Вы тут

«Вогненныя вёскі. Нельга забыць». Чашніцкія сёстры Хатыні


У Чашніцкім раёне Віцебскай вобласці ў гады Вялікай Айчыннай вайны было знішчана 187 вёсак — гэта 2440 двароў і больш за 3500 чалавек мірнага насельніцтва. Фашыстамі былі праведзены чатыры карныя аперацыі ў Чашніках, Чарэі, Лукомлі і Красналуках.


Абеліск у вёсцы Асташова.

Пад акупацыяй

5 ліпеня 1941 года Чашнікі былі занятыя немцамі. На большую частку тэрыторыі раёна акупанты зайшлі без баёў, і толькі каля вёсак Тоўпіна, Вялікіх і Малых Ліпавічаў, Гор праходзілі цяжкія баі часцей 17-й дывізіі з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Сілы праціўніка значна пераўзыходзілі савецкія войскі. Пасля бою на полі каля Тоўпіна засталіся стаяць помнікамі трагедыі 84 падбітыя савецкія і нямецкія танкі, сотні баявых машын. Толькі невялікая колькасць воінаў, якія прымалі ўдзел у баях, змаглі выйсці з акружэння. 20 ліпеня Чашніцкі раён быў поўнасцю акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

Асабліва страшнымі для чашнічан былі дзеянні фашыстаў у канцы 1941-га — пачатку 1942 гадоў. За гэты перыяд было знішчана больш за 3000 жыхароў раёна яўрэйскай нацыянальнасці. Генеральным планам нямецкага камандавання «Ост» прадугледжвалася знішчэнне і высяленне на ўсход 75 працэнтаў насельніцтва і толькі 25 працэнтаў беларусаў падлягала анямечванню і выкарыстанню ў якасці рабоў на сельгасработах. План быў разлічаны на 30 гадоў, але фашысты вырашылі паскорыць яго выкананне. На ўсёй тэрыторыі раёна ішло масавае знішчэнне насельніцтва.

У адказ на дзеянні партызан і падпольшчыкаў фашысцкія захопнікі праводзілі карныя аперацыі. За гады вайны ў раёне было спалена 2440 двароў, знішчаны 187 населеных пунктаў, некаторыя з вёсак былі спалены разам з жыхарамі. У вайну былі разбураны Чашніцкі касцёл і Траецкая царква, пераўтвораная ў абарончы аб'ект.

Чашнікі былі вызвалены 27 чэрвеня 1944 года часцямі 204-й і 357-й стралковых дывізій 43 арміі пры ўзаемадзеянні з 9 гвардзейскай механізаванай брыгадай 3 гвардзейскага механізаванага корпуса, чашніцкай партызанскай брыгадай «Дубава» і партызанскай брыгадай імя Канстаціна Заслонава.

Сем тысяч чашнічан змагаліся ў дзеючай арміі. За мужнасць і адвагу сотні воінаў былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі, сем ураджэнцаў раёна ўдастоены высокага звання Героя Савецкага Саюза, Барадаўка Павел Рыгоравіч — поўны кавалер ордэна Славы.

Асташова палілі двойчы

У вёсцы Асташова да вайны налічвалася 56 дамоў, 10 калодзежаў, стаялі гаспадарчыя пабудовы, працавалі школа і клуб. Крыху пазней населены пункт стаў цэнтрам калгаса «Ударнік». Звычайная вёска, звыклае для тых гадоў жыццё. Успаміны жыхароў і гісторыю асташаўскай трагедыі доўгія гады па крупінках збіралі ў Ведранскай школе, сёння гэтыя каштоўныя сведкі гісторыі захоўваюцца ў экспазіцыі школьнага музея.

Захаваліся даваенныя ўспаміны Паліны Пясецкай:

Цэнтральная экспазіцыя Мемарыяльны комплекс «Вішанькі».

«Жылі бедна, абуць-апрануць не было чаго, аднак працавалі ўсе на сумленне. У 14 гадоў я пайшла у калгас, працавалі тады так, што коні не вытрымлівалі, а чалавек павінен быць цягавітым. Пры гэтым шукалі магчымасць адпачыць і павесяліцца. І ўмелі быць вясёлымі і шчаслівымі. Гэта потым ратавала нас у вайну. Як быццам спецыяльна да гэтага рыхтавала нас жыццё».

На долю Асташова выпаў страшны лёс, карнікі спалілі 22 чалавекі, пакінуўшы сіротамі і ўдовамі дзясяткі вяскоўцаў. Немцы чынілі расправы над сем'ямі партызан.

Ганна Казлова і пяцёра яе братоў засталіся без маці: «Мне не было і 14 гадоў... Бацька падтрымліваў сувязь з партызанамі, выконваў іх даручэнні. У 1942-м у вёску прыехалі карнікі, якія даведаліся аб гэтым ад паліцаяў. Сустрэлі на вуліцы бацьку і спыталі: як знайсці Дзям'яна Казлова? Зразумеўшы, што шукаюць яго самога, бацька накіраваў іх у супрацьлеглы бок вёскі і паспеў схавацца. Але нехта падказаў фашыстам дакладны адрас. Яны ўварваліся ў наш дом і забралі маму, доўга яе катавалі. Дадому мама ўжо не вярнулася... Ужо потым даведаліся пра пакутніцкую смерць: яе прывязалі да аглоблі і прымусілі бегчы разам з канём... У той дзень, калі спалілі вёску, мне ўдалося схавацца і застацца ў жывых. Але мы бачылі ўсё. Пахла дымам і смерцю».

У першы раз асташоўскія хаты немцы падпалілі ў 1943-м. Тады па загадзе старасты Івана Барадаўкі захопнікі знішчылі 16 дамоў. Тут жылі тыя, чые сваякі сышлі ў партызаны. Ужо праз гады, у пасляваенны час у вёску прыйдзе вестка пра тое, што мясцовая жыхарка выпадкова сутыкнулася са здраднікам на ленінградскім заводзе, дзе працавала разам з былым старастам. Яна пазнала яго, распавяла аб сустрэчы адпаведным органам. Было следства, і Іван паўстаў перад судом.

У другі раз маштабы трагедыі былі яшчэ большымі. Версій, чаму менавіта Асташова напаткаў вогненны лёс, некалькі. Па адной з іх, прычынай трагедыі стала помста фашыстаў за дваіх забітых партызанамі «народнікаў», якія гаспадарылі ў вёсцы напярэдадні — ішлі па хатах, адбіралі прадукты і рэчы. Аб гэтым даведаліся партызаны і забілі здраднікаў, схаваўшы трупы. Аднак, як сцвярджаюць вяскоўцы, была яшчэ адна «народніца», якая ўбачыла гэтую карціну і хутка перадала немцам. Помста не прымусіла доўга чакаць... Па іншых версіях, Асташова была партызанскай вёскай — з кожнай сям'і ў лясныя мсціўцы сыходзілі па некалькі чалавек. Згодна з трэцяй, вёска трапіла ў план «выпаленай зямлі». Але якая б нагода ні была — вынік аказаўся адзін, і ён страшны.

22 красавіка 1944 года ў вёску ўварваліся карнікі. Доўга выпытвалі ў мясцовых жыхароў, хто забіў «народнікаў», а калі ніхто не вымавіў ні слова, адабралі ад натоўпу 22 чалавекі, сагналі ў хату і спалілі жыўцом. На шляху падпальвалі і астатнія дамы. Не кранулі фашысты толькі адзіны будынак — хату старасты, які і здаў немцам сваіх аднавяскоўцаў.

Кацярыне Барадаўцы ўдалося выжыць: «Хто застаўся ў жывых, ноч не спаў. Усе баяліся, што фашысты вернуцца і спаляць астатніх. На наступны дзень, калі немцы і «народнікі» пакінулі вёску, мы сабраліся на папялішчы. Асобных пазнавалі па кавалачках адзення, што захавалася знізу. Але большасць спаленых не знайшлі. Пахаваць па-чалавечы кожнага на могілках было немагчыма».

Ветэран вайны і працы Мікалай Катульскі, які разам з бацькам ваяваў у брыгадзе «Дубава», таксама пакінуў у школьным архіве свае ўспаміны аб той трагедыі: «У агні загінула мая маці і тры сястры. Немцы спалілі 45 хат. Мы, партызаны, нічога не ведалі аб аперацыі, якую рыхтавалі карнікі, таму не маглі дапамагчы вяскоўцам і родным». Мікалай з бацькам не ведалі, што іх сям'я навечна засталася на вогненным папялішчы...

На мемарыяльным комплексе «Вішанькі» ўстанавілі шыльду з лічбавым QR-кодам.

Ніна Катульская была маленькай дзяўчынкай. Ёй удалося выратавацца, а калі яна вярнулася дадому, даведалася, што мама загінула ў агні. «Як толькі я падышла бліжэй да згарэлага дома і ўбачыла загінулых, зразумела: там мая матуля, — распавядала яна. — Я тады кінулася да іх, раскідвала абгарэлыя бярвёны, разграбала попел — хацела пазнаць маму. Аднак гэта не атрымалася. Стаяла і плакала, плакала, як і ўсе, хто там быў. Хто прапанаваў пахаваць усіх у брацкай магіле, я ўжо не памятаю. Астанкі людзей збіралі ў пакрывалы. Я брала іх у рукі і ўсё думала, што яны — маёй мамы».

Пахавалі 22 чалавекі ў брацкай магіле на тым жа месцы, дзе здарылася трагедыя. Пасадзілі сасну, рабіну і дзве бярозкі. Пасля вайны астанкі перанеслі ў пачатак вёскі, паставілі высокі абеліск з чырвонай зоркай наверсе. З таго часу і па сённяшні дзень да яго не зарастае народная сцяжына: школьнікі ўзялі шэфства над мемарыялам, тут рэгулярна праходзяць памятныя мерапрыемствы.

У Чашніцкім раёне праходзіць патрыятычная акцыя «Памяць пакаленняў», у межах якой праводзіўся конкурс на лепшы макет вогненнай вёскі сярод устаноў адукацыі раёна. Пераможцам яго стала Ведранская школа, якая прапанавала на суд журы каляровы двухметровы макет даваеннай вёскі Асташова. Школьнікі разам з педагогамі аднавілі населены пункт у паперы па архіўных дакументах і ўспамінах жывых сведкаў: хаты з саламянымі дахамі, калодзежы з жураўлямі і буслянка — як сімвал міру і спакою. Але, на жаль, у той страшны красавіцкі дзень 1944 года шырокіх крылаў не хапіла, каб захінуць асташоўцаў ад бяды...

«Народнікамі» называлі здраднікаў з эсэсаўскай брыгады Рускай вызваленчай народнай арміі (РВНА) пад кіраўніцтвам Браніслава Камінскага, якая была створана з выхадцаў з СССР. Сфарміраваныя Камінскім падраздзяленні РВНА прымалі актыўны ўдзел у карных акцыях супраць партызан і мірнага насельніцтва. Усяго на тэрыторыі Бранскай і Віцебскай абласцей у 1941-1943 гадах брыгада РВНА знішчыла больш за 10 тысяч савецкіх грамадзян, жыўцом спаліла 203 чалавекі, цалкам было спалена 24 вёскі і 7300 калгасных двароў, разбурана 767 грамадскіх і культурных устаноў.

Горкі лёс Вішаняк

9 сакавіка 1944 года стала апошнім веснавым днём для жыхароў вёскі Вішанькі. Карнікі 839-га ахоўнага батальёна спалілі тут 114 чалавек — жанчын, дзяцей, старых. Выратавацца ўдалося адзінкам.

З успамінаў Барыса Звонава, камандзіра чацвёртага партызанскага атрада брыгады «Дубава»: «Наш атрад вёў баявыя дзеянні на тэрыторыі Чашніччыны. Нашы падраздзяленні базаваліся ў раёне вёсак Неўгадава і Кушняроўка. Адсюль сыходзілі на чарговыя аперацыі супраць ненавіснага ворага. Так было раніцай 9 сакавіка 1944 года. Напярэдадні ў атрад паступіла паведамленне, што ў напрамку вёскі Вішанькі павінна прайсці воінскае падраздзяленне ворага. Рашэнне з'явілася адразу: падрыхтаваць недалёка ад вёскі засаду і нанесці па фашыстах удар. Схаваліся на ўскрайку хвойнага лесу, пачалі чакаць. А каб ведаць, з якімі сіламі давядзецца змагацца, некалькіх партызан адправілі ў разведку. Вярнуліся яны хутка, далажыўшы, што ў нашым кірунку рухаецца магутная нямецкая групоўка, шлях якой «расчышчае» ўдарная разведвальная група... Мы прыкінулі свае магчымасці і вырашылі ўступіць у бой з фашысцкім авангардам, захапіць «языка» і адступіць. Вось на дарозе паказаліся нямецкія разведчыкі. Мы іх прапусцілі трохі наперад і адкрылі агонь. Страляць стараліся, як гаворыцца, рэдка, але трапна, бо не хапала боепрыпасаў. Упаў адзін варожы салдат, затым другі... Немцы не вытрымалі націску, пачалі адступаць, пакідаючы загінулых. Вынікам той сутычкі сталі дзясяткі два знішчаных фашыстаў і два «языкі». Але, як часта здаралася ў тыя нялёгкія дні, партызанская наша ўдача не абышлася без страт. Загінуў адзін партызан, некалькіх параніла. І ўсё ж самая жахлівая страшная вестка прыйшла ў атрад пазней, калі ўжо адступілі на месца пастаяннай дыслакацыі... Ні ў чым непавінным жыхарам вёскі Вішанькі адпомсціў за партызанскую вылазку люты вораг, яшчэ раз паказаўшы сваё зверскае фашысцкае аблічча... Як сціскаліся нашы сэрцы, якой нянавісцю гарэлі яны, калі мы даведаліся, што немцы спалілі Вішанькі, забілі дзясяткі нявінных людзей: жанчын, дзяцей і старых. У тыя дні, ідучы ў бой, многія з нас думалі: «Гэта вам за Вішанькі, фашысцкія гады!».

Макет вёскі Асташова ў даваенныя гады.

Некалькі чалавек змаглі выскачыць з палаючых хат.

Захаваліся ўспаміны Веры Булынёнак: «Калі пачалі страляць, я выбегла з хаты і накіравалася да сваёй цёткі. Праз вокны было відаць, як фашысты гналі па дарозе маленькіх дзяцей, нашых жанчын, старых. Сядзела, моцна прыціснуўшы да сябе стрыечнага браціка і сястрычку. Да нас у хату ўварваліся толькі адзін раз, сказалі, каб мы выходзілі на сход, больш не з'яўляліся. Мы вырашылі застацца ў хаце. Калі там, на пагорку, дзе стаялі два дамы — Шумановічаў і Петуховых (у іх палілі людзей), усё было скончана, немцы яшчэ раз прайшліся па вёсцы. Зайшлі і да нас. Адзін з іх проста з ганка пачаў страляць у нас з аўтамата, а потым у цётку, якая ўсё стаяла каля сцяны, ламаючы рукі, крычала: «Бацюшкі, што ж вы робіце?! Не чапайце!». Потым кінулася на немца, а ён накіраваў на яе аўтамат... Я была параненая ў нагу і засталася ў жывых толькі таму, што мяне засланілі сваімі целамі мой брацік, якога я трымала ў руках, і сястрычка... Потым фашысты кінулі мне пад ногі салому, падпалілі яе, а самі выйшлі на двор і стаялі — сачылі, каб ніхто не выбег з хаты. Калі яны сышлі крыху далей, я ўстала і, перамагаючы боль, выскачыла з палаючай хаты».

У Булынёнкаў на той момант ужо паспелі пабываць немцы. Яны забралі бацьку Веры, малодшы брацік Яўхім пабег услед, каб выпрасіць татку ў фашыстаў. У выніку малога закінулі ў палаючую хату, але і адтуль хлопчык змог выскачыць праз акно. Пусціўся наўцёкі, але ўслед раздалася кулямётная чарга... Яўхім упаў на зямлю, немец накіраваўся да малога, каб ізноў закінуць яго ў вогненнае жарало, але Булынёнак падскочыў і пабег. Як знайшоў у сабе сілы 9-гадовы хлапчук з дзевяццю кулямі ў целе — невядома.

У той страшны дзень удалося выбрацца з вогненнага пекла і цяжарнай Міхаліне Буевіч. Арганізм жанчыны быў дастаткова моцным, каб не даць загінуць і яшчэ не народжанаму жыццю. Выратавацца з падпаленай хаты Міхаліне і яе сыну Стасу дапамог цуд. Па неверагодным збегу абставін яны апынуліся каля аднаго з вокнаў. Стас разам з іншым хлопчыкам Яўхімам Булынёнкам змаглі выціснуць шкло і выскачыць. Падлеткаў даганялі фашысцкія кулі. Праз выратавальнае акно выбралася і Міхаліна. Праўда, яе тут жа зрэзала аўтаматная чарга, параненая жанчына ўпала на зямлю. Стрымліваючы невыносны боль, старалася ляжаць ціха і не рухацца. Знайшоўшы момант і сабраўшы апошнія сілы, жанчына папаўзла да лесу. А 25 мая на свет з'явілася Яніна.

«Чырвоны прамень». Экспазіцыя, прысвечаная вогненным вёскам,  у Чашніцкім гістарычным музеі.

Некалькі гадоў таму пайшла з жыцця апошняя сведка тых сумных падзей — Ульяна Бародзіч. Ульяна Ерамееўна ўсё жыццё пражыла тут, у Вішаньках. Многія старонкі гісторыі адноўлены менавіта па яе ўспамінах. Дзевятнаццацігадовай дзяўчыне таксама цудам удалося застацца ў жывых. Калі па вёсцы сталі мітусіцца немцы, яна разам з бацькам пабегла хавацца ў суседнюю вёску Бор, бо маладых і здаровых вяскоўцаў фашысты ў першую чаргу забіралі ў рабства. Усіх людзей карнікі сагналі ў дзве хаты, якія затым і падпалілі. Ульяна з жахам даведалася, што ў агні загінулі ўсе яе родныя — мама, дзядуля, бабуля, цётка і пяць стрыечных сясцёр. Як дайшла яна тады да папялішча — не памятае. На месцы па рэштках адзення, гузіках людзей яшчэ можна было апазнаць. Але аплакаць і пахаваць іх не атрымалася — страх перад карнікамі не дазволіў доўга затрымацца на папялішчы. У той першы страшны вечар Уля з бацькам яшчэ паспелі заскочыць дадому, на падваконні стаяў кацялок цёплай бульбы...

Аказалася, што не ўсе жыхары вёскі загінулі адразу. Калі натоўп зганялі да цэнтра, карнікі вырвалі з яго васьмярых найбольш моцных мужчын. Адвялі іх у суседнюю вёску Іконкі, катавалі, выпытваючы інфармацыю аб партызанах, заганялі іголкі пад пазногці. Вярнуцца дадому гэтым палонным было ўжо не наканавана. Потым сведкі будуць распавядаць: усе сцены і падлога ў вязніцы былі запырсканыя крывёю. Але вяскоўцы маўчалі, тады напаўжывым вязням калючым дротам звязалі рукі за спіной і адвялі на бераг ракі Ульянкі, дзе скінулі з дзесяціметровага абрыву. Сведкамі гэтага зверства сталі двое падлеткаў, якія ўпотай сачылі за катамі да самай ракі. У ліку бязвінна загінулых былі Ягор Атрашкевіч і Іван Булынёнак, цела Ягора знайшоў у рацэ рыбак, толькі яго аднаго з васьмі астатніх мужчын пахавалі ў магіле.

У 1984 годзе ў Вішаньках быў створаны адзіны ў раёне мемарыяльны комплекс, які захоўвае памяць аб усіх вогненных вёсках Чашніччыны. Тут, як і ў Хатыні, захоўваецца зямля з населеных пунктаў, у якіх адбылася трагедыя: з Ярынава, Асташова, пасёлка Беларусь, Стайчаўкі, Чырвонай Раніцы і іншых. Цэнтральнае месца комплексу — застылыя ў бетоне жанчына, маленькая дзяўчынка і стары — увасабленне мірных жыхароў, якія прынялі на сябе ўдар карнікаў. Для іх, як і для 114 загінулых жыхароў Вішанькі, час назаўсёды спыніўся ў сакавіку 1944-га.

27 кастрычніка 2022 года старшыня Празямлянскага сельвыканкама Мікалай Ярох разам са старшынёй Чашніцкай раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў Валянцінай Каваленкай (на фота) па ініцыятыве рэспубліканскай грамадскай арганізацыі «Патрыёты Беларусі» ва ўрачыстай абстаноўцы ўсталявалі памятную шыльду з лічбавым QR-кодам на мемарыяльным комплексе «Вішанькі».

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота газеты «Чырвоны прамень» і з адкрытых крыніц.

Праект створаны пры фінансавай падтрымцы ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта № 131 ад 31 сакавіка 2022 года.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».