Вы тут

Грошы ў «разрэзе»


У Гродне ў сярэднім кожны тыдзень выяўляюць падробленую грашовую банкноту. Бывае, што адрозніць фальшыўку ад сапраўдных купюр даволі складана, бо тэхніка іх выканання ўдасканальваецца. І ўсё ж улічыць усе сапраўдныя ступені абароны грошай немагчыма. Спецыяльная тэхніка судовых экспертаў абавязкова выявіць падробку. Дарэчы, гэта ў пэўнай ступені даступна і нам, калі ведаць некаторыя тонкасці. Аб іх якраз і расказаў старшы эксперт Гродзенскага міжраённага аддзела ДКСЭ Антон Ганенка.


Літаральна падчас нашай сустрэчы супрацоўнік аддзела прынёс на праверку 100 еўра. Купюра паступіла ў адзін з гродзенскіх банкаў. У касіра ўзнікла сумненне ў сапраўднасці банкнота, былі выкліканы эксперты. Аказалася, што гэта падробка, прычым даволі якасная. Калі паглядзець на святло, бачны малюнак вадзянога знака. А імітаваная палоска — кініграма — свеціцца пры ўльтрафіялетавым даследаванні. І ўсё ж многія нюансы былі падробшчыкамі не ўлічаны.

Спецыялісты вызначаюць фальшыўку па спосабе друку і імітацыі элементаў абароны. Падробка грашовых білетаў можа быць поўнай альбо частковай. Судовы эксперт у галіне тэхнічнай экспертызы дакументаў павінен ведаць прыкметы кожнага спосабу падроблівання.

— Ва ўсіх грашовых білетах усіх краін свету, у тым ліку Беларусі, прымяняецца глыбокі металаграфічны друк — гэта вельмі дарагі спосаб, з дапамогай якога робяцца асноўныя выявы. Гэта нейкія рэльефныя асобныя дэталі, напрыклад каўнер палітычнага дзеяча на стадоларавай купюры. Каб атрымаць такі эфект, фарба кладзецца на паперу і нібы запячатваецца з абодвух бакоў. Плюс высокае разрозненне, — зазначае Антон Ганенка. — Што датычыцца купюры ў 100 еўра, якую мы зараз разглядаем, тут адсутнічае рэльеф на арцы. У еўра арка павінна быць рэльефнай. Можна сказаць, што тут прымяняўся афсетны растрыраваны друк. Бывае, што падробкі імітуюць такі рэльеф цісненнем паперы ці нанясеннем кропелек гелем.

Аналіз экспертнай практыкі паказвае, што больш за 90 працэнтаў падробленых грашовых білетаў выраблены капежна-струменевым спосабам друку, гэта значыць, на прынтары. Нягледзячы на відавочную падробку, яе могуць не заўважыць. Таму варта звяртаць увагу на рэльефныя выявы, а таксама на якасць малюнка. Ён павінен быць на абодвух баках абсалютна выразным. Варта звяртаць увагу на наяўнасць вадзяных знакаў і абаронных нітак, якія бачныя на прасвет. Дзеля бяспекі эксперты раяць абменьваць банкноты толькі ў афіцыйных абменных пунктах і банках, а не набываць грашовыя купюры з рук.

У асноўным фальшывыя купюры паступаюць на экспертызу з пунктаў абмену валюты альбо непасрэдна з банкаў.

— Напрыклад, чалавек прынёс на абмен банкнот, а ён аказаўся падробленым. Кліента апытваюць і адпускаюць, а купюра паступае на экспертызу. Калі касір у банку памыліўся і купюра сапраўдная, орган папярэдняга расследавання вяртае яе кліенту. Калі гэта падробка, праводзіцца вельмі падрабязная экспертыза, пасля чаго даецца заключэнне аб усіх нюансах, якія не адпавядаюць сапраўдным банкнотам, — тлумачыць суразмоўца.

Па словах эксперта, падробкі становяцца ўсё больш дасканалымі. На фальшывых банкнотах імітуюцца вадзяныя знакі, ёсць палімерныя палоскі, прысутнічаюць спецыяльныя эфекты, напрыклад змена колеру, як у сапраўдных. Робіцца гэта не толькі на прынтарах, але і на высокатэхналагічным абсталяванні.

Задача экспертаў — ісці на крок наперадзе за падробшчыкаў.

— Мы сустракаліся з супрацоўніцай сакрэтнай службы ЗША, якая расказвала пра іх сродкі абароны. Аказалася, што яны ствараюць базу даных толькі падробленых грашовых білетаў ЗША, а мы — усіх валют, якія вымаюцца на тэрыторыі Беларусі. Што датычыцца якасці даследавання, то ў ЗША ва ўсіх выпадках правяраюцца папера, фарба і гэтак далей, — расказаў Антон Ганенка. — Таксама падчас сустрэчы быў адзначаны высокі ўзровень падрыхтоўкі беларускіх спецыялістаў. Добрая база ведаў даецца ў Акадэміі МУС, дзе рыхтуюць групу судовых экспертаў. Мы маем спецыяльнае абсталяванне высокага ўзроўню, ёсць вельмі высокатэхналагічныя апараты, напрыклад відэаспектральны кампаратар тыпа «Рэгула 4307» — гэта беларускі прыбор, які закупляюць многія краіны свету. Ён шматфункцыянальны, мае праграмнае забеспячэнне і дапамагае судоваму эксперту разгледзець любыя выпраўленні, нават самыя нязначныя.

Як правіла, друкуюцца фальшывыя грашовыя білеты за мяжой. Таму крыміналістамі вызначаецца яшчэ і ланцужок іх руху, што дае магчымасць следчым органам спыніць іх паток.

Самымі распаўсюджанымі падробкамі з'яўляюцца банкноты наміналам 100 долараў ЗША, больш рэдка — 50-грашовыя купюры. А вось еўра і расійскія рублі сярод фальшывак сустракаюцца нячаста. І зусім рэдка — беларускія рублі. Разам з тым можна сказаць, што за мінулы год колькасць падробак у параўнанні з папярэднім годам павялічылася. Згодна са статыстыкай Нацыянальнага банка Беларусі, за 9 месяцаў 2022 года выяўлена амаль на 20 працэнтаў больш падробленых грашовых білетаў у параўнанні з адпаведным перыядам папярэдняга года.

Суразмоўнік прыгадаў такі выпадак. Нядаўна з Польшчы вярнуліся гродзенцы, якія ездзілі туды працаваць. Там з імі разлічыліся, і яны вырашылі здаць валюту ў Гродне. Аказалася, што некалькі буйных купюр несапраўдныя. Пазней падробку выявілі яшчэ ў аднаго беларуса, які таксама там працаваў. Па яго словах, гэтымі банкнотамі разлічыўся прадпрымальнік — работадаўца. Органамі папярэдняга расследавання было вырашана зрабіць аналіз усіх астатніх купюр, каб упэўніцца, што больш няма падробак.

Ёсць факты, калі чалавек пры выяўленні фальшыўкі кажа, што набыў яе ў банку. Даказаць гэта наўрад ці магчыма. Таму падробку на сапраўдныя білеты не заменяць і грошы таксама за яе не вернуць.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».