Вы тут

У Гродне 20-ы раз распачаўся фестываль «Каложскі дабравест»


Свята праваслаўных песнапенняў з'яўляецца значнай падзеяй у культурным жыцці Гродзеншчыны. Упершыню фестываль адбыўся ў 2002-м у гонар 10-годдзя адраджэння Гродзенскай епархіі. Паступова ён набыў статус міжнароднага. Сёлета фестываль адноўлены пасля некалькіх гадоў перапынку.


Галоўная прыкмета традыцыйнага фестывалю — яго калядны настрой. Ён ладзіцца менавіта падчас Каляднага перыяду. На гэта скіравана і тэматыка рэпертуару яго ўдзельнікаў. Каляднымі песнапеннямі адкрыў фестывальную праграму архіерэйскі хор гродзенскага Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора ў нядзелю, 15 студзеня.

Тут, у саборы, прайшоў першы канцэрт лепшых прыходскіх хароў горада Гродна. Таксама выступілі дзіцячыя хары нядзельных школ і хор святароў епархіі. Аб тым, што гэты фестываль папулярны ў горадзе, сведчыць вялікая колькасць аматараў духоўнай музыкі, якія прыйшлі на канцэрт. Сабор на некалькі гадзін стаў глядзельнай залай, якая была запоўнена. Многія гараджане наведваюць фестываль цягам многіх гадоў. У іх ліку гродзенка Марына, якая прысутнічае на яго канцэртах з 2002 года. Кажа, што яна не можа прапусціць такую падзею.

— Гэта сапраўды чароўная з'ява, калі музыка і малітва аб'ядноўваюцца і ўзносяцца ў вышыню. Добра, што ёсць магчымасць слухаць гэта простым людзям, а выканаўцам даносіць радасць. Вельмі высокая музычная культура, ёсць магчымасць даведацца аб багатым пласце духоўнай музыкі, — дзеліцца ўражаннямі Марына.

Яна, як і многія іншыя наведвальнікі, не хавае эмоцый. Фестываль чакалі, з-за эпідэміялагічнай абстаноўкі яго некалькі год не праводзілі. Па блаславенні архіепіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага Антонія вырашана «Каложскі дабравест» аднавіць. Сёлета фестываль стаў юбілейным, ён праходзіць 20-ы раз.

— На працягу сваёй гісторыі ён прыцягваў вялікую ўвагу харавых калектываў праваслаўных цэркваў розных краін свету. Удзел у гэтым фестывалі лічыцца прэстыжным. Сёлета мы вырашылі вярнуць яго. Пакуль у маштабе нашай Гродзенскай епархіі. Царкоўныя песнапенні прагучаць на царкоўнаславянскай, беларускай, рускай, украінскай, польскай мовах, бо Нараджэнне Хрыстова сустракае ўвесь свет, — зазначыў уладыка Антоній.

Па яго словах, юбілейны фестываль стане ўнікальнай магчымасцю пачуць спевы розных хароў, якія гучаць ў храмах вобласці. Некаторыя маюць свае адметныя матывы, якія выконваліся да ХХ стагоддзя.

Тое, што «Каложскі дабравест» праводзіцца падчас Каляднага перыяду, сімвалічна і мае свой глыбокі сэнс.

— Выкананне песень падчас каляднага перыяду невыпадкова ўвайшло ў нашу традыцыю. Анёлы праслаўляюць Бога за нараджэнне Ісуса спевамі. У памяць аб тым людзі таксама спрабуюць гэта пераняць і сустракаюць Збавіцеля Хрыста песнапеннем, — растлумачыў архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Антоній.

Сёлета на фестывалі выступяць больш за 90 прыходскіх калектываў. Як расказала дырэктар і мастацкі кіраўнік Міжнароднага фестывалю праваслаўных песнапенняў Наталля Гаплінчык, канцэрты, якія распачаліся ў Гродне 15 студзеня, будуць праходзіць у храмах і цэнтрах культуры вобласці да 12 лютага.

— Унікальнасць фармату ў тым, што падчас канцэртных выступленняў можна будзе пазнаёміцца з творчасцю многіх царкоўных калектываў епархіі — ад вялікіх хароў гарадскіх храмаў да маленькіх ансамбляў цудоўных вясковых цэркваў. Упэўнена, што ўсюды канцэрты будуць праходзіць з такім жа вялікім наплывам слухачоў, як гэта адбылося падчас адкрыцця. Людзі сапраўды чакалі гэтыя канцэрты духоўнай музыкі, як, дарэчы, і самі выканаўцы, бо кожнаму хору важна адчуць вынік сваёй работы, — зазначыла дырэктар фестывалю.

Адным з першых у канцэртнай праграме выступіў дзіцячы хор пры нядзельнай школе гродзенскага храма Усіх Беларускіх Святых. Музычны кіраўнік Святлана Бенаш, як і ўсе яе выхаванцы, вельмі ўсхвалявана гэтай падзеяй. Яшчэ падчас першых фестываляў ёй даводзілася быць вядучай, яна памятае, як паступова фестываль заваёўваў свае пазіцыі. Дзіцячыя хары заўсёды сустракалі надзвычай цёпла. Яе калектыў створаны 15 год таму. Дзеці з музыкальнымі здольнасцямі ўдзельнічаюць у набажэнствах, адточваюць сваё майстэрства. На фестывалі выступае старэйшая група хору, якая можа адолець больш складаныя кананічныя тэксты.

— Падчас Каляд праводзім дабрачынныя акцыі, ходзім віншаваць дзяцей у цэнтр карэкцыйнага развіцця, дабаўляем тэатральныя моманты, такія калядкі добра прымаюцца ўсімі — і дзецьмі, і дарослымі, — расказвае кіраўнік дзіцячага хору.

Значны ўплыў царкоўных песнапенняў на духоўнае жыццё чалавека адзначае старшыня журы фестывалю, член Беларускага саюза кампазітараў, протаіерэй Андрэй Бандарэнка. На яго думку, шматвяковыя традыцыі праваслаўных песнапенняў напоўнены пачуццём пакаяння і вялікай радасці, якой у светлыя дні Божага Нараджэння выканаўцы імкнуцца падзяліцца са сваімі слухачамі.

Дарэчы, выступленні хароў падчас фестывалю будуць суправаджацца тэатральнымі пастаноўкамі выхаванцаў дзіцячых школ, літаратурнымі прэзентацыямі, фотавыставамі і экспазіцыяй вышытых ікон.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.