Вы тут

«Сакрэт майго поспеху — пастаянная праца над сабой»


Лёгкая атлетыка ўключае мноства розных дысцыплін: бегавыя віды, спартыўную хадзьбу, мнагабор'е, кросы і тэхнічныя віды спорту. Майстру спорту па трыятлоне і лёгкай атлетыцы мінчаніну Дзянісу Гардзіенка ўдаецца іх сумяшчаць. Як?


Фота: pixabay.com

— Мая спартыўная кар'ера пачалася, калі я перайшоў у старшую школу. На ўроках фізкультуры мы каталіся на лыжах, бегалі на розныя дыстанцыі. Я ўжо тады ўсведамляў, што спорт мне даецца лёгка. Бегаў хутчэй за ўсіх у сваёй школе. Калі першы раз прабег дыстанцыю ў адзін кіламетр, мяне проста ўцягнула ў свет спорту. З гэтага моманту вырашыў, што буду прысвячаць яму ўсё сваё жыццё, — расказвае суразмоўнік.

Ён кажа, што любоў да спорту не перадалася яму ад бацькоў, яны не захапляюцца ім, у сям'і Дзяніс адзін такі. Тата ўсё жыццё працаваў на будоўлі, маці — у школе. Суразмоўнік кажа, што вельмі ўдзячны ім за тое, што выхавалі яго правільным чалавекам. Бо ў спорце важная не толькі сіла, але і падтрымка, любоў бацькоў, што ён і атрымлівае да гэтага часу ў поўным аб'ёме ад мамы і таты.

— Калі чалавек займаецца некалькімі відамі дзейнасці, ён развіваецца — так і ў спорце. Ёсць віды, якія цяжка сумяшчаць, напрыклад, бокс і лёгкую атлетыку. Гэтымі двума відамі я займаўся адначасова: шэсць разоў на тыдзень лёгкай атлетыкай, тры разы на тыдзень, па вечарах, адпрацоўваў асноўныя ўдары ў боксе. Для чаго? Адказ просты — для ўдасканалення сябе. Мне заўсёды было цікава, як жа людзі трэніруюцца ў іншых відах спорту, таму я спрабаваў розныя. Па сакрэце, барацьба, футбол, баявыя адзінаборствы, лапта, жым лежачы — гэта ўсё было маім хобі. І толькі лёгкая атлетыка для мяне — праца, тут ніколі не мог даць сабе слабіну. Так, нехта можа сказаць, што я дасягнуў добрых вынікаў у тых відах, якія аднёс да хобі, але я вас запэўніваю, што ўсё гэта прыйшло дзякуючы заняткам лёгкай атлетыкай, менавіта там я выхаваўся як баец.

Цяпер Дзяніс трэніруецца пяць разоў на тыдзень. Гэты графік накіраваны на ўтрыманне фізічнай формы. У яго ўваходзяць трэніроўкі рознага ўзроўню, неабавязкова заўсёды бег, ёсць і фізічныя нагрузкі. У сярэднім дзвюх гадзін хапае.

— У сваім узросце я дабіўся дастаткова добрых вынікаў. З'яўляюся майстрам спорту па лёгкай атлетыцы і па трыятлоне, таксама маю першы дарослы разрад па лыжных гонках, другі дарослы па плаванні, трэці дарослы па барацьбе. Неафіцыйна яшчэ КМС па жыме лежачы — падняў 140 кілаграмаў пры вазе 97...У кожным з відаў спорту патрабуецца шмат сіл. Але больш за ўсё мне падабаюцца лыжныя гонкі. Нідзе я не атрымліваў столькі задавальнення, як у гэтым відзе, — аддаваў усе сілы, прыходзіў ледзь жывы, не заставалася сіл паесці, але я быў задаволены і шчаслівы. Так што лыжныя гонкі для мяне — самы цяжкі від спорту, але і самы дарагі, — дзеліцца Дзяніс.

Цікаўлюся, ці плануе ён у будучыні звязаць жыццё з трэнерскай кар'ерай. Суразмоўнік адказвае, што вопыт трэнерскай працы ў яго ўжо быў, працаваў у спартыўнай школе па лёгкай атлетыцы. Але на дадзены момант як трэнер ён яшчэ не адбыўся, таму што сам яшчэ не завяршыў спартыўную кар'еру. Аднак тое, што ў яго ўсё наперадзе з трэнерскай дзейнасцю, Дзяніс у гэта верыць.

— Сакрэт майго поспеху — пастаянная праца над сабой. Заўсёды ідзіце да канца, ніколі не здавайцеся. Нават калі няма поспеху, ніколі не кідайце, бо ўсё можна выправіць.

Анастасія КЕЙНІХ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні магчымыя даволі няпростыя сітуацыі.

Здароўе

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.