Вы тут

«Калі чалавек зрабіў добрую справу, ён і надалей не застанецца раўнадушным»


Беларускі Чырвоны Крыж дапамагае людзям, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі па ўсёй тэрыторыі Беларусі, яго прадстаўніцтвы маюцца ў кожным раёне краіны. Пажылыя людзі, інваліды, дзеці, якія засталіся без бацькоў ці маюць цяжкія захворванні, мігранты, людзі, што вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі, — штогод атрымальнікамі дапамогі становяцца сотні тысяч чалавек. Пры гэтым у Беларускім Чырвоным Крыжы ўсяго 420 супрацоўнікаў, а за вялікай часткай добрых спраў стаіць работа яго валанцёраў. Беларускі Чырвоны Крыж аб’яднаў каля 16 тысяч такіх людзей.

Развіццё валанцёрскага руху, дабрачынная дапамога, гуманітарныя праекты — у краіне, бадай, няма арганізацыі, якая дзейнічае па названых кірунках больш маштабна. Сёлета Беларускі Чырвоны Крыж адзначаны прэміяй Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне». Мы пагутарылі з генеральным сакратаром арганізацыі Дзмітрыем Шаўцовым.


— Дзмітрый Яўгенавіч, Беларускі Чырвоны Крыж аб’ядноўвае тысячы валанцёраў самых розных узростаў і прафесій. Як гэта ўдаецца зрабіць?

— Нашы валанцёры — гэта не проста людзі, якія прыйшлі, апранулі камізэльку і пачалі нешта рабіць. Усе яны, незалежна ад дзейнасці, ці тое ўдзел у акцыях, ці тое работа з інвалідамі, пажылымі, дзецьмі, праходзяць падрыхтоўку ў нашых школах, на навучальных семінарах. Робіцца гэта дзеля таго, каб валанцёр ведаў, як рэагаваць у той ці іншай сітуацыі. Самае галоўнае, апранаючы сімволіку Беларускага Чырвонага Крыжа, ён аўтаматычна да яго далучаецца, і важна, каб не было ўрону прэстыжу арганізацыі з-за чалавека, які не змог правільна данесці інфармацыю ці павёў сябе некарэктна.

Ёсць у нас і валанцёры, якія маюць суперпадрыхтоўку. Гэта так званыя атрады хуткага рэагавання, іх 120 чалавек. Яны прыцягваюцца да самых складаных работ: сумесна з МУС і МНС удзельнічаюць у пошуку людзей, якія згубіліся, у ліквідацыі стыхійных сітуацый —падтапленняў, пажараў, і аказанні першай дапамогі. Яны прымалі ўдзел у рабоце падчас міграцыйных крызісаў на беларуска-польскай і на беларуска-ўкраінскай граніцах. Гэтыя атрады штогод праходзяць спецыяльныя трэнінгі па аказанні першай дапамогі, псіхасацыяльнай падтрымкі, удзельнічаюць у сумесных вучэннях з МНС па зладжанасці дзеянняў.

І самае галоўнае, што мы валанцёраў не кідаем, маўляў, адпрацаваў і дзякуй. Штогод у нас праходзяць абласныя майстар-трэнінгі па выбары лепшых валанцёраў. Пасля праводзім агульны семінар на ўзроўні краіны, дзе выбіраем найлепшых. Мы прыцягваем іх да агульных адукацыйных праграм і сумеснага адпачынку. І гэта дазваляе стварыць зладжаную каманду. Ёсць валанцёры, якія супрацоўнічаюць з намі па 10 і больш гадоў.

— Вы развіваеце мноства праектаў па дапамозе пажылым, дзецям, інвалідам. Якія з іх лічыце найбольш значнымі?

— Дзякуючы сродкам масавай інфармацыі на слыху наша дапамога мігрантам. Але гэта толькі адзін з кірункаў работы. Мы працуем па шматлікіх сэрвісах аказання дапамогі ўразлівым катэгорыям грамадзян. Гэта дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, дзеці-інваліды, адзінокія пажылыя людзі, пенсіянеры, інваліды, у тым ліку з хранічнымі псіхічнымі захворваннямі, асобы, якія вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі, людзі без пэўнага месца жыхарства. Мы рэагуем на розныя выклікі, напрыклад, актыўна працавалі падчас пандэміі COVІD-19.

У нас шмат партнёраў: Міністэрства аховы здароўя, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, МНС, МЗС, Дзяржпагранкамітэт, МУС. З многімі ведамствамі ў нас добрыя сувязі, і гэта нам дапамагае. Наша арганізацыя не фінансуецца з бюджэту, мы працуем на ахвяраванні, членскія ўзносы, але дзяржорганы дапамагаюць у выдзяленні памяшкання, у арганізацыі таго ці іншага мерапрыемства.

Хоць усе сэрвісы важныя, для мяне асабіста адзін з лепшых — «Няня замест мамы». Калі малы з дзіцячага дома трапляе ў бальніцу, то зразумела, што за ім варта прыглядаць, пакарміць, пагуляць. Вядома, гэта кладзецца на плечы медперсаналу, але не заўсёды яны могуць шмат часу ўдзяліць. Таму мы стварылі такі сэрвіс, калі сацыяльны работнік займаецца з малым, каб ён адчуваў клопат. Спачатку мы развівалі гэты праект на спонсарскія грошы нашых замежных партнёраў, а літаральна на мінулым тыдні ў нас з’явілася мецэнат, якая на яго развіццё ахвяравала 5 тысяч рублёў. Нам гэтых сродкаў хопіць на паўгода, каб аплаціць работу сацыяльнага работніка. Пасля, магчыма, яна дапаможа яшчэ.

У Гродзенскай вобласці ёсць выдатны сэрвіс — інтэграцыйны лагер, дзе займаюцца з дзецьмі-інвалідамі, ён аб’ядноўвае каля 50 сем’яў. Там малыя з цяжкімі хваробамі апорна-рухальнага апарату, ДЦП, міястэніяй. Мы маем памяшканне, гэта палова былога дзіцячага садка. Ужо цягам дзевяці гадоў дзеці з бацькамі прыязджаюць туды. З малымі займаюцца псіхолагі, супрацоўнікі і валанцёры. Ёсць людзі, якія былі пацыентамі гэтага цэнтра, а цяпер і самі сталі валанцёрамі. Для дзіцяці вельмі важна разумець, што яно не адно і кантактаваць са сваімі равеснікамі. Бацькам таксама важна не быць закрытымі ў кватэры са сваімі праблемамі. Штогод наш спонсар, прадпрыемства «Молочный мир» выдаткоўвае грошы, і ў канцы мая цягам сямі дзён за горадам дзеці разам з сем’ямі адпачываюць. З імі займаюцца сацыяльныя педагогі, псіхолагі, у іх забаўляльная праграма, куды запрашаем клоўнаў.

У Мінску дзейнічае выдатны сэрвіс «Адкрыты дом» для людзей з хранічнымі псіхічнымі захворваннямі. Мы супрацоўнічаем з РНПЦ псіхічнага здароўя, яго ўрачы таксама дапамагаюць. Сэрвіс накіраваны на сацыялізацыю ў грамадстве гэтых людзей, і, па сутнасці, гэта адна вялікая сям’я.

— Летась Чырвоны Крыж адкрыў крызісныя цэнтры ў Віцебску і Брэсце. Раскажыце, для каго яны працуюць.

— Раней іх у нас было ўсяго два: у Гродне і Гомелі. У Гродне, напрыклад, у ім жылі сем мігрантак з Блізкага Усходу з немаўлятамі, якія нарадзілі на тэрыторыі Беларусі.

Крызісны цэнтр падобны на хостэл. Ёсць некалькі пакояў для пражывання, кухня, санвузел, пральная машына — усё, каб чалавек адзін ці з сям’ёй мог жыць. Мы забяспечваем прадуктамі, адзеннем, сродкамі гігіены. Ён разлічаны ў першую чаргу на мігрантаў, цяпер гэта ў асноўным украінцы. Напрыклад, калі чалавек прыязджае ў нашу краіну, і ў яго няма ні сяброў, ні сваякоў. Такіх людзей няшмат, і мы размяшчаем іх у крызісных цэнтрах, пакуль яны афармляюць дакументы. Потым разам з сацабаронай займаемся пытаннямі працаўладкавання. Калі яны атрымліваюць работу, ім адразу шукаюць жыллё — інтэрнат ці, калі гэта ў сельскай мясцовасці, то, магчыма, і дом. У гэты прамежак часу мы не пакідаем іх сам-насам са сваімі праблемамі.

У крызісных цэнтрах могуць пражываць людзі, якія маюць вострую патрэбу ў жыллі. Гэта людзі без пэўнага месца жыхарства, якім аднаўляюць дакументы. Ці людзі, якія страцілі жыллё ў выніку пажару, падтаплення. Па праграме з МУС там пражываюць людзі, што сталі ахвярамі незаконнага гандлю людзьмі. Мы даём магчымасць пражывання, пакуль ідуць судовыя разборы. Гэтыя цэнтры не пустуюць.

Там маюцца сэрвісы для ўразлівых катэгорый — бясплатныя цырульні для адзінокіх пажылых, паслугі па мыцці бялізны для людзей, якія не маюць сродкаў ці магчымасці гэта ажыццявіць. Ёсць пункты выдачы адзення. Ёсць аранжавыя пакоі, дзе займаюцца з дзецьмі-інвалідамі.

Нядаўна крызісны цэнтр у Гомелі атрымаў свой абгрэйд — яны ледзь не на палову павялічылі свае плошчы. У першай палове мінулага года мы адкрылі цэнтр у Брэсце, і літаральна перад новым годам — у Віцебску. Цяпер іх чатыры. Плануецца адкрыццё крызіснага цэнтра ў Магілёве, нам ужо выдзелілі памяшканне. Сёлета, мяркую, мы яго адрамантуем і пачнём працаваць. Ёсць задумы пашырыць цэнтр у Гродне, будзем шукаць новае памяшканне.

— Вы згадалі бежанцаў з Украіны. Але вы дапамагаеце не толькі тым, хто пераехаў у нашу краіну, а і дзецям, якія прыязджаюць у Беларусь на аздараўленне. Напрыклад, нядаўна ў Наваполацк прыязджалі дзеці з Лісічанска…

— Прыязджае вялікая колькасць дзяцей з Украіны праз дабрачынны фонд імя Аляксея Талая. Калі да нас звяртаюцца, мы заўсёды стараемся дапамагчы. Летам мы дапамагалі з аздараўленнем 87 дзяцей з Украіны ў нашых санаторыях.

Цяпер больш за чатыры дзясяткі дзяцей прыязджала ў Наваполацк, гарадскія ўлады папрасілі нас падключыцца. Дзеткам мы падарылі спартыўнае адзенне і абутак, спартыўны інвентар. Каля месяца яны правялі ў Беларусі. У іх тут была вялікая праграма, улады зрабілі ўсё, каб дзеці маглі і адпачыць, і павучыцца — гэта і школьныя заняткі, і спартыўная праграма, басейн, наведванне цырка, іншыя экскурсіі. Яны засталіся задаволенымі, вельмі цёпла развітваліся, расказвалі, як ім спадабалася.

Гэта важная работа, і якімі б ні былі канфлікты, дзеці павінны мець дзяцінства, і яго мусіць суправаджаць дабрыня. Малыя, якія да нас прыязджаюць, доўгі час не бачылі нармальных умоў. Яны з блізкімі сядзяць у падвале ці ў доме, дзе няма ні вады, ні святла, а ежу гатуюць на вогнішчы. У нас увечары яны па звычцы маглі сядзець у цемнаце, педагогі пытаюць, чаму не ўключаеце святло, а яны кажуць: а мы забылі, што яно ёсць. Іх здзіўляе, што ў прыбіральні ёсць вада.

Для дзяцей мы робім усё магчымае. І яны разумеюць, што Беларусь — гэта спакойная краіна, дзе ўвечары свецяцца вокны і ліхтары, ездзяць машыны. Для іх гэта зусім іншае жыццё.

— Адзін са складнікаў работы Чырвонага Крыжа — аказанне дабрачыннай дапамогі. Адна з такіх акцый, якая доўжыцца да 14 студзеня — «Ёлка жаданняў», былі і праекты для пажылых людзей…

— Так, увосень праводзілася акцыя «Наша дапамога», накіраваная на падтрымку пажылых, інвалідаў, адзінокіх людзей. Мы набываем прадукты, сродкі гігіены, якія раздаём такім людзям. Зразумела, што ў нас ёсць і нашы айчынныя спонсары, і міжнародныя, якія выдаткоўваюць на гэта сродкі. Аднак найперш гэтыя акцыі праводзяцца для шырокага ўцягвання ў дабрачыннасць нашых людзей. Кожны можа прынесці адзенне, сродкі гігіены, прадукты. Не прынцыпова, колькі грошай можа выдзеліць чалавек. Калі ён пералічыў невялікую суму, пару рублёў, ён далучыўся да добрай справы. Для нас самае важнае — не памер спонсарскай дапамогі, а аб’ём. Чым больш людзей уцягваецца ў працэс дабрачыннай дапамогі, тым лепш. У апошняй акцыі «Наша дапамога», дарэчы, паўдзельнічала 11 тысяч чалавек.

«Ёлка жаданняў» — класная рэч з гэтага пункту гледжання таксама. Такія ёлкі з пісьмамі і пажаданнямі дзяцей выстаўляюцца ва ўсіх абласных цэнтрах і ў Мінску ў буйных гандлёвых дамах. Апроч таго, адкрываецца дабрачынная акцыя, дзе людзі могуць прынесці цацкі. Можна пералічыць грашовыя сродкі, а можна выканаць пажаданні канкрэтных дзяцей.

У 2021 годзе на гэтай пасадзе была мая першая «Ёлка жаданняў» у Гродне. Мы з нашым цэнтральным офісам сабралі грошы і пералічылі іх мясцоваму дзіцячаму інтэрнату. Я перачытаў мноства пісем, каб зразумець, чаго хочуць сучасныя дзеці. Усё гэта даволі кранальна: «Маша, 6 гадоў, я хачу ружовы рукзачок ці запісную кніжку». «Вадзім, 9 гадоў, хачу, каб маёй сястрычцы Дзед Мароз падарыў зімовыя бацінкі»... Гэта не пакідае нікога раўнадушным.

Так атрымалася, што перад Новым годам я ездзіў таксама ў Гродна. Выцягнуў жаданне трохгадовага хлопчыка з Украіны, ён папрасіў экскаватар. Кіраўніцтва аднаго з буйных цэнтраў раней не вельмі ахвотна ішло на кантакт, а сёлета пагадзіліся паставіць у сябе «Ёлку жаданняў». Дырэктар, калі пачытала пажаданні, набыла адразу 11 падарункаў. І на наступны год паабяцала абавязкова ўдзельнічаць. Калі чалавек зрабіў добрую справу, ён не можа застацца раўнадушным і надалей.

У Гомелі, Магілёве, Віцебску ў нас праходзяць выдатныя навагоднія акцыі. У Мінску знайшлі спонсараў, набылі білеты і зладзілі для дзяцей паход у цырк. Добрых спраў шмат, калі кіраўнікі абласных арганізацый расказваюць па панядзелках што зроблена, падсілкоўваешся гэтай энергетыкай.

— Як вы знаходзіце атрымальнікаў дапамогі? Яны мусяць самі звярнуцца ў Чырвоны Крыж?

— Так, найперш гэта заяўляльны прынцып. Чалавек мусіць звярнуцца і заявіць, што ён мае патрэбу ў дапамозе. Акрамя таго, мы шчыльна працуем з Міністэрствам аховы здароўя і Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны. Мы кантактуем з тэрытарыяльнымі цэнтрамі сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, якія ведаюць свой раён і падапечных, каму патрэбна дапамога. Для нас важна, каб яна была раўнамерная, каб не атрымалася, што камусьці дапамагае і сістэма аховы здароўя, і сацыяльная абарона, і Чырвоны Крыж, а іншаму — ніхто. Ну і, зразумела, дапамагаем дзіцячым дамам: і яны звяртаюцца, і мы самі на іх выходзім.

— Пасля падзей 2020 года былі звароты ў міжнародныя арганізацыі, у тым ліку ў швейцарскі Чырвоны Крыж, каб той паўплываў на вашу арганізацыю. Гэта перашкаджае рабоце?

— Так, людзі сядзяць за мяжой і пішуць лісты з патрабаваннем выключыць нас з Міжнароднага руху Чырвонага Крыжа, бо мы не пайшлі у турмы…

— Здаецца, Чырвоны Крыж аказвае дапамогу зняволеным, у тым ліку гігіенічнымі наборамі…

— Але толькі не грамадзянам Рэспублікі Беларусь. Калі пра чалавека ёсць каму паклапаціцца, то няхай пра яго і паклапоцяцца блізкія. Не важна, па якім артыкуле ён затрыманы, у яго ёсць сваякі, якія могуць згодна з нарматыўнымі дакументамі насіць перадачы ці адпраўляць пасылкі. Такі прынцып быў ва ўсе часы. Работа ў месцах пазбаўлення волі — не наша статутная дзейнасць. Статут Беларускага Чырвонага Крыжа не павінен ісці ўразрэз з асноўным статутам руху Чырвонага Крыжа і мусіць адпавядаць нашаму заканадаўству. І гэта пільна адсочваецца Міжнародным камітэтам Чырвонага Крыжа.

Мы аказваем дапамогу тым, хто апынуўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, і акрамя Чырвонага Крыжа, яму няма каму дапамагчы. Калі чалавек знаходзіцца пад следствам ці крымінальным праследаваннем, то ён знаходзіцца пад апекай дзяржавы і забяспечаны адзеннем, ежай і сродкамі гігіены.

Мы супрацоўнічаем з Дзяржпагранкамітэтам і МУС па затрыманых нелегальных мігрантах, якія знаходзяцца ў іх следчых ізалятарах. Калі чалавек не мае грашовых сродкаў і магчымасці штосьці набыць, і няма нікога, хто яму дапаможа, то ў нас ёсць магчымасць наведвання гэтых следчых ізалятараў. Мы валодаем інфармацыяй, колькі нерэгулярных мігрантаў знаходзіцца ў ізалятарах у абласцях. І калі яны маюць патрэбу ў дапамозе, мы яе аказваем — прадуктамі, адзеннем, сродкамі гігіены.

Так, былі неаднаразовыя звароты ў швейцарскую штаб-кватэру Міжнароднай федэрацыі Чырвонага Крыжа з патрабаваннем нас выключыць. Але ёсць асноўныя прынцыпы — гэта не толькі гуманізм, міласэрнасць, але і нейтральнасць. Апошні — асноватворны прынцып усяго руху Чырвонага Крыжа. Чырвоны Крыж не ідзе на повадзе ў палітычных рухаў, што паказваюць не толькі падзеі 2020 года, але і міграцыйны крызіс на Блізкім Усходзе. Мігранты былі не толькі ў нас. Вялікая іх колькасць прайшла праз Турцыю — больш за 5 мільёнаў чалавек, Італію, Іспанію. І Міжнародны Чырвоны Крыж шукае спонсараў і дапамагае ўсім краінам, якія сутыкнуліся з мігрантамі.

Што да нашай паўднёвай суседкі, то прэзідэнт Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа летам сказаў, што сітуацыя ва Украіне датычыцца не толькі Украіны. Гэта і Беларусь, і Расія, і Польшча, і Сербія, Балгарыя, Румынія — усе краіны, дзе знаходзяцца ўкраінскія бежанцы. І гэтым краінам варта аказваць дапамогу, каб яны падтрымалі бежанцаў. І прынцып нейтральнасці тут самы важны.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».