго як печань перастае працаваць і пераўтвараецца ў злучальную тканку, функцыі яе згасаюць, і гэта адбіваецца на ўсім арганізме.

Ці можна заразіцца гастрытам?

Так, дакладней, заразіцца можна бактэрыяй групы хелікабактар пілоры, якая і выклікае гастрыт.

— Хелікабактар пілоры, якая жыве ў піларычным аддзеле страўніка, у 100 разоў больш актыўная за стрыптакок і стафілакок. Яна злушчвае эпітэлій, таму ў пацыентаў часта назіраюцца эразіўныя працэсы. Вядома даследаванне з дзвюма групамі пацыентаў: у адной праводзілася эрадыкацыя (тэрапія пры язве і гастрыце страўніка, накіраваная на знішчэнне хелікабактар пілоры), у другой — не. Праз 10 гадоў высветлілася, што ў тых, каму праводзілася лячэнне, значна ніжэйшы працэнт узнікнення злаякасных хвароб у страўніку... Сапраўды, бактэрыя хелікабактар перадаецца праз посуд, кубкі, сталовыя прыборы, і пры яе выяўленні ў аднаго члена сям'і варта абследаваць усіх астатніх. Атрымаецца больш танна, калі ўсе разам абследаваны і пралечаны, — тлумачыць Валянціна Курчанкова.

Ці можна вызначыць гастрыт без абследаванняў?

— Нельга, — адзначае Наталля Сілівончык. — Гэта марфалагічнае паняцце. І толькі тады, калі пацыенту выканаюць эндаскапію, атрымаюць кавалачак тканкі і марфолаг яго ацэніць, можна ставіць дыягназ «гастрыт».

Што рабіць пры пякотцы?

— Часта дастаткова выпіць вады, малака, з'есці марожанае, калі гэта разавая сітуацыя, — раіць Наталля Сілівончык. — У аптэках прадаюцца безрэцэптурныя прэпараты — простыя, для сітуацыйнага прыёму. Такія спосабы добрыя, калі пякотка ўзнікае аднаразова. Калі яна перыядычна паўтараецца, трэба прайсці гастраэндаскапію.

Ці існуе непрыманне глютэну?

Глютэн — гэта бялок пшаніцы. Усяго ў ёй утрымліваецца каля 300 бялкоў, і 38 з іх лічацца алергеннымі. Сёння ёсць магчымасці вызначыць адчувальнасць да глютэну.

— Ёсць група пацыентаў, у якіх маецца алергія на глютэн — на гэтыя 38 бялкоў і іх спалучэнні. Яшчэ яе называюць цэліякіяй. У апошняе дзесяцігоддзе вылучылі групу пацыентаў, у якіх нецэліякавая адчувальнасць да глютэну (сіндром, які характарызуецца наяўнасцю кішэчных і пазакішэчных сімптомаў на фоне спажывання ежы з глютэнам у асоб, якія не пакутуюць на целіякію або алергію на пшаніцу). Гэта пэўная замаскіраваная сімптаматыка падобнасці з боку кішэчніка — уздуцце, паколванне, болі, паслабленне стулу, зніжэнне вагі. Ёсць цэлыя панэлі, якія вызначаюць алергічную настроенасць арганізма да бялкоў пшаніцы, — звяртае ўвагу Валянціна Курчанкова. — Алергія і выстаўленне дыягназу пачынаецца, як правіла, у дзяцінстве, калі бацькі высвятляюць, чаму дзіця худзее, чаму дрэнна сябе адчувае. Там могуць быць і скурныя праявы, і эндакрынныя, і неўралагічныя.

Аднак ёсць і добрыя навіны — вельмі часта з узростам дзіця «перарастае» гэту алергію.

Як стрэс уплывае на страваванне?

— Пры стрэсе страваванне мусіць замерці, бо ў гэты час працуе мозг. Гэтак жа, як падчас нагрузкі — мышцы. Таму падчас стрэсу лепш адпачыць і падрыхтаваць сябе да прыёму ежы, які мусіць адбывацца ў спакойным стане, — раіць Наталля Сілівончык.

Як справіцца з цяжарам у страўніку?

Цяжар у страўніку — часты сімптом як падчас свят, так і пасля іх. Калі ў вас няма ўстаноўленых хвароб, і гэта разавая сітуацыя, то варта проста абмежаваць прыём ежы. Часта гэтага дастаткова.

Многія з нас, успамінаючы рэкламу вядомых ферментных прэпаратаў, лічаць абавязковым пры цяжары ў страўніку прыняць іх. Пры гэтым лічаць, што гэтыя таблеткі дапамогуць не набраць вагу пасля багатага застолля.

— Ферменты прымаюць для таго, каб усё добра ператравілася і ўсмакталася. Калі чалавек пераеў і не хоча паправіцца, паляпшаць страваванне не зусім правільна. Ферментныя прэпараты эпізадычна можна прымяняць, але гэта не дапамагае зменшыць масу цела, — тлумачыць Наталля Сілівончык.

У якіх выпадках звяртацца да ўрача?

Востры боль у жываце, выражаная рвота і дыярэя, рэзкае ўздуцце жывата — нагоды неадкладна ісці да доктара.

— Нашы пацыенты часта здзіўляюцца, што пры абследаванні ў іх не выяўлена ніякіх захворванняў, а скаргі пры гэтым ёсць. Мы гэта называем функцыянальнымі расстройствамі страўнікава-кішачнага тракту. Гэта найбольш частая паталогія і прычына звароту па кансультацыю, — адзначае Наталля Сілівончык. — Але за такімі скаргамі можа пачынацца дэбют захворвання. Яму спрыяюць і перакосы ў харчаванні: шмат салодкага, мясной ежы. Гэта можа шкодзіць рабоце кішэчніка, знішчаць флору, выклікаць загазаванасць. Таму важна своечасова абследавацца і прытрымлівацца далейшых рэкамендацый урача.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?