Нядаўна кіраўнік дзяржавы ўручыў прэміі «За духоўнае адраджэнне» і спецыяльнай прэміі дзеячам культуры і мастацтва. Сярод калектываў, заўважаных на самым высокім ўзроўні, — супрацоўнікі Дрыбінскага раённага гісторыка-этнаграфічнага музея, які захоўвае матэрыялы пра традыцыйныя рамёствы і садзейнічае адраджэнню шапавальства.
Гісторыя музея вядзецца з 1995 года, з гэтага часу яго супрацоўнікі збіралі экспанаты, думалі пра будучую экспазіцыю. У яе, дарэчы, увайшлі не толькі рэчы, знойдзеныя ў час археалагічных даследаванняў, але і знаходкі, якія мясцовыя жыхары адкопвалі на сваіх агародах. Таксама музей мае добрую калекцыю абразоў пераважна ХІХ—ХХ стагоддзяў, перададзеную Мытным камітэтам.
З 2004 года ўстанова пачала прымаць наведвальнікаў. І набыла ўжо неафіцыйную назву «Музей шапавальства». Менавіта дзякуючы працы дрыбінскіх музейшчыкаў і майстроў унікальны промысел, які, здавалася, ужо быў незапатрабаваным, стаў вядомы жыхарам усёй Беларусі і за яе межамі, а выраб валёнкаў і ўпрыгажэнняў ужо лічыцца модным заняткам. Пры музеі дзейнічае народнае аматарскае аб'яднанне «Шапавал» і ўзорнае дзіцячае аматарскае аб'яднанне «Катрушнік».
Ёсць розныя версіі, як на Дрыбіншчыне з'явіліся шапавалы. Па адной з іх некалі гэтыя мясціны былі малазаселенымі, і мясцовы пан, каб прывабіць сюды людзей, рассылаў запрашэнні і абяцаў выгадныя ўмовы. Яго пачулі. На гэтыя землі сталі прыбываць людзі з рознымі ўменнямі, у тым ліку і шапавалы. Назвалі гэтых валюшнікаў воўны так за тое, што яны рабілі не толькі валёнкі, але і шапкі. Дарэчы, у такой шапцы можна было хадзіць і летам, яна выдатна засцерагала ў спёку ад сонца. Таксама заказы ў шапавалаў замаўлялі паляўнічыя і фурманы — ім патрэбны былі цёплыя рукавіцы.
Па другой версіі, уладальнік маёнтка Цеханавецкі спецыяльна накіраваў сваіх маладых сялян навучацца валюшнаму рамяству ў Ніжагародскую губерню. Па вяртанні новымі навыкамі тыя дзяліліся ўжо са сваімі дзецьмі, а пасля і ўнукамі.
Сярод шапавалаў былі саматужнікі, якія працавалі ў сваіх вёсках. Як правіла, гэта былі людзі старэйшага ўзросту. Маладзейшым заставаўся адходны промысел. Каб зарабіць грошай, мужчыны бралі няхітры пажытак, прыстасаванні і выпраўляліся ў далёкі шлях, пераважна ў бок Расіі, але часам даходзілі і да Аўстра-Венгрыі. Ёсць адзін задакументаваны выпадак, што майстар Шарлоўскі дабраўся нават да Амерыкі, адкуль сваім родным слаў немалыя сумы. Шапавалы не падарожнічалі па адным, гэта было небяспечна. Усё ж у далёкіх землях, дзе не было такіх майстроў, на валенні шапак і абутку можна было добра зарабіць. А каб канкурэнты не разведалі сакрэты іх рамяства, дрыбінскія шапавалы прыдумалі сваю мову — катрушніцкі лемезень, у якой было каля тысячы слоў. Пра значэнне некаторых з іх яшчэ можна здагадацца. Напрыклад, гэта словы, у якіх перастаўлены склады ці дададзены новыя. Няцяжка здагадацца, што азначаюць словы «кувечар», «кутуча», «кудуб» ці што ў «ласому» ператварылася «салома», у «катосы» — слова «каторы». А вось паспрабуйце на шапавальскай мове палічыць «Свя, бакрых, страмах, бутара». Ці разабрацца, што майстры просяць адзін у аднаго словамі «часмоніць», «максаць», «сепаць». Часам такія шыфроўкі патрэбны былі, каб надурыць гаспадара. Але яны маглі і ратаваць жыццё. Супрацоўнікі Дрыбінскага музея паспелі запісаць гісторыю ад шапавала, які распавёў, як сапраўды ім дапамог «катрушніцкі лемезень». Мужыкі ўжо выканалі багата заказаў, зарабілі вялікую суму і меліся ісці далей. Выпадкова адзін з майстроў на вуліцы падслухаў, як гаспадыня, у якой яны спыніліся, падгаворвае нейкіх мужыкоў абкрасці шапавалаў і забіць іх. Майстар паспеў на сакрэтнай мове папярэдзіць свайго калегу. Кінулі яны тады ўсе свае рэчы і ўцяклі праз акно.
У гісторыка-этнаграфічным музеі Дрыбіна можна пабачыць і выстаўкі сучасных юных аматараў валення, і майстар-класы вопытных майстроў. Напрыклад, Уладзімір Асіпоўскі шапавальствам займаецца ўжо больш за тры дзясяткі гадоў. Ён раскрывае некаторыя сакрэты. Напрыклад, што воўну нельга мыць, і таму вельмі важна яе якасна перабараць уручную, пазбавіць ад каўтуноў і смецця. Ад таго, як будзе падрыхтавана сыравіна, залежыць якасць будучага вырабу. На мужчынскія валёнкі можа ісці каля двух кілаграмаў воўны, жаночыя — каля кілаграма. Пры валенні воўны трэба выкарыстоўваць максімальна гарачую ваду, наколькі рукі змогуць трываць. А ўжо гатовыя валёнкі высушваюцца ў негарачай печы. Не бывае левых ці правых валёнкаў. Новы абутак раяць спачатку панасіць, пасля памяняць на нагах месцамі. Паступова валёнкі «прыстасуюцца» пад нагу гаспадара...
Натуральна, шапавальства — галоўная разынка Дрыбінскага музея, хаця тут можна даведацца і пра іншыя рамёствы, якімі займаліся мясцовыя жыхары.
Яшчэ ў 90-я гады ХХ стагоддзя ў раёне было багата бондараў, а найбольш у вёсцы Кіншчыцы. Яны выраблялі кадкі, дзежкі, цэбры ды іншы посуд. Добры майстар пры нарыхтоўцы драўніны для вырабу будучага посуду ўлічваў яе якасць, вільготнасць, пароду дрэў. На Дрыбіншчыне майстры выкарыстоўвалі сасну і елку, з якімі прасцей працаваць, чым з дубам. У пашане была і асіна. Музейшчыкі падчас экспедыцый чулі ад старых людзей, што менавіта ў асінавай бочцы салёныя грыбы атрымліваліся асабліва смачнымі. Займаліся бондарствам звычайныя сяляне. Калі заканчваліся працы ў полі, у асенне-зімовыя вечары проста ў сваёй хаце ці ў сенях яны браліся за «драўляныя» справы.
Былі на Дрыбіншчыне і сталяры. Без куфраў не абыходзілася ні адна гаспадыня. Па такіх скрынях нават меркавалі аб дабрабыце ў сям'і. Лічылася, чым іх больш, тым заможнейшыя гаспадары. Куфры выкарыстоўвалі не толькі як шафы — на іх можна было сядзець, спаць, карыстацца як сталом. Куфры людзі стараліся ўпрыгожыць і знутры, і звонку. Унутры куфры маглі абіваць тканінай. Рабіліся аддзелы для драбязы. На вечках куфраў іх уладальнікі ўстаўлялі паштоўкі і фатаграфіі.
Як і па ўсёй Беларусі, дрыбінскія гаспадыні зімовымі вечарамі займаліся ткацтвам. Сыравіну выкарыстоўвалі сваю, вырошчвалі лён. Рэгіянальныя ручнікі выбельваліся, упрыгожваліся вышыўкай. Адны з іх — уціральнікі — выкарыстоўваліся ў побыце, другія, багата ўпрыгожаныя, вешалі на абразы па святах. А яшчэ былі ручнікі, якія выкарыстоўвалі ў абрадах: радзільна-хрысцільных, памінальных, вясельных. У раёне ёсць нават выраз «стаць на ручнік», які азначае «выйсці замуж, ажаніцца». Менавіта на ручніку маладыя на вянчанні стаялі ў царкве.
Нядзіва, што Дрыбін стаў запатрабаваным сярод купцоў, праз гэтыя землі праходзілі гандлёвыя шляхі. Ёсць нават версія, што ранейшая назва была «Дробін». Драбінамі тут звалі запрэжаны канямі воз. На мясцовым кірмашы гандаль мог ісці менавіта з вазоў. Дарэчы, у наш час кожнае лета любы ахвотны можа трапіць на «Дрыбінскія таржкі» — так сёння называецца рэгіянальны фестываль народнай творчасці, промыслаў і рамёстваў.
Дрыбіншчына ведае, чым уражваць гасцей раёна. Сустрэча з шапаваламі становіцца адной з запатрабаваных фішак для турыстаў, але тут ёсць багата іншых мясцін, вартых увагі. Турыстычны патэнцыял раёна быў прадэманстраваны летась падчас семінара Нацыянальнага агенцтва па турызме. Гасцям раяць заехаць у аграгарадкі Трылесіна (тут можна паглядзець помнікі прыроды — велічэзныя дрэвы, якім пад дзве сотні гадоў) і Расна (некалі гэтая мясціна была горадам, праз які праязджалі знакамітыя асобы). Касцёл Святога Казіміра ў Расне сёння мае патрэбу ў тэрміновай рэканструкцыі. Вельмі важна захаваць гэты помнік архітэктуры, тым больш што да аграгарадка ўсё часцей едуць турысты, у тым ліку тыя, якіх цікавіць ваенная гісторыя. У 1942 годзе тут былі расстраляны мясцовыя яўрэі. Каб ушанаваць іх памяць, людзі ідуць да абеліска, узведзенага на месцы трагедыі.
У Расне ёсць і невялікая зала этнаграфіі з фітапакоем, дзе можна даведацца пра мясцовыя зёлкавыя сакрэты і выпіць духмянай гарбаты. А можа, гасцям захочацца пакаштаваць вады з Грымячай крыніцы, якая, калі верыць мясцовым жыхарам, гаючая.
Часам у Дрыбінскім раёне жартуюць, што тут закрыты ўсе сезонныя запыты па абутку. Акрамя шапавалаў, у раёне жывуць майстры, што робяць традыцыйныя лапці з ліпавага лыка, асаблівага, прамога пляцення. Дарэчы, тэхналогія іх вырабу, гэтак жа, як і шапавальства, унесена ў Нацыянальны спіс па ахове нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны. Больш даведацца пра лыкавае рамяство можна ў Доме рамёстваў аграгарадка Кароўчына. Рамяство мясцовыя майстрыцы перанялі ў носьбітаў у час экспедыцый. Старыя людзі расказвалі, што напляталі лапці мяхамі і неслі ў горад мяняць на муку, прадаваць. Ды і самім вяскоўцам лапцей патрабавалася не адна пара. Бабулі згадвалі, як дабіраліся да клуба басанож — там ужо абувалі лапці. Калі гулянка задавалася, танчылі так, што лапці пасля маглі і разляцецца. Тых старых ужо няма на гэтым свеце, а дрыбінскія лапці сёння спрабуюць плесці нават малыя. Пры Доме рамёстваў створаны ўзорны гурток «Лапаточак». Сёння такі абутак замаўляюць кінастудыі, аграсядзібы ці нават маладыя людзі, якія ў інтэрнэце вычыталі, як карысна яго насіць.
Саміх жа супрацоўнікаў Дома рамёстваў чакаюць хлопчыкі і дзяўчынкі ў школах. Прычым на любыя святы: Каляды, Саракі, Масленіцу. З лапцямі, аказалася, можна ладзіць цэлую гульнявую праграму. Напрыклад, дзяўчаты любяць паваражыць — раскруціць над галавой і запусціць: у які бок паляцяць — туды і замуж ісці. Некаторыя гульні з лапцямі пазычаны ў мясцовых жыхароў, а нешта супрацоўнікі Дома рамёстваў прыдумалі самі.
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ
Ідэі, практычныя задачы і планы на будучыню.
Сядзіба, што зачакалася гаспадара.
Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.