Вы тут

Самохіна, Мікуліч, Гальпяровіч. Выхадныя юбілеяў на «Беларусь 3»


У тэлеэфіры працягваюць згадваць і дарыць спатканні з любімымі артыстамі, паказваючы фільмы і праграмы з іх удзелам і адкрываючы новыя старонкі іх біяграфій. Бліжэйшыя выхадныя не стануць выключэннем.


На «Беларусь 3» з нагоды 60-годдзя з дня нараджэння расійскай актрысы тэатра і кіно Ганны Самохінай (1963—2010) пакажуць мастацкі фільм «Вязень замка Іф» (1988). У ім артыстка знялася ў ролі Мерседэс. Прыгодніцкая драма з удзелам Міхаіла Баярскага, Ігара Скляра, Аляксея Пятрэнкі і іншых пераносіць у час дзеяння рамана Аляксандра Дзюма «Граф Монтэ-Крыста», які стаў асновай для будучай кінаработы. А значыць, нас чакае вялікая гісторыя пра каханне, здраду, сяброўства і ўменне пераадольваць любыя жыццёвыя выпрабаванні. Але заўсёды галоўнае пры гэтым — не страціць сябе і вернасць ўласным перакананням. Гэтая відовішчная рамантычная гісторыя дакладна нагадвае пра тое, што ўсё магчыма для людзей, калі яны дзейнічаюць.

А калі цікавяць падрабязнасці біяграфіі актрысы Ганны Самохінай, то можна на тэлеканале АНТ 14 студзеня паглядзець дакументальны фільм «Запомніце мяне маладой і прыгожай» . Пра яе, вытанчаную прыгажуню, загаварылі пасля кінафільмаў «Вязень замка Іф», «Злодзеі ў законе». Мужчыны вар'яцелі ад яе прыгажосці.

Артыстка пайшла з жыцця пасля цяжкой хваробы ва ўзросце 47 гадоў, што стала для ўсіх нечаканасцю. У дакументальным фільме аўтары паспрабуюць даследаваць, у якіх адносінах была актрыса са сваім калегам Арнісам Ліціцісам, што падарвала яе здароўе і як дзяцінства паўплывала на асобу будучай кіназоркі савецкага экрана. Ганна ўвесь час працавала над сабой, імкнулася да дасканаласці і дзякуючы гэтаму стала адной з самых яркіх і прыгожых актрыс. Але менавіта гэта і сыграла з ёй злы жарт, паколькі многія рэжысёры бачылі ў артыстцы толькі яе харызму і прывабнасць, таму і ролі прапаноўвалі адпаведныя. І ў асабістым жыцці яна тройчы спрабавала знайсці ўласнае шчасце, аднак усё дарэмна. Ганна Самохіна свае апошнія дні правяла ў бальніцы, але нават і там да апошняга імкнулася заставацца сапраўднай жанчынай. Усе падрабязнасці яе жыцця чакаюць нас у фільме.

Таксама 14 студзеня адсвяткуе сваё 70-годдзе заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Надзея Мікуліч. Сустрэча з ёй чакае аўдыторыю ў праграме «Майстры і куміры».

75-годдзе адзначае сёлета і паэт, публіцыст, журналіст, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Навум Гальпяровіч. Але і ў яго дзень нараджэння мы ўбачым Навума Якаўлевіча за любімай работай. Госцем чарговага выпуску яго аўтарскай праграмы «Суразмоўцы» стане намеснік дырэктара Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя Валянціна Скіба.

Яшчэ ў суботу вечарам на «Беларусь 3» нас чакае і прэм'ера. Увазе гледачоў будзе прапанаваны балет «Жызель» А. Адана ў пастаноўцы Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета. У аснове твора ляжыць старажытная славянская легенда аб вілісах — загінулых маладых незамужніх дзяўчатах, якія спазналі здраду ў каханні і пасля вымушаны помсціць за сябе, па начах забіваючы маладых мужчын, завабліваючы іх у свае танцы. Балетмайстар-пастаноўшчык — заслужаны артыст Расіі Ігар Колб.

Выбірайце і глядзіце, чаго душа больш жадае.

Алена ДРАПКО

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».