Вы тут

Баль у Вялікім: не толькі танцы


Паланез, кантраданс, мазурка, марш, вальс... А якія танцы, што гістарычна прадстаўлялі на балях, ведаеце вы? А ці ўмееце танчыць?.. Каб танчыць сёлета на традыцыйным балі ў ноч на Стары Новы год у Вялікім тэатры Беларусі, ахвотныя адмыслова хадзілі на заняткі і вучыліся ў заслужанай артысткі Беларусі балетмайстра Юліі Дзятко. Яна звычайна аб’ядноўвае групу тых, хто хоча быць не староннім назіральнікам, а непасрэдным удзельнікам чароўнага свята, на якім кожная паненка можа адчуць сябе сапраўднай каралевай, а кожны кавалер — галантным рыцарам, які вядзе сваю партнёрку. Так і ёсць. А калі далучыць да навічкоў тых, хто прайшоў «бальную» падрыхтоўку ў папярэднія гады і ведае, у чым асаблівасць кожнага танца, то нядрэнная кампанія атрымліваецца. 


Баль у Вялікім — гэта цырыманіял прыгажосці і вытанчанасці: сукенкі да падлогі, бліскучыя каралі і дыяменты, фракі і бабачкi на бялюткіх кашулях, водар тонкай парфумы... Госці — нібыта завіталі сюды з баляў далёкіх сядзіб і палацаў. І гэта рэальныя людзі, якія яшчэ днём былі на працы, а вечарам паглыбіліся ў атмасферу свецкага жыцця, падкрэсленую таямнічым святочным часам, са звонам бакалаў шампанскага і строкатам стужак серпанціну. І пад самую прыгожую музыку, якую выконвалі лепшыя музыканты Беларусі. А зорак оперы і балета можна было сустрэць проста сярод гасцей, а потым, калі яны раскрывалі свой талент у адмысловай праграме, шкадаваць, што не паклапаціліся аб аўтографе. Але цікавінак так шмат, што не пра ўсё падумаеш загадзя, тут бы патрапіць на розныя пляцоўкі, дзе часам ідзе сваё адметнае жыццё. 

І ўсё ж пачынаецца дзея ў тэатральным фае, якое набывае атмасфернае ўбранне (мастацкае афармленне тэатр ад Любові Сідзельнікавай). Прасторы хапае для тых, хто танчыць. А за імі заўсёды захоплена сочаць тыя, хто і сам хацеў бы стаць у гэтыя шэрагі, але пакуль не рашыўся. Танец на балі — усё ж вельмі сур’ёзны крок для чалавека ХХІ стагоддзя. Расхістаць, захапіць, закружыць — магчыма, калі за справу бяруцца профі. Дырыжыраваць на балі — гэта значыць падпарадкаваць сабе не толькі музыкантаў, але і тых, хто ідзе па доўгай залі ў танцы (але ў маэстра Уладзіміра Авадка і Юрыя Караваева ёсць чароўная дырыжорская палачка, якая скарае нават музыку геніяльных кампазітараў).

Ну, і пра чараўніцтва. Яно на ўсіх узроўнях, на ўсіх паверхах тэатра. Вы трапляеце ў казку, якая павінна трымаць увагу ўвесь час, улічыўшы, што публіка — розная. Каму — караоке з зоркамі оперы, а каму пяшчотныя спевы ў Музычнай гасціннай, што месціцца ў Камернай залі. Каму танцы гістарычныя, а каму — зусім далёкія ад нас, індыйскія, а то і пірацкія — «слабо» паспрабаваць? Каму — «Казікі Балівуда», а каму — «Араматная казка Ўсходу». І калі госці цалкам гатовыя прайсці па «Млечным шляху», альбо адчуць сябе эльфамі, то сапраўды час пераносіцца ў самае фантастычнае месца ў тэатры, дзе ўсё магчыма, дзе ствараюцца іншыя сусветы, дзе баль правіць сапраўдны талент. Сцэна і глядзельная зала. Вялікі канцэрт, які ў гэтую ноч заўсёды непаўторны і непадобны да іншых, у якім удзельнічаюць лепшыя творчыя сілы. Гэта магчымасць убачыць тэатр іншым: гарэзлівым і жартаўлівым, здольным ствараць паралельны сусвет, які вабіць і дае магчымасць крыху забыць пра мітусню рэчаіснасці, якая за сценамі ўночы чакае ў марозныя абдымкі. Але і тут перамога творчасці — шоў ад тэатра вогненных і светлавых паказаў. Чароўная ноч, калі святло запальваюць іскрынкі таленавітых людзей. 

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?