12 студзеня ў Мінску ў «Доме кнігі «Светач» адбылася прэзентацыя кнігі аб Марыі Каменскай, жонцы Якуба Коласа, «Табой я жыў, табой жыву...», якая выйшла ў свет у выдавецкім доме «Звязда».
У творы сабраны ўспаміны блізкіх, сваякоў, фрагменты сямейнай перапіскі, дакументы, а таксама рэдкія фатаграфіі.
Кнігу прадставілі аўтары-складальнікі — унучка і праўнучка класіка: навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Вера Міцкевіч, галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Васіліна Міцкевіч.
— Па адукацыі я сацыёлаг, кандыдат сацыялагічных навук, выкладала ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Больш за адзінаццаць гадоў таму назад памяняла працу. Праца ў музеі — гэта мой усвядомлены выбар, падтрыманы маімі роднымі: займацца захаваннем спадчыны класіка беларускай літаратуры, народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. Штодня працуючы з рукапісамі, дакументамі, фатаграфіямі, чытаючы ўспаміны сучаснікаў Песняра — складана перадаць свае пачуцці і эмоцыі да патаемнага, блізкаму да сэрца — спадчыне майго прадзеда. Аснову нашай кнігі склалі дакументы з фондаў музея, у якіх захоўваюцца яшчэ нямала дакументаў, дзе раскрываюць глыбіню асобы Якуба Коласа, — распавяла Васіліна Міцкевіч.
— Праца над кнігай у нас заняла прыкладна паўгода. У кнізе, якую мы прадстаўлялі сёння, чытачы маюць магчымасць упершыню азнаёміцца з дакументамі з сямейнага архіва і фондаў музея, — адзначыла Вера Міцкевіч. — Мы ўдзячныя выдавецкаму дому «Звязда» за падтрымку і рэалізацыю нашага сённяшняга выдання, спадзяемся і на сумесную працу над новымі праектамі ў будучым.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел навучэнцы дзяржаўнай установы адукацыі «Мінскі гарадскі педагагічны каледж».
Віктар ІВАНЧЫКАЎ
Фота аўтара
«Пакупнікам прапануюць прадукцыю ад розных вытворцаў».
Закуліссе адкрытага сэрца.
Век жыві — век вучыся.
Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.