Вы тут

Гісторык БДУ сістэматызаваў каля 15 тысяч архіўных спраў БССР 1919–1939 гадоў


Дацэнт кафедры крыніцазнаўства гістарычнага факультэта Арцём Прыбаровіч вывучыў каля 15 тысяч архіўных спраў, звязаных з гісторыяй дзяржаўнай статыстыкі БССР 1919–1939 гадоў. Навуковец распрацаваў аўтарскую канцэпцыю класіфікацыі і сістэматызацыі дакументаў цэнтральных органаў статыстыкі БССР, якія захоўваюцца сёння ў больш як 50 архіўных фондах.


Патрэба ў вывучэнні гэтага гістарычнага перыяду прадыктавана недахопам інфармацыі аб станаўленні і развіцці беларускай дзяржавы ў міжваенныя гады. Па словах Арцёма Прыбаровіча, многія гісторыкі адмаўляліся ад даследавання дадзенага перыяду з-за вялікага і неструктураванага аб’ёму крыніц. У прааналізаваных дакументах змяшчаецца інфармацыя аб умовах жыцця насельніцтва, прамысловасці, сельскай гаспадарцы і іншых сферах эканомікі Беларускай ССР.

Вынікі вучонага будуць запатрабаваны спецыялістамі і гісторыкамі пры дэталёвым разглядзе асобных падзей дадзенага перыяду, значна паскораць працэс падрыхтоўкі манаграфій, навучальных дапаможнікаў па крыніцазнаўстве і гісторыі Беларусі.

Арцём Прыбаровіч вывучаў карткі бягучага ўліку работы прадпрыемстваў, матэрыялы прамысловых перапісаў, даваенны статыстычны ўлік сельскай гаспадаркі, пярвічныя дакументы ўліку насельніцтва, складзеныя падчас правядзення перапісаў і інш. Гэта дазволіла выявіць дэмаграфічныя, сацыяльныя і эканамічныя звесткі аб жыцці насельніцтва краіны ў міжваенны перыяд, а таксама вызначыць месца дзяржаўнай статыстыкі БССР у агульнай сістэме кіравання эканомікай савецкай Беларусі.

Працу над гэтай навуковай тэмай Арцём Прыбаровіч вёў з 2015 года і ў будучыні плануе яе прадоўжыць. «Хочацца больш глыбока даследаваць матэрыялы гарадскога перапісу насельніцтва БССР 1923 года і апісаць вынікі ў сваёй манаграфіі».

Трэба дадаць, што за стварэнне аўтарскай канцэпцыі класіфікацыі і сістэматызацыі статыстычных дакументаў БССР у названы перыяд, раскрыццё магчымасцей выкарыстання статыстычных дакументаў цэнтральных органаў статыстыкі для вывучэння дэмаграфічных і эканамічных праблем у гісторыі Беларусі Арцём Прыбаровіч удастоены стыпендыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на 2023 год.

Надзея НІКАЛАЕВА

Прэв’ю: pexels.com

 

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.