Сёння раскажу вам дзве цёплыя гісторыі. Аб'ядноўвае іх тое, што яны пра людзей з вялікай душой, якія вераць, што дабрыня і любоў выратуюць свет. Адна з гераінь — Ганна Крылова з Мінска прытуліла кацяня з прыроджаным парушэннем каардынацыі руху, другая — Надзея Літвінюк з Валожыншчыны падарыла шчаслівую старасць кабыле Каці.
Гісторыя выратавання Каці многаму вучыць: яна прымушае задумацца пра такія якасці, як дабрыня, любоў, вернасць, клопат і давер... Яшчэ зусім нядаўна ў старой і хворай кабылы, якая адслужыла 23 гады верай і праўдай свайму гаспадару, не было ніякіх шанцаў на жыццё. За напатрэбнасцю яе збіраліся здаць на мяса. Але ёй пашчасціла сустрэць на сваім шляху Надзею Літвінюк, якая стала для Каці надзеяй у прамым сэнсе гэтага слова.
Надзея ўсё жыццё пражыла ў горадзе, два гады таму яны з мужам набылі вясковы дамок на Валожыншчыне, дзе праводзяць шмат часу са сваімі трыма дзеткамі. Улетку маладая мама штодзень прагульвалася з маленькай дачушкай па вёсцы. І кожны раз сустракала на сваім шляху суседскую кабылу Кацю. Брудную, худзюшчую...
— Ідзеш, а яна на цябе глядзіць сваімі вялікімі сумнымі вачыма. Я не магла прайсці міма. Падыходзіла да яе, падкормлівала яблычкамі, гладзіла, размаўляла. Ад маці гаспадара бабулі Сафіі выпадкова даведалася, што сыну кабыла больш непатрэбна, бо ён купіў трактар. Маўляў, засталося бульбу выкапаць і па восені Кацю здадуць на мясакамбінат. Мяне гэта так уразіла, што не магла думаць ні аб чым іншым. У галаве не ўкладвалася, як гэта... Конь можа служыць чалавеку гадамі... Але варта яму проста пастарэць, стаць слабым — яго спісваюць на мяса, — кажа з горыччу Надзея. — А як жа «мы адказныя за таго, каго прыручылі?..»
Па словах Надзеі, проста па-ранейшаму хадзіць падкормліваць Кацюшу і працягваць глядзець ёй у вочы, ведаючы, што яна не сёння дык заўтра можа стаць каўбасой ці кансервамі, яна не магла. Вырашыла, чаго б ёй гэта не каштавала, выкупіць кабылу ў гаспадара. Ён быў не супраць. Да апошняга прасіў за кабылу дзве тысячы беларускіх рублёў. Потым удалося збіць кошт да 1800.
Надзея з мужам і сябрамі-аднавяскоўцамі пачалі думаць, як сабраць гэтую суму. Так у сацсетках з'явіўся крык аб дапамозе: «Жыццё кабылы Каці нельга назваць салодкім. Слой гною, нечышчаныя капыты, адсутнасць прагулак, дрэннае харчаванне, цяжкая праца.... Але калі яе прывесці ў парадак: памыць, прычасаць і дапамагчы жыць інакш, яна можа радаваць людзей сваёй прыгажосцю. Спакойная, ручная, добрая. Мы хочам выратаваць яе і просім дапамагчы ў зборы сродкаў на выкуп і ў пошуку новага жылля».
— І што вы думаеце, многія людзі адгукнуліся, пераводзілі хто колькі мог — хто па 5, хто па 10 і больш рублёў. У выніку мы сабралі неабходную суму і выкупілі Кацюшу. Тым самым падарылі ёй шанц на шчаслівую старасць. Потым праз знаёмых даведалася, што ёсць людзі, якія выратоўваюць коней і адпраўляюць іх у Эстонію. Але Кацюша кастынг не прайшла. У яе выявілі сардэчную недастатковасць. Ветэрынар сказаў, што ў кабылы падчас доўгай паездкі можа не вытрымаць сэрца. Мы ўжо былі ў адчаі, бо нікому стары конь не патрэбны. І тады нам падказалі, што пад Маладзечнам ёсць агарасядзіба «Мара дзяцінства», дзе выратоўваюць жывёл. Маўляў, нядаўна яны забіралі каня ў вельмі дрэнным стане. Раптам і Кацю забяруць. Мы звязаліся з гаспадыняй аграсядзібы Настассяй Чарняўскай, і вось цуд — яна пагадзілася дапамагчы.
Зараз выратаваная кабыла жыве ў чысціні, есць і п'е колькі трэба, і гуляе ўдосталь. За пару месяцаў Кацюшу не пазнаць. Надзея паказала мне фотаздымкі, у якім жудасным стане жывёла была ў дзень пакупкі. Гной на жываце зліпся, уеўся ў шэрсць і быў падобны да панцыра. Капыты з-за адсутнасці догляду моцна абраслі, і Кацюша з цяжкасцю перастаўляла ногі. У новым доме яе прывялі ў парадак. Праўда, зрабіць гэта было няпроста: шэрсць разам з закарэлымі кавалкамі гною абстрыгалі ў некалькі падыходаў.
— Каця хутка асвоілася на новым месцы. Насця кажа, што бабуля Каця, як яе там усе называюць з любоўю, цяпер галоўная памочніца ў гаспадарцы: строіць і выхоўвае жарабят, можа за імі прыглядзець, пракантраляваць. А не так даўно здарылася неверагоднае: пасля другой расчысткі капыт Каця паскакала галопам. А тое, што яна стане зоркай ТікТок, наогул ніхто не чакаў. Калі гаспадыня аграсядзібы пачала выкладваць відэаролікі, расказваць гісторыю выратавання Кацюшы,
падпісчыкі павезлі кабыле гасцінцы — яблыкі, моркву.
Рэабілітацыя і далейшая падтрымка якаснага жыцця патрабуе пастаянных выдаткаў. Штомесячнае ўтрыманне Каці абыходзіцца ў 300 рублёў. Калі хтосьці хоча дапамагчы — калі ласка: нават 3-5 рублёў не будуць лішнімі. Перадаць грошы можна куратару Каці — Надзеі Літвінюк альбо асабіста гаспадыні аграсядзібы «Мара дзяцінства». Таксама можна прыехаць да Кацюшы ў госці і пакатацца на іншых конях. Акрамя таго, у новым доме Каці заўсёды рады дапамозе валанцёраў.
— Зараз мне спакойна, бо ведаю, што лепшага дома для Кацюшы немагчыма ўявіць. І ведаеце, былы гаспадар Кацюшы пранікся і вельмі рады, што кабыла трапіла ў надзейныя рукі і атрымала заслужаны спакой. Калі сустрэла бабулю Соф'ю, яна плакала, дзякавала, казала, што сын ёй паказвае відэа з Кацяй у ТікТок.
«...Жартуем з мужам, што катоў выратоўвалі, сабак выратоўвалі, птушак, цяпер конь, а далей хто?»— смяецца Надзея.
«Жыццё Цяпы» — так называецца тэлеграм-канал, на які я нядаўна падпісалася. Цяпа — кот з мазжачковай атаксіяй. Але гэта яму абсалютна не перашкаджае быць шчаслівым і максімальна чароўным.
— У 2020-ым, калі на ўсіх нас зваліўся каранавірус, — узгадвае выратавальніца Цяпы Ганна Крылова, — мая знаёмая ў «Фэйсбуку» перапосціла відэа з рыжым кацянём, якога аддавалі ў добрыя рукі. У аб'яве было напісана, што ў яго прыкметы атаксіі. Малы сапраўды дзіўна рухаўся, але я ўбачыла гэту сімпатычную мордачку і... Ён улюбіў мяне ў сябе адразу. Усе выхадныя думала пра тое кацяня. У панядзелак раніцай патэлефанавала па нумары ў аб'яве, і ўжо ўвечары мне прывезлі Цяпу, яму на той момант было каля двух месяцаў. Аказалася, коціка знайшлі добрыя людзі позняй восенню ў дачным пасёлку пад Мінскам...
Пасля знаёмства з «інклюзіўным» катом Ганна даведалася, што ў многіх краінах свету такія хатнія гадаванцы вельмі папулярныя.
— Іх хутчэй разбіраюць. У нас жа такіх людзі пакуль баяцца браць. Калі шчыра, мне таксама было страшна першыя некалькі хвілін, калі яго прывезлі, бо Цяпа вельмі моцна тросся. Але ўсё невядомае заўсёды спачатку пужае. Неўзабаве, калі я збольшага ва ўсім разабралася, страх знік. Плюс мяне вельмі моцна падбадзёрыў чароўны ветурач майго першага ката. Калі яму паказала тое відэа з «Фэйсбука», Яўген сказаў: «Бяры — разбяромся». Цяпер у ветклініцы ўсе мяне ведаюць як «рыжы кот, які трасецца». Дарэчы, не так даўно даведалася, што дзяўчына, якая працуе там адміністратарам, стараецца забіраць да сябе дадому толькі сляпых катоў.
— Цяпа, напэўна, патрабуе нейкага асаблівага догляду?
— Многія так думаюць. Але гэта не так. Цяпа самастойна есць тую ж самую ежу, што і ўсе каты, сам ходзіць у латок, гуляе, бегае. У дадатак да таго, у яго яшчэ ёсць рэдкая асаблівасць — калі я кідаю яму цацку, ён імчыць за ёй і прыносіць назад у зубах, як сабака. Я такое бачыла раз у жыцці і думала: вось бы мне трапіўся такі кот. Акрамя таго, Цяпа вельмі ўважлівы, калі я вяртаюся дадому, абавязкова сустракае мяне ля дзвярэй. Зараз ён практычна не трасецца, толькі зрэдчас, калі пужаецца ці хвалюецца. Калі ходзіць і бегае, ногі па-ранейшаму распаўзаюцца. Але ў такога ката ёсць вельмі вялікі плюс. На YouTube вельмі шмат ролікаў, як «мурзікі» валяць ялінкі, разварочваюць вазоны, лазяць па сталах. Менавіта з-за гэтага многія людзі не хочуць заводзіць хатніх жывёл. Мой кот ідэальны: ён ходзіць толькі па падлозе. І да маіх шматлікіх кветак Цяпа абыякавы, бо ён фізічна не можа да іх дацягнуцца.
— Як прыйшла ідэя завесці Цяпу тэлеграм-канал?
— Сваякі і сябры ў мяне пастаянна пыталіся: «Як там Цяпа пажывае?» Вось я і вырашыла завесці тэлеграм-канал выключна для вузкага кола знаёмых. Зараз сярод маіх падпісчыкаў ёсць людзі, якіх я не ведаю. З часам зразумела, наколькі важна расказваць, што кот з атаксіяй — гэта зусім не страшна. Хочацца, каб людзі звярталі ўвагу і на такіх міленькіх коцікаў, як Цяпа. Мне балюча, калі за вялікія грошы купляюць жывёл, у той час як на вуліцах шмат бясплатных, прыгожых, пухнатых, якія пакутуюць ад голаду і холаду. Дарэчы, менавіта дзякуючы Цяпу ў маёй свядомасці адбыўся пераварот. Раней я нічога не ведала пра такіх катоў. Як і большасць людзей, якія бачаць жывёлу з парушэннямі руху, думала: «Ой, бедненькі коцік». А насамрэч яны такія ж, як і ўсе. Проста ў іх свая норма. Цяпу абсалютна не турбуе, што ў яго распаўзаюцца ногі. Ён упэўнены, што ён ідэальны, прыгожы, і, як любы кот, па-майстэрску маніпулюе мной (смяецца). Яму дакладна не патрэбна шкадаванне, яму проста неабходна, каб яго любілі, клапаціліся. Дзякуючы Цяпу я зразумела, што няма людзей з асаблівасцямі. Што чалавек на калясцы такі ж чалавек, як, напрыклад, чалавек з рудымі валасамі ці зялёным колерам вачэй. А мы выдзяляем, па-асабліваму ставімся, пазбягаем зносін, бо не разумеем, як з імі кантактаваць. Раю паглядзець серыял «Толя-робат» пра правінцыяльнага хлопца, які па глупстве пазбавіўся ног і рук. На працягу ўсяго фільма ён даносіць, што ён не нейкі асаблівы, а звычайны. І ў выніку Толя аказваецца больш моцным і жыццелюбівым, чым людзі з рукамі і нагамі. І Цяпа такі ж. Менавіта праз такіх жывёл, камунікацыю з імі, мне здаецца, і будзе мяняцца наша камунікацыя з людзьмі. Прынамсі, гэта бачу па сабе, па сваіх бацьках. Мама спачатку адгаворвала мяне, маўляў, навошта ўскладняць сабе жыццё, вазьмі здаровага коціка. А цяпер у апісанні тэлеграм-канала ў мяне напісана, што Цяпа — адзіны кот, у якога ёсць свая асабістая бабуля. Яна сапраўды да яго ставіцца, як да любімага ўнука: і пахваліць, і пакрытыкуе. Дарэчы, мая сяброўка з Масквы, якая падпісана на мой канал, нядаўна ўбачыла аднавокага хамяка і падумала: «Ну хто ж цябе яшчэ возьме, калі не я». І забрала дадому. Калі мы з Цяпам дапаможам яшчэ каму-небудзь знайсці дом і вернага сябра — гэта будзе проста цудоўна.
...А я думаю: як жа цудоўна, калі людзі гуртуюцца для адной добрай справы. Вядома, можна вырашыць, што ад мяне нічога не залежыць... Але чаму б не паспрабаваць жыць, як і мае героі, па прынцыпе «хто, калі не я». І калі большасць людзей так падумаюць, свет стане больш шчаслівым.
Надзея ДРЫНДРОЖЫК
Фота прадстаўлены героямі матэрыялу
Найперш мінімальная выплата па бальнічным вырасце ў тры разы.
Мільён фарбаў для Віцебска.
АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.