Вы тут

Камунальныя стасункі. «Супрацьгалалёдка» для зімовых дарог


Сёлетняя зіма са сваімі маразамі і снегападамі беларусаў пераважна радуе. Аднак перапады тэмператур і перыядычныя празмерныя снежныя ападкі дадаюць работы камунальным службам горада. То ледзяшы з-пад страхі як на дражджах вырастаюць, то сумёты ствараюцца — не прайсці — не праехаць, а то каша на дарогах такая, што не зразумела, ці то загразнеш на шляху, ці то слізгацець па ім будзеш. Каб своечасова рэагаваць на настрой надвор'я, трэба не толькі снег зграбаць, але і супрацьгалалёдныя мерапрыемствы праводзіць, кажуць спецыялісты.


Фота аўтара.

Яшчэ павосені да зімовай працы былі гатовыя амаль 90 адзінак уласнай тэхнікі ЖЭУ і ЖРЭА, яшчэ амаль 200 — прыцягваюцца да работы згодна з дагаворамі. Больш за тое, адміністрацыямі кожнага раёна сталіцы вызначаны пабочныя арганізацыі, якія ў перыяд моцных снегападаў дапамагаюць камунальнікам тэхнікай. Цяпер на вуліцах Мінска штодня працуе больш за сотню адзінак тэхнікі, звыш 1600 работнікаў па комплекснай уборцы, рабочыя па бягучага рамонту і інжынерна-тэхнічныя работнікі.

А айчынныя вучоныя атрымалі даручэнне распрацаваць супрацьгалалёдныя сумесі не горш чым на захадзе, якія б мінімальна ўплывалі на металічныя канструкцыі. Новыя сумесі айчыннай вытворчасці ўжо выкарыстоўваюцца, у прыватнасці, у аэрапортах. А арганізацыі НАН хімічнага профілю прапануюць сумесі, якія змогуць замяніць сённяшнія галітныя сумесі. Так што ёсць з чаго выбіраць і што спрабаваць, лічыць Вадзім Кіцікаў, дырэктар Інстытута жыллёва-камунальнай гаспадаркі НАН Беларусі:

— Распрацоўка такой сумесі — комплексная праблема, у вырашэнні якой задзейнічаны як інстытуты хімічнага профілю, так і тэхналагічнага. Навукоўцам трэба вырашыць як мінімум тры важныя аспекты. Самы галоўны датычыцца тэхналогіі вытворчасці самой сумесі. Паўстае таксама і праблема эканамічнага аналізу. А яшчэ — пытанне хімічных тэхналогій.

Работа шэрагу арганізацый Акадэміі навук у гэтым кірунку зараз знаходзіцца на стадыі абгрунтавання, наколькі прымяняльнай можа стаць тэхналогія новых сумесей. З аднаго боку, іх кошт будзе вышэйшы, чым у звычайных, з другога — яны будуць валодаць новымі неабходнымі ўласцівасцямі, каб захоўваць канструктыўныя элементы аўтамабіляў і дарог.

Ва ўзаемадзеянні з Міністэрствам ЖКГ плануецца вызначыць, у якіх рэгіёнах будзе апрабавана новая прадукцыя. Цягам бліжэйшага перыяду выкарыстання (падчас зімовага сезону) разам з эксплуатуючымі арганізацыямі навукоўцы мусяць знайсці лічбы, якія дазволяць колькасна ацаніць мэтазгоднасць і выйсці з больш дакладнымі прапановамі па вырабу і выкарыстанню сумесяў, удакладніў дырэктар інстытута:

— Інстытут агульнай і неарганічнай хіміі такія матэрыялы прапануе. Мяркуецца, што іх, магчыма, паспрабуюць для масавай вытворчасці і замены галітных сумесяў. Апошнія сёння маюць з плюсаў кошт, бо вырабляюцца з адходаў вытворчасці, і маюць практыку выкарыстання. А з мінусаў — шкодны ўплыў на канструктыўныя элементы і зялёныя насаджэнні. Таму патрэбна комплексная ацэнка ў рэальных умовах.

Згодна з нарматывамі, на адзін квадратны метр вулічна-дарожнай сеткі ў залежнасці ад умоў надвор'я пасыпаецца ад 15 да 125 грамаў супрацьгалалёдных рэагентаў: галіту і пясчана-салянай сумесі. А пакуль навукоўцы працуюць над стварэннем новай «супрацьгалалёдкі», у той жа Акадэміі навук распрацавалі інгібітар, які можна дадаваць у саляныя сумесі. Такая дабаўка змяншае карозію металу і негатыўны ўплыў на зеляніну, таму павінна стаць добрым набыткам у барацьбе з сёлетняй галалёдзіцай.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?