Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў. «Сцеражыся інтэрнэту!»


Гадоў з 15 таму майстар-наладчык, два мантажнікі і электрык прыехалі з Магілёва ў сталіцу, каб замяніць ліфты ў нейкім вялікім ведамасным будынку. Трое першых мужчын былі сталыя і даўно жанатыя, чацвёрты, Ваня, — куды маладзейшы і пакуль халасты, з-за чаго цярпеў ад калег то розныя кпіны, то нават абяцанні арганізаваць яму рамантычны вечар у кампаніі дзяўчыны з паніжанай сацыяльнай адказнасцю.


Аднак жарты майстрам не заміналі: усе яны працавалі дружна, з часам не лічыліся, а таму праз пару тыдняў ужо здалі заказчыку першы ліфт і нават — неспадзеўкі — атрымалі прэмію... Грэх было яе не адзначыць! Тым больш што выплата супала з днём нараджэння таго самага халасцяка.

Яго прапанову схадзіць недзе ў людзі, пасядзець у рэстаране ці хоць бы кавярні, мужчыны прызналі залішнім марнатраўствам. Сабраліся ў сваім нумары гасцініцы, на чацвёртым паверсе, а пад імі, на трэцім, у гэты самы час набліжаўся да свайго завяршэння інтэрнэт-раман паміж... электрыкам з-пад Баранавіч і тонкай сталічнай штучкай.

Жанет (а для сваіх проста Жанка) працавала афіцыянткай у кавярні пры той самай гасцініцы і дзеўкай была высокай, фігурыстай... А таму не дзіва, што замуж збіралася ўжо не раз: і з адным кавалерам трохі пажыла, і з другім, і з трэцім...

Першы яе быў студэнт, другі — выпіваў, трэці (ды ўсе яны...) — не забяспечваў: мала зарабляў... Апошняга, даішніка, які грошай прыносіў больш, як той казаў, злавілі за руку — браў хабар і атрымаў за яго тры гады зняволення.

Чакаць, пакуль яны скончацца, Жанна не планавала: па-ранейшаму з некім сустракалася, а заадно змясціла аб'яву аб тым, што гатовая да сур'ёзных адносін з перспектывай стварэння сям'і, прылажыла да яе колькі фотак (яшчэ і ў бікіні, на беразе мора)...

Ці не першым, хто тады адгукнуўся, быў Янучок — халасцяк абсалютна станоўчы: добрая работа, заробак, на дваіх з мамай дзве машыны і дыхтоўны прыватны дом...

Здавалася б, жыві чалавек ды радуйся, калі б тая ж мама не «пілавала» ўвесь час наконт жаніцьбы ды ўнукаў.

...У адказ на такі чарговы маналог сын і паказаў ёй аб'яву з фоткамі (праўда, у адзенні). «Дзеўка прыгожая, спраўная, нічога не скажаш, — прызнала мама. — Але ж чужая, сынок... Глядзі, каб хоць не прайдзісветка якая, каб не гультайка...»

(Трэба сказаць, што дзеўка на хлопца таксама глядзела. І ўжо бачыла сябе як мінімум уладальніцай адной машыны і паловы дома, дзе можна трымаць кватарантаў і не працаваць — «не парыцца»).

З такімі вось думкамі паміж імі ішла перапіска, а бліжэй да вясны Янучок ужо адправіўся насустрач свайму каханню: у сталіцу, у гасцініцу, у пакой на трэцім паверсе, дзе чакала Жанна — з заморскімі фруктамі, з найлепшым шампанскім (яна ж разбіраецца?!).

Цягнік, праўда, трохі затрымаўся.

...А пакуль ехаў, у нумары на чацвёртым паверсе брыгада камандзіровачных ліфтавікоў ужо асушыла дзве пляшкі «Арарата» — юбіляр адправіўся ў краму па трэцюю і, як той казаў, ці не чорт панёс на дзіравы мост! Па дарозе назад, у ліфце, замест кнопачкі чатыры ён чамусьці націснуў на тры, потым смела расчыніў «свае» дзверы.

— Прывітанне, Ванюша! Праходзь, — запрасіла яго Жанет.

«Во, злыдні, прывялі такі дзеўку», — падумаў пра калег халасцяк і (што рабіць — не ўцякаць жа?) зайшоў у пакой, прысеў да стала (дзверы зачыніць не паспеў), «выстраліў» шампанскім, стаў наліваць — за сустрэчу, за шчаслівае знаёмства, за каханне — ды на такі брудэршафт...

Не пачулі галубкі, як адчыніліся дзверы, як на парозе з букетам чырвоных цюльпанаў з'явіўся Янучок і ад неспадзяванкі ажно закашляўся...

Жанне ў той момант загаласіць бы кіношнае: «Не вінаватая я! Ён сам прыйшоў», а яна, дурніца, стала нешта лапатаць пра пастаяльца, які вось зараз адвітаецца і выедзе.

Ваня-ліфтавік і сапраўды адвітаўся: па сценачцы, бачком-бачком выслізнуў у калідор.

Амаль следам за ім, «распляваўшыся» з «каханай», рушыў і Янучок. «Мама, — думаў у дарозе, — праўду казала: на дзяўчат трэба глядзець уважліва. І лепш не ў інтэрнэце.

Д. МІХАЛЬЧУК

г. Магілёў


Словы — сіла

«Звяздоўскія» вясёлыя гісторыі выйшлі, як вядома, з народа, каб потым праз вядомую газетную рубрыку ў яго ж, у народ, вярнуцца і жыць, часам — дзесяцігоддзямі.

Таму, хто ў гэта не верыць, толькі адзін успамін.

Неяк раз трапіў я на бяседу, на вясёлы збор гасцей, дзе «тамадзіў» вельмі цікавы мужчына! Увесь вечар з яго, як з поўнага меха, рассыпаліся то анекдоты, то прыпеўкі, то вершы, то жыццёвыя гісторыі...

Не прыпомню з чаго б, але за сталом зайшла гаворка пра яйкі, і наш масавік-забаўнік узяўся расказваць пра свайго знаёмага дзеда, якога на «хуткай» з вёскі забіралі ў бальніцу, і якому жонка спехам збірала ўсё патрэбнае: чыстыя порткі, пантофлі, кубак, лыжку, рушнік, нешта з ежы... У апошні момант у празрысты пакет — дзясятак свежых бруднаватых яек.

У бальніцы дзед іх навідавоку пакінуў, на тумбачцы.

Але ж доктар (уролаг) спачатку ўважліва агледзеў старога, абмацаў жывот, прызначыў лячэнне і толькі потым не тое нянечцы, не тое медсястрычцы сказаў, каб дзеду памылі яйкі.

Думаць альбо перапытваць, што мелася на ўвазе, у той бальніцы моды не было: хворага завялі ў ваннае памяшканне — загадалі чысценька памыцца. Што ён і зрабіў...

Назаўтра доктар ізноў прыйшоў на абход, ізноў убачыў непарадак на тумбачцы і строга спытаў: чаму?!

Дзяўчатам прыйшлося яшчэ раз завесці хворага ў ванну, усадзіць там, вымыць і гэтым самым не на жарт... напалохаць, бо дзядуля сабраўся паміраць: вырашыў, што зараз яго (ну не іначай жа!) аперыраваць будуць... Ва ўсякім разе жонцы, што прыехала праведваць, ён так і сказаў: маўляў, рыхтуюць і ўсё, што ніжэй за жывот... Стары аж заплакаў.

Жонка, бедная, таксама ў слёзы, у крык і ў кабінет да доктара...

Толькі там пашчасціла высветліць, што баяцца няма чаго, што дзеду нічога адразаць не будуць... Ажыў стары!

...Калі апавядальнік змоўк, а люд адсмяяўся, я цішком спытаў у гаварунчыка, ці не выпісвае ён часам газету «Звязда»? «А як жа! — прызнаўся мужчына. — Гэта ж мая любімая». «І мая», — усміхнуўся я.

Мы з разуменнем паглядзелі адзін на аднаго, і я, вядома ж, нікому не сказаў бы, што гэта гісторыя — з газеты, з любімай «звяздоўскай» рубрыкі... Да таго ж каб і хацеў, то не паспеў бы, бо размову пра яйкі падхапіла адна з жанчын:

— Мы ў той час жылі ў Арэнбургу, — пачала яна. — Муж быў вайскоўцам, я таксама працавала пры воінскай часці, якая шмат дапамагала мясцовай птушкафабрыцы — то нейкай тэхнікай, то людзьмі на ўборцы ўраджаю...

Разлік быў адпаведны: фабрыка нам прысылала сваю прадукцыю і для сталовай, і па сабекошце, без гандлёвай нацэнкі (ды яшчэ ў пару дэфіцыту!) афіцэрскім сем'ям.

Дык вось у той дзень пасля работы мяне ля КПП сустрэў мой Мікола, прычым з добрай навіной. «Падшэфныя, — сказаў, — сёння яйкі прывезлі. Я цэлую ўпакоўку ўзяў, 30 штук. Во, у сетку злажыў». (Помніце, была такая тара, плеценая з моцных нітак? І, між іншым, зручная: не трэба табе — скамячыў, схаваў у кішэнь ці ў сумачку, а трэба — дастаў і грузі: у яе шмат што ўлазіла).

«Але ж надумаўся, куды злажыць! — упікнула я свайго чалавека. — Як цяпер дамоў давязеш? Паб'юцца ж».

Я ведала, што казала: у ваенны гарадок, дзе мы жылі, ад часці хадзіў аўтобус, і пасля работы ў яго набівалася столькі людзей...

Мы з Міколам у заднія дзверы зайшлі. Я рушыла наперад, каб сесці, калі пашанцуе. Муж застаўся стаяць. Я спачатку азіралася на яго і бачыла, што ўсё ў парадку: сетку трымае. А потым стала хвалявацца: народу на кожным прыпынку ўсё дабаўлялася, аўтобус па дарозе трэсла, нехта скандаліў, нехта штурхаўся... «Коля, — крычу, — трымай там яйкі!» Людзі ў рогат!

З таго дня наш 17-ы маршрут атрымаў адмысловую назву: на пытанне, як праехаць да гарнізона, многія сталі казаць, што туды ідзе аўтобус «Трымайце яйкі»...

«Ці працуе ён цяпер, — уздыхнула жанчына, — я не ведаю: дваццаць гадоў у Беларусі жыву...

А яйкі тады Мікола давёз. Пачуў мой голас».

...Праўду кажуць, што словы (а тым больш друкаваныя ды ў «Звяздзе», на роднай мове»!) — сапраўдная сіла, што яны могуць жыць дзесяцігоддзямі: саграваць і бадзёрыць, як добры каньяк.

В. ГАЎРЫШ

г. Чавусы


Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Ад яе ж.

Як здагадаўся той, хто чытае нашу газету не першы год, гэтай пятнічнай падборкай распачынаецца чарговы конкурс на найлепшую вясёлую і праўдзівую гісторыю з жыцця чытачоў «Звязды».

Вынікі папярэдняга пакуль падводзяцца, журы працуе, прызы пераможцам рыхтуюцца. Чытачам застаецца чакаць, чытаць і, вядома ж, пісаць! Як прызнаў нехта з класікаў, смехам выпраўляюцца норавы.

Калі жыць, то з надзеяй. Яшчэ і на гэта.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.