Вы тут

Як гаспадаркі Гомельшчыны актыўна рыхтуюцца да новага сельгассезона


Гаспадаркі Гомельшчыны актыўна рыхтуюцца да новага сельгассезона: рабочы працэс на мехдварах і рамонтных майстэрнях кіпіць з пачатку снежня, а ў студзені падрыхтоўка да сяўбы — самы гарачы клопат аграрыяў.

Гатоўнасць машынна-трактарнага парка і пасяўных агрэгатаў для сяўбы — на асаблівым кантролі старшыні аблвыканкама Івана Крупко. Кіраўнік рэгіёна за мінулы тыдзень даручыў гаспадаркам, якія адстаюць па тэмпах рамонтных работ, тэрмінова выправіць сітуацыю. Як было адзначана, у цэлым да канца студзеня аграрыі плануюць адрамантаваць амаль 870 адзінак тэхнікі, у тым ліку 125 энерганасычаных трактароў.


У Гомельскім раёне падрыхтоўку тэхнікі і сельгасагрэгатаў актыўна вядзе адна з найбуйнейшых мясцовых гаспадарак ААТ «Птушкафабрыка «Расвет». Тут на захоўванне свой «палявы» парк паставілі позняй восенню, калі скончыліся апошнія работы на зямлі. І ўжо ў студзені пачалася падрыхтоўка да будучага сезона: бягучы рамонт, тэхабслугоўванне, наладка вузлоў. Асноўная тэхніка і сельгасагрэгаты гаспадаркі, што задзейнічаны ў палявых работах, размяшчаюцца ў двух машынна-трактарных парках у Клімаўцы і Грабаўцы.

Інжынер-механік аддзялення «Грабаўка» Сяргей Гацанаў тлумачыць, што аб'ём рамонтных і падрыхтоўчых работ традыцыйна значны.

— Асаблівая ўвага не толькі сельгасмашынам, але і глебаапрацоўчым і пасяўным агрэгатам, сеялкам, плугам, дыскатарам, культыватарам. Задзейнічаны непасрэдна толькі на рамонце майстар-наладчык і слесар. Трактарысты-машыністы, якія не занятыя на вывазцы арганікі, падвозе кармоў, таксама дапамагаюць у майстэрнях: рамантуюць тэхніку і агрэгаты, на якіх пазней і будуць выходзіць у поле, — дадае інжынер-механік.

У гэтым аддзяленні гаспадаркі няма асобных спецыялістаў зваршчыка і токара, але гэтыя работы пры неабходнасці аператыўна выконваюць у цэнтральным аддзяленні гаспадаркі ў Пясочнай Будзе.

Сяргей Гацанаў адзначае адказную работу ўсіх супрацоўнікаў, што рамантуюць і рыхтуюць тэхніку. У рамонтнай зоне мехдвара, кажа, ёсць і асаблівы гонар іх калектыву: майстар-наладчык з самым вялікім вопытам работы ў аддзяленні — Міхаіл Махаленка.

— Тэрмін устаноўкі глебаапрацоўчай тэхнікі і пасяўных агрэгатаў на лінейку гатоўнасці — першага сакавіка. Але ў аддзяленні свае ўнутраныя графікі. Працуем цяпер на рамонце з васьмі раніцы да пяці вечара. Увогуле, ёсць жаданне працаваць за добры вынік, — дзеляцца супрацоўнікі «Грабаўкі».

У вытворчым аддзяленні гаспадаркі на асаблівым кантролі забеспячэнне неабходных умоў працы падчас работ у майстэрні. Пры паніжэнні тэмпературы вонкавага паветра ў рамонтнай зоне карэкціруюць графік працы: уводзяцца дадатковыя перапынкі для адпачынку і абагрэву работнікаў.

— У пакоі адпачынку ёсць гарачае водазабеспячэнне. Работнікі, што задзейнічаны на рамонце, цалкам забяспечаны цёплым спецадзеннем і абуткам, — падкрэслівае Сяргей Гацанаў.

Увогуле, у гаспадарцы большую частку рамонтных работ імкнуцца выконваць сваімі сіламі — кожны механізатар, адпрацаваўшы сезон, ужо ведае, што трэба выправіць і адрамантаваць.

— Акрамя таго, у нас працуюць слесары, якія дапамагаюць рамантаваць тэхніку, замацаваную за механізатарамі, — звяртае ўвагу галоўны інжынер ААТ «Птушкафабрыка «Расвет» Сяргей Парукаў.

Па яго словах, у новым сельгассезоне гаспадарцы неабходна выставіць на лінейку гатоўнасці каля 30 адзінак культыватараў, прэсаў, дыскатараў і іншых сельгасагрэгатаў. Стаіць задача правесці дыягностыку і завяршыць бягучы рамонт амаль паўсотні трактароў. У гэтым годзе машынна-трактарны парк сельгаспрадпрыемства папоўніцца новай тэхнікай — трактарамі «Беларус» і «Амкадор».

Актыўная падрыхтоўка машынна-трактарнага парка і пасяўных агрэгатаў да новага сельгассезона працягваецца ва ўсіх гаспадарках рэгіёна. Старшыня аблвыканкама Іван Крупко паставіў задачу ўзмацніць кантроль за выкананнем графіка рамонту тэхнікі як з боку камітэта па сельскай гаспадарцы, так і з боку старшынь райвыканкамаў.

Як адзначыў на апаратнай нарадзе ў Гомельскім аблвыканкаме старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Дзмітрый Петражыцкі, на 16 студзеня ў вобласці адрамантавана сельгастэхнікі амаль 60 працэнтаў ад запланаванага на гэты месяц. У цэлым да канца студзеня гаспадаркам рэгіёна трэба адрамантаваць яшчэ 352 адзінкі тэхнікі. Асаблівую ўвагу рамонту неабходна ўдзяліць аграрыям Веткаўскага, Добрушскага, Жыткавіцкага, Кармянскага і Лельчыцкага раёнаў, на якія прыпадае 59 працэнтаў тэхнікі, што падлягае рамонту да пачатку лютага.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.