Вы тут

Школьная форма, лічбавая адукацыя і «Іланы Маскі» па-казахску


Без адзінай школьнай

Адзіную школьную форму ў Маскве ўводзіць не плануецца, але ў школ ёсць права ўвесці яе ўнутры адукацыйнай установы, паведаміў намеснік кіраўніка дэпартамента адукацыі і навукі горада Антон Молеў.


«Такога рашэння няма, мы нават далёкія ад гэтай задумы, аднак у школ ёсць права, і вельмі многія з іх гэтым скарысталіся, выключна па ўзгадненні з усёй бацькоўскай супольнасцю, усё праходзіць праз зацвярджэнне кіруючым саветам, у некаторых сярэдніх навучальных установах ёсць альбо дастаткова жорстка сфармуляваны патрабаванні да знешняга выгляду вучняў, альбо літаральна форма», — распавёў Антон Молеў.

Логіка важней эмоцый

Расійскія бацькі лічаць, што лічбавая адукаванасць і логіка для дзяцей важнейшыя за крытычнае мысленне і эмацыянальны інтэлект. Пра гэта сведчаць даныя даследавання, праведзенага сэрвісам Leonі.

Рэспандэнтаў спыталі, якія навыкі яны лічаць найбольш каштоўнымі для развіцця асобы і кар'еры дзяцей. Самым важным навыкам большасць (62 працэнты) назвалі логіку, на другім месцы — лічбавая адукаванасць (56 працэнтаў), на трэцім — навыкі камунікацыі (53 працэнты). У цэлым адказы размеркаваліся так (у парадку змяншэння значнасці): логіка, лічбавая адукаванасць, навыкі камунікацыі, кіраванне ўвагай, уменне працаваць у камандзе, крытычнае мысленне, крэатыўнасць, самаарганізацыя і тайм-менеджмент, эмацыянальны інтэлект, лідарства. Радзей за ўсё рэспандэнты адзначалі навыкі, звязаныя непасрэдна з прафесіяй.

Таксама большасць бацькоў (73 працэнты) сказалі, што дакладна ведаюць, кім жадаюць стаць іх дзеці. З іх крыху больш за палову (59 працэнтаў) імкнуцца даваць дзецям канкрэтныя парады па выбары прафесіі, 37 працэнтаў спрабуюць не ўмешвацца і лічаць, што дзіця павінна выбраць прафесію самастойна. Астатнія дарослыя думаюць, што прафесію павінны вызначаць бацькі, апекуны, настаўнікі ці рэпетытары, але не дзіця.

«Іланы Маскі» па-казахску

Касым-Жомарт Такаеў правёў сустрэчу з актывістамі руху «Жага Адамдар». Кіраўнік дзяржавы прывітаў ініцыятыву аб стварэнні такога маладзёжнага руху і адзначыў, што заўсёды будзе падтрымліваць актыўных маладых казахаў. Ён падкрэсліў, што ідзе глыбокая мадэрнізацыя дзяржавы, ажыццяўляюцца рэформы па будаўніцтве Справядлівага Казахстана.

«Цяпер час іншы, час вялікіх рашэнняў, час прарываў. А хто, калі не моладзь, гэтым будзе займацца. Цяпер прынята спасылацца на досвед і жыццёвую практыку Ілана Маска. Так, сапраўды, ён разам са сваёй сям'ёй прыехаў з глыбокай правінцыі ў Злучаныя Штаты Амерыкі і за кошт сваёй крэатыўнасці, смеласці, неардынарнасці здолеў зрабіць тое, што зараз называюць «феноменам Ілана Маска». Такіх прыкладаў вельмі шмат. Нядаўна я сустракаўся ў Нью-Ёрку з нашымі маладымі людзьмі, якія скончылі амерыканскія ВНУ, уладкаваліся на працу ў амерыканскія кампаніі. Я ім сказаў: «Мы разглядаем вас як грамадзян Казахстана. Вы — казахі. Дзе б вы ні працавалі, няхай гэта будзе Нью-Ёрк або еўрапейскія краіны, дзяржавы свету, якія развіваюцца, вы ўсё роўна застаяцеся казахамі», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Эх, зноў маладыя!

У Туркменістане павысілі ўзрост моладзі з 30 гадоў да 35. У краіне зацвердзілі новую рэдакцыю закона аб маладзёжнай палітыцы, паведамляе «МІР 24».

Цяпер пад гэтую катэгорыю трапляе на паўмільёна чалавек больш. Значыць, яны змогуць карыстацца перавагамі, якія дзяржава прадугледзела для маладых. Таксама ў Туркменістане з'явілася новае паняцце — «маладзёжнае прадпрымальніцтва». Такім лічыцца прадпрыемства, на якім 75 працэнтаў работнікаў маладзейшыя за 35 гадоў.

«Калі мы пачыналі ў 2019 годзе, гэта было маленькае прадпрыемства, дзе працавалі 15 чалавек. Цяпер на заводзе занята каля 60 супрацоўнікаў, большасць з якіх — моладзь. Мы ўжо выпускаем прадукцыю не толькі для ўнутранага рынку, але і для экспарту ў суседнія Казахстан, Кыргызстан, Узбекістан і Грузію», — распавёў начальнік вытворчасці Батыр Аманаў.

Малады прадпрымальнік у Туркменістане таксама можа разлічваць на льготнае крэдытаванне.

Сяргей СТАРЫНАЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?