Вы тут

З чым прыходзілі людзі да Наталлі Качанавай на прыём грамадзян


Калі Савет Рэспублікі чарговы раз аб'яўляе Адзіны дзень прыёму грамадзян — а бывае гэта рэгулярна, прычым у розных рэгіёнах краіны, — ахвотных трапіць насустрэчу з сенатарам, а тым больш са старшынёй верхняй палаты парламента заўжды шмат. Людзі давяраюць заканадаўцам, якія і словам, і справай кожны раз паказваюць, што любое пытанне, за рэдкім выключэннем, падаецца вырашэнню, што нават у самай складанай сітуацыі ёсць выйсце. Часта грамадзянам дастаткова падказаць, у якім кірунку рухацца. Некаторыя ж пытанні, з якімі людзі ідуць на такія прыёмы, патрабуюць канкрэтных рашэнняў адказных асоб на месцах. У большасці выпадкаў менавіта ад бяздзеяння некаторых чыноўнікаў, ад іх нежадання ўнікаць у абывацельскія праблемы грамадзяне вымушаны звяртаецца вышэй — у той жа Савет Рэспублікі, дзе іх уважліва выслухаюць і дакладна дапамогуць.


У гэтым карэспандэнт «Звязды» пераканалася, пабываўшы на прыёме грамадзян, які ў Адміністрацыі Першамайскага раёна Мінска праводзіла Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава.

Адразу хочацца адзначыць — весці падобны прыём няпроста. Людзі прыходзяць розныя: адны вельмі эмацыянальныя, з іншых жа слова лішняга не выцягнеш. Некаторыя з заяўнікоў адстойваюць інтарэсы групы людзей (жыхароў дома, калектыву, пэўнай катэгорыі насельніцтва), іншыя распавядаюць аб праблеме канкрэтнага чалавека. Пытанні, на вырашэнне якіх спадзяюцца грамадзяне, ахопліваюць самыя розныя сферы: традыцыйна гэта жыллёва-камунальная гаспадарка, будаўніцтва, транспартнае забеспячэнне, ахова здароўя.

Дарагія «квадраты»

Шматдзетныя маці, якія прыйшлі на прыём да Наталлі Качанавай, узнялі пытанне кошту квадратнага метра для шматдзетных сем'яў. Жанчыны, дзве з якіх выхоўваюць па трое дзяцей, падзяліліся, што дагэтуль не маюць уласнай жылплошчы, хоць стаяць у чарзе не адзін год. Мінгарвыканкам неаднаразова прапаноўваў ім кватэры, але іх кошт нават з дзяржаўнай падтрымкай для гэтых сем'яў непад'ёмны. У прыватнасці, кватэры ім прапаноўваліся ў Серабранцы, дзе цана квадратнага метра — 2100 беларускіх рублёў, і на вуліцы Шаранговіча (цана 2200—2300 — за квадратны метр). На Кнорына цана ўвогуле даходзіць да 2630 рублёў за квадрат.

Як удакладнілі жанчыны, гэта не проста праблема канкрэтных сем'яў. Пытанне, па іх меркаванні, патрабуе комплекснага вырашэння. Заяўніцы не адзіныя са шматдзетных, хто вымушаны адмаўляецца ад будаўніцтва жылля з-за высокай цаны на квадратны метр.

Наталля Качанава пагадзілася, што гэта не танна, нават калі большую частку ад кошту жылля фінансуе дзяржава.

— Колькі ў вас дзяцей? — удакладніла яна ў адной з заяўніц.

— Трое. У чарзе на жыллё стаю чатыры гады, — адказала Настасся Каркіяйнен.

Спікер верхняй палаты парламента пацікавілася, дзе цяпер жывуць сем'і. Высветлілася, што адны дзеляць жылплошчу ўжо з пажылымі бацькамі, іншыя на працягу 10 гадоў жывуць у інтэрнаце. Шматдзетныя маці паведамілі, што ім прапаноўваюць кватэры і меншай плошчы, але яны не пагаджаюцца.

— Але ж гэта не вырашае пытання! — заўважыла Наталля Качанава. — Навошта шматдзетнай сям'і прапаноўваць аднапакаёвую кватэру, калі яна ўсё роўна будзе мець патрэбу ў жыллі?

Спікер верхняй палаты парламента ўдакладніла ў старшыні Мінгарвыканкама, які прысутнічаў на прыёме, чаму мы будуем такія дарагія дамы для тых, хто мае патрэбу ў жыллі, для шматдзетных сем'яў. «Няўжо нельга зрабіць праект больш танным?» — пацікавілася яна. У сувязі з гэтым Наталля Качанава дала даручэнне — разабрацца па кожнай шматдзетнай сям'і, якая мае патрэбу ў жыллі, і знайсці прымальныя варыянты ў забеспячэнні іх жылплошчай. І ў якасці адной з мер падтрымкі гэтай катэгорыі насельніцтва Старшыня Савета Рэспублікі прапанавала разгледзець пытанне аб выдзяленні арэнднага жылля для шматдзетных сем'яў.

Уладзімір Кухараў заўважыў, што арэнднае жыллё не карыстаецца ў шматдзетных сем'яў попытам. Заяўніцы пацвердзілі: ім таксама прапаноўвалі арэндныя кватэры, аднак, як і многія, яны хочуць мець уласнае жыллё.

— Дзе б я ні была ў краіне, паўсюль людзі прыходзяць да мяне з падобнымі пытаннямі, — рэзюмавала Наталля Качанава і паабяцала абмеркаваць з паўнамоцнымі асобамі ўсе варыянты, якія ўрэгулююць цану на квадратны метр для шматдзетных сем'яў.

Незавершанае будаўніцтва

Калектыўны зварот жыхароў дома па Харкаўскай, 58 у Мінску на прыёме агучыла старшыня таварыства ўласнікаў Вольга Еўсікава. Грамадзянка расказала, што жылы дом ужо на працягу некалькіх гадоў уведзены ў эксплуатацыю, але паркінг дагэтуль не дабудаваны. Незавершаным аб'ект з'яўляецца ўжо больш як 10 гадоў! Па яе словах, таварыства здольнае само завяршыць будаўніцтва, але Мінгарвыканкам не дае на гэта дазвол. Больш за тое, як яна расказала, мясцовая ўлада збіраецца паркінг знесці — а, між іншым, у свой час дольшчыкі ўносілі за сваё машынамесца вялікія грошы!

— Калі дольшчыкі пабудуюць паркоўку за свой кошт, яны змогуць увесці яе ў эксплуатацыю? — удакладніла ў мэра Мінска Старшыня Савета Рэспублікі. — Вы ім не будзеце перашкаджаць?

Уладзімір Кухараў пацвердзіў, што з боку Мінгарвыканкама ніякіх перашкод быць не павінна. Пры ўмове поўнага разумення тэрміну будаўніцтва і крыніцы фінансавання.

— Калі вы гатовы знайсці інвестара і дабудоўваць — знаходзьце інвестара і дабудоўвайце, — адказала спікер старшыні таварыства ўласнікаў. — Аднак вы павінны даць гарантыі таго, што ў вас ёсць фінансаванне і ў якія тэрміны вы завершыце будаўнічыя работы. Калі з'явяцца невырашальныя пытанні, то звяртайцеся ў прыёмную Савета Рэспублікі.

На незавершанае будаўніцтва падземных аўтастаянак па вуліцы Парніковай паскардзіўся і Мікалай Савіцкі. Ён расказаў, што на працягу 25 гадоў дзве падземныя станкі застаюцца недабудаванымі. Заказчыкам будаўніцтва ў свой час выступіў завод імя Вавілава, будаўніцтва вяла фірма, якая абанкруцілася.

— Больш за тое, аб'ект прынялі ў эксплуатацыю недабудаваным, — паведаміў дэталі заяўнік. — Аднак ва ўласнасць аб'ект жыхарам не перадалі, бо фактычна ён быў недабудаваны. У выніку кааператыў прыцягнулі да адказнасці за самавольнае заняцце зямлі.

Жыхары падалі ў суд за адмену гэтага рашэння. Суд адмяніў рашэнне Мінгарвыканкама 2018 года. Новае рашэнне суда прызнае жыхароў карыстальнікамі аб'екта нерухомасці, але не зямельнага ўчастка. Ды ёсць і яшчэ адна праблема, якая хвалюе людзей, — канструкцыя аўтастаянкі знаходзіцца пад пагрозай разбурэння. А да гэтага, па іх словах, нікому няма справы.

Старшыня Адміністрацыі Першамайскага раёна Дзмітрый Шашок у курсе сітуацыі. Ён заўважыў, што ўсе боксы знаходзяцца ва ўласнасці грамадзян, фізічных асоб. «Уласнікі прасілі фінансавай дапамогі ў Мінскага механічнага завода імя С. І. Вавілава — кіруючай кампаніі холдынга «БелОМА», які з'яўляецца правапераемнікам завода імя Вавілава, для таго каб ліквідаваць усе дэфекты з мэтай далейшай эксплуатацыі гаражных боксаў, — далажыў старшыня Адміністрацыі. — Пазіцыя завода катэгарычная: у фінансаванні было адмоўлена».

«Мы не прасілі фінансавай дапамогі, мы прасілі здаць аб'ект завершаным», — удакладніў Мікалай Савіцкі.

Дзмітрый Шашок дадаў, што ўсе службы разбіраюцца па гэтым пытанні, аднак дагэтуль рашэнне не знойдзена. «Патрэбна разабрацца да канца, — паставіла задачу Наталля Качанава. — Які сэнс судзіцца?» У сваю чаргу, Старшыня Савета Рэспублікі паабяцала, што арганізуе Мікалаю Васільевічу сустрэчу з сенатарамі, якія падкажуць заяўніку, як вырашыць гэтае пытанне.

Канфлікт бакоў

Інтарэсы ўласнікаў нежылых памяшканняў аднаго з дамоў шматфункцыянальнага комплексу «Мінск — Мір» прадставіла Аляксандра Басава. Старшыня таварыства ўласнікаў нежылых памяшканняў расказала пра канфлікт прадпрымальнікаў і жыхароў шматпавярховіка, дайшло нават да суда.

Па словах заяўніцы, жыхары лічаць, што ўласнікі нежылых памяшканняў павінны несці ў тым ліку іх выдаткі. Пры гэтым жыхары хочуць мець даход ад нежылой часткі дома. «Кажуць, што мы парушаем іх правы, бо не могуць прымаць рашэнні па нашай частцы жылога дома, — заўважыла Аляксандра Басава. — У нас аўтаномныя сістэмы камунікацый, прыбору ўліку свае, мы плацім па камерцыйных тарыфах, прыборка практычна штодзённая — у нас іншыя мэты і задачы, чым у жыхароў. Жыхары настойваюць, што нежылыя памяшканні з'яўляюцца часткай жылога дома і жадаюць, каб суд прызнаў ліквідацыю нашага таварыства».

У сваю чаргу, прадстаўнікі таварыства нежылых памяшканняў просяць, каб адміністрацыя раёна ўзяла на сябе адказнасць урэгуляваць гэты канфлікт, каб у выніку было падпісана адпаведнае пагадненне па раздзяленні зоны адказнасці паміж таварыствамі жылых памяшканняў і нежылых памяшканняў. Уладзімір Кухараў, які днямі правёў нараду з прадстаўнікамі таварыства ўласнікаў жылых памяшканняў гэтага дома, добра азнаёмлены з пазіцыяй кожнага з бакоў. Па яго словах, аплата павінна адбывацца прапарцыянальна з двух бакоў. Як адзначыла заяўніца, уласнікі нежылых памяшканняў гатовыя плаціць, але настойваюць на падпісанні адпаведнага пагаднення.

— Вузлы, якія завязваюцца, павінны ўрэгуляваць мясцовыя органы ўлады, гэта ваша кампетэнцыя, — звярнула ўвагу прысутных Наталля Качанава. — А вы завязваеце гэтыя вузлы далей. А што за гэтымі вузламі? Незадавальненне кіраўніком адміністрацыі Першамайскага раёна — а значыць уладай краіны. Адміністрацыя павінна сабраць два бакі, каб у выніку было падпісана пагадненне.

Старшыня Савета Рэспублікі дала адзін месяц на ўрэгуляванне сітуацыі.

Наступствы капітальнага рамонту

Жыхары аднаго з дамоў па вуліцы Чарнышэўскага звярнуліся на прыём да Наталлі Качанавай па пытанні няякаснага капітальнага рамонту, зробленага шэсць гадоў таму. Жанчыны паскардзіліся на праблемы з ацяпленнем.

«Увесь час мы жывём у адным тэмпературным рэжыме: і калі на вуліцы мінус 10, і калі плюс 20, — увяла ў курс справы Таццяна Пугачова. — Я ўсё жыццё пражыла ў гэтым доме, але апошнія шэсць гадоў ацяпляльны сезон для нас пераўтварыўся ў жах. Мы жывём з галаўнымі болямі, бо тэмпература ў кватэрах 25-26 градусаў. Атрымліваецца, што мы абаграваем вуліцу: у мароз нашы вокны адчынены насцеж. Многія з-за гэтага ўжо папрадавалі свае кватэры».

Жыхары гэтага дома неаднойчы звярталіся ў адміністрацыю Першамайскага раёна, але ўвесь час атрымлівалі адпіскі, прычым з такімі фармуліроўкамі, што яшчэ не кожны і разбярэцца.

— Навошта такія незразумелыя адказы? — звярнулася Наталля Качанава да мясцовых чыноўнікаў. — Не ўводзьце людзей у зман! Людзям патрэбна, каб у іх былі створаны камфортныя ўмовы для пражывання. Ужо ва ўсіх дамах, нават у раёнах, пастаўлены рэгулятары, якія кантралююць падачу цяпла. А тут Мінск... Няўжо за шэсць гадоў не маглі разабрацца?

Уладзімір Кухараў паабяцаў, што перад наступным ацяпляльным сезонам усё будзе перароблена. Цяпер спыніць сістэму немагчыма. Заяўніцы падзякавалі і за гэта. Пры гэтым заўважылі, што на прыём да Старшыні Савета Рэспублікі трапіць прасцей, чым да кіраўніка свайго раёна.

— Да мяне прыходзяць людзі і расказваюць, што запісацца на прыём да мясцовай улады немагчыма, і так паўсюль, — звярнула ўвагу Наталля Качанава. — У 115 заяўку прымуць і будуць дзесяць гадоў яе выконваць. Так быць не павінна! Прыёмы павінны весціся.

Звярнуўшыся да заяўніц, спікер паабяцала: «Усё будзе зроблена!» І ў гэтым ніхто з тых, хто прыйшоў на прыём да Наталлі Качанавай (а гэта не менш за тры дзясяткі чалавек), не сумняваецца. Аб гэтым сведчаць сотні вырашаных пытанняў, з якімі людзі раней звярталіся да Старшыні Савета Рэспублікі, пра што мы, дарэчы, пісалі ў папярэднім выпуску «Мясцовага самакіравання».


«З людзьмі трэба працаваць — у гэтым наша сіла»

Праводзячы выязное пашыранае пасяджэнне Прэзідыума Савета Рэспублікі, якое адбылося 12 студзеня, Наталля Качанава падсумавала вынікі работы са зваротамі грамадзян і юрыдычнымі асобамі ў сталіцы за 2022 год. Старшыня Савета Рэспублікі акцэнтавала ўвагу на неабходнасці ўважлівага разгляду кожнага запыту.

— Часам мы адным сваім няўважлівым стаўленнем да чалавека, нежаданнем з ім пагаварыць, пачуць, перакрэсліваем усё тое, што ствараецца працай і многімі гадамі па крупінках, фарміруючы нашу краіну як міралюбівую, суверэнную, дзе ў прыярытэце —справядлівасць у адносінах да людзей. Зыходзячы з гэтых задач, якія ставіць перад намі кіраўнік дзяржавы, мы не маем права паступаць інакш. Мы павінны рабіць усё, каб захаваць мір і спакой, каб наша краіна і надалей развівалася, і не дапусціць ніякіх нават намераў, каб нехта паквапіўся на нашу краіну. Мы павінны быць адзіныя, як маналіт. Сёння супраць нашай краіны вядзецца мэтанакіраваная работа. І мы не павінны падвесці свае старэйшыя пакаленні, тых людзей, якія абаранілі мір і свабоду, якія стваралі нашу краіну. Мы павінны зрабіць усё, што ад нас залежыць. І ад нас гэта залежыць шмат у чым. Таму нельга адштурхоўваць людзей. З людзьмі трэба працаваць, людзям трэба дапамагаць. У гэтым наша сіла.

Наталля Качанава адзначыла, што ў большай ступені мінчан хвалююць пытанні аховы здароўя, ЖКГ і будаўніцтва жылля.

— Амаль 40 % зваротаў, якія паступаюць у Савет Рэспублікі, — з Мінска. Падчас адзінага дня прыёму грамадзян у сталіцы не было зваротаў, якія тычыліся стварэння бяспекі, работы праваахоўных органаў, — распавяла Наталля Качанава. — А вось што датычыцца жыллёва-камунальнай гаспадаркі, будаўніцтва, незавершанага будаўніцтва, то такіх зваротаў даволі шмат. Гэта сведчыць аб тым, што трэба выбудоўваць дакладную сістэму ў рабоце гэтых службаў.

Старшыня Савета Рэспублікі падкрэсліла, што дакладная работа таксама павінна быць выбудавана і з людзьмі:

— Акрамя таго, што я старшыня Савета Рэспублікі, я ўпаўнаважаны прадстаўнік Прэзідэнта па горадзе Мінску. Для мяне вельмі важна, каб была дакладна выбудавана работа з людзьмі, каб людзі не хадзілі ад адной службовай асобы да іншай, спрабуючы вырашыць сваё пытанне, каб ім не трэба было шукаць праўды ў іншых органах улады. І не таму, што мы не жадаем працаваць з людзьмі. Я заўсёды з вялікім задавальненнем працую з людзьмі, бачу, наколькі ў іх сфарміравана стаўленне да ўлады — пазітыўнае ці, наадварот, ёсць нейкія праблемы. Мы для сябе робім высновы, дзе недапрацоўваем, што нам яшчэ трэба зрабіць, каб людзі маглі атрымаць кваліфікаваную кансультацыю.

Наталля Качанава таксама скіравала ўвагу на тое, што выбудаваная ў краіне сістэма сацыяльнай падтрымкі дзейнічае даволі паспяхова: дабрачынныя акцыі становяцца добрай традыцыяй, павялічваецца пенсія і зарплата работнікаў бюджэтных арганізацый.

— У нас ёсць добрыя традыцыі. Іх шмат у нашай суверэннай краіне. Мы іх прытрымліваемся і развіваем. Яны робяцца брэндамі для нашай краіны. Гэта акцыя «Нашы дзеці». Аляксандр Лукашэнка ўнёс прапанову аб правядзенні дабрачыннай акцыі для пажылых «Ад усёй душы». Мы сталі актыўна далучацца і ўбачылі, што, сапраўды, і гэтых людзей трэба падтрымліваць. Хоць мы іх падтрымлівалі заўсёды, але трэба, каб і моладзь прасякнулася гэтым, — дадала Старшыня Савета Рэспублікі. — Наша краіна праводзіць сваю незалежную палітыку, мы вытрымалі і вытрымліваем санкцыйны ціск. Сёння мы не проста не збавілі недзе тэмп, а наадварот. За год тры разы павялічвалася пенсія. Павялічвалася заработная плата работнікам бюджэтных арганізацый. На гэты год павялічана фінансаванне з рэспубліканскага бюджэту на абарону і падтрымку нашых грамадзян па сацыяльных напрамках. Гэта вялізная работа людзей, якія жывуць і працуюць у нашай краіне. І тая сістэма, якая выбудавана, можа служыць прыкладам для многіх краін.

— Гэты год палітычна вельмі важны. Літаральна праз год будзе праходзіць адзіны дзень галасавання. Грамадства ў любы перадвыбарчы год дастаткова актыўна пачынае абмяркоўваць, выносіць пытанні для разгляду і вырашэння. І, разглядаючы гэтыя пытанні, мы павінны дакладна разумець, што можам зрабіць, зыходзячы з таго фінансавання, якое прадугледжана на 2023 год, дзесьці і на перспектыву запланаваць вырашэнне пытанняў. Таму што людзі гавораць пра гэта, і такія пытанні трэба вырашаць, — рэзюмавала Старшыня Савета Рэспублікі.

 

Вераніка КАНЮТА

Арына КАРПОВІЧ

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА, БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».