Вы тут

Ад імя Івана Кубракова хвораму дзіцяці перададзена інвалідная каляска


Напярэдадні Старога Новага года здзейснілася мара адной сталічнай сям’і. А пачалося ўсё з паслання неабыякавых школьнікаў, якія вырашылі паўдзельнічаць у акцыі МУС «Ліст Міністру». Другакласнікі Вікторыя Шындзюк і Максім Анапрыенка расказалі міністру ўнутраных спраў генерал-лейтэнанту міліцыі Івану Кубракову аб маленькай мінчанцы, якая мае патрэбу ў дапамозе і падтрымцы.


— У нас у школе праходзіць дабрачынны марафон «Ад сэрца да сэрца», дзякуючы якому мы пазнаёміліся з Палінай Кій. Дзяўчынцы дзевяць гадоў, і ў яе сур’ёзнае захворванне, з-за якога яна не можа хадзіць, размаўляць, гуляць, — напісалі дзеці.

Віка і Максім падкрэслілі, што бацькі хворай дзяўчынкі — сапраўдныя героі, якія ўсе гэтыя гады змагаюцца за жыццё і здароўе дачкі. Ім хочацца даць ёй усё самае лепшае, але сродкаў не заўсёды хапае.

— І мы, і Паліна верым, што ў Новы год здараюцца цуды, — прызналіся дзеці ў лісце міністру. — Ведаем, што ёй неабходна спецыялізаваная інвалідная каляска. Таму звяртаемся з просьбай. Можа, у вас будзе магчымасць дапамагчы ў яе набыцці? Мы вельмі хочам, каб нашай сяброўцы стала лепш, і яна, як мы, радавалася жыццю і была шчаслівая.

 

Шчырае і кранальнае пасланне моцна ўразіла кіраўніка ведамства. Асабліва тое, што яго аўтары, самі зусім малыя, але папрасілі выканаць не іх запаветныя жаданні, а ў першую чаргу падумалі аб той, хто сапраўды мае патрэбу ў дапамозе.

Іван Уладзіміравіч імгненна прыняў рашэнне. Да выбару каляскі падышлі максімальна адказна. Спецыялісты ведамаснага медупраўлення ўдакладнілі ўсе неабходныя параметры. Усё, што было патрэбна, знайшлося ў Расіі. У ведамстве вельмі спяшаліся, бо хацелася як мага хутчэй парадаваць дзіця і бацькоў. І, нягледзячы на складанасці і праблемы з лагістыкай, усё атрымалася.

Учора ў інтэрнат да сям’і Кій з падарункамі ад міністра ўнутраных спраў (акрамя каляскі, гэта і вялізны кошык садавіны, і мяккая цацка, і прысмакі) прыехала ведамасная дэлегацыя на чале з начальнікам упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў падпалкоўнікам міліцыі Наталляй Сахарчук.

Наведаць сяброўку ў гэты дзень прыйшла і васьмігадовая Віка са старэйшай сястрой.

— Паліна вельмі добрая, усмешлівая дзяўчынка, — распавяла другакласніца. — Яна любіць гасцей, увагу да сябе. Мы часта бачымся з ёй, расказваем ёй казкі, спяваем песенькі і нават дзелімся сакрэтамі.

Пра тое, што напярэдадні Новага года МУС праводзіць акцыю «Ліст Міністру», Віка даведалася ад сястры Таццяны, падпісчыцы ведамаснага тэлеграм-канала. «Мы з Максімам вырашылі паўдзельнічаць у ёй, каб распавесці аб Паліне і яе праблеме. І цяпер вельмі рады, што ў дзяўчынкі з’явілася новая каляска, цяпер яна зможа часцей гуляць на вуліцы», — адзначыла школьніца.

Дарэчы, аўтары ліста таксама не засталіся без падарункаў. Міліцэйскія мішкі (такія ж, як у Паліны), наборы прысмакаў, сувеніры — Новы год для другакласнікаў працягнуўся.

Сустракаючы гасцей, мама дзяўчынкі Юлія Кій не магла стрымаць слёз радасці. Яна прызналася, што гэтае медыцынскае абсталяванне новага пакалення значна палепшыць якасць жыцця яе дачкі. «Эмоцыі перапаўняюць, адчуванні невымоўныя, — падзялілася жанчына. — Вялікі дзякуй міністру ўнутраных спраў за гэты бясцэнны падарунак, а таксама за спагадлівасць і неабыякавасць, увагу і клопат. Мы прызвычаіліся, што міліцыянеры заўсёды прыходзяць на дапамогу тым, хто аказаўся ў цяжкай сітуацыі, абараняюць ад злачынцаў і правапарушальнікаў. Але зараз нашай сям’і дапамаглі проста па-чалавечы, праявіўшы ўдзел і спачуванне. Паверце, гэта вельмi шмат для нас значыць! Выдатная каляска з усім неабходным абсталяваннем — адзін з важных складнікаў рэабілітацыі дачкі. Немалаважна, што з ёй мы станем больш мабільнымі. Паліна зможа не толькі гуляць у двары, але і рабіць больш далёкія паездкі. Наша дачка таксама атрымае магчымасць спазнаваць свет. Ды і ў цэлым жыццё ўсёй нашай сям’і зменіцца ў лепшы бок. Прызнаюся, дзякуючы міністру я сама нібы вярнулася ў дзяцінства, калі цвёрда верыш, што Новы год — гэта час цудаў і здзяйснення мары!»

На развітанні Наталля Сахарчук паабяцала Юліі Кій, што Міністэрства ўнутраных спраў і надалей не пакіне сям’ю без дапамогі і падтрымкі, бо рэабілітацыя — складаны, доўгі і затратны працэс.

Вераніка КАНЮТА

Фота: прэс-служба МУС

Для тых, хто жадае дапамагчы сям’і Паліны: разліковы рахунак BY68 AKBB 3134 0000 0804 8552 0529, Кій Паліна Аляксандраўна, 26.03.2014.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?