Вы тут

Калекцыі нараджаюцца. І паміраюць?..


Тое, што збіранне экслібрысаў — кніжных знакаў, з’яўляецца рэдкім відам калекцыяніравання, відаць, наўрад ці выклікае сумненні. І калі паспрабаваць адразу назваць хаця б з дзесяць экслібрысістаў Беларусі за апошнія паўстагоддзя, то, пэўна, нават з дапамогай інтэрнэту наўрад ці ўдасца так хутка знайсці гэтыя прозвішчы. На слыху — мінчанін Алег Судлянкоў, які аддаў больш чым паўвека жыцця збіранню кніжных знакаў (пайшоў у іншы свет у першай палове мінулага, 2022-га, года), зразумела, Анатоль Тычына (ён, здаецца, пражыў у кніжніцтве дзве эпохі), Валерый Палікарпаў (пра яго ўжо і забыліся, а ў канцы 1960-х — у 1970-я музейшчык і калекцыянер не даваў спакою мастакам-графікам, ладзіў у Баранавічах зусім не правінцыяльныя выстаўкі, там і друкаваў каталогі, зборнікі кніжных знакаў), мастак Вольга Крупянькова... А хто яшчэ?! У пачатку XX стагоддзя як выдавец да жыццядзейнасці экслібрыса спрычынілася Ала Зміева. У сваёй прыватнай кнігарні ў Мінску па вуліцы Калініна, 5 яна наладзіла сустрэчы бібліяфілаў. А таксама выдала пяць альбомаў, прысвечаных беларускім майстрам кніжнага знака. Падтрымлівалі Алу Барысаўну ў гэтых памкненнях Алег Судлянкоў і графік, мастацтвазнаўца Ганна Ціханава, якая зараз жыве ў Балгарыі...


Мікалай Якаўлевіч Веліканаў пайшоў з жыцця ў 2012 годзе. Пражыў ці не 85 гадоў... Нарадзіўся ў звычайнай сялянскай сям’і ў вёсцы Забялышын Хоцімскага раёна на Магілёўшчыне. І жыў звычайным, добра знаёмым нашым старэйшым пакаленням жыццём: — летам бегаў басанож, зімою галоўнай абуўкай былі лапці. Пазней ён напіша ў сваіх успамінах: «На падручнікі грошай не было, але вучыцца я любіў і ў 1941 годзе закончыў шэсць класаў...» Так было, пакуль не пачалася Вялікая Айчынная... На другі дзень вайны бацьку забралі на фронт. І вярнуўся ён на родную Хоцімшчыну ўжо інвалідам — у 1946 годзе. А ў сям’і — шэсць дзяцей. Самы старэйшы — Мікалай. Два гады пад немцамі корпаўся разам з маці на зямлі, колькі хапала сілы — вёў гаспадарку. Мужчынскай работы заўсёды хапала. Дзяцінства, падлеткавы ўзрост неўпрыкмет перайшлі ў дарослае жыццё.

Восенню 1943 года раён вызвалілі. Колю прызвалі на ваенную падрыхтоўку пры ваенкамаце. А ўвесну 1944 года юнак удзельнічаў у размініраванні на вызваленых тэрыторыях Беларусі. Пасля заканчэння вайны маладых байцоў сапёрнага батальёна ў рваных абмотках і такіх самых шынялях павезлі ў вагонах-«цялятніках» на Балтыйскі флот. Курс «маладога матроса» Мікола прайшоў у ленінградскім «флоцкім экіпажы». Затым атрымаў накіраванне ў Ваенна-марскую крэпасць у Кранштаце, дзе і закончыў электрамеханічную школу імя Жалезнякова па спецыяльнасці «Матарыст-дызеліст надводных караблёў». Разам з некалькімі саслужыўцамі Веліканава накіравалі для далейшай службы ў брыгаду падводных лодак у Рыгу. Там і служыў да вясны 1951 года...

Калі надаралася магчымасць выйсці ў горад, пасля марскіх паходаў і вучэнняў, сціплы беларус сялянскага выхавання, звычайны матрос спяшаўся падзівіцца прыгожымі прыбалтыйскімі гарадамі: Рыгай, Талінам, Ліепая, Пярну...Вось што сведчыў праз многія гады пасля службы Мікалай Якаўлевіч: «...Я ўбачыў прыгажосць жыцця людзей, іх культуру, саборы, паркі, кветкі... Пасля калгаснай нішчымніцы і салдацкага ліхалецця захапляўся ўбачаным у Прыбалтыцы — гэта было для мяне казкай!..»

Малады чалавек абмінаў кавярні і піўныя бары, а ішоў у кнігарні, зазіраў на мастацкія выстаўкі, у музеі. Яшчэ ў 1869 годзе ў Рызе быў заснаваны Мастацкі музей. З 1924 года працаваў Латвійскі этнаграфічны музей. Латвійскі музей прыроды нараджэннем з 1845-га... Не меней цікавыя музеі былі ў Таліне: Марскі музей Эстоніі, мастацкі музей (быў адкрыты яшчэ ў 1919 годзе)... І самае галоўнае, што цікавіла Міколу, — пошук кніг, сама атмасфера кнігарань. Якія дагэтуль храмы кнігі ён мог бачыць у сваёй вёсцы, на Хоцімшчыне, у Хоцімску?!.. Знаёмства з вялікімі гарадамі заўсёды перакульвае свядомасць, прыўносіць у жыццё неверагодныя новыя ўражанні... Навінкі з кнігарань і букіністычныя знаходкі матрос нёс у кубрык... Аднойчы ў кнігарні пазнаёміўся з маладой эстонкай. Ёй спадабаўся беларус. І дзяўчына падаравала Мікалаю кнігу Аляксандра Грына «Пунсовыя ветразі». І сказала: «Тут патрэбен экслібрыс...» У памяці ўвесь час круцілася: «А што ж такое экслібрыс...» Ужо ў Рызе пазнаёміўся з дзяўчынай, якая запрасіла дахаты, расказала пра экслібрыс як неабходны для кожнай прыватнай бібліятэкі знак. І падарыла кнігу Т. Драйзера «Сястра Керы», якую матрос пытаўся ў букіністычнай краме ў прысутнасці дзяўчыны...

З таго часу і палюбіў беларускі хлопец таямнічы і прыцягальны кніжны знак — экслібрыс. Але магчымасці замовіць у некага экслібрыс для сваёй бібліятэкі не надарылася. І вельмі кароткімі былі вандроўкі ў той ці іншы горад. І знаёмстваў не хапала. Ды і проста пачынаючы кнігазбіральнік не ведаў, да каго можна было б звярнуцца. А ў Таліне тым часам працавалі такія легендарныя графікі, як Рыхард Кальё, Эвальд Окас, Эска Леп... Свой першы экслібрыс графік, ілюстратар Збору твораў Уільяма Шэкспіра Рыхард Кальё (1914–1978) зрабіў у 1939 годзе. У 1950-я гады меў каласальны вопыт. А Эвальд Окас (1915–2011)... Народны мастак СССР. Герой Сацыялістычнай Працы. Жывапісец, графік, ганаровы член Ленінградскага таварыства экслібрысістаў... Шэсць разоў быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй Эстонскай ССР. У 2003 годзе ў Хаапсалу (Эстонія) адкрыты музей творчасці Э. Окаса. Эвальд Карлавіч выканаў за сваё жыццё каля 400 кніжных знакаў... Але пра такіх майстроў, як і пра рыжан Петэрыса Упіціса, Аляксея Юпатава Веліканаў даведаецца шмат пазней. Дарэчы, у 1971 годзе, калі калекцыя самога Мікалая Якаўлевіча налічвала ўжо тысячы кніжных знакаў, магілёўскі збіральнік адкрые ў горадзе на Дняпры выстаўку экслібрыса Аляксея Іларыёнавіча Юпатава. Усе знакі — 350 твораў! — былі прадстаўлены з калекцыі самога Веліканава. Але пра гэта крышачку пазней...

Вярнуўшыся ў 1951 годзе са службы, учарашні матрос уладкаваўся ў Магілёве. Працаваў брыгадзірам грузчыкаў на заводзе № 511 (так называўся «першынец вялікай хіміі першай пяцігодкі» — завод штучнага (віскознага) валакна. Пяць гадоў займаўся на вячэрнім аддзяленні Магілёўскага тэхнікума. Атрымаў дыплом. Завод выдзеліў двухпакаёвую кватэру. У маладой сям’і — дачка і сын. Выбіўся з «тэхніка» ў інжынеры заводакіравання. Аклад вырас — ад 80 да 120 рублёў. 43 гады адпрацаваў на адным прадпрыемстве. І з 1963 года, зрабіўшы першы аўтаэкслібрыс, Мікалай Якаўлевіч пачаў упарта, самаахвярна збіраць кніжныя знакі.

За многія гады калекцыянер перазнаёміўся з такімі ж фанатычна захопленымі кніжніцтвам экслібрысістамі з Таліна, Рыгі, Масквы, Пярну, Краснаярска, Нарвы, Кіева, Кемерава, Волагды, Краснаярска, Адэсы, Вільнюса, Львова, Разані, Курска... Лісты, бандэролі ў Магілёў ішлі з 94 гарадоў. Ад 240 карэспандэнтаў Мікалай Якаўлевіч атрымаў каля трох тысяч лістоў. І столькі ж адправіў сваім сябрам-паплечнікам. Быў знаёмы з мастакамі П. Упіцісам з Рыгі, Я. Ціхановічам з Мінска, А. Містэцкім з Кіева... Легендай кніжнага знака лічыўся не толькі ў Савецкім Саюзе, але і ўвогуле ў Еўропе Петэр Упіціс (1899–1989), які пражыў без некалькіх месяцаў 90 гадоў. Аўтар 700 кніжных знакаў, ён так фармуляваў справу свайго жыцця: «Ствараючы кніжныя знакі прадстаўнікам розных народаў і культур, можна пастаянна трымаць сябе ў форме, думаць, шукаць, эксперыментаваць, пастаянна абнаўляцца. Гэта важна для любога мастака». Займаўся латышскі графік і ілюстраваннем твораў латышскай і сусветнай літаратуры. Са сваімі работамі Упіціс выстаўляўся ў розных гарадах СССР, а таксама ў Германіі, Венгрыі, Францыі, Польшчы, Партугаліі, Швейцарыі, Фінляндыі, Югаславіі, Нарвегіі, Канадзе і Японіі. Заслужаны дзеяч мастацтваў Латвійскай ССР, народны мастак Латвійскай ССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Латвійскай ССР у галіне мастацтва за творчыя дасягненні выяўленчага мастацтва Савецкай Латвіі, Петэр Упіціс узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга і «Знак Пашаны».

...У 1963 годзе Мікалай Веліканаў вырабіў і першы свой уласны экслібрыс. Аўтаэкслібрыс. Рамка у восем кутоў. У ёй — адкрытая кніга. Па баках — лаўровая галінка і паходня. На заводзе з малюнка зрабілі клішэ. Дома пачынаючы экслібрысіст зрабіў гумавы валік і ў хатніх умовах, выкарыстоўваючы алейныя фарбы, аддрукаваў першы наклад экслібрыса ў розных колерах. Першы пасляваенны магілёўскі экслібрыс! З радасцю аўтар адправіў сваю работу ў Саюз мастакоў у Мінск. Маўчанне. Іншай рэакцыі і быць не магло. Наўрад ці экслібрыс маглі перадаць, напрыклад, Анатолю Мікалаевічу Тычыну... А хто яшчэ мог ацаніць такое пачынанне ў той час?!. Ды і сёння ці адкажуць аўтару з правінцыі... Ці падтрымаюць пачынанне нікому невядомага графіка, унікліва падышоўшы да самой праявы яго ініцыятывы?.. Паслаў Мікалай сваю работу і ў Маскву. Адказаў Саламон Абрамавіч Вульф (1915–1988) — шматгадовы старшыня знакамітага Маскоўскага клуба экслібрысістаў. Водгук быў пазітыўны, дадаў маладому чалавеку настрою. Адправіў Мікалай Якаўлевіч экслібрыс і талінскім і рыжскім сябрам-калекцыянерам — у адказ атрымаў экслібрысы прыбалтыйскіх мастакоў. Гледзячы на бацькава захапленне, выразаў на лінолеуме свой экслібрыс і сын Веліканава — Коля.

Літаральна за пяць гадоў калекцыя магілёўскага кніжніка вырасла да некалькіх тысяч знакаў. Сваю кнігу «Экслібрыс» Мікалаю Якаўлевічу даслалі Яўген Мінаеў і Сяргей Фарцінскі. Зразумела, пашырэнню калекцыі спрыяла ўвогуле высокая кніжная культура тых дзесяцігоддзяў. Уражлівымі былі тыражы кніг мастацкай і папулярнай літаратуры. У Савецкім Саюзе існавала мноства кніжных выдавецтваў. Цэнзура, сістэмная ідэалагічная работа не былі перашкодай для развіцця кнігазбіральніцкіх зацікаўленняў грамадства. Хаця, канешне ж, далёка не кожная кніга прабівалася да чытача... І гэта было сярод характарыстык таго часу...

У 1968 годзе Мікалай Веліканаў вырашыў паказаць свае зборы, іх частку гледачам. Калекцыянер яшчэ не ўяўляў, з якімі цяжкасцямі яму давядзецца сутыкнуцца. Слова — успамінам самога магілёўскага экслібрысіста: «... звярнуўся за дапамогай да дырэкцыі і прафкама. Склаў праект каталога „Што такое экслібрыс?“, у які ўключыў больш як 300 кніжных знакаў. Пералік склаў па ўладальніках, што было навінкай і выклікала крытыку самога У. Каралюка...» Уладзімір Дарафеевіч Каралюк (1921–1981) — гісторык-славіст, спецыяліст па сярэднявеччы, даследчык экслібрыса. У 1960-я гады — намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Советское славяноведение». Аўтар манаграфіі «Лівонская вайна» (1954), распрацаваў новую канцэпцыю развіцця феадалізму ў Польшчы. У Інстытуце славяназнаўства Расійскай акадэміі навук праводзяцца навуковыя канферэнцыі «Славяне і іх суседзі», прысвечаныя памяці Уладзіміра Дарафеевіча Каралюка. У 1968 годзе якраз выйшла кніга У. Каралюка «Сучасны савецкі экслібрыс». Крытыка дасведчанага знаўцы, вопытнага калекцыянера, відаць, была звязана з тым, што раней класіфікавалі работы на выстаўках экслібрыса па аўтарстве... «З вялікімі цяжкасцямі вёў барацьбу з мясцовай цэнзурай (абллітам), — згадвае ў сваіх успамінах Мікалай Якаўлевіч. — Не давалі дазвол друкарні на выпуск каталога. Паўгода «хадзіў па пакутах» — абласное ўпраўленне культуры, друку, у Доме Саветаў адмаўлялі ўвогуле ў правядзенні «непатрэбнай выстаўкі». Загадчык аддзела прапаганды і агітацыі Магілёўскага абкама КПБ адказаў мне ў сваім кабінеце: «Жылі да гэтага часу без экслібрыса — пражывём і далей без яго...»

Такі шлях праходзілі многія і да Веліканава, і праходзяць пасля яго. Невукі без экслібрыса, без павагі да кніжнай культуры, несумненна, пражывуць. Сэрца ў іх не зашчыміць, калі на малога фармату графічнай працы перад імі адкрыецца той ці іншы сюжэт з антычнай літаратуры, калі з’явіцца прозвішча кагосьці з вядомых паэтаў. Душа такіх невукаў, якія не ўспрымаюць кнігу за лекі чалавечага існавання ў хуткаплынным жыцці, не зварухнецца... Але і стагоддзі назад разам з кніжным знакам, экслібрысам, развівалася кніжніцтва. І яшчэ сёння век кніжніцтва, як і экслібрыса, не завяршыўся... Ды вось толькі невукам гэтага не зразумець.

Веліканаву ўдалося прабіцца на прыём да сакратара Магілёўскага абкама Кампартыі Беларусі па ідэалогіі Ларысы Міхайлаўны Барабанцавай. У яе хапіла і розуму, і адукаванасці, і такту падысці да справы далікатна, з павагай да захаплення Мікалая Якаўлевіча. Дала распараджэнне цэнзуры: дазволіць адкрыццё выстаўкі, дазволіць выданне каталога. А па тэлефоне ў прысутнасці Мікалая Якаўлевіча яшчэ і дадала: «Хопіць здзекавацца з калекцыянера — Дон Кіхота!» Такая сустрэча надала сіл, дазволіла і выстаўку правесці як след, і справу далей з новым натхненнем прадаўжаць. 28 снежня 1968 года з адкрыццём першай выстаўкі кніжнага знака Магілёў далучыўся да беларускіх гарадоў — сталіц экслібрыса!.. Калі і не сталіц, то хаця б тых гарадоў, дзе экслібрыс уганаравалі, акрэслілі яго месца ў кніжніцтве і ўвогуле ў культуры, асветніцтве.

На працягу 1969–1970 гг. з уласнай калекцыі Мікалай Веліканаў арганізаваў яшчэ тры выстаўкі. Друкаваліся магілёўскія каталогі, якія пасля экслібрысіст высылаў калекцыянерам па ўсім Савецкім Саюзе. Дарэчы, у гэты ж час у Баранавічах апантана прапагандай экслібрыса займаўся Валерый Палікарпаў. У Мінску рыхтавалі да друку сваю кнігу «Беларускі кніжны знак» Анатоль Тычына і Віктар Шматаў. Веліканаў сярод сваіх калекцыянерскіх стасункаў з 1967 года вылучаў ліставанне з мастаком Аляксеем Юпатавым. Яшчэ да завочнага знаёмства з ім сабраў болей чым 100 экслібрысаў у яго выкананні. Усяго да 1971 года — і ад самога мастака, і ад калекцыянераў з іншых гарадоў — Мікалай Якаўлевіч сабраў каля 400 юпатаўскіх экслібрысаў. Паступова ўзнікла жаданне правесці ў Магілёве выстаўку «Кніжныя знакі Аляксея Юпатава». Над падрыхтоўкай калекцыянер працаваў каля года. За дазволам аддрукаваць каталог звярнуўся ў Мінск, у Галоўліт. Фармальнага (пісьмовага) адказу не паступіла. Пайшоў ізноў у Магілёўскі абкам партыі. Дапамог зняць пытанне з цэнзурай малады адукаваны загадчык сектара друку Венядзікт Палікарпавіч Бярбега. Выстаўка праходзіла ў Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі. Па горадзе былі расклеены афішы-плакаты. На жаль, сам Юпатаў на выстаўку прыехаць не змог... Магіляўчане чарговы раз былі ўражаны прыцягненнем кніжнага знака, прыцягненнем графікі малой формы. На выстаўку прыязджалі наведвальнікі і з іншых гарадоў Беларусі...

У 1971 і 1972 гадах М. Веліканаў арганізаваў у Магілёве персанальныя выстаўкі мастакоў-экслібрысістаў Я. Ціхановіча і А. Калашнікава. Ізноў былі «хаджэнні па пакутах». Але 6-я і 7-я выстаўкі прайшлі «на ўра!». Праўда, нават у прыватным выпадку ніхто не зазірнуў на такое светлае кніжнае свята з магутнай кагорты чыноўнікаў ад культуры... Што ж, яны, відаць, і слова такое — «экслібрыс» — не вывучылі... Мікалай Якаўлевіч пачаў рыхтаваць экспазіцыю і праект каталога да 8-й выстаўкі — на тэму «Магілёўскі экслібрыс». Знакаў па гэтай тэматыцы назбіралася каля 100. Новы магілёўскі цэнзар аказаўся больш абачлівым і рашучым, чым яго папярэднікі, і адразу вынес вердыкт: «Хопіць выставак!» Змянілася на той час і дырэкцыя завода, на якім працаваў Веліканаў. І калі ён звярнуўся па невялікую падтрымку, каб аддрукаваць каталог, аплаціць абсталяванне, у адказ пачуў: «Грошай няма...»

Было яшчэ некалькі спроб арганізаваць выстаўку пад нумарам восем — «Ясеніяна ў кніжных знаках». Дырэктар краязнаўчага музея заўважыў сціпла: «Нам такая справа не пад сілу». Настрою такое стаўленне да экслібрыса не дадавала. Сіл, вагі, каб змагацца з бюракратамі і малаадукаванымі людзьмі, у Веліканава не было. Зусім яны сышлі на нішто, калі пачуў адмову і ў арганізацыі выстаўкі «500 экслібрысаў пра Пушкіна»... Уладальнік вялікай калекцыі, якая, несумненна, магла б прынесці славу гораду на Дняпры, застаўся са сваім зборам сам-насам. Узрост падштурхоўваў да пошуку пытання: «А што далей?..»

У 1983 годзе ў Магілёў наведаўся, каб пазнаёміцца з Мікалаем Якаўлевічам, дырэктар Дзяржаўнага мастацкага музея БССР Юрый Аляксандравіч Карачун. Уважліва агледзеў калекцыю і рашуча сказаў: «Забяром!» 10 000 экслібрысаў трапілі ў дзяржаўны музей. У 1984 годзе Мікалай Якаўлевіч атрымаў за гэта 15 000 рублёў. Наперадзе былі новыя часіны, калі і грошы ў ашчадных банках абясцэньваліся, калі пераглядаліся каштоўнасці жыцця, калі ўзнікала пытанне самога існавання... А Веліканаў, чалавек сталага ўзросту, са сваімі асветніцкімі памкненнямі аказаўся нікому не патрэбным. Дарэчы, ён цікавіўся лёсам сваёй калекцыі ў фондах рэспубліканскага музея... 27 лістапада 2001 года атрымаў адказ: «...Калекцыя экслібрысаў, атрыманая ад Вас у 1983 годзе, знаходзіцца ў Музеі. Паколькі яна ўключае значную колькасць адзінак, праца над яе апісаннем і навуковай апрацоўкай будзе ісці доўгі час. На дадзены момант апрацаваны 400 экспанатаў гэтай калекцыі...» Што тут каментаваць? Прайшло яшчэ дваццаць гадоў «з хвосцікам». Даўно няма сярод нас Мікалая Якаўлевіча Веліканава. Мо што змянілася са стаўленнем да сабранай ім калекцыі?..

Экслібрыс, лёс якога пачынаецца з XVІ стагоддзя, развіваецца ў Беларусі і цяпер. Мастакі, разумеючы, што кніжны знак ужо не з’яўляецца адно толькі адметнасцю, пазнакай асобнікаў кніг з розных кнігазбораў, працуюць не столькі для кнігалюбаў, колькі для калекцыянераў, ствараючы экслібрысы. І ўсё ж повязь такіх твораў з кнігай па-ранейшаму застаецца неад’емнай. Творчасць беларускіх мастакоў у галіне экслібрыса заўважаюць ва ўсім свеце: ад Кітая і Японіі да Германіі і Грэцыі...

Кастусь ЛАДУЦЬКА

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.

Здароўе

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

«Апрацоўваць гародніну і садавіну сродкам для мыцця посуду нельга».