Вы тут

«А старасці няма! Ты ёй не вер...»


Колькі цікавага і нават загадкавага ў біяграфіі гэтай паэткі!

Яе візітнай карткай стаў верш, напісаны ў родным Вішневе на Валожыншчыне пры сузіранні квітнеючых садоў: «Люблю наш край, старонку гэту...»


Пра сваё паходжанне Канстанцыя пісала так:

«Бацька быў аб’ездчыкам у графа,
Ля стала ў яго стаяла шафа,
У ёй два кляймы, нейкiх тры пячацi,
Пухлы i тоўсты скорасшывацель,
Шмат квiтанцый, шмат канторскiх кнiжак,
Памiж шафай i сцяною — лыжы».

У сям’і шмат чыталі, быў нават свой сямейны музычны ансамбль... А вучыла Канстанцыю французскай мове суседка-францужанка Эмілія Станкевіч, з чыёй дачкой, Уладзіславай, іх звязала моцнае сяброўства — да канца дзён. Разам атрымлівалі настаўніцкую адукацыю, разам працавалі ў дзіцячых прытулках і танчылі на беларускіх культурніцкіх вечарынах... І яшчэ адзін чалавек аб’яднаў іх: Іван Дамінікавіч Луцэвіч, Янка Купала, з якім сяброўкі сустрэліся ў рэдакцыі газеты «Наша Ніва», дзе малады паэт тады працаваў.

Купала ўсю ноч у рэдакцыі чытаў Канстанцыі п’есу «Паўлінка», потым быў рэдактарам яе першай кнігі «Курганная кветка», якая выйшла ў 1914 годзе... А Уладзіслава стала яго жонкай.

Янка Купала і Уладзіслава Францаўна не адвярнуліся ад Канстанцыі, калі яе мужа ў 1933-м арыштавалі як ворага народа... А Канстанцыя падтрымлівала Уладзіславу, калі загінуў Янка Купала, ратавала ад адчаю: «Я ведь очень хорошо знаю, что вся жизнь твоя была для него. Владочка, теперь переключи твою кипучую энергию на какую-нибудь работу для родной Белоруссии».

Менавіта Канстанцыю Антонаўну Уладзіслава Францаўна ў 1942-м просіць пад’ехаць у крэматорый, паглядзець, як там помнік Янку, даць грошы жанчыне, што за ім прыглядае. Уладзіслава дапамагае сяброўцы з друкаваннем твораў і выданнем кніг — зразумела, што жонцы ворага народа многія шляхі былі перакрытыя, дваццаць гадоў яна ўвогуле не друкавалася. Уладка падказвае ў лістах, каму з літаратурных чыноўнікаў трэба выказаць павагу, у якой афіцыйнай імпрэзе абавязкова паўдзельнічаць. Клапоціцца, каб сяброўка атрымала медычную дапамогу. Вось, напрыклад, ліст ад 13 чэрвеня 1955 г. на бланку Літаратурнага музея Янкі Купалы, стваральніцай і дырэктарам якога стала Уладзіслава Луцэвіч:

«Дорогая моя Костка!

Твое письмо М.К. передала тов. Бровку. Он сказал, что тебе сам напишет. Я с удовольствием пойду в леч. ком., но ты должна написать, с какого времени просишь путевку и куда. Я говорила, что ты хочешь в Крым, и Нейфак говорит, что тебе лучше ехать туда».

Аднойчы ў фондах Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва я знайшла цікавы дакумент: ліст Канстанцыі Антонаўны ад 26 верасня 1958 г. з Масквы да Уладзіславы Францаўны ў Мінск:

«Милый, хороший, родной Владысик!

Только что отправила письмо, успокоенная твоим заверением, что через „пару дней ты выйдешь на работу“, а вот томит меня какое-то тревожное беспокойство. Поэтому очень прошу тебя — напиши мне, как ты себя чувствуешь — не длинным письмом, — а хотя бы коротенькой открыточкой... У меня все благополучно. Только очень скорблю, что не поехала в Крым — так хочется к морю — что выразить тебе не могу. Какая-то острая тоска — похожая на ностальгию — тоску по Родине — которая приводит к серьезным психическим расстройствам... Ночью проснусь — и кажется, что за окном шумит море — а это плещется наш серый, скучный, осенний дождь. Написала стихотворение:

О старасць! Я цябе не клікала... Не, не!
Дык што ж ты наплыла цяжкой, сцямнелай хмарай? 
І страшыш ты мяне — як прывід грозны — старасць,
І безнадзейнасцю сціскаеш сэрца мне.
Жыву я ў поўны рост! Квітнеюць сэрца мары, 
У песні я пяю аб шчасці, аб вясне...
Нашто жа ты ідзеш? Чаго ты хочаш, старасць?
Чаму панура так глядзіш у вочы мне?
Прыдзі пазней...
Прыдзі — як восень залатая,
Адзеўшы ў золата і дрэвы і палі,
Прыдзі багатая выдатным ураджаем
Пражытых многа год — што плён свой прыняслі.
І будзеш ты ў мяне прыемнай і прыгожай, 
Усё, што зроблена, я сціпла падлічу,
А сэрца мне шапне — што, калі захачу,
Змагу на многа йшчэ здабытае умножыць...
Цяпер — яшчэ не час! Гарыць агонь душы,
Хвалююць бурна кроў жаданні і надзеі,
І многа важных спраў мне трэба давяршыць, 
Дык знікні! Адыдзі! І не чапай мяне.
Сыдзі з маіх вачэй! Сплыві па ветру хмарай...
Павер — зарана йдзеш... Зарана — старасць!
І я цябе зусім не клікала...
Не, не!
14/IX-58

Вот видишь, какими настроениями полна я в день, когда подходит мое 60-летие».

Звернем увагу на дату — і ліст, і верш напісаныя ў верасні 1958 года. Чаму ж Канстанцыя Буйло кажа, што гэта — напярэдадні яе шасцідзесяцігоддзя, калі яе 130-годдзе мы адзначаем цяпер, у 2023-м? Значыць, у 1958-м паэтэсе мусіла быць ужо 65? Нешта лічбы не супадаюць...

Давайце ж раскрыем сакрэт гэтага несупадзення.

У даведніку Саюза пісьменнікаў БССР 1970 года і ў Беларускай Савецкай Энцыклапедыі, то-бок яшчэ пры жыцці паэтэсы, значылася, што Канстанцыя Буйло нарадзілася ў 1899 годзе. Па сведчаннях сучаснікаў, Канстанцыя спакойна візіравала гэтыя артыкулы са словамі: «Хай будзе так...» 

У 1923-м мужа Канстанцыі Буйло, таленавітага агранома Віталія Калечыца, запрасіў на працу ў Маскву прафесар Тупайкаў, які загадваў Першай усесаюзнай сельскагаспадарчай выставай. Калі праз год выстава зачынілася, Калечыцу давялося шукаць іншую пасаду. Працаваў інспектарам у банку, нават стварыў з сябрамі арцель па выпуску анілінавых фарбаў, але НЭП доўжыўся нядоўга, з прадпрымальнікамі распраўляліся... Карацей, сямейны дабрабыт усё пагаршаўся. З цягам часу давялося шукаць працу і Канстанцыі, якая дагэтуль была хатняй гаспадыняй. У яе нават пашпарта не было! У 1928-м, калі спатрэбілася ўладкоўвацца на працу, давялося рабіць пашпарт. Маскоўскія пашпартысты не мелі магчымасці атрымаць дакументы для праверкі — родны Вільна Канстанцыі знаходзіўся на тэрыторыі панскай Польшчы. І калі ў паэткі спыталіся, колькі ёй гадоў, яна адказала: «А колькі дасцё?» І не пярэчыла, калі яе «на вока» амаладзілі на шэсць гадоў. 

Што ж, напэўна, у кожнай сям’і ёсць гісторыя, калі бабулі і дзядулі мелі ў дакументах дату нараджэння, якая не супадала з сапраўднай. Нехта адмыслова «амалоджваўся», нехта прыпісваў себе гады...

Сапраўдную дату нараджэння паэтэсы высветліў яе сын Яўгеній Калечыц. У 1987 годзе ў гістарычным архіве Літоўскай ССР знайшоўся дакумент пра тое, што 17 студзеня 1893 года ў віленскім касцёле св. Якава «был окрещен ребенок по имени Констанция, дочь крестьян Антона и Настазии ур. Бусилов, Буйлов, родившаяся 2 января 1893 г. в г. Вильне».

Гэта дата цалкам укладваецца ў біяграфію паэткі, інакш давядзецца лічыць, што першы зборнік Канстанцыя Буйло, як вундэркінд, выдала ў 15 гадоў (так многія і лічылі да нядаўняга часу), абвянчалася непаўналетняй... І наўрад ці пасябравала б яна з Уладзіславай, якая нарадзілася ў 1891-м, бо надта вялікая была б у дзяўчынак розніца ва ўзросце.

Але чаму ў такім выпадку ў 1958-м Канстанцыя Антонаўна ў лісце да Уладзіславы Францаўны піша пра сваё шасцідзесяцігоддзе, якое набліжаецца? Яна ж ведала, што ёй ужо даўно больш за шэсцьдзесят... І Уладка ведала.

Ну, па-першае, афіцыйна юбілей сапраўды святкавалі напачатку 1959-га — творчыя сустрэчы, публікацыі, віншаванні... Па-другое, чаму б жанчыне і не паверыць у свае маладзейшыя гады — як яна ставілася да старасці, сведчыць прыведзены ў лісце верш. 

Канстанцыя Буйло пражыла доўгае жыццё. У 1972-м, праз дванаццаць гадоў пасля смерці Уладкі, яна піша яшчэ адзін верш пра старасць:

«А старасці няма! Ты ёй не вер,
Калі ў грудзях жывое сэрца б’ецца,
Калі з грудзей свабодна песня льецца,
Сум мой знікае, як драпежны звер,
І неба, і блакіт вачэй смяецца, —
Ты старасці
не вер!»

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні магчымыя даволі няпростыя сітуацыі.

Здароўе

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.