Вы тут

ЛітUP: Шырокая жанравая палітра і пляцоўка для творчасці


Афіцыйны старт ІІІ літаратурнаму стартапу дадзены: 11 студзеня пачаўся прыём заявак на першы этап конкурсу ЛітUP. Асноўныя ўмовы сёлетняга ЛітUP не змяніліся, жанравая палітра па-ранейшаму шырокая: ідэі аўтараў будуць рэалізаваны ў паэтычных, празаічных, дзіцячых кнігах. Таксама прадугледжаны секцыі літаратуры для падлеткаў і нон-фікшн. Але арганізатары папярэджваюць адразу: работы ананімных аўтараў не будуць прымацца да разгляду.


Фота: pixabay.com

Падчас прэс-канферэнцыі «Літаратурны стартап. Пачні шлях свайго твора з ЛітUP» намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі адзначыў, што ЛітUP — гэта працэс пошуку людзей, здольных генерыраваць думкі і ўвасабляць іх у жыццё: 

— Важна не толькі нарадзіць ідэю, яе таксама неабходна давесці да лагічнага завяршэння. Мы шукаем ініцыятыўных людзей, якія жадаюць рэалізавацца як пісьменнікі, імкнуцца дзяліцца сваімі думкамі і ведамі з шырокім колам чытачоў. ЛітUP дае магчымасць кнігавыдаўцам зразумець, якім патэнцыялам мы валодаем, кансалідуе творчае пісьменніцкае асяроддзе. 

Адна з галоўных умоў — 25 % ад твору, заяўленага на конкурс, павінна быць ужо напісана аўтарам. Заяўкі, дасланыя на электронную пошту projects.zviazda@gmail.com, будуць прымацца да 24 лютага ўключна. Другі этап пачнецца 27 лютага, падчас яго кампетэнтнае журы, у склад якога ўваходзяць дырэктары вядучых выдавецтваў краіны, будзе абіраць фіналістаў. Апошні конкурсны этап традыцыйна адбудзецца падчас Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу, правядзенне якой запланавана напрыканцы сакавіка. Начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрыевіч падкрэсліў, што ў выніку, калі вы апынецеся ў складзе фіналістаў, неабходна будзе падрыхтаваць якасную і яскравую прэзентацыю. 

— Адбіраючы работы ўдзельнікаў, хочацца ўбачыць актуальныя і сучасныя тэмы для нашай краіны. Падчас выдання кніг мы плануем выкарыстоўваць розныя тэхналогіі, у тым ліку сучасныя дадаткі. Імёны пераможцаў будуць аб’яўлены падчас выстаўкі-кірмашу. Прыкладны тыраж будучых кніг — каля тысячы экзэмпляраў, але калі ваша кніга будзе карыстацца вялікім попытам, магчымы дадатковы тыраж. Пасля заканчэння кожнага конкурснага этапу сачыце за навінамі на сайце Міністэрства інфармацыі, — скіраваў увагу патэнцыяльных удзельнікаў Уладзімір Андрыевіч. 

Намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксей Чарота адзначыў, што саюз таксама зацікаўлены ў правядзенні стартапа: 

— Для ўдзельнікаў гэта не толькі выдатная магчымасць выдаць кнігі. У нашай арганізацыі не так даўно з’явілася новая функцыя: мы ўвялі кандыдацтва ў сябры саюза. Калі мы заўважаем таленавітых аўтараў, мы можам прапанаваць ім пабыць нейкі час у ролі кандыдата, а пазней прымаем у склад. Стартап дапамагае заўважыць новыя імёны, якія з’яўляюцца ў літаратурным полі нашай краіны. 

Супрацоўнікі вядучых кнігавыдавецтваў падчас прэс-канферэнцыі падзяліліся, якім ідэям аддадуць перавагу. Дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесь Бадак распавёў, што ў першую чаргу ім цікавыя новыя аўтары, у якіх толькі фарміруецца імя ў літаратуры: 

— Калі пісьменнік вядомы, выдаць і прадаць яго, шчыра кажучы, не праблема. А вось калі да нас прыходзіць малады аўтар, якога ніхто не ведае, зрабіць з яго вядомага пісьменніка — вялікі гонар для кожнага выдавецтва. 

Дырэктар выдавецтва «Народная асвета» Вікторыя Калістратава адзначыла, што праз стартап жадаюць даць невядомым дзіцячым аўтарам пуцёўку ў жыццё. Загадчыца аддзела рэкламы выдавецтва «Беларусь» Анжэла Садоўская падкрэсліла, што па-ранейшаму прыярытэтам застаецца папулярызацыя нашай краіны і яе гісторыі. Асноўнымі напрамкамі выдавецтва «Звязда» стане дзіцячая і падлеткавая літаратура, распавяла загадчыца аддзела кнігавыдання Выдавецкага дома «Звязда» Наталля Шчарбакова. 

Калі вы марыце пра выданне ўласнай кнігі, дасылайце заяўку на згаданую вышэй электронную пошту або па адрасе: г. Мінск, вул. Фрунзэ, 5, ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі».

Арына КАРПОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.