Вы тут

Валянціна Быстрымовіч. «Нагаданы суджаны»


На трэцім курсе тэхнікума мне і Галцы, як выдатніцам, выдзелілі бясплатныя пуцёўкі ў санаторый на час зімовых канікул. Мы ўзрадаваліся, гэта наш першы выезд, ды яшчэ перасадка ў Мінску. Надзелі футрачкі і ў дарогу.


Фота: pixabay.com

Асноўны кантынгент у санаторыі быў — пенсіянеры. Гэта некалькі расчаравала. Стала ясна, што будзе сумна. Вырашылі катацца на лыжах і чытаць кніжкі. Але ўвечары на танцы ўсё ж такі сходзім, пацікавімся.

На трэці дзень адпачынку, а гэта было шостае студзеня, мы вырашылі паваражыць. Каляды як-ніяк! Цікава даведацца пра будучыню! Галка паставіла мне пад ложак шклянку з вадой і паклала на яе галінкі (сімвалічны мост праз раку, якая павінна прысніцца). Тое ж самае зрабіла і я. І мне прысніўся прарочы сон. Калі сніцца прарочы сон, нават у сне ведаеш, што ён прарочы.

***

Прыснілася, што я стаю на левым (спадзістым) беразе Дняпра, а мне вельмі трэба перайсці на правы. Змярканне, цяжкія нізкія хмары. Вакол нікога. Днепр грозны, цёмныя хвалі бушуюць, уздымаюцца і разбіваюцца аб бетонны, падобны на вузенькую дамбу, мост. Вузкі праход без агародж, на ўзроўні з бурлівай вадой. Страшна ісці па ім, а трэба. Пайшла.

Пырскі і пена абсыпаюць з галавы да ног. Чорныя хвалі ўздымаюцца, вось-вось мяне змыюць. Боязна, але іду па мосце — трэба. Дайшла да правага берага, і... сюрпрыз. Мост упіраецца ў сярэдзіну стромкага абрыву. Уверсе, па краі абрыву, трава, падобна, бераг абваліўся нядаўна, зямля на зрэзе яшчэ сырая і бачныя карэньчыкі раслін.

Я разгубілася, як такое можа быць? Што рабіць? Уверх, на бераг, падняцца няма магчымасці: ні лесвіцы, ні спушчанай вяроўкі. А вяртацца назад — гэта зноў вузкі мост без парэнчаў і Днепр штарміць. Зноў падняла галаву — на краі абрыву хлопец у шэрым паліто і шэрай трусінай шапцы. Строга глядзіць на мяне, сярдзіты. Ён рэзка падаў руку, і «падняў» мяне на бераг.

Я прачнулася і стала аднаўляць у памяці дэталі сну. Мы жывем на левым беразе Дняпра, а каб трапіць у Мінск і ў гэты санаторый, трэба ў любым выпадку пераехаць раку. Сон відавочна прарочы. Значыць, выйду я замуж на правы бераг Дняпра і ў гэтым годзе.

Галка прачнулася, і я распавяла ёй сон. А яна засмяялася: «Раз перайшла рэчку, значыць, замуж у гэтым годзе выйдзеш!» Сама яна нічога не ўбачыла, і да майго сну сур’ёзна не паставілася. Галка атэістка. Ды і я не асабліва паверыла, толькі таямніца заўсёды будзіла мою цікавасць і прыцягвала. І я была заінтрыгаваная.

Мы паснедалі і шпацыравалі па алейке, каб тлушч не завязаўся. Дома па раніцах пілі толькі гарбату з бутэрбродам, а тут нам і салат, і другая страва, ды яшчэ кава. Ходзім мы па алейцы, сярод засыпаных снегам елак, белак выглядваем. Вакол усё бела. Снегіры на галінцы. Уздоўж дарожкі гурбы па плячо. Акрамя нас, нікога, усе ў карпусах.

Раптам насустрач нам ідзе «мой сон», хлопец з чамаданам у шэрым паліто і шэрай трусінай шапцы. Я адразу яго пазнала, Галку штурхаю: «Глядзі, я гэтага ў сне бачыла!» «Ага, у сне бачыла», — з сарказмам скрывіла вусны Галка. «Дакладна ён», — я ашалела прыглядаюся. І адзежа, і рост, і ногі з крывізной — як у сне. Праўда, твар у сне быў, як у тумане. Але я ўпэўненая — ён!

Хлопец павітаўся і спытаў, як прайсці да адміністрацыйнага корпуса. Мы паказалі, і ён пайшоў па алеі не паварочваючыся. Я была на сто працэнтаў упэўнена, што гэта ён — суджаны. Цікаўнасць проста распірала. Што далей будзе?

Увечары мы пайшлі на танцы. Я надзела сваю найлепшую кофтачку, чорную ў белы гарошак, перашытую з сукенкі цёткі Галі, і кароткую спаднічку. Зрабіла маленькія завітушкі на скронях, накруціўшы на анучкі з паперкамі вільготныя валасы. Рыхтавалася старанна. Калі я абрэзала дзве валасінкі, якія адбіліся ад кудзераў, Галка падкалола: «Абразай-абразай! Калі кожны раз праз яго абразаць валасы будзеш, можаш без іх застацца». Я не адказала.

Сабе я падабалася, а Галку, падобна, мой сон раздражняў. Дарэчы, масавіку-забаўніку гэтага санаторыя я таксама падабалася. Быў ён гадоў трыццаці пяці, нежанаты і ўсяляк выказваў мне сімпатыю. Як бы ў жарт, прапаноўваў выйсці за яго замуж. З-за чаго мы з Галкай кожны раз падоўгу рагаталі. Нам, у васемнаццаць, ён здаваўся старым дзядзькам.

У танцавальнай зале мы селі каля сценачкі, насупраць уваходу, і сталі назіраць. Масавік дэманстраваў адпачываючым, як у мінулым у розных краінах кавалеры запрашалі дам на танец, паказваў усякія рэверансы. А потым стаў перада мной такія завітушкі нагамі выпісваць, што дзіву даешся. Вядома, усе звярнулі ўвагу, перад кім ён так стараецца. Я нават пачула шэпт жанчын: «Каму ён так кланяецца?»

І ў гэты момант увайшоў новенькі. Ён стаў каля парога, і яго шэрыя вочы хутка, з веданнем справы, агледзелі залу. Зайграла музыка, і ён накіраваўся да мяне. «Дазвольце», — без усмешкі працягнуў руку. Я паклала рукі на яго плечы, і мы пачалі танцаваць. Здавалася, ён быў у сваіх думках, і я паціху яго разглядала. Раптам ён цвёрда паглядзеў мне ў вочы:

— Чаму ты разглядаеш мяне?

— Я ведаю, што выйду за цябе замуж. Вось і разглядаю, — не задумваючыся, адказала я, як ёсць.

— Адкуль ты гэта ведаеш? — спытаў ён, зусім не здзіўлены такім адказам.

— Ведаю і ўсё, — я паціснула плячыма.

— Як цябе завуць? — спытаў ён. Я адказала.

— А мяне Міша, — ён назваў сваё імя.

Мы сталі сустракацца. Раніцай паехалі катацца на лыжах утрох, і... Міша ўпаў і зламаў лыжы. Гэта была праблема. Мы ўзялі іх напракат па маім пашпарце, і за іх трэба будзе заплаціць. У мяне з Галкай столькі грошай не было, відаць, у Мішы таксама. Таму што ён сабраўся і паехаў у Мінск за грашыма.

Да канца адпачынку ў нас заставалася тры дні. Вернецца хлопец за гэты час ці не? «Вось табе і сон, — сказала Галка. — Суджаны падставіў нас. Пойдзем на пошту тэлеграмы дадому адпраўляць, прасіць грошай». Няўпэўненыя, што ён вернецца да нашага ад’езду, мы пайшлі на пошту.

Але да вечара Міша вярнуўся, заплаціў за лыжы і прыйшоў да нас з бутэлькай сухога віна. Мы адкрылі бутэльку, Міша выпіў усяго полову келіха і больш не стаў піць. «Я наогул не п’ю», — сказаў ён. Мы з сяброўкай пераглянуліся. Падобна на тое, што не п’яніца, п’яніца не стрымаецца, за другім пацягнецца.

Перад ад’ездам ён мне зрабіў прапанову, а праз два тыдні прыехаў, і мы падалі заяву ў ЗАГС. Хлопец мне спадабаўся — сур’ёзны, непітушчы, сімпатычны. Усё-ткі заўсёды ведаеш, калі сон прарочы.

Валянціна БЫСТРЫМОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.